17/06/2012

Святая Імша: з якіх частак складаецца і што азначае

Цэлебрацыя Імшы, як дзеянне Хрыста і іерархічна ўпарадкаванага народа Божага, – гэта цэнтр усяго хрысціянскага жыцця, як паўсюднага, так і мясцовага Касцела, а таксама асобных вернікаў. У Імшы дасягае сваёй вяршыні дзеянне Бога, якім Ён асвячае свет у Хрысце, і культ, у якім людзі пакланяюцца Айцу, ушаноўваючы Яго праз Хрыста, Сына Божага ў Духу Святым. Іншыя сакральныя дзеянні і ўсе справы хрысціянскага жыцця звязаныя з імшою, з яе выплываюць і да яе кіруюцца.

Паразважаем разам над асобнымі часткамі Імшы каб прыпомніць іх значэнне, мэту і спосаб перажывання.


УСТУПНЫЯ АБРАДЫ.

Не любім уступаў, хочам адразу перайсці да самага важнага. Але ўсё, што з’яўляецца важным у жыцці, мае свой уступ, патрабуе ўводзін і прыгатавання. Таксама і ў святой Імшы. Уступныя абрады маюць мэтай з’яднаць ўсіх удзельнікаў Эўхарыстыі, стварыць з іх супольнасць, а таксама прыгатаваць да слухання слова Божага і годнага ўдзелу ва Эўхарыстыі. Складаюцца ўступныя абрады з працэсіі на ўваход, ушанавання алтара, вітання і ўступнага слова, акта пакуты, спеву “Пане, змілуйся над намі”, гімна “Хвала на вышынях Богу”, малітвы дня – калекты.
Разважанне: Будзь прысутны ад самага пачатку святой Імшы. Найлепей прыйсці за некалькі хвілін перад яе пачаткам. Тады маеш шанс на асабістае прыгатаванне, гэта значыць на суцяшэнне неспакойных думак, узбуджэнне інтэнцыі, усведамленне Божай прысутнасці. Калі званок дае сігнал пачатку Імшы, мая асабістая пабожнасць павінна перасунуцца на другі план. На Эўхарыстыі стаім перад Богам – як Яго люд, як жывы Касцёл, уключаныя ў супольнасць грэшнікаў, прагнучых Божай ласкі. Не думай аб сабе, што з’яўляешся лепшым ці горшым за другіх. Няма тут добрых і лепшых. Мы разам. Як дзеці аднаго Бога. Кожны з нас аднолькава важны, патрэбны, каханы

ПРАЦЭСІЯ НА ЎВАХОД
Сутнасць: Імша пачынаецца працэсіяй на ўваход. Усе ўдзельнікі Імшы павінны браць у ёй ўдзел. З практычнага боку гэта не заўсёды магчыма, таму ў працэсіі удзельнічаюць міністранты і святары.
Разважанне: Працэсія – гэта вобраз Касцёла, які пастаянна ў дарозе. Ідзём да Бога, а Яго любоў з’яўляецца нашай дарогай. Бярэм удзел у працэссіі праз спеў. Нашыя галасы зліваюцца ў адзіны голас Касцёла. Як важна, каб у гэтым спеве гучаў і твой голас.

УШАНАВАННЕ АЛТАРА
Сутнасць: Падышоўшы да прэзбітэрыя, святар і прыслугоўваючыя ўшаноўваюць алтар праз глыбокі паклон. Як знак ушанавання, святар цалуе алтар.
Разважанне: Пацалунак алтара – гэта першае дзеянне святара. Які яскравы знак! Увогуле не звяртаем на яго ўвагі, але шкада. Пацалунак адразу ўказвае на тое, што з’яўляецца найважнейшым у святой Імшы – на любоў. Уваходзім у прастору любові: Бога да мяне і мяне да Яго. Гледзячы на святара, які цалуе алтар, памятай: гэта знак любові. Яна надае сэнс кожнаму слову і кожнаму знаку святой Імшы.

