13/02/2022

Імёны Бога ў Старым Запавеце

Sieger Köder "Майсей"
          У біблійным свеце любое імя сутнасна спалучаецца з ідэнтычнасцю людзей і багоў. У тагачасным асяроддзі імя сведчыць аб існаванні, уладзе і моцы боства, таму вымаўленне імя з’яўляецца крыніцай благаслаўлення або няшчасця. Той, хто ведае імя чалавека ці боства, мае магчымасць уступіць у адносіны, можа звяртацца з просьбай і спадзявацца на яе спаўненне, а гэта, у сваю чаргу, дае пэўную ўладу над чалавекам ці богам. Спроба скарыстацца гэтай уладай праз магію зводзіць адносіны да маніпулятыўных спроб панаваць над іншым. Такія меркаванні непарыўна звязаныя з запаведдзю Дэкалога “Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна, бо Пан не пакіне без пакарання таго, хто ўжывае імя Ягонае дарэмна” (Зых 20,7). Такім чынам, увесь біблійны дыскурс адносна імёнаў Бога трэба ўспрымаць у кантэксце, па-першае, павагі да імя, увогуле ўласцівай народам Блізкага Усходу, і, па-другое, надзвычайнага значэння, якое мела для людзей веданне асабістага імя Бога.

Найбольш старажытнай з’яўляецца традыцыя называць Бога словам “El”, якое абазначае боскасць.  Паводле Быц 33, 20, Якуб узнёс у Сіхеме ахвярнік і назваў яго “Бог ёсць Богам Ізраэля” – “El-Elohe-Israel”. El  з’яўляецца не іменем Бога, але агульна прынятым сярод семіцкіх народаў вызначэннем для “боскасці”[i]. У якасці зварота да Бога слова El уваходзіла ў склад больш разгорнутых выразаў (напрыклад, месца – Эль Бэтэль (Быц 35, 7) або боскіх эпітэтаў – “Бог, які бачыш мяне” (Быц 16,13)).

El Elyon (Бог Найвышэйшы) у біблійнай традыцыі атаясамліваецца з Ягвэ (у Быц 14, 22 Абрам называе El Elyon Стварыцелем неба і зямлі). Праз далучэнне гэтага эпітэта культ Ягвэ набыў каралеўскае і стваральнае вымярэнне[ii]. З песні караля Давіда: “Загрымеў на нябёсах Пан, і Найвышэшы даў пачуць голас cвой” (2 Сам 22, 14).

El Olam (Бог вечны). Быц 21, 33 адносіць гэты боскі эпітэт да культу ў Бээр-Шэбе. Як і папярэдні, ён часта з’яўляецца ў кантэксце валадарання Бога. Olam абазначае “поўню” (сукупнасць) часу і прасторы[iii].

El Shaddai (Бог Усемагутны) – Бог сказаў Абрагаму: “Я – Бог Усемагутны” (Быц 17, 1). Акрамя таго, гэтае імя з’яўляецца, кнізе прарока Эзэхіэля (Эзх 10, 5) і ў прароцтве Балаама (Ліч 24, 16). Верш з кнігі Зыходу: “Я аб’явіўся Абрагаму, Ісааку і Якубу як Бог Усемагутны (El Shaddai), але імя сваё не адкрыў ім” (Зых 6, 3), паказвае сувязь паміж рэлігіяй патрыярхаў і рэлігіяй Ягвэ такім чынам, што перыяд патрыярхаў не губляецца ў гісторыі веры Ізраэля. Вера патрыярхаў адлюстроўвае сапраўдны досвед Бога[iv].

Імя Elohim (Бог) мае корань El, таму гэтыя два імёны Бога можна разглядаць як паралельныя і ўзаемазамяняльныя. Форма El больш старажытная. З пункту гледжання граматыкі, Elohim мае канчатак множнага ліку  im. Elohim у некаторых месцах Старога Запавету і абазначае менавіта багоў (Зых 12, 12; 18, 11; Пс 97, 7). Гэты множны лік трэба разумець у значэнні інтэнсіфікацыі і абсалютызацыі: “Бог багоў”, “найвышэйшы з багоў”, “квінтэсэнцыя боскай моцы”, “адзіны Бог, які прадстаўляе боскасць усеабдымна і поўна”. Гэтую функцыю выконвае выкарыстанне імя Elohim у Быц 1, 1 (“На пачатку стварыў Бог (Elohim) неба і зямлю”), а таксама ў псальмах 42-83. Калі ў Старым Запавеце натхнёны аўтар замест Ягвэ ўжывае Elohim, то гэта сведчыць аб тэалагічнай рэфлексіі і спробах сумясціць розныя традыцыі веры[v].

