19/09/2012

Хрост дзяцей у Касцеле

Мы "прайшлі праз гэта" ўжо тройчы, хрысцячы сваіх дзетак, таму можна сваімі радамі і думкамі падзяліцца. Надыйшоў час напісаць сур'ёзны грунтоўны артыкул аб устанаўленні і развіціі абраду хроста, прывесці розныя погляды і разгледзець супярэчлівасці, вытлумачыць да яснасці і данесці да кожнага. Толькі хто і каму гэта будзе рабіць, не ведаю, бо я напішу зусім не так: успаміны, крыху тэорыі і карысных спасылак па тэме, каб вы маглі ведаць больш. Звычайна афіцыйная інфармацыя падаецца спачатку, а аповеды з жыцця – на дэсерт, але зробім наадварот.


Частка першая – апавядальная. Як мы хрысцілі сваіх дзетак

Кожны раз маміна пытанне: "А калі думаеце хрысціць?" прыпадала дзесьці на трэці-чацвёрты тыдзень жыцця дзіцяці, калі ў галовах бацькоў нават думкі такой не ўзнікала. Як? Ужо? – ляпятала я, прадчуваючы клопат і падрыхтоўку. Так, якраз у гэты момант варта ўспомніць, што азначае таямніца хросту, і навошта так рана аб ім думаць. Ставіць Бога на першае месца – увогуле бяспройгрышны варыянт у любых планах :-)

Хрост дзіцяці пачынаецца са слова: з размовы бацькоў паміж сабой – як назавём, каго паклічам хроснымі, калі і дзе будзем хрысціць, з кім параіцца, хто дапаможа, як усё арганізаваць...

Так склалася, што ўсе трое нашых дзетак былі ахрышчаны, калі ім было прыкладна па 1,5 месяцы. Міколка – у студзені 2003 у капліцы св.Яна Хрысціцеля ў Мінску кс. Станіславам Лугоўскім SDB. І ён жа ў ліпені 2006 хрысціў Янку ў Астраўцы ў касцеле святых Космы і Дам'яна, бо працаваў непадалёк. А Віталіка ў жніўні 2009 – кс. Казімір Шыдэлка SDB ў бараўлянскай капліцы Маці Божай Успамогі Хрысціянаў. Змяняючы месцы жыхарства, цяжка належаць да адной парафіі. Мы звярталіся да нашых добрых знаёмых святароў, бо яны сваёй усмешкай і прыязнасцю ўвасаблялі для нас радасць усяго Касцёла, які прымае нашых дзяцей у сваю супольнасць.

Кожны хрост мы перажывалі, як першы. Яшчэ яскравыя ўспаміны народзін, калі радасць (ды што там, эйфарыя) засланяе боль і страх. Маленькі чалавечак, якога не было на свеце – і вось цуд – ён есць, ты трымаеш гэты Божы дар на руках, а ён патрабуе тваёй абароны, цяпла і любові, літаральна жывіцца табой. І ў вялікай радасці, з падзякай і малітвай за сваё дзіця мы прыходзім перад алтар Пана – Даўцы Жыцця і Мэты зямнога шляху.

Божы дар, апрануты святочна, звычайна адмаўляецца спакойна ўдзельнічаць ва ўласным хросце. Асабліва вылучыўся Віталік – ён крычаў на ўвесь голас з першай да апошняй хвіліны, пакуль абрад не скончыўся. Традыцыйна ў такіх выпадках хтосьці абяцае крыкуну, што той абавязкова будзе арганістым. Вельмі лёгка паддацца мітусні – пачаць супакойваць дзіця, сачыць, каб ніхто нічтога не пераблытаў і не замарудзіў, правільна адказваў і прыстойна сябе паводзіў... Але лепш усю гэту энэргію выкарыстаць на спакойны і поўны ўдзел у сакраманце, на духоўнае перажыванне бачных знакаў і сімвалаў. Няма выпадковых ці фармальных пытанняў, ніводзін чын над дзіцям святар не робіць без сэнсу. Прыняцце і бласлаўленне дзіцяці, чытанне Божага Слова, адрачэнне ад зла і вызнанне веры, формула І Я ЦЯБЕ ХРЫШЧУ..., памазанне хрызмам, белае адзенне, запаленая свечка, якую трымаюць бацькі і хросныя разам  – гэта варта перажыць усёй душой. І вось ужо заключнае благаслаўленне мамы, таты і ўсіх прысутных. Усе ўсміхаюцца і паглядаюць на новае дзіця Божае.