ВІТАННЕ НАРОДА І ЎСТУП
Сутнасць: Святар разам з усёй супольнасцю чыніць знак крыжа. Затым цэлебрант вітае вернікаў словамі “Пан з вамі”. Гэтым словам спадарожнічае жэст разведзеных рук, які прыпамінае нам Езуса, які вітае нас, абдымае і з’яўляецца адчыненым на кожнага. Вернікі адказваюць “І з духам тваім”. Гэты дыялог усведамляе нам прысутнасць Хрыста ў супольнасці і ў асобе святара. У гэтым вітанні і адказе народа выяўляецца таямніца сабранага Касцёла.
Разважанне: Памятай, каб разам са святаром учыніць знак крыжа, так пачынаем мы кожную малітву. Вітанне святара – гэта не звычайнае прывітанне, ксёндз дае нам усвядоміць, што пасярод нас знаходзіцца змёртвыхпаўсталы Езус згодна з Яго абяцаннем: “дзе двое ці трое збяруцца ў Імя маё, там Я пасярод іх.” Мы не выпадкова сабраліся. Мы супольнасць, якую паклікаў Бог. Наш адказ на вітанне – гэта прызнанне ў цэлебранце святара. Незалежнеа ад таго, ці ён сам святы, ці нягодны. Чыніць ад Імя Езуса. Наша “І з духам тваім” – гэта заклік: “Святар, дазволь Духу Святому вясці цябе, будзь для нас добрым пастрырам.”

АКТ ПАКУТЫ
Сутнасць: Святар прызывае да ўсведамлення сваей грэшнасці. Наступае хвіліна цішыні. Затым уся супольнасць адмаўляе акт пакуты. Пасля яго наступае акламацыя “Пане, змілуйся над намі”.
Разважанне: Стаім перад Богам. Заўсёды бачым нашу недасканаласць, патрабуем Яго міласэрнасці. Заўсёды. Не спрабуй чыніць у гэты момант рахунак сумлення. Але пакорна вызнай: “Так, Пане, я грэшнік, нягодны і патрабую ласкі прабачэння. Дай мне адчуць скруху, і знішчы маю гардыню.”

ХВАЛА НА ВЫШЫНЯХ І КАЛЕКТА
Сутнасць: Хвала на вышынях Богу – гэта старажытны хрысціянскі гімн, у якім Касцёл праслаўляе Бога Айца і Ягнё. Дзякуем Богу не столькі за яго канкрэтныя дары, але за тое, што Ён ёсць. Затым святар прызывае людзей да малітвы. Ксёндз адмаўляе малітву, якая называецца калекта, збіраючы індывідуальныя малітвы ў адну малітву Касцёла. Узнесеныя ўгору рукі святара з’яўляюцца старажытным малітоўным жэстам. Нашае супольнае “Амэн” – гэта падцверджанне: так, гэта наша малітва.
Разважанне: Гімн “Хвала” – гэта прыгожы ўзор малітвы праслаўлення. Не ўмеем праслаўляць Бога. Дамінуюць у нашым жыцці малітвы-просьбы ці малітвы-падзякі. Праслаўленне патрабуе бескарыснасці. Гімн кіруе нас на самога Бога, на Яго велічнасць, прыгажосць. Спрабуй узнесці чыстае праслаўленне, не чакаючы пры гэтым дароў. Спрабуй услухацца ў словы калекты. Яе структура заўсёды падобная і можа быць узорам для нашых асабістых малітваў: спачатку звяртаемся да Бога Айца, потым успамінаем, што для нас зрабіў, затым просьба і заканчэнне, якое ўказвае, што малітва гэтая заносіцца праз Хрыста ў Духу Святым. Гэта накірунак хрысціянскай малітвы: да Бога Айца, праз Хрыста у Святым Духу. Няхай тваё “Амэн” будзе свядомым подпісам пад малітвай, узнесенай святаром.

ЛІТУРГІЯ СЛОВА
Сутнасць: На нядзелю і на ўрачыстасці прадугледжаны тры чытанні: са Старога Запавету, з Новага і Евангелля. Гэтыя чытанні размеркаваны на тры гадавыя цыклы: год А, калі чытаецца Евангелле ад Мацвея, год B – Евангелле ад Марка, год С – Евангелле ад Лукі. Евангелле ад Яна чытаецца ў вузка акрэсленыя перыяды. Чытанні аднолькавыя ва ўсіх Касцёлах свету. Пасля першага чытання выконваецца рэспансарыйны псальм. Псальм – гэта таксама Слова Божае і з’яўляецца формай адказу верных.
Разважанне: Слухай не толькі вушамі, але і сэрцам. Старайся пачуць, што Бог прамаўляе да цябе тут і зараз. Не спыняйся на тым, чаго не разумееш. Дастаткова аднаго слова, аднаго сказа, які асветліць тваю дарогу. Забяры яго з сабою.

