28/09/2016

Кветкі за чужым плотам

Мамін успамін з дзяцінства. Аднойчы яна надумалася вырваць некалькі кветачак за суседзкім плотам. Надта ж былі прыгожыя, хоць і пустазелле. Ружовыя. Працягні толькі руку.
І вось панесла яна іх сваёй маці паказаць, падзяліцца захапленнем.
"Дзе брала?" "Там і там". "Я ж табе дам чужое браць!"
І накрычаўшы на малую, павяла да суседкі прасіць прабачэння. Маме было сорамна так, што дагэтуль памятае тыя кветкі.

Так даўней гадавалі. Тое, што за чужым плотам – ані руш. Ці падабаецца нешта табе, ці дрэнна ляжыць, ці на выгляд нікому не патрэбна – не чапай.

Гадавалі, каб не чырванець за сваё дзіця перад людзьмі, не хаваць вачэй, і, вядома, каб не прыйшлося папраўляць шкоду, учыненую дзіцём. А калі ўжо здарылася, то каралі вінавайцу спачатку самі, а потым вялі прасіць прабачэння на каленях і ў руку цалаваць. Не ведаю, ці ўсіх дзяцей так сурова трымалі і да якой пары, але маёй маме хапіла аднаго ўрока.

Узгадваючы зараз бабуню, я не ўяўляю, што яна пачала весці доўгія размовы, нешта тлумачыць ці выказваць жаль, г. зн. рабіць хоць нешта з таго, што зараз прапануюць псіхолагі. Але побач з ёй заўсёды было бяспечна і спакойна. Не вагаючыся, яна ведала, што менавіта добры ўрок будзе абаронай дачцэ на ўсё жыццё, дзе б яна не апынулася. Калі побач не стане мамы, толькі яе настаўленні дапамогуць быць чалавекам і жыць з людзьмі ў згодзе. Мне здаецца, што ў яе маглі быць і памылкі ў выхаванні, але ў самым істотным Бог даў ёй упэўненасць і станоўчасць.

А якія ўрокі нашае пакаленне дае сваім дзецям?..


04/09/2016

Небаракі і рызыканты

Шмат людзей ішло за Езусам. Лк 14, 25
Як збіраліся гэтыя натоўпы? Чаму, паслухаўшы гадзінку, яны не разыходзіліся? Цяжка ўявіць, што мелі шмат вольнага часу, жывучы з працы сваіх рук. А ім жа хацелася кінуць усё і хадзіць за Езусам. Значыць, Ягоны голас быў мацнейшы за голас неапрацаванага поля, кашоў і скрыняў, сетак для ўлову, утульных пасцеляў пасля доўгага дня, нават за галасы блізкіх і прыяцеляў. Непазбежна ўзнікае пытанне: ці надоўга?

Калі я спрабую ўявіць сябе ў гэтай грамадзе самых розных людзей, то адказ прыходзіць сам сабой: я буду тут, пакуль не прагоняць. Кожны з таго натоўпу туляўся па сваіх сцежках, пакуль не знайшоў Езуса. І цёмна, і самотна бывала на гэтых сцежках. І кожнага чалавека, які набліжаўся да Яго, здалёк спатыкаў невымоўнай любові позірк. Ён прымаў людзей без умоў, аддаючы Самога Сябе. Ці не там хочацца застацца, дзе цябе так любяць, дзе сэрца спявае ад радасці?
Толькі... ці надоўга?

18/08/2016

Карысныя памочнікі ў разважаннях і малітве

Малітва займае ў жыцці хрысціяніна вялікае месца. Колькі б тэорыі мы не засвоілі, толькі практыка ідзе нам на карысць. Практыкаванне ж уключае ў сябе шмат аспектаў, адным з якіх з'яўляецца пошук. Пошук добрага месца для малітвы, часу, спосабу, дапаможнікаў. Вось гэтым апошнім і варта прысвяціць увагу.

Зараз тэксты Святога Пісання для малітоўнага разважання можна знайсці не толькі ў друкаваным выглядзе, але і ў электронным. Таму экраны планшэтаў, смартфонаў і камп'ютараў могуць не толькі адцягваць нашу ўвагу, але і служыць малітве.
Напрыклад, Новы Запавет у бібліятэцы Catholic.by.

