28/09/2014

"Разбудзіце мяне, калі скончыцца верасень..."

Ёсць такая песня ў Greenday, і я кожны год яе ўспамінаю і згаджаюся, што лепш было б да кастрычніка спаць салодкім сном, чым пачынаць новы навучальны год. Вось 2 гады таму я пісала пра празрыстасць, пра вяртанне да рэальнасці... А сёлета нават няма прыгожых словаў, каб акрэсліць гэтае напружанне, гару працы і няяснае адчуванне, што нешта ўсё роўна не паспела, не дагледзела. Магчыма, толькі цяпер, апоўначы, я здагадваюся, што найбольш недагледжанай засталася я сама.

Пра што першы клопат? Каб сям'я не была галоднай. Гэта сняданні, абеды, вячэры. Раней праблему сняданняў і абедаў вырашала школа, але ў новай школе дзеці атрымліваюць толькі адзін гарачы пасілак, які, вядома, імкнуцца не есці, бо ім, глядзі ж ты, нясмачна. Раніца: прыгатаваць нейкі сняданак, разбудзіць дзяцей, заплясці Янку, сабраць Віталю, даць заданні Міколку. На працягу дня – праца, пераплеценая дзіцячымі званкамі і пытаннямі, напамінамі і просьбамі – з рога ўсяго многа. Але горш, калі дзеці перастаюць браць слухаўку... Вось як тады іх дазвацца?

24/09/2014

"Супакой ёсць абавязкам, супакой – магчымы"



"Супакой – абавязак, таму што кожны жыхар Зямлі, нягледзячы на тое, з якой краіны ён паходзіць, на якой мове выражае свае думкі і пачуцці, якое палітычнае і рэлігійнае credo кіруе ім у жыцці, заўсёды належыць да адзінай сям'і "чалавечага роду", якую ўжо старажытны мудрэц Цыцэрон лічыў "супольнасцю без межаў". 
Тым больш у гэтым перакананы чалавек веруючы, які ў кожным сваім бліжнім распазнае вобраз Таго, які "учыніў з аднаго ўвесь род чалавечы, каб рассяліўся ён па ўсёй паверхні зямлі" (Дз 17, 26). <...> Супакой – дар Хрыста, які для нас, хрысціян, становіцца заданнем.

Супакой – магчымы, бо захоўваць яго дазваляе асаблівы дар, дадзены чалавеку – дар розуму,
а менавіта:
здольнасць адрозніваць дабро ад зла,
здольнасць пазнаваць свае правы і, адначасова, правы іншага чалавека, і такім чынам, – абавязкі адносна іншых людзей;
здольнасць накіроўваць сваё жыццё да добрых мэтаў,
здольнасць выпраўляць памылкі, калі здарыцца іх зрабіць.

Вядома, магчымасць супакою не заўсёды бывае лёгкай: у незлічоных выпадках перашкоды выглядаюць такімі вялізнымі, што іх нельга пераадолець. Але яны ніколі такімі не з'яўляюцца:
калі два бакі здольныя даць доказы ўзаемнага разумення сваіх і чужых інтарэсаў, не выключаючы правільна зразуметага пачуцця нацыянальнага гонару;
калі здолеюць адзначыцца шырокімі поглядамі, якія ахопліваюць дабро іншых народаў і ўсяго чалавецтва;
калі будуць дальнабачнымі ў тым, што датычыцца наступстваў сваіх дзеянняў,
і калі велікадушна будуць мець добрую волю, якая ні ў чым не ўшчамляе абавязак адказнасці за свой край і суайчыннікаў.
Гэта вялікія вымаганні, але абавязковыя. Яны з'яўляюцца сапраўды "людзкімі", істотнымі для дабра ўсяго чалавецтва.

Кожны чалавек з пачуццём адказнасці павінен сур'ёзна задумацца над перспектывамі, перад якімі асцерагаў мой папярэднік папа Пій ХІІ: "З супакоем нічога не страчана, але ўсё можа быць страчана з вайной".


З гаміліі св.Яна Паўла ІІ напярэдадні візіта ў Велікабрытанію. 1982 год

15/09/2014

Турботы і пошукі


Пшанічнае поле. Ван Гог
У англійскай мове ёсць дзеяслоў disturb (у перакладзе, перашкаджаць нармальнаму функцыянаванню), вельмі сугучны беларускаму турбаваць.  Адны і тыя ж турботы яднаюць людзей, замінаюць нармальнаму існаванню: як пракарміцца, што апрануць, дзе знайсці бяспечнае месца...  Празмерны клопат пра гэтыя рэчы можа зрабіць чалавека нявольнікам матэрыяльнага свету, адабраць радасць і пачуццё меры. “Сцеражыцеся прагнасці... Шукайце найперш Валадарства Божага”, – гаворыць Хрыстус. А паміж гэтымі выразамі – прыповесць пра багацея, таго самага, які сказаў сам сабе: “Еш, пі і весяліся” (Лк 12, 13:34).  Які ж добры ён наш знаёмы, нібы родны...