АЛЛЕЛЮЯ І ЕВАНГЕЛЛЕ
Сутнасць: Спеў “Аллелюя” – гэта ўступ да Евангелля. З’яўляецца самастойным абрадам, які ёсць вызнаннем веры і прывітаннем Езуса які праз хвіліну прамовіць словамі Добрай Навіны. Евангелле як у самой Бібліі, так і ў Літургіі слова займае найважнейшае месца, таму Евангелле слухаецца стоячы. Прыпамінаюць аб выключным характары Евангелля вітанні “Пан з вамі”, знак крыжа на чоле, вуснах і сэрцы.
Разважанне: Евангелле – гэта не проста звыклае апавяданне пра падзеі, якія далі нам збаўленне. Дзякуючы дзеянню Духа Святога, гэтыя падзеі становяцца прысутнымі. Знак крыжа на чоле азначае волю прыняцця слова розумам, на вуснах азначае прагненне абвяшчэнне Евангелля. Крыж на сэрцы азначае волю перамены жыцця пад уплывам слова. Не спі, Езус прамаўляе да цябе.

ГАМІЛІЯ
Сутнасць: Гамілія павінна быць тлумачэннем чытанняў Святога Пісання. Ксёндз павінен кіравацца умовамі вернасці Богу, памятаючы ад Імя каго гаворыць і вернасці слухачам, да якіх гаворыць.
Разважанне: Звярніся да Святога Духа, каб дапамог таму, хто стаіць пры амбоне. Слухай пакорна, не ацэньвай. Нават у найгоршым казанні можа з’явіцца думка, якая зменіць жыццё.

ВЫЗНАННЕ ВЕРЫ І МАЛІТВА ВЕРНЫХ
Сутнасць: Пасля гаміліі у нядзелі і ўрачыстасці складаем вызнанне веры – Крэда. Сфармулявана было на Сусветных саборах у Нікеі і Канстантынопалі ў IV стагоддзі. Называецца таксама Сімвалам Апостальскім. У Касцёле лучыць нас разам адна вера, якая пераказывалася з пакалення ў пакаленне. Вызнанне веры – гэта адказ на Божае Слова і малітва, адданне хвалы Богу. У малітве верных прадстаўляем Богу просьбы ў розных інтэнцыях.
Разважанне: Вызнанне веры падчас святой Імшы вяртае нас да хросту, да пачатку дарогі веры, яе развіццю у тваім жыцці. Слова “веру” абавязвае. Не здзіўляйся, што некаторыя сказы Сімвала Веры незразумелыя. З’явіліся яны больш чым 1600 гадоў таму. Варта звярнуцца да Катэхізіса Касцёла, які падае поўнае раз’ясненне ўсіх частак Крэда. Малітва верных прыпамінае нам, што праз Хрост усе мы сталіся святарамі; гэта так званае паўсюднае святарства верных. Яно дае нам здольнасці скаладаць духоўную ахвяру за збаўленне ўсяго свету. Малітва за іншых вучыць нас далікатнасці, прыпамінае не канцэтравацца толькі на ўласных патрэбах. Мы адказныя за ўвесь Касцёл і ўвесь свет.

ПРАЦЭСІЯ З ДАРАМІ
Сутнасць: Дары, якія прыносім да алтара – гэта хлеб , які стане Целам Пана, і віно, якое стане Яго кроўю. Святар прымае іх ад верных і складае на алтары. Элементам прыгатавання дароў з’яўляецца збор грошай. Гэта таксама літургічнае дзеянне.
Разважанне: Хлеб і віно – гэта сімвалы дару, які прагнем ахвяраваць Богу. Далучыся да працэсі з дарамі са сваім духоўным дарам. Яшчэ раз узгадай інтэнцыю, з якой удзельнічаеш у Святой Імшы. Хрыстус возьме гэтыя дары і ператворыць у Пасхальную ахвяру, прынесеную Богу Айцу. Бог не чакае чагосьці, але цябе. Ахвяруй яму сваё жыццё. Прыносім таксама грошы. Не павінны мы думаць, што гэта нейкая брудная банальная справа. Грошы – плады нашай працы. Часткаю пладоў гэтай працы дзелімся з супольнасцю Касцёла, да якой належым, і за якую адказваем.

