28/05/2015

Расою Духа Твайго

Desktop Images на сайце http://www.loyolapress.com 
"Таму просім Цябе, асвяці гэтыя дары расою Духа Твайго..." Эўхарыстычная малітва

У Нядзелю Спаслання Духа святога неяк асабліва прагучала для мяне слова "расою". Крыху разгублена я падумала, што жыццё ў горадзе пазбаўляе адчування значэння расы, у першую чаргу як атмасфернай з'явы. Узнікаюць нейкія ўспаміны аб прыгожых кроплях на зялёных лісціках і ў пялестках кветак. Толькі ці дзеля прыгажосці выкарысталі натхнёныя складальнікі малітваў вобраз расы? Яго можна сустрэць ў шматлікіх месцах Старога Запавету як сімвал дзеяння Святога Духа. Для людзей, якія жывуць бліжэй да прыроды, гэты вобраз значыць больш, чым фотаздымак ранішняй расы. 



У пустыні для некаторых жывёл і раслін раса для выжывання мае большае значэнне, чым ападкі. Можна ўявіць сабе сухое насенне, для прарастання якога патрэбна вільгаць. Без яе нічога не будзе, жыццё не абудзіцца, рух не пачнецца.

"Віхуры занясуць Мой Подых стварэнням Маім, каб яны казалі: "Бог не забыўся пра нас, гэта Ягоная Раса, гэта кроплі Яго дажджу". (Vassula Ryden)

"Спашлі Сваю нябесную расу на гэтую няплодную зямлю, каб скончылася яе неўрадлівасць" (З малітвы да Духа Святога)


Калі звярнуцца да паданняў і вераванняў нашых продкаў, то можна здзвіцца, як іх шмат. Цытата: Раса – атмасферная з’ява, сакралізаваная i апаэтызаваная як «раса — божая кра­са», паводле народных уяўленняў, увасабленне зямнога спору (здароўя, урадлівасці, прадуктыўнасці), аб’ект ушанавання i прадмет магічных практык. Яе з’яўленне прыпісвалася дзеянням вышэйшых сіл (параўн. у загад­ках: «ішла панна (зара) ўначы, згубіла ключы» з адгадкай «раса»). У беларускім фальклоры раса можа фігураваць як «слеза зямлі-маткі», каторая плача, просячы Бога багатага ўраджаю, як «сок зямлі, які сілкуе расліны, як «пот» зямлі, што выступае ад яе вялікай працы, цi проста як дар Бога, якім зямля, калі няма дажджоў, наталяе смагу. Беларусы лічылі расу «божай вільгаццю», што абмывае i ачышчае зямлю. Сяляне стараліся ўмывацца расой, праціраць ёю вочы, абмываць хворыя месцы. Найтрывалыя эпітэты расы у фальклоры — «залатая», «срэбная», «юр’ева», «малочная», «зямчужная», «мядзвяная», «божая».
Магла быць не толькі жыццядайнай, але і шкоданоснай, калі яе выкарыстоўвалі ў магіі. Дзіўна, нават расу можна ператварыць у зло, ці прынамсі намагацца, каб іншыя ў гэта паверылі.

Дзесьці я сустракала параўнанне, што Святы Дух пранікае ў сэрца чалавека, як кроплі расы прасочваюцца ў бутон ружы. Вобраз прыгожы і праўдзівы. Калі ўжо вільгаць трапіла ў глыбіню ружы, то нічым яе адтуль не прыбярэш. Навошта? – спытаецеся. Сапраўды, хто можа жадаць вынішчыць жыццядайныя кроплі. Але трэба прыгледзецца да сябе, ці нашае сэрца падобнае на раскрытыя пялёскі, ці можа мы шчыльна закрываем яго, каб ніводная кропля не трапіла ўнутр?

No comments:

Post a Comment