31/12/2014

Разгарнуць падарункі старога года

З рознымі пачуццямі мы развітваемся са старым годам. З ноткай удзячнасці азіраемся назад і  перакладаем спадзяванні на год наступны, чакаем падарункаў... Але абмінаем нешта вельмі важнае ў мітуслівым гэтым чаканні. Нас бы здзівілі паводзіны людзей, якія атрымаўшы прыгожы пакунак, не адкрываючы, адставілі яго набок і больш не ўспаміналі аб ім. Гэта ўвогуле цяжка ўявіць. А між тым мы так і робім.

Што значыць удзячнасць за дар? Па-першае, заўважыць яго, разгледзець, навучыцца карыстацца, калі гэтага вымагае складаная рэч, і г.д. Па-другое, падзякаваць. Па-трэцяе, падзяліцца з іншымі тым добрым, што прынёс падарунак, прынамсі радасцю, калі ён  вельмі прыватны.

Правесці стары год – не значыць толькі ўзняць за яго тост. Трэба разгарнуць Божыя падарункі, якія мы атрымалі за гэты час. Многія з іх можна зразумець толькі з цягам часу. Няўдачы, якія нечаму навучылі, паражэнні, які прымусілі задумацца, матэрыяльныя страты, якія вызвалілі. А колькі было сустрэч, прыгожых, добрых людзей, дапамогі, прабачэння, падтрымкі... Перажыць гэтыя светлыя моманты яшчэ раз, напоўніць сваё сэрца радасцю і ўдзячнасцю, дзівячыся зноў і зноў, якая вялікая Божая любоў да чалавека.

Новы год робіць першыя крокі якраз за Божым нараджэннем. Усё зноў толькі пачынаецца, і кожнаму з нас дзень па дню пісаць сваю гісторыю. Няхай яна будзе напоўнена добрымі падзеямі, здарэннямі і падарункамі, адметнымі, непаўторнымі, шчодрымі, каб дзяліцца з тымі, каго давядзецца сустрэць, прымаць тое, чым дзеляцца іншыя, і дзякаваць штодня за безліч ласкаў Божых.

Адзін з маіх любімых здымкаў 2014-га:


20/12/2014

Пра мужнасць не толькі на Каляды

Аднойчы нараніцы я гатавала пончыкі. Кроіла на кавалачкі цеста, смажыла ў алеі, залацістыя перакладала на талерку з сурвэткай, пасыпала цукровай пудрай... Дзеці былі ў сваім пакоі, гулялі ў свае – планшэтныя, шчыра кажучы – гульні. Пончыкаў станавілася ўсё больш, а дзеці, вядома, не ішлі. І я думала, што зараз я іх паклічу бязгучна, потым, калі яны не пачуюць, да іх дойдзе смачны пах печыва, які прывабіць іх. Ім стане цікава, што там гатуецца. Нарэшце, яны ж галодныя там сядзяць, прыбягуць на кухню. Прыбег самы малодшы, паглядзеў, усміхнуўся радасна. "Пакліч астатніх", – папрасіла я. Пабег і не вяртаецца. Загуляўся. Давялося выйсці ў калідор і паклікаць. "Зараз-зараз", – быў адказ. Я недаверліва ўсміхнулася я. Але прыбеглі хутка, мелі мужнасць выключыць планшэт. А можа сапраўды згаладаліся...

Бог, каб аднавіць Свой Запавет з людзьмі, прыйшоў на зямлю, дзе мы зачаравана гуляем ў свае гульні. Так, мы не чулі Ягоны ціхі голас, не звярталі ўвагу на святасць і веліч Ягоных спраў, заглушалі свой голад, хоць гэта патрабуе немалых высілкаў. Ён прыйшоў, каб быць побач. Ці заўважым мы Бога, калі Ягонае прыйсце выклікае нашмат менш эмоцый, чым дэвальвацыя?.. Будзем шукаць Ягоныя вочы, ці лічбы на цэнніках? Радасць ахіне сэрца, ці расчараванасць?

Я не хачу сказаць, што не трэба звяртаць увагу на страты, якія здарыліся нечакана, на ўмовы існавання ў нашай краіне, якія для вельмі многіх пагоршыліся. Чалавек павінен клапаціцца пра годнасць існавання, каб мець магчымасць захоўваць сваё здароўе, клапаціцца пра сваіх блізкіх, аднаўляць свае сілы, працаваць сумленна, атрымліваць справядлівы заробак. Чалавеку дадзены розум, каб мудра кіраваць маёмасцю, планаваць будучыню, паляпшаць існуючыя ўмовы. Але таксама трэба памятаць пра тое, што жыццё і ўсе намаганні павінны імкнуцца ў вышыню, да Бога, а не адварачваць чалавека ад Бога. Пасля ўсведамлення таго, што адбылося, перад некаторымі з нас паўстане выбар: вярнуць свае даходы (або пакрыць страты) коштам іншых ці не. Здавалася б, ёсць права на нейкі рэванш. Толькі ў дадатак трэба пайсці супраць свайго сумлення, "зачараваць" яго апраўданнямі і разлікамі.

