Гэтая казка ўзнікла за паўтары гадзіны адным жнівеньскім днём, пакуль спаў у вазочку малодшы сын, якому тады было два месяцы. Памятаю лаўку пад высокім дрэвам, цёплы ветрык і дзіўны жартаўлівы настрой, з якім лёгка, весела (і крышачку сумна) "убачыла" гэту гісторыю, прыдумаўшы толькі першы сказ. А астатняе напісалася само. Так і не змяніла ні слова, хоць і вялікай каштоўнасці ў ёй не бачу. Чаму публікую? Менавіта дзеля ўсмешкі, з якой перачытала гісторыю я сама, і якая, спадзяюся, перадасца і чытачу.
![]() |
Здымак зроблены ў жніўні таго ж 2009 году. Так выглядаў захад сонца амаль кожны вечар з нашага акна. Толькі зараз пабудовы нагадалі мне зубчастыя сцены вялікага палаца на фоне барвовага неба... |
Жыў калісьці князь, які не ведаў, што ён князь. Як і чаму, дакладна ніхто сказаць не можа. Адны кажуць, што нехта на балі пажартаваў над княжычам-падлеткам. Маўляў, які ж ты князь? Паглядзі, вунь або той – сапраўдны, а ты… Бо гадавалі княжыча нібыта вельмі проста, і выглядаў ён, як хлапчына з якога-небудзь фальварку. Вядома ж, бацькі так разумелі добрае выхаванне і хацелі, як лепш. Але ад занадта разумнага гадавання дзецям бывае ўсё жыццё перакруціцца. Дык вось той княжыч нібы так узяў у галаву, што ніякі ён не князь, што й паверыў.
Другія мяркуюць, што ён прыкідваўся, быццам бы забыўся. Ён толькі чакае адпаведнага часу, нешта задумаў. Трэція… Нарэшце, як там тое ні сталася і ці быў хто вінаваты, але сышоў княжыч з палаца і пасяліўся з простым людам. Бацькі загадалі нікому не чапляцца да яго, не распытваць, не настойваць.