10/09/2014

Церушынкі ў вачах

У нядзелю нараніцы старэйшы сын пачаў вельмі скардзіцца на боль у левым воку. Звычайна вірус не выклікаў такіх моцных скаргаў, кропелькі ў вока не дапамагалі. Паехалі ў шпіталь. Пад мікраскопам урач хутка ўбачыла, што ў воку невялічкае іншароднае цела, церушынка, якую не дастанеш сам. Умелыя рукі доктара з тонкай іголкай добра зрабілі сваю справу – вызвалілі вока ад болю, а нас усіх – ад трывогі.

Літаральна праз пару гадзін сын амаль забыўся, што яму было балюча нават адкрыць вока. Асаблівы дыскамфорт выклікала святло. Ён стараўся схавацца ад сонца і лямпачак, а мы не разумелі, што адбываецца... Маленькая нябачная церушынка ў воку прыносіць такія цярпенні чалавеку. Міжволі ўзгадаеш евангельскае "а ў сваіх вачах бярвёнаў не заўважаеце". Так, бярвёнаў не бачым, а ад Святла чамусьці хаваемся, што ёсць сілы...


14/08/2014

Падтрымка непатрэбнага

І вось адбыўся пералёт за межы Мінска. Ляскоўка – ціхая вёска (прынамсі, пакуль што). Пераехаць аказалася намнога працей, чым пазбыцца непатрэбных рэчаў. Выкідаеш адзін вялікі пакунак – здзіўляешся, як шмат. Потым незаўважна ладуецца яшчэ адзін, і яшчэ адзін. І ты ўжо з ціхім жахам думаеш: "А навошта я столькі часу жыла са смеццем у хаце?"

Справа нават не ў тым, што ніхто не падказвае, калі і што выкідаць. Нейкі ж здаровы сэнс есць у кожнага чалавека, ідэя прыбірання перад вялікімі святамі таксама не новая. Справа ў адкладанні і ў ляноце. Ніхто, акрамя цябе, не возьме кожную рэч у рукі і не вырашыць: выкінуць ці пакінуць. Ну, магчыма, толькі тады, калі ты ўжо не здолееш сам гэта  вырашаць. Працей за ўсё – запхнуць у скрыню пад умоўнай назвай "а можа яшчэ спатрэбіцца калі-небудзь". Потым месца ў адной скрыні канчаецца, і ты заводзіш яшчэ адну. І даглядаеш, каб вакол гэтага смецця было чыста і суха, каб не сапсаваць ...непатрэбнае.

Так што "глыбокае" прыбіранне – не заўсёды азначае марнаванне часу. Каб не апынуцца сярод сметніка, трэба рэгулярна ад лішняга пазбаўляцца, а не ствараць для яго ідэальныя ўмовы. Вядома, усё вышэй сказанае не датычыцца антыкварыяту і таму падобных рэчаў, дарагіх, перш за ўсё, сэрцу...

06/08/2014

Ціхі ветрык

Аўтар  BeatAltenbach SJ
 "Выйдзі і стань на гары перад Панам..." 1 Вал 19, 9а. 11–13а
А навошта мне пакідаць сваю пячору? Можа, я да яе ўжо прызвычаілася і не згадваю нават, што такога запудзіла мяне ў гэтую ракавінку. І што прымусіць мяне выйсці? Моцны вецер? Землятрус? Агонь? Не. Ціхі ветрык любові, які спагадліва абдымае навокал і лагодзіць кожны боль. Тады можна выйсці, прабываць і слухаць...

Толькі па ціхім ветрыку можна ўзняцца вышэй у неба. Па-птушынаму зрабіць адно кола, потым яшчэ, па спіралі вышэй і вышэй. Моцны вецер не будзе чакаць, пакуль ты раздумаешся і будзеш павольна ўзбівацца ўверх. Сядзі, дзе сядзіш, або ляці, зацяўшыся, да наступнай схованкі.

Лагодны ветрык пакідае рэчы такімі, якія яны ёсць. Не пераносіць будынкі, не вырывае з каранямі дрэвы, не сыпле пяском у вочы. Ён дорыць прахалоду ў спёку, калыхае галінкі, дапамагае дрэвам гаманіць між сабой і няспешна выказаць усё, што ёсць на душы.

Ціхі вецер не раздзьмухае пажар, каб выпаліць агнём эмоцый сэрца, пакінуўшы папялішча. Неўзабаве за спагадай пачнецца выратавальны дождж. Напэўна, ён крыху салёны, як слёзы, але будзе смакаваць, як шчасце.