К.С.Льюіс пісаў, што "мужнасць – не проста адна з цнотаў, але форма кожнай дабрачыннасці ў адказны момант". Адказны момант здарыўся і зараз. Маленькі Езус прыходзіць, каб дадаць нам мужнасці застацца людзьмі, нават калі асяроддзе вымагае нечалавечых паводзін. Ён прыходзіць, каб падтрымаць нашу чуласць да іншых, каб наталіць голад любові Самім Сабой. Давайце ж сустрэнем Яго там, дзе мы ёсць, з тым, што маем, і адкрыем Яму сэрцы ў нашых бліжніх, каб знешнія абставіны і адсутнасць снегу не перашкодзілі каляднай радасці і надзеі.

28/11/2014

Выйсці насустрач

Кніга Лічбаў расказвае пра аднаго чалавека на імя Балаам, які жыў з цвёрдай пастановай "і ў малым, і ў вялікім" слухаць Бога, адразу папярэджваў князёў, што нават за "поўны дом срэбра і золата" не перакрочыць слова Пана, а ў падарожжы звычайна выбіраўся на сваёй асліцы, якая аднойчы ўбачыла Анёла і спалохалася. (Ліч 22-24). Магчыма, многія памятаюць, як Балаама збянтэжыла ўпартасць асліцы, якая не хацела рухацца наперад, але ніяк не тое, што яна пачала на чалавечай мове задаваць яму пытанні. Уяўляю сабе, каб мая "Шкода" раптам спыталася: "Чаму ты здзекваешся нада мной? Ці я хоць раз цябе падвяла?" Ох, нават не ведаю, што са мной было б...

05/11/2014

Прыхадні і госці

"Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку, і сказаў яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?”  Той прамаўчаў."
http://users.stlcc.edu/nfuller/crown08/MedievalFeast400.gif
Чаму ён маўчыць, гэты госць? Каб каго-небудзь баяўся, то не прыйшоў бы зусім. Каб не меў магчымасці "апрануцца прыстойна", не прагучала б пытання. Вельмі падобна на стаўленне "хачу й маўчу", але не падлеткавы пратэст замыкае яму вусны, а свая выпешчаная ганарлівасць.
Мы ж не такія, праўда? І не мы, пачуўшы "Дружа...", сталі б азірацца па баках, шукаючы, да каго Кароль звяртаецца, і думаць з недаверам: "Калі гэта мы сталі сябрамі? З якой такой радасці Ён мне друг?" Вось у тым і справа – ніякай радасці ў чалавека, што Бог прапануе яму сяброўства...

Які ўбор да твару нам, нечакана пакліканым з далёкіх скрыжаванняў маленькіх мястэчак і каменных джунгляў, на пір, гаспадаром якога ёсць сам Кароль Сусвету? Штодзень накрыты стол, на якім няма нястачы. Мабыць, не госцем зайшоў той няшчасны на вяселле, апрануты не ў радасць і сардэчнасць, а ў фанабэрыстасць і насцярожанасць: "Ну, паглядзім, што у вас тут... Чым кормяць? Якія напоі падаюць? Не падумайце, што я – адзін з вас, убогіх, я толькі з уласцівай мне ветлівасці прыйшоў."

І такім прыхадням ты кажаш "Дружа", Пане?.. Які цудоўны шанец апамятацца, скінуць з сябе цяжкія шаты фарысейства і апрануцца ва ўдзячнасць і любоў! Не маўчыце ж, не галадуйце, сядайце за стол.

03/10/2014

За што такі кошт?

Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе. (Мц 13, 45-46)
Цудоўны завершаны твор у два радкі, праўда? Колькі разоў чую гэтую прыповесць, дзіўлюся гэтаму. Часам узнікаюць вобразы купца і пярлінаў, раскіданых па свеце, і торбы з манетамі, у якую ператварылася ўся маёмасць рухомая і нерухомая... Часам перабіраю ў галаве свае "манеты", каб разабрацца, ці моцна я за іх трымаюся...

