14/11/2021

На прыкладзе галінак

Здзівілася сама, спыніўшыся на гэтым фрагменце Евангелля паводле Марка, бо звычайна ў тэксты, на мой пошляд, складаныя, не вельмі люблю заглыбляцца.

Езус сказаў сваім вучням: 

У тыя дні 

пасля таго ўціску 

зацьміцца сонца, 

і месяц не дасць святла свайго. 

І зоркі будуць падаць з неба, 

і сілы нябесныя пахіснуцца.

Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе. Ён пашле тады Анёлаў сваіх і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.

Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і распускаецца лісце, ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка Ён, пры дзвярах.

Мк 13, 24–29

 

"У тыя дні пасля таго ўціску..." Знарок так было задумана ці не, але гэтыя радкі ўспрымаюцца як паэзія. І паміж іх гучыць штосьці большае, скіраванае кожнаму пакаленню і кожнаму слухачу асабіста. "Пасля ўціску" – не падчас, але як тое, што натуральным чынам наступае па шэрагу іншых падзей. Ператрываўшы ўціск, застаешся ў поўнай разгубленасці. Былыя заняткі не прыносяць "сонца", інтуіцыя змоўкла на пару з розумам, ніякі пробліск не асвятляе шлях, колішнія "зоркі" абрынуліся долу, згубіўшы свой аўтарытэт, і няма сіл рухацца далей. Бо сілы, якія насамрэч і былі "з вышыні", пахіснуліся, нібы нейкі выбух разнёс іх на кавалкі. 

Цяпер такі ўціск індывідуальнага маштабу мы, магчыма, назвалі б траўмай, балючым досведам ці шокам. І што ў ім добрага? Чаму гэта са мной і з іншымі здараецца?

А Езус кажа не аб тым, чаму, а аб тым, што наперадзе: "Тады ўбачыце Сына Чалавечага..." Таго, хто мае моц і сродкі, каб пазбіраць усё растрэсенае "ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба". Калі зноў паглядзець толькі на асабовае вымярэнне, то ва ўнутранай прасторы, выпаленай няшчасцямі і горам, дзе пяскі ўжо паглынулі руіны збудаванняў і саму надзею, "тады" адновіцца жыццё па слове Хрыста. Пасля зімы павее вясной, з'явіцца зеляніна і кветкі.

Аднак жа не такія "вясновыя" асацыяцыі ўзнікаюць ад апісання "які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе". Ці не ўплывае на вобраз Бога неадчэпная звычка звязваць "вялікую сілу" з насіллем?

І Езус апавядае вельмі вымоўную прыпавесць пра смакоўніцу. Калі галінка становіцца мяккай, з'яўляюцца лісточкі – значыць, амаль надыйшло лета, цудоўная прыкмета блізкай радаснай пары. Метафара зялёнага дрэва ўздзейнічае нашмат больш суцяшальна, чым зрушаны касмічны парадак, але Езус менавіта гэтым вобразам прыроды ілюструе паэтычнае прадказанне свайго прыйсця. Каб галінка з сухой і ломкай стала зялёнай і гнуткай, трэба, каб у дрэве абудзіўся рух сокаў, прыпынены зімовым холадам (уціскам). Сапраўды, ніхто не ведае, як галіны дрэва адчуваюць і перажываюць гэты рух, які пачынае працэс новага жыцця і росту. Магчыма, разгубленасць, аб якой я пісала ў пачатку, – гэта вельмі слабое слова.

А тымчасам пераўтварэнне сухога ў зялёнае так цешыць нас, людзей, увесну, бо запявядае набліжэнне цяпла і лета... Гэтаксама і тыя ўзварушэнні, якія адбываюцца ўнутры нас і выбіваюць, здаецца, з "нармальнага жыцця", запавядаюць хуткае прыйсце Хрыста – у сіле і славе і з добрымі памочнікамі. 

Падобным чынам, здаецца, і ў адносінах паміж людзьмі тое, што жывое і "зялёнае", патрабуе высілку, імкнення зразумець іншага і патлумачыць сваё, задаволіць нечую патрэбу і прыняць тое, што дае іншы, а гэта часам балюча, нязручна і цяжка. Але адносіны без такіх турботаў высыхаюць, робяцца вельмі крохкімі – не дакрануцца. А потым нейкім таямнічым чынам хваля выпрабаванняў, якая павінна была б зруйнаваць адносіны дашчэнту, робіць іх "мяккімі", як галінку смакоўніцы напрадвесні. З'яўляецца лагоднасць, спачуванне адно аднаму – і тая самая "вялікая сіла" праводзіць праз боль, цемру. Як сказана ў прыпавесці, гэта сведчыць аб тым, што блізка доўгачаканае лета, і можна спадзявацца на багаты ўраджай. 

Якія ж зараз дні – у свеце, у адносінах, ва ўласным жыцці? Відавочна, якраз тыя "ўсе", у якія Пан абяцаў з намі быць да сканчэння веку, сярод любога ўціску і холаду.

No comments:

Post a Comment