18/08/2016

Карысныя памочнікі ў разважаннях і малітве

Малітва займае ў жыцці хрысціяніна вялікае месца. Колькі б тэорыі мы не засвоілі, толькі практыка ідзе нам на карысць. Практыкаванне ж уключае ў сябе шмат аспектаў, адным з якіх з'яўляецца пошук. Пошук добрага месца для малітвы, часу, спосабу, дапаможнікаў. Вось гэтым апошнім і варта прысвяціць увагу.

Зараз тэксты Святога Пісання для малітоўнага разважання можна знайсці не толькі ў друкаваным выглядзе, але і ў электронным. Таму экраны планшэтаў, смартфонаў і камп'ютараў могуць не толькі адцягваць нашу ўвагу, але і служыць малітве.
Напрыклад, Новы Запавет у бібліятэцы Catholic.by.

Таксама трэба ўзгадаць і розныя он-лайн рэсурсы і сэрвісы, якія стараюцца максімальна спрасціць нам пошук дадатковых тэкстаў, заахвоціць да больш разбудаванай і глыбокай малітвы. Адным з такіх сайтаў са штодзённымі разважаннямі Божага Слова з'яўляецца Прастора малітвы.



Ружанец, я думаю, – вельмі знаёмая рэч для нашых рук. Ружанец – невядомая малітва?

Карысным дапаможнікам з'яўляецца звычайны нататнік, дзе можна запісаць асноўныя думкі, якія прыйшлі падчас малітвы і да якіх хочацца вярнуцца пазней, альбо пытанні, на якія добра было б знайсці адказы.

Фатаграфаванне – выдатны сродак для пошуку Бога ў навакольным свеце і ва ўсіх рэчах. Як гэта выглядае можна пачытаць у справаздачы пра фотарэкалекцыі

Хачу падзяліцца і сваім досведам з апошніх рэкалекцый гэтым летам, а менавіта – выкарыстаннем каменьчыкаў і каляровых алоўкаў.

Каменьчыкі. Па-першае, гэта добры сродак пераключаць увагу з галавы на рукі, асабліва з перагружанай галавы. Па-другое, у "вызваленую" галаву пачынаюць ахвотней прыходзіць нестандартныя думкі, крэатыўныя рашэнні праблемы. Па-трэцяе, каменьчыкі дапамагаюць праілюстраваць урывак Евангелля, і свае пытанні, што патрабуюць адказу. І ўрэшце, камяні проста дазваляюць любавацца сабой, адчуць гладкасць і шурпатасць, лагоднасць і вуглаватасць. Я назбірала іх на простай прасёлкавай дарозе каля кляштара сясцёр-місіянарак Святой Сям'і. Потым адмыла і высушыла, вядома. Яны не прыцягвалі да сябе ўвагі, як і многае іншае вакол нас на нашай зямлі, але толькі прыгледзьцеся да іх.



Яшчэ ў мяне былі альбом і алоўкі, але, вядома, мастацкія сродкі можна пералічваць вельмі доўга. У мяне не было мэты падвысіць свой узровень майстэрства, удасканаліць нейкую тэхніку. Алоўкі я не брала ў рукі дзесьці са школьных гадоў, калі не ўлічваць размалёўкі. Я імкнулася зрабіць працэсс малявання памочнікам у разважаннях Божага Слова, а таксама яшчэ адным спосабам выяўляць невыказнае, шукаць і знаходзіць Божую волю ў сваім жыцці.
Спіс памочнікаў, несумненна, застаецца адкрытым. Дадавайце, калі ласка, і свае асабістыя  дапаможнікі.

No comments:

Post a Comment