СКЛАДАННЕ ХЛЕБА НА АЛТАРЫ
Сутнасць: Хлеб, які выкарыстоўваецца падчас Эўхарыстыі, пачаткова не адрозніваўся ад звыклага хлеба, ужыванага для ежы. На Захадзе каля 10 стагоддзя пачалі ўжываць бездражджавы хлеб, які выпякаўся ў кляштарах у форме гостыі і быў прызначаны толькі для Імшы. Так ёсць і да сенняшняга дня. Святар, складаючы хлеб на алтар, адмаўляе ціхую прыгожую малітву, трымаючы пры гэтым патэну над алтаром: “Благаслаўлёны Ты, Пане Божа, сусвету, бо, дзякуючы Тваей шчодрасці мы атрымалі хлеб, плод зямлі і працы рук людскіх; прыносім Табе яго, каб стаў для нас Хлебам Жыцця”.
Разважанне: Хлеб – гэта плод зямлі і працы рук людскіх. Спатканне Божага дару і людскога вымагання. Дзякуй за шчодрасць Божых дароў, за зямлю, якая дае плады. Убач у гэтым кавалку хлеба частку сваёй працы і працы іншых. Ахвяруй Богу “свой штодзенны хлеб” – усю нялегкую прозу жыцця – пот, кроў, слезы.

ДАДАННЕ ВАДЫ ДА ВІНА
Сутнасць: Святар вылівае віно ў келіх і дадае крыху вады. Адмаўляе пры гэтым ціхія словы: “праз гэтую таямніцу вады і віна дай нам, Божа, удзел у бостве Хрыстуса, які прыняў нашую натуру”.
Разважанне: Змешванне вады з віном было звычаем, які практыкаваўся пры пасілках у старажытнасці. У Літургіі гэта мае сімвалічнае значэнне. Віно азначае Хрыста, а вада – людзей. Змешванне вады з віном азначае поўнае яднанне людзей з Хрыстом адкупіцелем.

АБМЫЦЦЕ РУК СВЯТАРА
Гэты абрад выражае жаданне ўнутранага ачышчэння.

МАЛІТВА НАД ДАРАМІ
Сутнасць: Святар звяртаецца да верных словамі: “Маліцеся каб маю і вашую ахвяру прыняў Пан Бог усемагутны”. Адказ сабраных гэта форма благаславенства, якое верныя прамаўляць над святаром: “Няхай Пан Бог прыме яхвяру з рук тваіх..” Прыгатаванне дароў завяршаецца малітвай святара ў якой падкрэсліваецца духоўны сэнс таго, што адбылося. З’яўляецца падсумаваннем і мастом да Эухарыстычнай малітвы.
Разважанне: Маёю ахвярай з’яўляецца жыццё, якое ад Бога паходзіць і да Яго вяртаецца. Усе індывідуальныя ахвяры злучаюцца ў адну ахвяру Хрыста, якая складаецца Богу рукамі святара. Няхай тваё “Амен” азначае гатоўнасць быць дарам і скласці сваё жыццё на алтары.

МАЛІТВА ЭЎХАРЫСТЫЧНАЯ – НАЙВАЖНЕЙШАЯ МАЛІТВА КАСЦЁЛА
Сутнасць: Падчас Эўхарыстычнай малітвы адбываецца цуд Перамянення. Хрыстус становіцца прысутным у постацях хлеба і віна. Распачынаецца яна прэфацыей і спевам “Святы”. Прэфацыя – гэта малітва падзякі Касцёла. Яе пачатак гэта дыялог святара і народа. Гэты дыялог сягае сваімі карнямі ў старажытныя формы літургіі. Пасля святар ад імя людзей складае Богу падзяку. Дзякуе за справу збаўлення ці за іншы яго аспект у залежнасці ад дня і літургічнага перыяда. Прэфацыя скончваецца заклікам да спеву “Святы”. Гэты гімн праслаўлення з’явіўся ў Імшы ў 4 стагоддзі. Яго словы звяртаюцца да біблійнага спеву анёлаў, якія такім чынам аддаюць Богу хвалу. Літургія на зямлі злучаецца з лутургіяй у небе.
Разважанне: Заклік “Пан з вамі” яшчэ раз прыпамінае нам пра прысутнаць Езуса ў супольнасці і ў асобе святара. Таксама гэта заклік каб засяродзіць сваю ўвагу, бо адбываецца нешта вельмі важнае. Словы “У гору сэрцы” – гучаць як моцны заклік. Не ўглядайся ў сябе, носячыся паміж гардыняй і дэпресіяй. Глядзі на Бога, які вядзе цябе да Сябе. Глядзі ў вышыню – гэта значыць не губляй надзеі. Не на сябе мусіш спадзявацца, але на Бога! Словы прэфацыі апісваюць Яго любоў, – спрабуй у думках паўтараць словы прэфацыі. Убач, як моцна адораны і вучыся ўдзячнасці. А затым разам з анёламі ў небе спявай з усіх сілаў што только Бог ёсць святы!

