20/11/2022

Скарга ў цемрадзі

Пс 88 (87), 2-14

Пане, Божа збаўлення майго, удзень і ўначы клікаў я перад Табою.
Няхай мая малітва дойдзе да Твайго аблічча, схілі вуха  сваё да крыку майго.

Бо душа мая насыцілася няшчасцямі, і жыццё маё наблізілася да адхлані.
Мяне залічваюць да тых, хто сыходзіць у магілу, я стаў быццам чалавек, пазбаўлены сілы.

Паміж мёртвымі я пакінуты, як забітыя, што спяць у магіле,
пра якіх Ты больш не ўспамінаеш, яны адкінутыя ад Тваёй рукі.

Ты паклаў мяне ў глыбокім доле, у змроку і ў бездані.
Спачыла на мне Твая лютасць, і ўсе хвалі Твае Ты спаслаў на мяне...

Штодня я клічу Цябе, Пане, да Цябе працягваю рукі мае.

Ці ж памерлым Ты учыніш цуды? Ці ж мёртвыя ўстануць і будуць славіць Цябе?

Ці ў магіле абвяшчаецца Твая міласэрнасць, і праўда Твая ў месцы згубы?
Хіба ў цемры пазнаюць Твае цуды, і ў краіне забыцця Тваю справядлівасць?

Але я клічу Цябе, Пане, і раніцай мая малітва Цябе сустракае.
Чаму адкідаеш, Пане, душу маю, хаваеш аблічча сваё ад мяне?..

Гэта ўрывак псальма, апошнім словам якога на розных мовах гучыць слова "цемра". А першым словам – "песня". Спяваная скарга, бярэма змрочных вобразаў, цэлы спіс абвінавачванняў у адрас Бога. Крычу днём і ноччу – а Ты ці чуеш? Жыццё ледзь тлее, туляюся на мяжы паміж гэтым і тым светам, Ты выпусціў мяне з рук, і я качуся глыбока-глыбока, у самы дол, які не мае дна, у бездань... Хіба адгэтуль Ты спадзяешся пачуць хаця б слова праслаўлення? Хіба здані побач са мной чакаюць Тваіх цудаў, міласэрнасці, праўды? Пакінуў, схаваўся, расцярушыў сяброў і знаёмых, каб нікога не было са мной побач. Клічу Цябе... А навокал цемра...

Хтосьці ў старадаўнія біблійныя часы мог спяваць аб гэтым. Цяпер часцей скрып, стогн, немы крык. Няма ні голасу, ні слоў, каб выказаць Богу хаця б штосьці з той цемры, аб якой спявае псальміст і якая так знаёмая ўсім пакаленням. 

Аднак, спакваля, стоячы ў гэтай немай разгубленасці, адчуваю нечыю прысутнасць... А потым чую словы гэтага псальма – шэптам, уздыхам, маўчаннем, крыкам. Хто ж гэта моліцца за мяне, замест мяне, поруч са мной?.. Той, Хто сышоў з неба ў свет і нават глыбей, у адхлань, Той, Хто стаў побач з асуджанымі, адкінутымі, забытымі, мёртвымі, Той, Хто адзіны ўзяў на сябе наканаваны мне прысуд... І толькі Яму па праву належаць гэтыя словы і Ён вымаўляе іх: "Мяне залічваюць да тых, хто сыходзіць у магілу, я стаў быццам чалавек, пазбаўлены сілы..." Кажа Ён гэта, знаходзячыся на крыжы, і не скардзячыся, а падзяляючы мой боль, які я не ведала, куды падзець.

Езусе, Сыне Божы, Ты на крыжы молішся і крычыш тое, што я не магу вымавіць. Ты шэпчаш побач са мной маю горыч, маё расчараванне, мой жах. На крыжы – Ты, а не я. Ты ўзяў гэта на сябе... Каб вывесці з адхлані зданяў, каб мёртвыя ўбачылі цуды, каб свет быў збаўлены і жыў, каб заіснавала прастора бясконцага жыцця і святла. Ніякія мае скаргі не спыняць Тваёй любові, не зменяць Твайго прагнення, не зменшаць Тваёй пяшчоты, не прымусяць выпусціць мяне з Тваіх рук. Навучы мяне гаварыць, клікаць, плакаць, крычаць і прасіць, прымаць Тваю ахвяру і дыхаць Тваёй любоўю...

No comments:

Post a Comment