Калі паміж купцом і пярлінай стаў толькі кошт, ён заплаціў яго. Езус не гаворыць, ці лёгка яму было, ці не вагаўся ён. У прыповесці няма перашкод, толькі вольная плынь: знайшоўшы, ідзе, і ўсё, што мае, прадае... Гэта азначае, што заўтра ў яго не будзе грошай, каб нават купіць сабе ежу. Не кожны мае адвагу заплаціць такі кошт. Вам не здаецца, што сказ не закончаны? У тым і справа: мы засяроджваемся на кошце і не бачым тое, за што трэба ўсё аддаць.

Трэба чытаць спачатку. А спачатку чалавек пэўнай прафесіі шукаў прыгожых пярлін... Значыць, ён ведаў іх кошт, іх адрозненні, асаблівасці. Ці лёгка шукаць нешта сапраўднае, добрае, прыгожае,  можа сказаць толькі той, хто шукаў сам, не задавольваючыся падробкамі. І толькі такі чалавек можа аддаць усё за адну каштоўную пярліну, перад якой усе папярэднія знаходкі аказваюцца пясчынкамі.

Праглядаючы свае зборы і калекцыі, цяжка не заўважыць, што ўсё мела свой кошт. Так ці іначай ён заплачаны, і вельмі часта заплачаны Божымі дарамі... Толькі ці за Валадарства Нябеснае?

28/09/2014

"Разбудзіце мяне, калі скончыцца верасень..."

Ёсць такая песня ў Greenday, і я кожны год яе ўспамінаю і згаджаюся, што лепш было б да кастрычніка спаць салодкім сном, чым пачынаць новы навучальны год. Вось 2 гады таму я пісала пра празрыстасць, пра вяртанне да рэальнасці... А сёлета нават няма прыгожых словаў, каб акрэсліць гэтае напружанне, гару працы і няяснае адчуванне, што нешта ўсё роўна не паспела, не дагледзела. Магчыма, толькі цяпер, апоўначы, я здагадваюся, што найбольш недагледжанай засталася я сама.

Пра што першы клопат? Каб сям'я не была галоднай. Гэта сняданні, абеды, вячэры. Раней праблему сняданняў і абедаў вырашала школа, але ў новай школе дзеці атрымліваюць толькі адзін гарачы пасілак, які, вядома, імкнуцца не есці, бо ім, глядзі ж ты, нясмачна. Раніца: прыгатаваць нейкі сняданак, разбудзіць дзяцей, заплясці Янку, сабраць Віталю, даць заданні Міколку. На працягу дня – праца, пераплеценая дзіцячымі званкамі і пытаннямі, напамінамі і просьбамі – з рога ўсяго многа. Але горш, калі дзеці перастаюць браць слухаўку... Вось як тады іх дазвацца?

24/09/2014

"Супакой ёсць абавязкам, супакой – магчымы"



"Супакой – абавязак, таму што кожны жыхар Зямлі, нягледзячы на тое, з якой краіны ён паходзіць, на якой мове выражае свае думкі і пачуцці, якое палітычнае і рэлігійнае credo кіруе ім у жыцці, заўсёды належыць да адзінай сям'і "чалавечага роду", якую ўжо старажытны мудрэц Цыцэрон лічыў "супольнасцю без межаў". 
Тым больш у гэтым перакананы чалавек веруючы, які ў кожным сваім бліжнім распазнае вобраз Таго, які "учыніў з аднаго ўвесь род чалавечы, каб рассяліўся ён па ўсёй паверхні зямлі" (Дз 17, 26). <...> Супакой – дар Хрыста, які для нас, хрысціян, становіцца заданнем.

Супакой – магчымы, бо захоўваць яго дазваляе асаблівы дар, дадзены чалавеку – дар розуму,
а менавіта:
здольнасць адрозніваць дабро ад зла,
здольнасць пазнаваць свае правы і, адначасова, правы іншага чалавека, і такім чынам, – абавязкі адносна іншых людзей;
здольнасць накіроўваць сваё жыццё да добрых мэтаў,
здольнасць выпраўляць памылкі, калі здарыцца іх зрабіць.

Вядома, магчымасць супакою не заўсёды бывае лёгкай: у незлічоных выпадках перашкоды выглядаюць такімі вялізнымі, што іх нельга пераадолець. Але яны ніколі такімі не з'яўляюцца:
калі два бакі здольныя даць доказы ўзаемнага разумення сваіх і чужых інтарэсаў, не выключаючы правільна зразуметага пачуцця нацыянальнага гонару;
калі здолеюць адзначыцца шырокімі поглядамі, якія ахопліваюць дабро іншых народаў і ўсяго чалавецтва;
калі будуць дальнабачнымі ў тым, што датычыцца наступстваў сваіх дзеянняў,
і калі велікадушна будуць мець добрую волю, якая ні ў чым не ўшчамляе абавязак адказнасці за свой край і суайчыннікаў.
Гэта вялікія вымаганні, але абавязковыя. Яны з'яўляюцца сапраўды "людзкімі", істотнымі для дабра ўсяго чалавецтва.

