21/06/2022

"У мілосці – святое маўчанне..."

...радок з верша Дануты Бычэль, напісанага ў ліпені мінулага году. Я вяртаюся ў думках час ад часу да яго духоўнай глыбіні, да сугучнасці ягонага зместу з тым, што адбываецца на ігнацыянскіх рэкалекцыях, з тым, што дасведчыла сама. У самым пачатку хацелася б адзначыць, што мае разважанні не носяць "рэкламнага характару", бо практыкавацца восем дзён у маўчанні і цішы не ўсім адпавядае і падыходзіць, кожнага чалавека Святы Дух вядзе па-свойму.

Чытаючы верш спадарыні Дануты, я з удзячнасцю кранаюся слоў і вобразаў, дзівячыся, што напісаны ён быў у той час, калі праходзілі рэкалекцыі ў Навагрудку летась, а сёлета чарговыя распачнуцца якраз пасля ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны.  


На воблачку Ўнебаўзятай

Толькі на воблачку Ўнебаўзятай
Маці Божай Прачыстай – добра.
Ціша, самота, маўчанне, свята...
Цярпець – беларуская доля.

Толькі ў малітве знаходзім сябе,
наталенне на дне вадапою.
Малітва маўчання – найцудоўнейшы лек
ад беспрасвету, болю...

Аднойчы сустрэліся дзве душы,
адна другую пачулі,
лётаюць дзве душы-спарышы
ў адной палатнянай кашулі...

Маўчанне цішы – шчасце вялікае.
У мілосці – святое маўчанне...
Дрэвы ў балоце сохнуць ад крыку.
Змаўляйцеся, дзеці, вачамі.

І д'ябал крычаў, пакуль не аглох,
ствараючы зло чалавеку.
Дзікага крыку не слухае Бог.
Крык – папярэднік здзеку.

Вітай, Марыя, поўная ласкі!
Ратуй родны кут сялянскі!
Каралева Божага Валадарства!
Прымі пад сваё падданства!

17 ліпеня 2021 г.

Данута Бічэль

Верш вельмі арганічна гучыць у ігнацыянскай духоўнасці і перадае тую асаблівую рэкалекцыйную атмасферу, калі ўдзельнікі прыязджаюць у адасобленае месца, выключаюць тэлефоны з паведамленнямі і навінамі – нібы сапраўды пасяляюцца на "воблачку"... Карысна парупіцца аб такой магчымасці "ўзняцца" над сваім жыццём, паглядзець зверху на свае справы, адносіны, накірунак руху ўвогуле. 

"На воблачку – добра". Хіба гэта звычайнае воблачка? Радок паўтарае Пятровае "Раббі, добра нам тут быць" (Мк 9, 5) на гары Табор. Збіраючыся на рэкалекцыі, мы апынаемся ў Прысутнасці у воблаку славы Божай, дзе нам добра. Мы чакаем Сустрэчы з Богам, а Ён жадае толькі дабра. Знешнія ўмовы, шатры для сустрэчы: умовы для сну, смачная ежа, магчымасці для шпацыру і сузірання прыроды, месцы для малітвы... 

"Ціша, самота маўчанне, свята". Цягам рэкалекцый захоўваецца вербальнае маўчанне і нават невербальнае (па магчымасці) за выключэннем штодзённай размовы з духоўным кіраўніком (суправаджаючым) і надзвычайных сітуацый. У выніку кожны рэкалектант апынаецца на шляху ў самоце і ў супольнасці адначасова. Калі не трэба клапаціцца пра побытавыя рэчы, міжволі ўзнікае адчуванне нядзелі, свята, гэты час і прызначаны для таго, каб зрабіць яго святым.

Аднак, не толькі духоўным адпачынкам пазначаныя рэкалекцыі. Цярпенне ў розных праявах становіцца "доляй" рэкалектанта. Знешнія ўмовы пражывання могуць не апраўдаць чаканняў, надвор'е бывае неспрыяльным, уласны фізічны стан не найлепшым, і ўнутраныя прычыны ў кожнага свае: няўпэўненасць, цяжкасці з маўчаннем, балючая рэакцыя на адлучанасць ад сям'і, нават ад Сеціва і іншых рэчаў, якія адцягваюць увагу, пачуццё неразумення, сум, ажыванне "забытых" крыўдаў, сны, сухасць у малітве замест чаканых інсайтаў, спакусы... Нават духоўная размова не кожнаму і не ва ўсялякі дзень прыносіць радасць. У радку "Цярпець – беларуская доля" гучыць якраз тая пакора, якая дазваляе прыняць цярпенне і ахвяраваць яго Богу, не бараніцца, а прывітаць яго, ведаючы, што і ў цемры чалавек крочыць не адзін, але з Хрыстом.

