29/10/2013

Матчыны рукі заўсёды мягкія

А бабуліны – дык і слоў няма. З днём нараджэння, даражэнькая наша...


Без назвы

Дружа,
як табе жывецца ў гэту восень?
ці залатаныя да дажджоў ўсе стрэхі?
колькі налічыў за восень павуцінак?
ці цвітуць яшчэ пад ганкам астры?
ці туман ахутвае аголеныя дрэвы?
ў вочы ці глядзяць з травы апошнія рамонкі?
чым займаюць цябе справы? людзі
ці сядаюць побач з кубачкам гарбаты?
каляровых сноў ці стала болей?
ці хаця б не меней?
дзе ты?
як ты?

26/10/2013

Жыццё і Музыка ў стылі Grand

Так у Янкіным тэлефоне адлюстраваўся праспект каля філармоніі. Сапраўдны джаз
Учора мы (я, Мікалай, Яна) былі на канцэрце ў Белдзяржфілармоніі. З праграмай Grand Piano выступаў Влодэк Паўлік. На сцэне былі толькі вялікі раяль і выканаўца, ён жа кампазітар, выкладчык, пераможца... Перад тым, як загучала музыка, канферанс'е зачытаў факты з біяграфіі, дасягненні, выказванні. Потым я ўзгадвала, што на 100% спраўдзілася адна з іх: "Паўлік грае, быццам дыхае..." Больш таго, хацелася навучыцца так "дыхаць", як ён. Навучыцца напаўняць жыццё такой радасцю, шматграннасцю. глыбінёй...

Я не здолею напісаць варты ўвагі водгук, толькі выказаць захапленне талентам гэтага чалавека. Гэтую гадзіну я проста жыла, радавалася і сумавала разам з ягонай музыкай. У ёй былі і сонца, і гукі лета, і бязмежнасць мора, гармонія свету, прыгажосць жыцця, і дысананс, трагічнасць няшчасця, надзея і пяшчота.

Жывая непаўторная імправізацыя (Паўлік перад канцэртам нават не ведаў, што і ў якім парадку будзе граць), якую ніхто не запісваў, але ніводзін слухач не забудзецца. Магчыма, у дзяцей застанецца толькі ўражанне, але гэта нямала. "Грай яшчэ", – ціха прасіла жанчына на суседнім месцы. І ён зноў апускаў рукі на клавішы. Але гадзіна праляцела вельмі хутка.

Янка праз хвілін 20 заснула ў мяне на каленях. Калі мы потым смяяліся, сказала: "Ну і што, я чула, музыка была ў мяне ўнутры". Мікалаю цяжка было сядзець спакойна на адным месцы, але слухаў уважліва. Здаецца, яму найбольш спадабаўся вясёлы джаз, выкананы на біс. Музыка нагадвала бесклапотную хаду чалавека і міжволі выклікала ўсмешку. Магчыма, каб нам весялей было крочыць дадому.

Анонс канцэрта з вышэй узгаданымі цытатамі: Польскі Інстытут у Мінску. ВЛОДЭК ПАЎЛІК „GRAND PIANO” Канцэрт джазавай музыкі

24/10/2013

Не прыхіляцца

Прынікла да пылу душа мая, ажыві мяне паводле слова Твайго. Пс 119, 25

Надпісы ў грамадскім транспарце папярэджваюць, што нельга прыхіляцца да дзвярэй. І зразумела, чаму.  Гэта небяcпечна, і нават смяротна небяспечна. Нечакана апора для спіны можа ператварыцца ў пустку... І ўсё роўна прыхінаемся, калі здараецца ехаць ў перапоўненым вагоне ці аўтобусе. Пакуль ён вязе па патрэбным маршруце, пакуль трымаюць дзверы, пакуль не стала свабадней у салоне, і пакуль надзея ёсць, што паездка скончыцца добра.

Але дзіўна было б назіраць за чалавекам, які ў пустым аўтобусе прыляпіўся ўсім целам да дзвярэй, нібыта яго прыціснуў людзкі натоўп. Так і сваёй душы чалавек часта прыдумляе няўмольныя абставіны, каб апраўдаць свой грэх. У цемры можна памыліцца, але сонечнае святло праўды рассыпае падман у пыл.