27/07/2014

Запланаваны пераезд

Нарэшце, плануем пераезд у сваё жыллё. Будавалася кватэра 6 год, здоўжылася нам вельмі, і вось – ледзь пачаўся 13-ты год нашага сужэнства, як мы выбіраемся з чужога кута ў свой.
Зноў пачалі збірацца ўздоўж сцен торбы, скрынкі, пакункі. Адны падпісаныя, другія – не, хоць потым, пэўна, прыйдзецца губляць час, каб нешта знайсці.
Зноў, перапрашаючы іх за турботы, забіраем рэчы з месцаў, да якіх яны ўжо прызвычаіліся. Вядома, няпэўнасць. Бярэш у рукі кожную дробязь і выносіш прысуд – узяць з сабой, аддаць камусьці, пакінуць тут ці вынесці на сметнік. Дзякуючы дабрыні Божай, мы мелі ўсё неабходнае для жыцця. Тое, што знасілася і згубіла актуальнасць, складаем у асобным куце, развітваемся з лёгкім сэрцам.

Наперадзе яшчэ шмат клопатаў і працы па ўладкаванні на новым месцы, але гэты пераезд – справа доўгачаканая і прыемная. І ўсё-такі выявілася, што дагэтуль у нас няма яснага ўяўлення, якім чынам мы ў новай кватэры размесцім рэчы і мэблю... Не атрымліваецца з падрыхтоўкай –  будзем разбірацца на месцы. Адзін з пакояў у новай кватэры.


26/07/2014

Малітва да святой Ганны за мужа



Святая Ганна, ты са сваім богабаязным мужам Ёахімам жыла ў няспынным каханні і згодзе, атрымліваючы ад яго толькі заахвочванне да дабрачыннасці, – выпрасі майму мужу, якога люблю і ўсім сэрцам шаную, гэтую ласку, 
каб мяне словам і прыкладам да добрага жыцця падахвочваў і вёў, 
а мае памылкі і недахопы цярпліва зносіў, 
каб мы абодва ў любові і згодзе нашыя абавязкі добрасумленна выконвалі
і маглі пабожна і па-хрысціянску жыць на хвалу Богу і братам на навучанне.
Праз сваё заступніцтва аддаляй ад нас усё, што можа знясіліць любоў і перашкодзіць узаемнаму збудаванню. 
Учыні так, каб паміж сабой мы заўсёды па-хрысціянску жылі і гэтак жа разам у неба да цябе і ўсіх Святых маглі прыйсці. Амэн.

Пераклад з польскай мовы. Калі заўважыце ў тэксце недакладнасці, напішыце мне.
Можна мужу маліцца за жонку. Магчыма, камусьці зручней па-польску: 
 

MODLITWA DO ŚW. ANNY ZA MĘŻA LUB ŻONE

Święta Anno, któraś z twoim bogobojnym mężem Joachimem w ciągłej miłości i zgodzie żyła otrzymując od niego tyle pobudki do cnoty, uproś mojemu małżonkowi (lub: mojej małżonce), którego (ą) z serca kocham i szanuję, tę łaskę, ażeby mnie słowami i przykładami do dobrego pobudzał (a) i prowadził (a), a moje błędy i słabości cierpliwie znosił (a), ażebyśmy obojga w miłości i zgodzie nasze powinności wiernie wykonując, Bogu na chwałę a współbraciom na zbudowanie pobożne i chrześcijańskie życie prowadzić mogli.
Oddalaj przez twoją przyczynę od nas wszystko, coby miłość osłabiać i wzajemnemu zbudowaniu przeszkadzać mogło. Spraw, abyśmy zawsze teraz z sobą po chrześcijańsku żyli, ażebyśmy raz także wspólnie do ciebie i wszystkich Świętych w niebo przyjść mogli. Amen.

25/07/2014

Дотык

Як можна распавядаць пра тое, што можна толькі адчуць? Дотык бывае такім розным: далікатным, пяшчотным, балючым... Досведу хапае ў кожнага з нас. Закрануць жа людзкія сэрцы хацелі б многія людзі, толькі іх мэты вельмі адрозніваюцца. Падпарадкаваць сабе чалавека ці вызваліць яго?..

Успомнім евангельскія натоўпы. Езус прыцягваў людзей так, што яны не зважалі, куды і як надоўга ідуць за Ім. "На наступны дзень Езус пайшоў у горад, які называўся Наін, і разам з Ім ішлі вучні Ягоныя і вялікі натоўп". Цікава, з якой хуткасцю яны рухаліся? Гаманілі ці йшлі маўчком? Ці дзяліліся ежай, вадой, добрым словам? Што рабілі на адпачынках? Цяжка ўявіць сабе панурых людзей побач з Хрыстом, хутчэй грамаду добразычлівых людзей з адкрытымі ўсмешкамі, калі ж іх сэрцы адгукнуліся на Божую любоў.

23/07/2014

З надзеяй

Хрыстус прайшоў па зямлі і пакінуў сляды,
"Ідзіце за Мною, – гаворыць,
– Я прайшоў перад вамі,
Шукайце, глядзіце, ідзіце наперад".

Дзе ж хуткасць узяць слімакам-небаракам?
Тут хоць бы належны кірунак знайсці,
з ракавінкі адважыцца выйсці,

ды сябе зрушыць з месца 
з надзеяй,
што асабліва нязграбных Езус Сам паднясе непрыкметна.