Кожны чалавек з пачуццём адказнасці павінен сур'ёзна задумацца над перспектывамі, перад якімі асцерагаў мой папярэднік папа Пій ХІІ: "З супакоем нічога не страчана, але ўсё можа быць страчана з вайной".


З гаміліі св.Яна Паўла ІІ напярэдадні візіта ў Велікабрытанію. 1982 год

15/09/2014

Турботы і пошукі


Пшанічнае поле. Ван Гог
У англійскай мове ёсць дзеяслоў disturb (у перакладзе, перашкаджаць нармальнаму функцыянаванню), вельмі сугучны беларускаму турбаваць.  Адны і тыя ж турботы яднаюць людзей, замінаюць нармальнаму існаванню: як пракарміцца, што апрануць, дзе знайсці бяспечнае месца...  Празмерны клопат пра гэтыя рэчы можа зрабіць чалавека нявольнікам матэрыяльнага свету, адабраць радасць і пачуццё меры. “Сцеражыцеся прагнасці... Шукайце найперш Валадарства Божага”, – гаворыць Хрыстус. А паміж гэтымі выразамі – прыповесць пра багацея, таго самага, які сказаў сам сабе: “Еш, пі і весяліся” (Лк 12, 13:34).  Які ж добры ён наш знаёмы, нібы родны...

10/09/2014

Церушынкі ў вачах

У нядзелю нараніцы старэйшы сын пачаў вельмі скардзіцца на боль у левым воку. Звычайна вірус не выклікаў такіх моцных скаргаў, кропелькі ў вока не дапамагалі. Паехалі ў шпіталь. Пад мікраскопам урач хутка ўбачыла, што ў воку невялічкае іншароднае цела, церушынка, якую не дастанеш сам. Умелыя рукі доктара з тонкай іголкай добра зрабілі сваю справу – вызвалілі вока ад болю, а нас усіх – ад трывогі.

Літаральна праз пару гадзін сын амаль забыўся, што яму было балюча нават адкрыць вока. Асаблівы дыскамфорт выклікала святло. Ён стараўся схавацца ад сонца і лямпачак, а мы не разумелі, што адбываецца... Маленькая нябачная церушынка ў воку прыносіць такія цярпенні чалавеку. Міжволі ўзгадаеш евангельскае "а ў сваіх вачах бярвёнаў не заўважаеце". Так, бярвёнаў не бачым, а ад Святла чамусьці хаваемся, што ёсць сілы...


14/08/2014

Падтрымка непатрэбнага

І вось адбыўся пералёт за межы Мінска. Ляскоўка – ціхая вёска (прынамсі, пакуль што). Пераехаць аказалася намнога працей, чым пазбыцца непатрэбных рэчаў. Выкідаеш адзін вялікі пакунак – здзіўляешся, як шмат. Потым незаўважна ладуецца яшчэ адзін, і яшчэ адзін. І ты ўжо з ціхім жахам думаеш: "А навошта я столькі часу жыла са смеццем у хаце?"

Справа нават не ў тым, што ніхто не падказвае, калі і што выкідаць. Нейкі ж здаровы сэнс есць у кожнага чалавека, ідэя прыбірання перад вялікімі святамі таксама не новая. Справа ў адкладанні і ў ляноце. Ніхто, акрамя цябе, не возьме кожную рэч у рукі і не вырашыць: выкінуць ці пакінуць. Ну, магчыма, толькі тады, калі ты ўжо не здолееш сам гэта  вырашаць. Працей за ўсё – запхнуць у скрыню пад умоўнай назвай "а можа яшчэ спатрэбіцца калі-небудзь". Потым месца ў адной скрыні канчаецца, і ты заводзіш яшчэ адну. І даглядаеш, каб вакол гэтага смецця было чыста і суха, каб не сапсаваць ...непатрэбнае.

Так што "глыбокае" прыбіранне – не заўсёды азначае марнаванне часу. Каб не апынуцца сярод сметніка, трэба рэгулярна ад лішняга пазбаўляцца, а не ствараць для яго ідэальныя ўмовы. Вядома, усё вышэй сказанае не датычыцца антыкварыяту і таму падобных рэчаў, дарагіх, перш за ўсё, сэрцу...