Таксама трэба ўзгадаць і розныя он-лайн рэсурсы і сэрвісы, якія стараюцца максімальна спрасціць нам пошук дадатковых тэкстаў, заахвоціць да больш разбудаванай і глыбокай малітвы. Адным з такіх сайтаў са штодзённымі разважаннямі Божага Слова з'яўляецца Прастора малітвы.

15/08/2016

Калі вялікія становяцца малымі

Стаць малым – дзіўная перспектыва для сучаснага свету, дзе трэба марыць аб большым і ставіць вялікія мэты, дасягаць іх, і ставіць яшчэ большыя мэты. І зноў такі дасягаць. Бо мы такія малайцы і мы гэтага годныя ці як там любяць казаць у рэкламе. Некарэктнае абагульненне, скажаце. Так, але хачу растлумачыць, што я маю на ўвазе.

Памятаеце той момант у Евангеллі ад Лукі (9 раздзел), калі Езус сказаў, што будзе выдадзены ў рукі людзей, а вучні яго слухалі адным вухам, не разумелі, а "баяліся запытацца ў Яго аб гэтым Слове". І адразачку: "З'явілася ж у іх думка, хто з іх большы". Насамрэч, гэта такая сур'ёзная думка, якая можа запоўніць не адну галаву, то й не дзіўна, што Хрыстовы словы ўжо не змяшчаліся ў вучнях. Часам сустракаюцца такя занятыя дзелавыя-дзелавыя людзі, якія чуюць усё, што ім кажуць, але не надаюць увагі другасным, па іх разуменню, рэчам: "Так, гэта не гарыць, займуся пасля". Уласнымі трывогамі вучні пераймаліся больш, чым словамі Настаўніка. За тры гады прабывання з Езусам апосталы – можа не так, як маглі б ці як нам бы хацелася, – але выраслі над сабой. Ды неяк так выраслі, што сталі загараджваць сабой Хрыста, і нават ганарыліся гэтым. Ну, і хацелі, вядома, неяк сваю велькасць упарадкаваць.

02/08/2016

Набліжэнне

З сённяшніх чытанняў:

"І Я набліжу яго, і ён падыдзе да Мяне, бо хто яшчэ аддасць сваё сэрца, каб падысці да Мяне? — кажа Пан." Ер 30, 21

"Пётр сказаў Яму ў адказ: Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе. Ён жа сказаў: Ідзі. Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, ..." Мц 14, 28-29

Вось жа гэтае "але"... Не вытрывала Пятровае сэрца: як я так магу? хіба магу? Скончылася адвага, хоць так шмат яму было дадзена. Усяго толькі мільганула думка, можа нават неакрэсленае сумненне – і адчынілася бездань пад нагамі.

Я раней уяўляла сабе гэтую сцэну доўгай, як у запаволеным фільме, і вельмі паважнай. Сёння ж нешта змянілася, і вось чаму. На мінулым тыдні маё сямейства наведала водны парк у Адэсе. Праўда, сама-то я не пайшла, таму што не падабаюцца мне гэтыя забавы, занадта гучныя, актыўныя і доўгія. Таму, калі ёсць магчымасць, то выбіраю іншы адпачынак: высокія дрэвы, цікавыя кніжкі. Расказалі мне дзеці пра адзін атракцыён (для дарослых!) таго аквапарку: уваходзіш у адмысловую капсулу, інструктар цябе там зачыняе, а потым націскае кнопку – падлога пад табой раптам прыбіраецца, і ты некалькі мэтраў ляціш уніз у свабодным падзенні. Пакуль людзі стаяць у чарзе (а ахвотнікаў шмат), то пэўным чынам рыхтуюцца да незвычайных перажыванняў. Але Пётр у сённяшнім Евангеллі не мог падрыхтавацца ні да хаджэння па вадзе, ні да знікнення цвёрдай апоры пад нагамі. Адкуль ён мог ведаць, што не трэба давяраць сваёй звычцы асцерагацца ўсяго незнаёмага? На тое, што чалавеку здаецца пагрозай, ён рэагуе імгненна і нават несвядома. Ці можа ён у такім стане даць адказ на пытанне: «Малаверны, чаму засумняваўся ты?»