ЭПІКЛЕЗА.
Сутнасць: Гэта малітва да Духа Святога. Касцёл прызывае Духа, каб дзякуючы Яго дзеянню адбыўся цуд эўхарыстычнага перамянення. Святар узносіць далоні над дарамі на алтары. У традыцыі Касцёла гэты жэст быў заўсёды звязаны з малітвай аб удзяленні Духа Святога. У другой эўхарыстычнай малітве эпіклеза гучыць так “Асвяці гэтыя дары моцай Свайго Духа, каб сталі для нас Целам і Крывёю нашага Пана Езуса Хрыста”. Пасля перамянення есць таксама яшчэ адна эпіклеза. Таксама прызыванне Духа Святога, але гэтым разам над людам Божым, з просьбай аб перамене тых, якія прымаюць Цела і Кроў Пана: “Пакорна просім Цябе, каб Дух Святы з’яднаў нас усіх прымаючых Цела і Кроў Хрыста”
Разважанне: Эпіклеза раз’ясняе нам роль Духа Святога ў літургіі. Прызывай Яго разам са святаром. Памятай, самае важнае гэта тое, што небачнае для вочаў. Гэта Дух Святы чыніць, што людзкія словы, знакі, дары – становяцца прыладамі, звязваючымі Божую міласэрнасць і чалавека.

КАНСЭКРАЦЫЯ
Сутнасць: Святар узгадвае тое, што адбылося падчас Апошняй Вячэры. Хрыстус склаў у дары сваё Цела і Кроў у постацях хлеба і віна і даў Апосталам спажываць і піць, а таксама загадаў паўтараць гэтую таямніцу. Словам спадарожнічаюць знакі. Святар, прамаўляючы словы кансэкрацыі, бярэ ў рукі гостыю, затым паказвае Яе вернікам і укленчвае ў знаку адарацыі. Таксама чыніць і з келіхам віна. Пасля кансэкрацыі святар прамаўляе словы – “Гэта вялікая таямніца веры”. Наш адказ з’яўляецца формай вызнаня веры ў тое, што ў тым што адбылося на алтары, бачым вачыма веры Хрыста памёршага, уваскрослага і хвалебнага, які прыйдзе. Час мінулы, бягучы і будучы яднаюцца ў таямніцы.
Разважанне: Падчас слоў кансэкрацыі вернікі кленчаць на знак самай глыбокай пашаны перад адбываючайся таямніцай. Услухайся ў словы Хрыста, якія ён прамаўляе вуснамі святара. Усе гэта адбываецца з прычыны любові. Таксама да цябе! Цела за цябе выдадзена, Кроў за цябе праліта. Паглядзі як жа незразумела вялікая любоў Бога да чалавека. Калі святар узносіць постаці эўхарыстычныя ўгору – не апускай позірку! Для гэтага і ўзносіць святар іх над алтаром – каб кантэмпляваў – гэта значыць глядзеў з любоў’ю. Перад табою Бог, які стаўся так малы, каб мець магчымасць увайсці ў тваё жыцце і перамяніць, учыніць вечным. У тваіх жылах пацячэ кроў Бога. Не застанаўляйся над тым, як гэта можа быць магчымым. Толькі вер.