Хросныя мамы звычайна прыносілі на хрост свечку і белае адзенне, хросныя таты – срэбраныя крыжыкі, якія адразу ж пасля хросту асвячалі ў касцеле. А потым рабілі запіс у парафіяльных кнігах і выдавалі Пасведчанне Хросту.

Хрэсьбіны хлопцаў былі сціплымі, адбываліся у Мінску і толькі для самых блізкіх. Стол не ламіўся ад разнастайных данняў, бо гатавала адна, што магла паспець з малым дзіцём на руках. І такія святы былі ціхімі і мілымі. Я думала, што нашы родныя сабраліся не дзеля пагуляць, а каб падзяліць нашу радасць, пабыць разам, пацешыцца маленству, якое ў гэты дзень стала дзіцём Божым. І я ўпэўнена, што так яно і было. Але й шырокае святкаванне – зусім не страшна, як аказалася. Зрабіць Янчыны хрэсьбіны прапанавалі мае бацькі ў Астраўцы. Я сумнявалася, ці варта клікаць столькі людзей, гатаваць столькі ежы, запрашаць музыку з гармонікам (ён жа – аператар, ён жа – добры знаёмы). Але старэйшыя ўсё ж ведаюць крыху больш, чым маладыя. Я ўспомніла, як у мінскай аднапакаёвай кватэрцы нашы мамы пілі гарбату без цукру, бо я паставіць на стол забылася, а яны самі чамусьці не папрасілі... Муж нагадаў, што дапамогу трэба прымаць... І – атрымалася вясёлае сямейнае свята з песнямі і жартамі. Дзякуй Богу, што было знята відэа. Бо такіх добрых прычын збірацца вялікай сям'ёй разам не вельмі шмат, іх успамінаеш з асаблівай цеплынёй і час ад часу ўключаеш знаёмы да дробязяў фільм.

Шчыра кажучы, напярэдадні, я перачытвала інфармацыю пра таямніцу і парадак хросту. Калаўрот штодзённасці пакідае ў галаве толькі асноўныя звесткі, таму паглыбленне ў сутнасць кожнага сакрамэнту, за якім прыходзіш у касцёл не бывае лішнім. "Аб чым просіце?" – спытаецца святар. Бывае, бацькі здзіўлена маўчаць: "Але ж толькі што размаўлялі ў закрыстыі, ён што – забыўся? Ну што за фармальнасць!" А бывае, пачнуць пералічваць: "Здароўя, грошай, усяго найлепшага..." Не падумаўшы, шмат чаго можна зрабіць і сказаць. Таму лепш загадзя ведаць, што і чаму будзе адбывацца падчас хросту, што прыхавана за сімваламі, і што абяцаюць бацькі і хросныя, згодна ківаючы галовамі: так-так, усведамляем! (Дарагія бацькі, просячы хросту для Вашага дзіцяці, ці ўсведамляеце вы, што прымаеце на сябе абавязак выхаваць яго ў веры, каб, захоўваючы Божыя запаведзі, яно любіла Бога i бліжняга, як нас навучыў Езус Хрыстус?)

