08/07/2012

Вы помніце свой мядовы месяц?

Мне падабаецца назіраць за юнымі сужонкамі. Хапае некалькіх хвілін, каб убачыць няўлоўныя выразы кахання ў жэстах і паставах. Вы заўважалі, якія яны ўпэўненыя ў сабе той прыцягальнай пэўнасцю, калі чалавек верыць, што яго любяць? Гэта вельмі прыгожа і годна. Такія сур'ёзныя і адказныя, бо ў іх жыцці ("нарэшце!" – дадалі б яны) з'явілася асоба, дзеля якой хочацца жыць, працаваць, каго спасцігаць, з кім дзяліцца сваім светам і аберагаць кожны момант і да скону дзён.

Узгадайце свае першыя мядовыя тыдні і месяцы. Не істотна, ці адразу ж вы пачалі прыцірацца адно да аднаго, ці доўгі час нават дыхалі ў такт – успомніце, як свяцілі над вамі сонца і зоркі, як усміхаліся вочы блізкага чалавека, як пахлі суніцы ці рыпеў снег, як шумела мора ці спяваў вецер ў высокіх дрэвах, як смакавала кава, выпітая разам...

Што з таго зараз тым, каго такія ўспаміны напаўняюць толькі болем і горыччу? Калі помніце, то вы не змяніліся. Вы проста далёка адыйшліся адзін ад аднаго. Так далёка, што перасталі заўважаць: шлях – усё роўна адзін на дваіх, вы зыйшлі на супрацьлеглыя ўзбоччы адной дарогі. Каб праверыць, зрабіце сабе насустрач хаця б некалькі крокаў... Нават калі будзе здавацца, што наперадзе толькі камяні, завалы і незразуменне. Але Бог бачыць вас удваіх, для Яго вы па-ранейшаму ўтвараеце адно цэлае. Ён – і нязменны, і верны, і добры – таксама з вамі, таксама Шлях.

Левитан "Владимирка"

No comments:

Post a Comment