АНАМНЕЗА, АХВЯРАВАННЕ І МАЛІТВЫ ЗАСТУПНІЦТВА.
Сутнасць: Анамнеза – гэта ўспамін аб здарэннях, якія прынеслі нам збаўленне. У трэцяй эўхарыстычнай малітве яна распачынаецца словамі: “Успамінаючы, Божа, збаўчую муку Твайго Сына, а таксама цудоўнае Яго ўваскрашэнне і ўнебаўшэсце...” Анамнеза гэта нешта большае, чым звыклы успамін здарэнняў мінулага. Гэта станаўленне іх прысутнымі. Хрыстус памер на крыжы і уваскрос толькі раз. Гэтыя здарэнні гістарычныя з’яўляюцца непаўтаральнымі. Аднак уваскрослы Хрыстус не падлягае часу і Яго збаўчыя дзеянні становяцца прыстунымі, датыкальнымі тут і зараз. Іх збаўчая моц агарняе тых, якія іх зараз успамінаюць. Пасля анамнезы наступае малітва складання ахвяры: “Узглянь просім на дар Твайго Касцёла і прымі Ахвяру, праз якую нас паяднаў з Сабою” – так ці падобна моліцца святар. Не азначае гэта, што Касцёл, як бы сам па сабе, абыходзячы крыж, складае новую ахвяру з Сына, каб атрымаць ласку прабачння. Але азначае, што Касцёл злучаецца з адзінаю ахвярай Хрыста. Наступствамі гэтага злучэння з’яўляюцца малітвы заступніцтва за Папу, біскупа, духавенста, памерлых і жывых верных. Святар успамінае таксама святых. Гэтыя малітвы нагадваюць, што ў Эўхарыстыі увесь Касцёл ёсць духоўна прысутны.
Разважанне: Глядзі вачамі веры на алтар. Стань разам з Янам і Марыяй пад крыжам. Як вучні з Эмаус, убач Уваскрослага пры ламанні хлеба. Адчуй подых Духа Святога, як тады ў вячэрніку. Любоў Бога становіцца датыкальнай, даступнай. Яна на алтары, яна для цябе. Адчуй сябе ў еднасці з усім Касцёлам – супольнасцю збаўленных. Таксама з тымі хто ўжо ў доме Айца.

АПОШНЯЯ ДАКСАЛОГІЯ.
Сутнасць: Святар бярэ патэну з Гостяй і келіх і, трымаючы іх над алтаром, прамаўляе словы праслаўлення Бога: “Праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце, Табе Божа Ойча ўсемагутны ў еднасці Духа Святога ўся пашана і хвала праз усе вякі вечныя”. Падцвярджэннем гэтай малітвы з’яўляецца “Амэн”, якое вымаўляе народ Божы. Гэта самае важнае “Амэн” ва ўсей святой Імшы! Гэта духоўны подпіс пад Эўхарыстычнай малітвай.
Разважанне: Даксалогія – гэта аддане хвалы Богу Айцу. Тваё жыццё таксама мае быць даксалогіяй, бо жывёш на Хвалу Бога! Тваё жыцце павінна быць праз і з Хрыстом і ў Духу Святым. Тваё “Амэн” выражае ўдзел ў паўсюдным святарстве Хрыста праз моц хросту. Вымаў яго свядома, моцна, з глыбіні сэрца. Гэта тваё “так” прамоўленнае Божай любові, гэта згода на спаўненне Божай волі ў Тваім жыцці

МАЛІТВА ОЙЧА НАШ
Сутнасць: Гэтай малітве навучыў нас сам Езус Хрыстус. Таму не здзіўляе тое, што яна стала элементам літургіі святой Імшы.
Разважанне: Заклік святара павінен мабілізаваць нас да свядомага вымаўлення слоў малітвы Панскай. Часам спазняемся і словы Ойча наш адмаўляе адзін ксёндз. Гэта нядобра. Звяртанне да Бога, як да Айца мае асаблівае значэнне перад Камуніяй. Праз хвіліну з’яднаемся з Божым Сынам. Толькі з Ім і ў Ім з’яўляемся выбранымі дзецьмі Аднаго Айца, які ёсць у небе.

АБРАД СУПАКОЮ
Сутнасць: Касцёл просіць зараз праз вусны святара аб удзяленні супакою і еднасці для супольнасці верных і усёй сям’і людзей. Затым цэлебрант вымаўляе пажаданне супакою: “Супакой Пана няхай заўсёды будзе з вамі”, а супольнасць адказвае: “І з духам Тваім”. Пасля святар заахвочвае да перадачы знаку супакою.
Разважанне: Сапраўдны супакой паходзіць ад Хрыста. Гэта сам Езус удзяляе нам супакой і мы пакліканыя, каб дзяліцца гэтым дарам. Немагчыма камунія, гэта значыць супольнасць з Богам, без камуніі з бліжнімі. Узглянь сардэчна на брата, сястру якія стаяць каля цябе. Яны не чужыя людзі. Касцёл з’яўляецца нашым агульным домам, сям’ёю, супольнасцю асобаў. Таксама ад цябе залежыць ці будзе гэта пусты знак, жэст ці глыбока перажыты сімвал. Каму не падасі далоні? З кім жывеш у нязгодзе???