Чым больш ведаеш, тым лягчэй супрацьстаяць звычаям, якіх так многа сярод нас, таксама і наконт хросту. Дзіўна, што якраз пра забабоны пачуеш практычна ад любога, нават ад самых блізкіх, якія жадаюць дабра, але вераць, што трэба ахрысціць, каб, напрыклад, дзіцятка менш плакала. Або нават "Так трэба рабіць, бо так робіцца і, значыць, так трэба" – увогуле замкнёнае кола бяссэнсу. "Дасведчаныя" людзі могуць падзяліца ведамі, як трэба сесці і ўстаць, каму дзіця трымаць, куды пакласці, што апрануць і шмат чаго іншага. Але цікава: выкананне ўсіх звычаёвых парадаў абяцае прынесці чалавеку зямныя дабрабыт і ўдачу – і толькі зямныя. Асвячальная ласка, супольнасць Касцёла, адпушчэнне першароднага граху – пра што вы?... Страшна, калі істота сакрамэнту становіцца нейкім такім прыемным бонусам, пабочным эфектам, які можна ведаць, а можна і не забіваць галаву, ахрысцяць і так.

Нягледзячы на ўсю кранальнасць свята, да пяшчотных эмоцый трэба дадаць усведамленне сутнасці таго, што адбываецца, бо сапраўды, дзіця атрымлівае вялікую ласку, але далейшае яго выхаванне патрабуе Божай дапамогі, аб якой трэба не толькі прасіць, але штодзённа Божую волю заўважаць, прымаць і кіравацца ёю. З дзецьмі трэба размаўляць пра Бога, адпаведна ўзросту, паволі вучыць з імі малітвы, кленчыць разам дома і ў святыні, карыстацца дапамогай Касцёла, які прапануе катэхетычныя заняткі ў кожнай парафіі, сустрэчы для дзетак і моладзі і г.д. Адным словам, спадарожнічаць развіццю хрысціянскай веры сваіх дзяцей і не забывацца, што прыклад бацькоўскага жыцця будзе прамаўляць мацней за ўсё.

Частка другая – дапаможна-афіцыйная. Значэнне, сімвалы і абрад хросту дзяцей.

 

Праз святы хрост Бог ачышчае нас ад заганы першароднага граху, адпускае ўсе правіны, учыненыя да хросту, удзяляе надпрыродны дар Божай асвячальнай ласкі, адраджае да новага жыцця дзяцей Божых, акрамя таго, праз хрост асоба далучаецца да супольнасці народу Божага — Касцёла. Толькі пасля прыняцця хросту можам прымаць іншыя сакрамэнты (канфірмацыя, Эўхарыстыя, пакаянне, намашчэнне хворых, пасвячэнне, сужэнства). Катэхізіс каталіцкага Касцёла кажа, што “з даўніх часоў хрост прымяняюць для дзяцей,бо гэты сакрамэнт з’яўляецца ласкай і дарам Божым, які не патрабуе людзкіх заслуг” (KKK 1282). 


Сімвалы хросту


Вада – гэта галоўны сімвал святога хросту. Яна існуе з самага пачатку стварэння свету. Дзякуючы вадзе можа існаваць і развівацца ўсё жывое. Дзякуючы водам хросту ў душы дзіцяці з’яўляецца новае, звышнатуральнае жыццё – асвячаючая ласка. Вада хросту нагадвае пра:
  • воды патопа, які знішчыў грэшнае чалавецтва. Святы хрост змывае першародны грэх і, калі ахрышчаны ўжо дарослы чалавек, усе іншыя раней дапушчаныя грахі.
  • воды Чырвонага мора, якія выратавалі ад рабства выбраны народ. Хрост выратоўвае  дзіця ад рабства сатаны.
  • хрост Езуса ў Іярдане. Тады людзі даведаліся, што Езус – узлюблены Божы Сын. Дзякуючы ласцы хросту дзіця становіцца любімым дзіцём Божым.
  • ваду, якая выцякла з прабітага сэрца Хрыстуса. Успамін пра пакуты Пана можа нам патлумачыць, чаму вада хросту з’яўляецца знакам вялікай Божай ласкі.
Знак крыжа – падчас абраду святар, бацькі і хросныя пазначаюць знакам крыжа (вялікім пальцам правай рукі) лоб дзіцяці. Знак крыжа з’яўляецца выражэннем веры ў Святую Тройцу. Гэты знак таксама азначае, што дзяця належыць Езусу, які дае яму зараз сваю дапамогу і ласку, каб яно магло супраціўляцца і перамагаць жыццёвыя цяжкасці.