Пытанне паходжання імя Ягвэ (Yahweh), якое ў біблійнай традыцыі Ізраэля адзінае стала прадметам культу, застаецца дыскусійным сярод даследчыкаў Святога Пісання. У той час асабістыя імёны людзей, як і тапонімы, нярэдка ў сваім складзе мелі імёны бостваў, г.зв. тэафарычны элемент. Адсочваючы такія элементы Божага імя ў імёнах і геаграфічных назвах габрэйскай Бібліі і пазабіблійных крыніцах, заўважаюць, што элементы культа Ягвэ ўжо былі ў Ізраэлі перад панаваннем Давіда. Даследчыкі нават разглядаюць імя Майсеевай маці – Ёхабэд – як тэафарычнае асабістае імя са скарочанай формай Ягвэ (пар. Зых. 6, 20), што робіць яе, верагодна, першым чалавекам у Бібліі з такімі іменем[vi].

 Імя, якое Бог адкрыў Майсею, вядомае як тэтраграматон, таму што запісана чатырма габрэйскімі літарамі. У транслітэрацыі імя выступае як YHWH і з’яўляецца каля 6823 разоў у габрэйскай Бібліі і некалькі разоў у пазабіблійных надпісах[vii]. Старажытныя біблійныя манускрыпты былі ў асноўным кансанантнымі, г.зн. запісанымі без галосных. Калі масарэты, юдэйскія кніжнікі, што імкнуліся захаваць традыцыйны тэкст габрэйскай Бібліі, рабілі агаласоўку тэксту ў раннім сярэднявеччы (ад сёмага да дзявятага стагоддзя пасля нар. Хр.), то чатыры зычныя Божага імя пакінулі без агаласоўкі. Масарэты ўстрымаліся ад дадавання галосных, таму што да моманту агаласоўкі габрэі лічылі імя Бога ўжо настолькі святым, што яго ўвогуле не вымаўлялі, каб сваім агучваннем ненаўмысна не зняважыць Бога і не парушыць запаведзь Дэкалогу не ўжываць дарэмна імя Пана. Такім чынам, калі яны чыталі ўголас Біблію, то замянялі тэтраграматон словам Аданай (Adônây), поўным павагі зваротам, які азначае “мой Пан”. Гэтая практыка захоўваецца сярод габрэяў да сённяшняга дня. Каб пазначыць замену без выдалення літар YHWH, масарэты дадалі галосныя слова Аданай да зычных тэтраграматона. У выніку ўзнікла гібрыдная форма, транслітэрацыя якой выглядае наступным чынам: Yehovah. Сапраўднае вымаўленне імя Бога з чатырох зычных, па сутнасці, было страчана. Аднак, сучасная біблістыка настойліва даводзіць, што арыгінальнае вымаўленне гучала як “Ягвэ” (Yahweh)[viii].

Старажытныя перакладчыкі Бібліі захоўвалі павагу габрэяў да Божага імя і запісвалі тэтраграматон як “Пан”: пераклад на грэцкую мову (Сэптуагінта) у асноўным перадае YHWH як Kyrios, а лацінскі пераклад (Вульгата) – Dominus. Такое ж стаўленне перанялі і перакладчыкі Святога Пісання на беларускую мову. Адначасова з павагай, якую дэманструе такая практыка, яна не пазбаўлена і праблемаў. Заменнае слова як эпітэт зацямняе той факт, што Бог мае ўласнае імя і зніжае нашу дасведчанасць аб політэістычным кантэксце старажытнага Ізраэля, дзе імя Бога было істотна неабходным[ix].

У перакладзе на беларускую мову формула самапрэзентацыі Бога, змешчаная ў вершы Зых 3,14, мае свае асаблівасці ў розных выданнях: “Я Ёсць, Які Ёсць”[x], “Я – Той, Хто ёсць”[xi], “Я – Сутны”[xii].

Важна разглядаць аб’яўленне Божага імя (3, 14) у лучнасці з тым кантэкстам, у якім змясціў гэты верш наратар. Фраза самапрэзентацыі “апраўлена”, нібы ў рамку, у гарантыю Божай прысутнасці: “Я пайду з табой” (3, 12) і “гэта імя Маё навекі” (3, 15). Імя такім чынам мае ў сабе канатацыі пастаяннай прысутнасці, але таксама выяўляе расплывістасць, неахопны і няўлоўны характар гэтай прысутнасці. “Бог вядомы як невядомы”[xiii].

Тэрэса Клімовіч. Фрагмент дыпломнай працы.



[i] Пар. The Anchor Bible Dictionary, Vol. 4: K-N. by David Noel Freedman. New York, 1992, с. 1004.

[ii] Там жа.

[iii] Там жа.

[iv] The Anchor Bible Dictionary, Vol. 4…, с. 1005.

[v] Там жа, с. 1006.

[vi] Пар. Carol Meyers, Exodusю New Cambridge Bible Commentary. – Cambridge 2005, с. 59.

[vii] Там жа, с. 58.

[viii] Там жа.

[ix] Там жа.

[x] Секцыя па перакладзе літургічных тэкстуў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

[xi] Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь. Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў на падставе рукапісаў Уладзіслава Чарняўскага, Мінск 2012

[xii] Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запавету кананічныя ў беларускім перакладзе / Перакладчык В. Сёмуха. Duncanville, USA: World Wide Printing, 2002.

[xiii] Пар. Samuel Terrien, The Elusive Presence. Toward a New Biblical Theology. – Oregon 2000, с. 117

No comments:

Post a Comment