ЛАМАННЕ ХЛЕБА
Сутнасць: Цэлебрант ламае Хлеб эўхарыстычны. У даўнія часы, калі ўжываліся вялікія боханы хлеба, гэты чын меў практычнае значэнне і быў вельмі вымоўным знакам. Сёння, калі ўжываем малыя гостыі, ламаецца толькі адна вялікая Гостыя, прызначаная для святара. Гэты знак учыніў Езус падчас Апошняй Вячэры. У апостальскія часы святая Імша называлася Ламаннем Хлеба. Гэты чын азначае, што верныя, нягледзячы на колькасць, ствараюць адзінае цела, гэта значыць Касцёл, праз спажыванне часткі з аднаго Хлеба, якім есць Хрыстус. Святар таксама дададае да келіха невялікую частачку Гостыі. Гэты знак выплывае з даўняй папскай літургіі. Да келіха дадавалася частачка кансэкраванага Хлеба з папярэдняй Эўхарыстыі. Азначала гэта еднасць Эўхарыстыі справаванай учора і сёння. Іншы рымскі звычай грунтаваўся на занясенні частачкі Цела Хрыста з папскай Імшы да іншых святынь Рыма. Гэтую частачку святар дадаваў да келіха перад Камуніяй. Гэты чын выражаў еднасць рымскага Касцёла са сваім біскупам.
Разважанне: Ламанне хлеба і змяшанне постацей хлеба і віна не заўсёды добра бачнае. Варта аднак ведаць што адбываецца. Цела Езуса было “паламанае” на крыжы, каб зараз быць падзеленым паміж намі. Ізраільцяне ў ноч выйсця з Егіпту акрапілі дзверы сваіх дамоў кроўю пасхальнага баранка і гэта абараніла іх ад смерці. Сёння Кроў Езуса выбавўляе нас ад смерці і грахоў. Раздзяленне Цела і Крыві – сімвалізуе смерць. Змешванне двух постацяў, якое чыніць святар, можна разумець таксама, як знак Уваскрасення. Цела і Кроў зноў разам, бо Езус жыве і хоча нам даць удзел ў гэтым жыцці.

СПАЖЫВАННЕ ЦЕЛА І КРЫВІ ПАНА.
Сутнасць: Святар адмаўляе ціхую малітву, якая прыгатоўвае да годнага прыняцця Цела і Крыві Хрыста. Верныя чыняць тое самае ў цішыні. Затым святар, трымаючы над келіхам Хлеб эўхарыстычны запрашае ўсіх на Вячэру Пана. У адказ усе вымаўляюць словы пакорнага мытніка з Кафарнаум: “Пане, я не варты...” Святар першы прымае Камунію і потым раздае яе верным. Ксёндз паказвае кожнаму ўзнятую малую гостыю і кажа “Цела Хрыста”. Верныя адказваюць “Амэн”.
Разважанне: Камунія азначае яднанне. З самім Богам! Як мытнік з Кафарнаум ты не варты. Але Пан прыходзіць да цябе. Дае сябе як пажытак. Гэта не столькі я прымаю Езуса, колькі Ён прымае мяне. Не канцэнтруйся над тым, ці адчуваеш прысутнасць Езуса. Не эмоцыі тут з’яўляюцца самым важным, але вера. Няхай тваё “Амэн” будзе вызнаннем веры ў прысутнасць Хрыста ў кавалку хлеба. Пасля Камуніі не замыкайся ў сабе. Спявай з усімі. Праз Камунію становімся Касцёлам – супольнасцю, адным целам.