Святы хрызм – гэта аліўкавы алей змяшаны з бальзамам. Памазанне лба дзіцяці хрызмам азначае, што на яго зыходзяць дары Духа Святога. Дзіця пазначана знакам прыналежнасці Богу, які нельга знішчыць. Яно становіцца Божым дзіцём. Гэты жэст таксама нагадвае пра далучэнне дзяцяці да Касцёла, пра ягоную святарскую годнасць (можа прыступаць да іншых сакрамэнтаў), пра прарочую місію (малітва і вызнаванне веры), пра каралеўскую місію (пакліканне рабіць дабро і змагацца са злом).

Белае адзенне – сімвал нявіннасці, чысціні, новага жыцця. Яго можна захоўваць як памяць пра хрост.

Свечка – сімвалізуе Хрыста – Святло свету. Падчас хросту свечку запальваюць ад вялікай свячы, якая называецца пасхалам. Як агонь пасхала перадаецца свечцы, так жыццё Хрыста перадаецца дзіцяці. Полымя свечкі сімвалізуе полымя веры, якое будзе гарэць у яго жыцці. Гэтую свечку можна выкарыстоўваць у далейшым жыцці дзіцяці, падчас свята Маці Божай Грамнічнай, яна можа служыць і на Першай Камуніі.

Падрыхтоўка да хросту дзіцяці


На размову са святаром трэба прыйсці самім бацькам, таму што хросту папярэднічае спецыяльная падрыхтоўка. Першыя тыдні жыцця дзіцяці (калі яго і пажадана ахрысціць) напоўнены для бацькоў шматлікімі клопатамі, але трэба знайсці час выбраць імя, запрасіць хросных, духоўна падрыхтавацца да хросту праз малітву і споведзь.
Таксама будуць патрэбныя наступныя дадзеныя і дакументы:
  • пасведчанне аб нараджэнні, якое выдае ЗАГС;
  • асабістыя дадзеныя бацькоў дзіцяці: прозвішча (для маці – таксама дзявочае прозвішча), імя, імя па бацьку, дата і месца нараджэння (лепш мець з сабой два пашпарты);
  • дата шлюбу;
  • імёны і прозвішчы, месца жыхарства хросных бацькоў.

Да дня хросту бацькі таксама рыхтуюць свечку і белае адзенне для дзіцяці.

Для кожнага дзіцяці бацькі выбіраюць хросных маці і бацьку. Яны дапамагаюць бацькам у выхаванні дзіцяці ў веры і паводле хрысціянскай маралі. Падчас хросту вызнаюць веру, таму ў якасці хросных бацькоў не могуць выступаць асобы, якія не могуць шчыра вызнаць сваю веру.

Выконваць заданні хроснага ў Каталіцкім Касцёле можа той, хто:
  • вызначаны прымаючым хрост або праз яго бацькамі (выхавацелямі), а калі іх няма — пробашчам ці ўдзяляючым сакрамэнт, і мае адпаведныя да таго здольнасці, а таксама намер выконваць гэтае заданне;
  • мае 16 гадоў (калі няма іншай пастановы біскупаў дыяцэзіі) або, па слушнай прычыне, пробашч ці ўдзяляючы сакрамэнт можа зрабіць выключэнне;
  • католік, пасля прыняцця Першай Камуніі і сакрамэнту канфірмацыі (бежмавання), які вядзе жыццё, згоднае з верай і адпаведнае функцыі, якую мае выконваць;
  • свабодны ад кананічнай кары;
  • не з’яўляеццца бацькам або маці прымаючага хрост.
Кожны іншы не можа быць хросным (пар. Can. 874 §1 СІС).