Як не спазніцца заўважыць, што душа не мае, чым дыхаць? Што яна смягне без вады... Што мярцвее паволі... Чаму чалавек выбірае замест крынічных водаў Божага Слова пыл хлусні і нажывы? Ці паспее жахнуцца і ўсклікнуць: "Ажыві мяне, Божа!"?

16/10/2013

Пацеркі кастрычніка

Вось і сярэдзіна прыгожай сёлетняй восені. Падобныя на пацеркі, ягады рабіны, шыпшыны і горкай каліны прыцягваюць вока. Шапаціць каляровае  лісце – пад нагамі мацней, а падаючы з дрэў – вельмі ціха, але назіраць за ім можна бясконца, асабліва, стоячы пад высачэзнымі таполямі...

10/10/2013

Пошукі дзеля Бога: малітоўны прагляд свайго дня

Dennis Hamm, SJ
Dennis Hamm, SJ
Dennis Hamm, SJ
Dennis Hamm, SJ
Ігнацыянская малітва мае ў сабе шмат інструментаў і складнікаў. Лягчэй пра яе чуць, чым чытаць; пераймаць у айцоў-езуітаў, чым вучыцца па кніжках. Але друкаванае слова таксама бывае карысным. Першыя паслядоўнікі святога Ігнацыя Лаёлы, як і мы, мелі няшмат магчымасцяў і часу, каб маліцца з раніцы да вечара, таму ён прапанаваў ім інтраспектыўную малітву на заканчэнне дня. Можна назваць яе праглядам, экзаменам, даследваннем – не толькі сумлення, але ўсёй свядомасці. Але гэта не проста саманазіранне, што па сутнасці азначае інтраспекцыя, гэта малітва, якая можа прынесці вельмі шмат радасці, свабоды і зразумення ў нашае жыццё, малітва, якая дапамагае пачуць Бога і сваё сэрца. 

Аўтар: Dennis Hamm, SJ 
Крыніца: http://www.ignatianspirituality.com

Аднойчы, прыкладна 20 гадоў таму, падчас снядання і пазнейшых разважанняў, мне адкрылася адна важная рэч. Можна назваць яе невялікім аб'яўленнем. У той час я жыў у малой супольнасці, якая складалася з 5 езуітаў. Усе яны былі аспірантамі (graduate students) з Нью-Хейвена, штат Канэктыкут. Я сядзеў на кухні сам-насам са сваёй кашай, калі зайшоў адзін езуіт і сказаў: "Якраз перад тым, як прачнуцца, я бачыў вельмі дзіўны сон. Літургічны сон. Лектар толькі што прачытаў першае чытанне і пачаў абвяшчаць рэфрэн рэспансарыйнага псальма: "Калі з першага разу табе не ўдаецца, спрабуй, спрабуй яшчэ раз". І ўсе прысутныя сур'ёзна паўтарылі: "Калі з першага разу табе не ўдаецца, спрабуй, спрабуй яшчэ раз"

Нам абодвум гэта здалося вельмі пацешным. Але спачатку я не меў пэўнасці, чаму гэтая фраза нас так насмяшыла. Сапраўды, ці ж не кожны пагодзіцца з тым, што гэтая максіма мае ў сабе праўду, якая падбадзёрвае і натхняе: "Калі з першага разу не...", а таксама з'яўляецца міжкультурнай збітай ісцінай: "Keep on truckin'!" – "Добрая работа! Працягвай!" Тады чаму гэтыя словы так абсурдна гучаць у літургіі?

26/09/2013

Запамінаючы адчуванні

Мне падабаецца прысутнічаць на занятках па спецыяльнасці ў Янкі. Музычная школа, фартэп'яна, невялічкі кабінет з высокім акном на паўсцяны, старыя дрэвы вакол будынку.

Першыя ўрокі – як трымаць руку, як апускаць і адрываць моцныя пальцы ад клавішаў, напаміны пра простую спіну і свабодныя мяккія запясці. Дзе ноты на клавіятуры, дзе на нотным стане. Рытм, ключы і шцілі... Шмат чаго трэба змясціць у галаве ў першыя месяцы навучання...

Заўважыла, як адрозніваюцца заняткі музыкай ад камерцыйнай дзейнасці. Нават вочы настаўнікаў зусім іншыя. Канешне, я зазірнула ў вочы далёка не ўсім эканамістам, але ўсё ж...

