28/12/2012

Смак добрых успамінаў

Надыходзіць Новы год, нават ужо зазірае ў вокны. То сагрэе адлігай, то зноў павее марозным ветрам... І мы спяшаемся яму насустрач, адлічваем апошнія дні, марым і спадзяёмся на спаўненне пажаданняў. Азіраючыся на пражыты год, што ўспомнім? Якімі вачамі паглядзім наперад?..

Мне сустрэлася вельмі цікавая ідэя для надыходзячага году: марынаваць прыемныя здарэнні. У пачатку года бярэм пустую банку з вечкам і невялічкі нататнік. Кожны раз, калі адбываецца нешта добрае, запісваем гэта і складаем нататкі ў банку. У канцы года мы зможам убачыць і ўспомніць усё добрае, што здарылася за апошнія 12 месяцаў. Мы вельмі лёгка забываем мілыя словы, трапныя жарты, сяброўскія сустрэчы і падарункі, якія прыносіць кожны дзень, бо кепскія і сумныя падзеі выцясняюць іх з нашай памяці.

Так шмат добрых рэчаў застаюцца без увагі, пакуль іх не згубіш. Давайце паспрабуем назбіраць іх як мага больш, каб напрыканцы 2013-га адчуць смак пражытых дзён і сустрэць 2014-ты год з вачамі, поўнымі падзякі і аптымізму.

No comments:

Post a Comment