Пасля ўдзялення хросту бацькі, удзячныя Богу і верныя сваім абавязкам, павінны давесці дзіця да пазнання Бога, навучыць маліцца, прыводзіць на заняткі рэлігіі і падрыхтаваць да Першай святой Камуніі і сакрамэнту канфірмацыі. Такім чынам, хрост — гэта толькі пачатак, які патрабуе далейшага развіцця веры і жыцця паводле яе. Гэта — абавязак бацькоў, хросных і самаго ахрышчанага. Адказы святара на пытанні наконт хросту – у Лікбезе ад Catholic.by. Усё пачынаецца з хросту

Абрад хросту дзяцей

  • Прыняцце дзяцей
  • Чытанне Св. Пісання і казанне.
  • Малітва над хрысцільнаю вадою.
  • Адрачэнне ад зла і вызнанне веры.
  • Хрост, намашчэнне хрызмам, уручэнне свечкі  і ўскладанне белага адзення.
  • Малітва Ойча наш, благаславенне бацькоў і ўсіх прысутных.

Абрад прыняцця дзіцяці

Звычайна бацькоў разам з дзіцём і хроснымі запрашаюць на першыя лаўкі перад алтаром. Пасля пачатку святой імшы святар вітае ўсіх і пачынаецца абрад прыняцця дзіцяці.
Цэлебрант: Дарагія бацькі, якое імя выбралі Вы для свайго дзіцяці?
Бацькі:NN. (трэба гучна і выразна сказаць імя альбо два імені дзіцяці; бацькі некалькіх дзяцей адказваюць па чарзе).
Цэлебрант: Чаго Вы просіце ў Касцёла Божага для N.?
Бацькі (разам усе бацькі і хросныя): Хросту.
Цэлебрант: Дарагія бацькі, просячы хросту для Вашага дзіцяці, ці ўсведамляеце вы, што прымаеце на сябе абавязак выхаваць яго ў веры, каб, захоўваючы Божыя запаведзі, яно любіла Бога i бліжняга, як нас навучыў Езус Хрыстус?
Бацькі: Усведамляем.
Святар звяртаецца да хросных, якія адказваюць за дзіця.
Цэлебрант: A вы, хросныя, ці гатовыя дапамагаць бацькам гэтага дзіцяці выконваць ix абавязак?
Хросныя: Гатовыя.
Цэлебрант: N., хрысціянская супольнасць прымае цябе з вялікай радасцю. Ад яе імя я пазначаю цябе знакам крыжа, aпасля мяне гэтым жа знакам Хрыста Збаўцы цябе пазначаць бацькі (і хросныя).
Цэлебрант, бацькі i хросныя робяць вялікім пальцам правай рукі знак крыжа на ілбе дзіцяці. Так супольнасць Касцёла прымае дзіця.

Літургія Божага слова

У гэтай частцы абраду чытаецца Божае слова і святар кажа пропаведзь. Так Касцёл хоча заахвоціць вернікаў да разважання надтаямніцай святога хросту. Літургія слова сканчваецца агульнай малітвай, кароткай літаніяй да святых, якія будуць апекунамі ахрышчаных дзяцей і малітвай пра адрачэнне ад злога духа альбо экзарцызмам. Тут заступніцтва Касцёла выражаецца праз тое, што святар ускладае рукі на галаву дзіцяці.

Літургія сакрамэнту хросту

Яна пачынаецца з асвячэння вады. Калі ёсць вада, якая была асвячаная на Пасхальную Вігілію, тады замест асвячэння чытаецца кароткая падзяка за гэтую ваду.

Потым усе прысутныя ў касцёле адракаюцца ад зла і вызнаюць веру. Паразважайце над гэтымі словамі, каб свядома перажыць абрад хросту Вашага дзіцяці.
Цэлебрант: Ці выракаецеся граху, каб жыць у свабодзе дзяцей Божых?
Бацькі i хросныя: Выракаюся.
Цэлебрант: Ці выракаецеся ўсяго, што вядзе да зла, каб грэх не панаваў над вамі?
Бацькі i хросныя: Выракаюся.
Цэлебрант: Ці выракаецеся сатаны – галоўнай прычыны граху?
Бацькі i хросныя: Выракаюся.
Пасля гэтага цэлебрант прымае ад бацькоў i хросных вызнанне веры, якое складаеццаз трох частак.
Цэлебрант: Ці верыце ў Бога Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба iзямлі?
Бацькі i хросныя: Веру.
Цэлебрант: Ці верыце ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага, народжанага з Дзевы Марыі, замучанага i пахаванага, які ўваскрос з памерлых iсядзіць праваруч Айца?Бацькі i хросныя: Веру.
Цэлебрант: Ці верыце ў Духа Святога, святы Касцёл каталіцкі, еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрашэнне цела i жыццё вечнае?
Бацькі i хросныя: Веру.
Цэлебрант i ўся супольнасць далучаюцца да гэтага вызнання, прамаўляючы:
Гэта наша вера. Гэта вера Касцёла, вызнаваць якую –наш гонар у Езусе Хрысце, Пану нашым.
Амэн.