МАЛІТВА ПАСЛЯ КАМУНІІ.
Сутнасць: Пасля камуніі святар чыніць пурыфікацыю, гэта значыць ачышчэнне патэны і келіха. Пасля наступае хвіліна, калі ўсе моляцца ў цішыні. Затым святар прамаўляе малітву пасля Камуніі ў якой просіць аб пладах адбыўшайся таямніцы. Разважанне: Дзякуй Богу ў цішыні, ці спевам за дар паяднання. Святар моліцца аб плод Эўхарыстыі таксама і ў тваім жыцці. Лёгка захоўваць Езуса ў табернакулюме. Цяжэй захаваць Яго ў сэрцы кожны дзень, даць яму магчымасць перамяніць сэрца.

БЛАГАСЛАВЕНСТВА
Сутнасць: Святар чарговы раз нагадвае аб праўдзе Божай прысутнасці словамі “Пан з вамі”. Затым удзяляе благаславенства, чынячы знак крыжа над супольнасцю. Гэты знак разам са святым імем Божым – Айца, Сына і Духа Святога – гэта чын завяршаючы абрад Эўхарыстыі. Знак крыжа на пачатку уводзіць нас у глыбіню таямніцы, а зараз вядзе да жыцця адноўленнага спатканнем з Уваскрослым Затым святар прамаўляе словы : ”Ідзіце ў супакоі Хрыста”. Адказваем “Дзякуем Пану Богу”. Гэта нельга тлумачыць як банальнае сцверджанне: “Ідзіце сабе”. Гэтыя словы трэба разумець ў кантэксце слоў Езуса: “Як Айцец паслаў Мяне, так і я пасылаю вас”. Гэта заданне, каб любоў і слова Бога, якімі карміліся падчас Імшы, мы занеслі да дому, да нашага асяроддзя. Ласка Божая гэта дар, але таксама заданне і місія. На працягу вякоў пасля благаславенства ўжывалі лацінскі выраз “Ite, missa est“. Варта ведаць што ад гэтых слоў бярэ назву – “Імша” . Слова гэтае паходзіць ад ліцінскага –dimissio што адзачае рассыланне.


Тэкст разважанняў узяты з сайта Рымска-каталіцкай парафіі архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі

Яшчэ па тэме:

Структура Імшы, яе элементы і часткі   У належны час неабходна захоўваць сакральнае маўчанне, як частку літургічнага дзеяння54. Характар гэтага маўчання залежыць ад часу, у які яно наступае ў асобных цэлебрацыях. Падчас чыну пакаяння і пасля закліку да малітвы кожны засяроджваецца ў сабе; пасля чытання альбо гаміліі ўсе коратка разважаюць над тым, што пачулі, а пасля Камуніі вернікі ў сваім сэрцы праслаўляюць Бога і моляцца.
Ужо перад самой цэлебрацыяй пажадана захоўваць маўчанне ў касцёле, у сакрыстыі і ў бліжэйшых да іх месцах, каб усе пабожна і належным чынам рыхтаваліся да святых абрадаў.

 15 правіл правільнага чытання  Чытанне Божага слова і гучнае вымаўленне малітваў пад час літургіі з’яўляецца адным са шматлікіх літургічных служэнняў і функцый, даручаных вернікам і дзякуючы якім жыве супольнасць веруючых у Хрыста.

Святая Месса - настоящая жертва и Трапеза Нового Завета   Подготовка к Первой Евхаристии продолжалась долгие века Старого Завета. В разных символах, образах, событиях и персонажах мы видим внутреннюю направленность самого Бога и всего обитаемого мира до сакраментального союза. Создание зерна и виноградной лозы, а затем работа человека в поте лица своего принесли в Вигилию евхаристические знаки. Благодарение же продолжается по сей день в истории Воскресшего Христа и Его Церкви.
       
Ars celebrandi – piękno liturgii  "Los Kościoła i wiary chrześcijańskiej jest z tym bezpośrednio związany. Albowiem wiara chrześcijańska nie jest teorią, filozofią czy ideologią, lecz relacją, konkretną i osobistą z Bogiem w Trójcy, Bogiem, który stał się człowiekiem w Jezusie Chrystusie i pozostaje obecny w Duchu Świętym. A liturgia jest sakramentalnym uczestnictwem, widzialnym i konkretnym, w życiu Boga w Trójcy. Dlatego liturgia to nie tylko jakaś gra, teatr, autoekspresja odczuć, serca, idei, wymiaru społecznego. Liturgia katolicka to rzeczywisty, obiektywny, konkretny wyraz relacji, w której sam Bóg chce dzielić swoje życie z nami, Jego stworzeniami"

No comments:

Post a Comment