Учора прымерыла на сябе адну заўвагу, якая мне вельмі спадабалася. Педагог разбірала з дачкой новую песеньку.
"Вочы – у ноты, а рукі запамінаюць адчуванні", – і настаўніца падтрымлівала і выпраўляла паставу пальцаў і рук.
"Цяпер сама. Толькі вочы глядзяць на рукі, мелодыю ты помніш. Вочы зараз дамагаюць рукам трымацца правільна і прыгожа".

Што б такога рабіць у жыцці, каб хацелася запамінаць адчуванні? Каб хацелася іх пражываць, вучыцца ад іх? Можа, кожны з нас нешта робіць, толькі не заўважае, як пальцы дакранаюцца клавіш штодзённасці, даўно не трымае спіну простай, не спалучае ў руках моц і свабоду...

Імклівая восень

в.Лукашэвічы ў верасні
Бывае, восень доўга збіраецца ў поўную сілу і пачынае валадарыць ледзь не зімой. А сёлета яна пастаралася ўсю цяплынь і красу змясціць у адзін месяц. Верасень пачынаўся з летніх кашулькаў і чыстага неба, а канчаецца ўцепленымі курткамі і халоднымі дажджамі. Чаму так спешна восень распранае дрэвы? Жоўта-рудое лісце дзіўна глядзіцца на – пакуль што – ярка-зялёнай траве. Сёння бачыла адзін упарты клён, які не дазволіў змяніць колер ніводнаму лісціку.
– Дзе яшчэ той лістапад?! – усклікаў ён. – Дайце пажыць спакойна.

Верасень не звяртае ўвагі, не тлумачыцца, падганяе, адмаўляючыся нават пасядзець са мной за кавай. Як быццам мне лёгка было знайсці на яе час!

– Лета не вернецца, няхай усе рыхтуюцца да зімы, – паўтарае ён адныя і тыя ж адказы на ўсе пытанні і скаргі. – Паслухайце, вы губляеце лісце, але не марнуйце час, шкадуючы мінулага... Так, нічога не змянілася – пасля сну і снегу прыйдзе вясна... Што ж, гэта праўда – не ўсе перажывуць холад... Не, ну адкуль у мяне ўплыў на людзей? Яны зграбаюць ці пакідаюць пад дрэвамі  лісце там, дзе хочуць...

Час распранае і людзей. Адзін дзесятак гадоў па другім – і ўсё больш і больш прасвечваецца душа скрозь рэдкую лістоту знешняй абалонкі. Сонца не грэе так, як даўней,  дождж набягае ўсё часцей і зусім не дзеля прыязнай вясёлкі... "Ці стары з'еў, ці малы знасіў", – кажа прымаўка. Губляецца смак, цікаўнасць, заўзятасць – што ж тады: шкадаваць мінулага ці рыхтавацца "да зімы" з тым, што ёсць зараз? Так, побач у кагосьці буяе лета, а ў іншага май смяецца з вачэй...
Шчыры верасень не пакіне ілюзій: да вясны – праз зіму. А да той самай Вясны – праз той самы апошні Парог.

25/09/2013

Лідэры. Першыя і апошнія


Сярод разважанняў пра развіццё кампаніі, дзе я працую, на ўчарашнім сходзе прагучала тэма месцазнаходжання лідэра: у галаве ці ў хвасце калектыва? Плюсы і мінусы ёсць у абодвух мадэлях. Напрыклад, ідучы наперадзе лідэр вызначае накірунак, але замаруджвае развіццё тых, хто мог бы рухацца хутчэй. Ідучы ззаду, ён дае магчымасць праявіць ініцыятыву, але яму цяжка не ператварыцца ў "чароўны штурхель", які не дае адступаць і ўцячы.

Гледзячы на схемы, якія маляваў кансультант, я думала аб сваім – бацькі і дзеці. Якраз бацькі і павінны з першых станавіцца апошнімі. Паступова і свядома, каб зразумець і адчуць той момант, калі дзеці могуць ісці наперадзе самі. Яны ўжо нешта ўмеюць, маюць свае мэты, могуць рухацца хутчэй, чым бацькі. "Ляці, плыві, ідзі сам! Але ведай, што я з табой. Што прыму ўдар на сябе, калі ты ўпадзеш."
Рызыкоўна, праўда? :) Ды і ўвогуле з верхавіны дрэва адчуць сябе каранямі новых людзей, час якіх надыходзіць, – гэта зусім няпроста...