Цэлебрант: Ці хочаце вы, каб N.прыняў (прыняла) хрост у веры Касцёла, якую мы ўсе разам з вамі толькі што вызналі?
Цэлебрант: N., Я ЦЯБЕ ХРЫШЧУ Ў ІМЯ АЙЦА І СЫНА, І ДУХА СВЯТОГА.
(адначасова тройчы палівае галаву дзіцяці вадой).
Бацькі i хросныя, выражаючы радасць ад таго, што адбыўся святы хрост, праслаўляюць: Хвала Айцу i Сыну, i Духу Святому. Як было спрадвеку, цяпер i заўсёды, iна векі вечныя. Амэн.

Памазанне хрызмам
Святар падыходзіць да дзіцяці са святым хрызмам, абмаквае палец правай рукі ў алей і памазвае лоб дзіцяці.

Апрананне белага адзення
Святар прапануе, каб на дзіця апранулі белае адзенне. Часцей за ўсё гэта робіць хросная маці.

Уручэнне запаленай свечкі
Святар звяртаецца да вернікаў: „Прыміце святло Хрыста”. Пасля гэтага бацька альбо хросны падыходзіць да запаленага пасхала, які стаіць на падсвечніку альбо ў руках святара, і запальвае свечку.

Асаблівае благаславенне бацькоў і ўсіх прысутных на заканчэнне:

"Пан Бог усемагутны, які праз свайго Сына, народжанага з Панны Марыі, дае хрысціянскім маці радасць надзеі на жыццё вечнае, якая заззяла для ix дзяцей, няхай благаславіць маці гэтага дзіцяці, каб так, як цяпер дзякуе Богу за атрыманае патомства, яна заўсёды была ўдзячная Яму разам са сваім дзіцём у Езусе Хрысце, Пану нашым. Амэн.

Пан Бог усемагутны, які дае дар жыцця на зямлі i ў небе, няхай благаславіць бацьку гэтага дзіцяці, каб ён разам са сваёю жонкаю словам i прыкладам даваў свайму дзіцяці першае сведчанне веры ў Езусе Хрысце, Пану нашым. Амэн.

Пан Бог усемагутны, які адрадзіў нас з вады i Духа Святога да вечнага жыцця, няхай шчодра благаславіць гэтых верных сваіх, каб яны заўсёды i ўсюды ўтваралі жывую еднасць з усім народам Божым. Няхай усіх тут прысутных Ён адорыць сваім супакоем у Езусе Хрысце, Пану нашым. Амэн.”

Спасылкі па тэме:


Парадак хросту дзяцей пры небяспецы смерці ці пры кананні, які выкарыстоўваецца, калі адсутнічаюць  святар  і  дыякан 


Парадак хросту дзяцей: Значэнне, паслугі, час і месца, структура абраду хросту і інш. "Народ Божы, гэта значыць Касцёл, прадстаўлены мясцовай супольнасцю, мае вялікі ўдзел у хросце як дарослых, так і дзяцей. Бо немаўля і да хросту, і пасля яго мае права на любоў і дапамогу супольнасці. А ў самім абрадзе апрача таго, што пералічана ў № 7 Агульных Уводзінаў і што павінна быць выканана сабранымі вернікамі, супольнасць выконвае свой абавязак, выказваючы разам з цэлебрантам сваю згоду пасля вызнання веры бацькоў і хросных. Такім чынам яна паказвае, што вера, у якой прымаюць хрост дзеці, — гэта скарб не толькі адной сям’і, але ўсяго Хрыстовага Касцёла."