07/07/2016

Малітва да Святога Духа


О, Дух Святы, Ты – Трэцяя Асоба Найсвяцейшай Тройцы.
Ты – праўды, святасці й любові Дух, Які паходзіць ад Айца і Сына, і роўны Ім ва ўсім.
Люблю Цябе і слаўлю ўсім сэрцам.
Навучы мяне пазнаваць і шукаць Бога, Які стварыў мяне для Сябе. Напоўні маё сэрца святой бояззю і вялікай любоўю да Яго. Спашлі мне жаль за правіны, дай цярплівасць і не дазволь упасці ў грэх. Узмоцні маю веру, надзею і міласэрнасць і абудзі ўва мне цноты, адпаведныя майму стану. Дапамажы мне ўзрастаць у 4-х кардынальных цнотах, Тваіх 7-мі дарах і Тваіх 12-ці пладах. Зрабі мяне вернай вучаніцай Хрыста, паслухмянай дачкой Касцёла і дапамогай майму бліжняму. Адары мяне ласкай захавання запаведзяў і годнага прыняцца сакрамэнтаў. Памнож маю святасць у тым жыццёвым стане, да якога Ты мяне паклікаў, і праз шчаслівую смерць прывядзі ў вечнае жыццё.
Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

У патрэбе:

Дай мне таксама, о, Духу Святы, Даўца ўсіх дароў, асаблівую ласку, аб якой я прашу (...), калі гэта спрычыніцца да большай хвалы Тваёй і майго дабра. Амэн.

16/06/2016

Неўмеркаваны аптымізм

Памылкі ў планаванні знаёмыя многім людзям. Мы прапускаем вызначаныя тэрміны, выдаём больш грошай, чым меліся, завальваем праекты і змагаемся з непрадбачанымі цяжкасцямі. Часам людзі кажуць: "На сённяшні розум я б так не зрабіў, але тады я і не думаў, што можа стацца". Адна з прычынаў "заваленых" жыццёвых экзаменаў – празмерна аптымістычнае стаўленне да рэчаіснасці. Сам па сабе аптымізм прыносіць шмат карысці як уладальніку гэтай якасці, так і свету. Менавіта аптымісты прымаюць смелыя рашэнні, займаюцца бізнэсам, працягваюць даследванні, кіруюць, рызыкуюць, натхняюць іншых.

Аднак, памылкі ў ацэньванні рызыкі могуць дорага каштаваць, асабліва ў "гульні з высокімі стаўкамі".Тым больш, калі гэтай стаўкай можа аказацца жыццё чалавека. Нядаўна я прачытала пра методыку Гэры Кляйна, якая называецца "прыжыццёвы эпікрыз". Яна не мае нічога супольнага з медыцынай і прызначаецца для арганізацый на парозе важных рашэнняў. Вось збіраюць усіх распрацоўшчыкаў праекта ў адным пакоі і прапануюць уявіць сабе, што рэалізацыя плана прывяла да катастрафічных наступстваў, і таксама просяць сфармуляваць прычыны такога выніку. Змяніўшы ракурс, людзі часта здольныя заўважыць пагрозы, якія не бачылі на стадыі планавання і агульнай веры ў перамогу.

05/06/2016

Няўчас

Назаўтра, калі яны выйшлі з Бэтаніі, Ён адчуў голад. Убачыўшы здалёк смакоўніцу, пакрытую лісцем, падышоў, спадзеючыся знайсці што-небудзь на ёй. Але, падышоўшы да яе, не знайшоў нічога, апроч лісця, бо яшчэ не настала пара на смоквы. Тады Езус сказаў ёй: «Няхай ніхто ніколі не есць з цябе плоду». <...> А калі раніцай вярталіся, убачылі, што смакоўніца высахла аж да кораня. Мк 11, 12-13, 20