"Толькі ў малітве..." Менавіта малітва і займае цэнтральнае месца, становіцца рытмам дня, зместам духоўных размоў, прасторай асабістай сустрэчы з Богам, адшуканнем сябе, наталеннем душы, лекам "ад бесправету, болю". Разам з тым, хоць усё гэта прыгожа гучыць і абуджае шчырае жаданне маліцца, на рэкалекцыях не спыняюцца на закліках, а настойліва заахвочваюць кожны дзень запланаваць 4-5 перыядаў малітвы. Прыкладна 60 хвілін, з перапынкам не менш за гадзіну паміж імі. Рытм дня, рытм верша, рытм дыхання, біцця сэрца – у гармоніі з уласным біярытмам.

"Наталенне на дне вадапою". Св. Ігнацый раіць "паўтараць" малітву, а менавіта вяртацца зноў, напрыклад, да фрагмента ці выраза Святога Пісання, дзе яшчэ ёсць што чэрпаць да дна: суцяшэнне, радасць, прысутнасць, сэнс. Вычарпаўшы, рухацца далей. Няма спешкі, бо няма патрэбы паспець больш, каб здаць залік ці выканаць нарматыў і мець пачуццё спаўнення. Бо ў малітве трэба згадзіцца, што не я раблю і дасягаю, але ствараю ўмовы, каб было як мага менш перашкодаў для дзеяння Духа. І аддаю ўсё Яму, бо Ён кіруе ўсім тым, што адбываецца. Таму чалавек не толькі гаворыць, але і слухае, замаўкае, каб Сябра мог выказацца, даць Сябе. 

"Аднойчы сустрэліся дзве душы" – на ігнацыянскіх рэкалекцыях адбываецца не толькі Сустрэча чалавека з Панам, але і чалавека з чалавекам: удзельніка з кіраўніком, які суправаджае рэкалектанта. Надзвычай праніклівы радок "Адна другую пачулі" – каб сустрэча была рэальнай, неабходна даць месца адно аднаму, мець адвагу адкрыцца, слухаць і быць гатовымі да таго, што Дух падхопіць і пакіруе па-свойму. 

Пасля духоўнай размовы чалавека зноў ахінае цішыня. "Маўчанне цішы – шчасце вялікае // У мілосці – святое маўчанне..." Ціша ахоўвае шлях кожнага ўдзельніка, шлях непаўторны і асаблівы, як і адносіны з Богам. Праз ледзь заўважныя натхненні і знакі Ён звяртаецца да бясконца любімага Свайго дзіцяці. Калі сціхаюць словы, застаецца трыванне ў прысутнасці і святым маўчанні. 

Аднак спакусы ходзяць побач, і нельга забывацца аб небяспецы. Злы дух часта імкнецца перашкодзіць, занепакоіць, падпарадкаваць сабе. Ад яго крыку сохнуць зялёныя дрэвы, у якіх яшчэ нядаўна гняздзіліся птушкі – думкі і добрыя памкненні. "Змаўляйцеся, дзеці, вачамі". Позіркі, о, так, бываюць вельмі вымоўныя. У цяжкі час могуць выцягнуць з багны, уратаваць. Сказаць самае важнае: я бачу цябе, спачуваю, перажываю, люблю, жадаю дабра. 

"І д'ябал крычаў..." Спакушальнік не спыніцца ставіць пасткі чалавеку, цягнуць у свой бок, падказваць памылковы накірунак, напускаць туману... "Трэба крычаць са мной, – пераконвае, – перажываць, зрывацца, званіць камусьці на ўсялякі выпадак (ці дома ўсё добра?), прадчуваць бяду, абясцэньваць плады малітвы, закрывацца ад Бога." Гэты крык выглядае бясконцым.

Але заўсёды з адчувальнай сваёй дапамогай схіляецца над чалавекам Унебаўзятая – у гэтым цудоўным вершы, на рэкалекцыйным шляху і ў нашым штодзённым жыцці. "Вітай, Марыя, поўная ласкі!" На ўдых і выдых – кожнае слова вядомай малітвы (як раіць св. Ігнацый Лаёла: дыхай і вымаўляй слова па слове, глядзі на Асобу, да якой звяртаешся).

Канчаецца верш, развітваюцца ўдзельнікі рэкалекцый, знітаваныя паміж сабой маўчаннем мацней, чым размовамі. Але не спыняюцца рэкалекцыі, калі ж увесь свет – гэта той створаны Айцом рэкалекцыйны дом, дзе ў любы момант праз самыя розныя рэчы Ён прамаўляе, клапоціцца, прыцягвае да Сябе "повязямі любові", чакае ўзаемнасці.

No comments:

Post a Comment