Сакрамэнт Хросту. Абрад "Эффата".
Неабходна, каб Хрыстус паклаў у нашы вушы свае пальцы і дакрануўся да нашых вуснаў, каб мы маглі чуць аб цудах Ягоных і расказваць аб тым, што Ён учыніў у нашым жыцці. Прыкладам, таго, хто быў адкрыты на слова Божае з’яўляецца Панна Марыя. Яна, калі пачула слова Пана, адразу адказала на яго. Пасля яе “так” у той жа момант Бог пачаў дзейнічаць у ёй – у першую чаргу прынятае ёй Божае слова знішчыла ўсе страхі – бар’еры, якія перашкаджаюць жыць поўняй жыцця. Таксама і бацькі дзіцяці, якое прымае хрост павінны перадаць яму слова, якое дапаможа знішчыць усе страхі і адкрыць сэрца на ініцыятыву Пана.


ХРОСТ. Змястоўна не толькі аб значэнні хроста, але з парадамі і падказкамі аб малітоўнай падрыхтоўцы бацькоў да хросту дзіцяці і далейшым выхаванні ў хрысціянскай веры.

Бенедетто Теста "О Таинствах Церкви (о крещении)"
"В обрядах христианского посвящения нет, кроме того, расчета на механический, сам собой разумеющийся эффект «магических» формул и действий. В основе всего - свободное и исполненное высшей любви действие Иисуса Христа. "
"Второй Ватиканский Собор развивает учение о Крещении, если несколько упростить, в двух направлениях.
Первое: Крещение знаменует и реально осуществляет наше соединение со смертью и воскресением Христа; мы сообразуемся Христу (ср. LG 7). Крещением люди вводятся в Пасхальную тайну и принимают дух усыновления, становятся истинными верующими, каковых ищет Отец (ср. SC 6). Единое Крещение создает единый Народ Божий (ср. LG 32), присоединяет и включает в Церковь, вратами которой оно является (ср. AG 11). Все христиане призваны, таким образом, примером своей жизни и свидетельством слова являть нового человека, в которого они облеклись через Крещение (ср. AG 11). В этом же русле - утверждения, касающиеся соединения крещеного через таинство с Христом и Его Телом Церковью, и спасительности этого соединения.
Второе направление учения сосредоточено на крещальном священстве и его культовом, пророческом и царском аспектах (ср. LG 9_13). Крещеные, призванные к святости, призваны образовать духовный храм и святое священство для принесения духовных жертв и возвещения чудес Того, Кто призвал их к свету. Крещеные образуют избранный род, святую общность, спасенный народ. Возродившись, дабы быть детьми Божиими, они предназначены крещальным «характером» для христианского богослужения."
"Святой Августин настаивает, прежде всего, на всеобщности Крещения, как на необходимости избавить человека от первородного греха и даровать ему благодать Христову. Кроме того, он подчеркивает также действие Святого Духа и Матери Церкви ( Ecclesia Mater). Между прочим, он замечает: «Действительно, младенцев приносят крестить для получения благодати не столько те, кто несет их на руках, сколько вся община святых и верных. (...) Это действие совершает вся Матерь Церковь, состоящая из святых, ибо именно она производит на свет каждого отдельного верующего». Святой Фома, в свою очередь, утверждает, что Крещение младенцев это совершение таинства веры. Новорожденные верят не сами, но верой Церкви, в которую их включают. В силу этой веры они получают благодать и добродетели. "

Бонус-слайд-шоу

Шоу, але з нюансам: фоткі з хростам першынца не адсканіруеш, бо добра ўклеены ў альбом, так што хросты нумар два і тры – калі ласка!














1 comment:

  1. спасибо огромное) надеюсь, что ваша статья поможет родителям и крестным не только вспомнить порядок обряда, но и осознать всю его важность и значимость

    ReplyDelete