З мяне кепскі садоўнік. Як падумаю, аж жах. Я, канешне, магу сказаць, што люблю дрэвы проста так, не чакаючы пладоў, але трэба прызнацца, яны не дачакаюцца ад мяне ні вады, ні ўгнаення, бо я не маю паняцця, у чым тыя дрэвы маюць патрэбу. Вялікія ж расліны, хай даюць сабе раду. Вось калі б я навучылася распазнаваць адзнакі іх бедаў і радасцяў, пары на абрэзку, на падкорм, на пладанашэнне... Вядома, не з адных падручнікаў, але забрудзіўшы рукі працай, зарабіўшы мазалі ды сталы непакой, ці зроблена ўсё, што магчыма і як найлепш. Тады чакаць плёнаў сваёй працы – была б натуральная рэч, не толькі лагічная, але і неабходная, каб ведаць, што добра робіш сваю працу, хоць нешта ў ёй разумееш, а час і сілы не пайшлі марна. 

Калі Езус спадзяваўся знайсці спелыя плады на той смакоўніцы, значыць, выглядала дрэва так, нібыта яны там ёсць. Вясёлая, зялёная, можа нават прыгажэйшая за іншыя. Дагледжаная зямлёй і небам. Але што ж, за густым лісцем была пустка. "Неўпару Ты, Пане, – казала яна, – Не тыя зараз часы, каб смоквы раслі". Гэта мне смакоўніца магла б дурыць галаву, але ж не Садоўніку! "Няхай ніхто ніколі..."

Гэта сваім бліжнім я магу сказаць, што зараз не час на маю любоў, бо сёння ў мяне стрэс, заўтра ПМС, а нараніцы ўвогуле лепш не чапаць, пакуль я кавы не вып'ю. Але Бог, Які набліжаецца, заўсёды галодны любові, колькі яшчэ будзе слухаць гэтую "песню"?


23/05/2016

Рытм



На беразе Эгейскага мора я стаяла, прыціхшы. Вельмі даўно хтосьці з грэкаў сказаў, што душу лечыць мора. Са здзіўленнем успомніла, як хацелася мне ў дзяцінстве ўбачыць гэты бераг, калі чытала старажытныя міфы. Адчуванні? Аняменне, нейкая пустка і жаданне абярнуцца ў слых. Назіраць, як нараджаюцца з цэлага мора асобныя хвалі, дазваляць ім кранацца босых ног і вяртацца назад "да сябе", глядзець, як празрыстая вада згладжвае сляды на пяску. І адчуваць, што адначасова знікаюць сляды нягодаў і стомы недзе глыбока ўнутры цябе.

Колькі ж трэба маўчаць каля мора, каб пачалі нараджацца хоць якія-небудзь словы... Нават не ўяўляю сабе. А пачаць будаваць? А займацца філасофіяй? Вялікае багацце думак, мастацкх твораў, тэорый і канцэпцый дайшло да нашых дзён са Старажытнай Грэцыі.  Цікава, як гэтая спадчына ўздзейнічае на сучасных грэкаў? За некалькі дзён не разбярэшся.

01/05/2016

Не такі спакой

Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца. Ян 14, 27
Сярод несправядлівасці і няўпэўненасці, абмежаванасці і скажэнняў "гэтага свету" і саміх сябе, мы запрошаныя выплысці на глыбіню, даверліва следуючы за Хрыстом.

Напэўна, не нам давядзецца пераплываць акіяны, але найбліжэйшую сажалку трэба са шчырым сэрцам асвоіць і хоць крышачку палепшыць. Ці гэта значыць, што не будзе ніколі трывожна і страшна? Не, канешне, не значыць, і будуць падчас дажджоў вабіць шляхі забыцця і ўтульныя цёплыя норы... Мы не ведаем, адкуль і як прыходзіць Хрыстовы спакой, і шукаем, бывае, зусім не там, калі ж ён (спакой, не такі, які дае свет) – унутры чалавека. І ён (гэты спакой) не спіць там, як у капсуле, але робіцца адчувальным і бачным усяму свету і аказваецца вельмі доўгачаканым, застаючыся такім незразумелым.