20/09/2021

Узрастаючая няспыннасць

Валадарства Нябеснае падобнае на тое і на гэта, як у прыпавесцях тлумачыць Езус: вось, напрыклад, і як дрэва расце, і як хлеб заквашваецца. Прыгожыя вобразы, штосьці ў іх паэтычнае, жывое. Дрэва, якое ўвайшло ў сілу і прытуліла на галінах птушыныя гнёзды, цеста, гатовае да выпякання, абуджаюць нейкую радасць: адбылося штосьці добрае і слушнае.

Потым Езус параўноўвае Валадарства з людзьмі, што мяне здзіўляе па праўдзе. Нават  падзагаловак гэтым прыпавесцям дадзены з іншым акцэнтам: "Прыпавесць пра скарб і пярліну"
Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле.
Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе. (Мц 13, 44-46).

Я і разважала звычайна пра каштоўнасць знаходак і захапленне шукальнікаў ды пра тое, дзеля чаго яны ўсё прадаюць, што маюць... Пакуль не затрымалася над пытаннем: а навошта ўсё ж было купляць цэлае поле? Скарб жа, лічы, у руках. І паглядзеўшы на купца, у якога сапраўды ў руках спачывае тая самая пярліна, адчула, як ён з усмешкай адмоўна пахітаў галавой: не, ён не перастане шукаць, знайшоўшы адну незвычайную. Ён, які толькі што прадаў усё, што меў, які пачне цяпер усе свае гандлёвыя справы з нуля, адначасова не думае спыняцца ў дбайных пошуках новых пярлінаў. Езус не кажа, што няма яшчэ прыгажэйшых, яшчэ каштоўнейшых.


Але і той, хто знайшоў адзін скарб, купляе поле не дзеля гэтай адной знаходкі – ён купляе сабе "поле дзейнасці". Ён жа перакапае там усё і цішком набудзе суседнія надзелы, бо таксама будзе працягваць шукаць. Хіба сказана, што няма іншых патаемных сховаў?

Дарэчы, прыпавесць прапануе паглядзець на двух людзей у надзвычайны момант спаўнення мары, адшукання вельмі каштоўнай рэчы, аднак застаюцца "за кадрам" іх мазольныя, будзённыя пошукі, калі спадарожнікамі былі толькі пустка, стома, туман замест яснага гарызонту. Калі б яны апусцілі рукі, не было б аб чым гаварыць... Аднак, відаць, гэта былі цалкам адданыя людзі, якія верылі свайму імкненню.

Ад гэтай іх упэўненай нястомнасці таксама робіцца лёгка і радасна, бо недзе ў сэрцы ўмацоўваецца надзея, што Божае Валадарства ў сваім пашырэнні таксама не спыніцца ў адным месцы, але скарыстаецца кожным шанцам, не прапусціць ніводнай магчымасці, каб стаць большым, каб дасягнуць самых межаў, дзе б яны ні былі.


No comments:

Post a Comment