20/05/2015

Выбраныя тлумачэнні і разважанні пра Эўхарыстыю

Нашая актыўнасць – гэта знешняе праяўленне ўнутранага перажывання Ахвяры святой Імшы, таму проста неабходна пазнаванне тэкстаў малітваў, песняў і акламацыяў, якія ўжываюцца падчас Літургіі.

Эўхарыстыя — крыніца міласэрнасці

“Пан Езус у тую ноч, калі быў выдадзены” (1 Кар 11, 23), устанавіў Эўхарыстычную Ахвяру свайго Цела і сваёй Крыві. Словы св. Паўла з’яўляюцца не толькі ўспамінам той падзеі ў Вячэрніку, але ўзнаўляюць сакрамэнтальную прысутнасць Езуса Хрыста і Яго Крыжовую Ахвяру.


Гэтая праўда добра выражаецца ў словах, якія кажа народ Божы ў адказ на словы святара: “Гэта вялікая таямніца веры” — “Абвяшчаем смерць Тваю, Пане Езу”.

Касцёл атрымаў Эўхарыстыю ад Хрыста, свайго Пана, не як адзін са шматлікіх каштоўных дароў, але як самы каштоўны дар, бо гэта — дар самога сябе, Яго ўласнай асобы. Дар Эўхарыстыі — гэта дар Божага збаўлення.

Калі Касцёл здзяйсняе Эўхарыстыю — успамін Смерці і Змёртвыхпаўстання Хрыста, — здзяйсняецца справа нашага збаўлення. Дзякуючы гэтаму кожны вернік можа ў ёй удзельнічаць і карыстацца яе невычэрпнымі пладамі. Гэта вера, якою на працягу вякоў жылі пакаленні, якую нязменна абвяшчаў Касцёл, праз усе вякі заахвочваючы верных да ўдзячнасці (Павел VI, урачыстае вызнанне веры, 30.06.1968 г.).

Эўхарыстыя ў такім разуменні была прадметам асаблівага ўшанавання з самага пачатку яе існавання. Так сцвярджае вялікі настаўнік веры св. Тамаш Аквінскі, які ў сваіх працах напісаў, што здзяйсненне Найсвяцейшай Ахвяры мае такую ж вартасць, як і смерць Пана Езуса на крыжы. Святы Ян Віянэй таксама вучыў, што мучаніцтва чалавека за веру мае меншую вартасць, чым Ахвяра святой Імшы. Мучаніцтва за веру — гэта ахвяра чалавека для Бога, а святая Імша — гэта Ахвяра Бога для чалавека.

У Эўхарыстыі ёсць сіла, якая нас унутрана перамяняе, умацоўвае і сее ў нас зерне надзеі ў нашай зямной вандроўцы. У Эўхарыстыі таксама нараджаецца і ажывае місія кожнага чалавека ў Касцёле. 

Плады святой Камуніі не аднолькавыя ва ўсіх, яны залежаць ад падрыхтоўкі да святой Імшы і падзякі пасля яе. Святы Тамаш Аквінскі нават піша, што ласка святой Камуніі ўзрастае па меры таго, як узрастае падзяка. Маючы на ўвазе ўзрастанне нашых заслуг праз розныя добрыя ўчынкі, мы хацелі б перанесці малітоўную падзяку пасля святой Камуніі на “падзяку ўчынкам”, якая рэалізуецца праз дзейсную дапамогу бедным і патрабуючым. Такая падзяка для таго, хто прымае святую Камунію, стане заслугай, а для бедных — духоўнай радасцю ад атрыманай дапамогі. Няхай з узрастаннем колькасці людзей, якія прымаюць святую Камунію, павялічваецца колькасць учынкаў міласэрнасці і памяншаецца колькасць тых бліжніх, якія жывуць у нястачы.

З гаміліі аб Эўхарыстыі:

Трэба зразумець, што менавіта ў Еўхарыстыі і заключаецца "першаснае багаслоўе," канстанта, якая стварае і падтрымлівае жыццё Царквы. Усё астатняе багаслоўе – “другаснае”, вытворнае з літургіі і камэнтуе літургію, наш наўпросты ўдзел у жыцці Бога.

А.Шмеман нагадвае нам, што Эўхарыстыя ўздымае Царкву ў Царства тут і цяпер. (“За жыццё свету”, St. Vladimir's Seminary Press, 1973) Вернікі становяцца “літургічнымі істотамі”, паводле апісання П.Еўдакімава, не толькі людзьмі, якія гавораць малітвы, але тымі, хто становяцца тым, аб чым моляцца.

У эўхарыстычнай малітве Св.Васіля, якая цяпер таксама выкарыстоўваецца і ў Заходніх літургійных кнігах, Святы Дух прыклікаецца прадстаяцелем і людзьмі не толькі на хлеб і чашу, але на ўсіх, хто ад іх прычашчаецца, на "супольнасць тых, хто падзяляе між сабой святыя Таямніцы," як вызнае веравучэнне. Тыя, хто служыць Эўхарыстыю, ёсць разам з супольнасцю Ангелаў і святых, які акружаюць Прастол. Супольнасць людзей тут на зямлі, не мае значэння, вялікая ці малая, ніколі не застаецца адна, ёсць слушным адказам на пытанне пастыра: "Але хто прыйдзе?" Іх карані ні ў якім разе не этнічныя і не канфесійныя, гэта супольнасць з Ангеламі і святымі Божымі, нашыя браты і сёстры, нашыя прыклады і суседзі ў Царстве, ня толькі будучым, але і сучасным.

У Эўхарыстыі Царква робіцца крыніцай любові Тройцы, у місіі, “за жыццё свету”. Усё царкоўнае жыццё прысутнічае ў Эўхарыстыі: праслаўленне і падзяка, заступніцтва і пакаянне, найбольш кранальная любоў да кожнага у абменьванні мірам і раздзяленнем аднога хлеба і чашы, клопат аб тых, хто церпіць патрэбу, - любоўю, якая корміць, адзявае і дае сховішча.


З катэхезы "Плённы ўдзел ў святой Імшы":

Святы Айцец Бенедыкт XVI зазначае, што “Другі Ватыканскі Сабор справядліва падкрэсліў важнасць актыўнага, поўнага і плённага ўдзелу ўсяго Божага народу ў эўхарыстычнай цэлебрацыі. Зразумела, аднаўленне, здзейсненае ў мінулыя гады, паспрыяла значнаму прагрэсу, якога жадалі Айцы Сабору.
Аднак мы не павінны хавацца ад таго факту, што часамі выяўляецца некаторае неразуменне, менавіта адносна сэнсу гэтага ўдзелу. Таму належыць растлумачыць, што гэтыя словы не адносяцца да простага знешняга дзеяння падчас цэлебрацыі. На самой справе актыўны ўдзел, якога жадаў Сабор, павінен быць зразуметы глыбей, каб дасягнуць большага разумення таямніцы, якая цэлебруецца, і яе сувязі са штодзённым жыццём.
Надалей важнай з’яўляецца рэкамендацыя саборнай канстытуцыі «Sacrosanctum Concilium», якая заклікае вернікаў прысутнічаць на эўхарыстычнай літургіі «не ў якасці чужых ці нямых гледачоў», але ўдзельнічаць «у святым дзеянні свядома, цалкам і актыўна». Працягваючы разважанні, Сабор кажа, што вернікі, «сфармаваныя Божым словам, жывяцца пры стале Целам Пана; складаюць падзяку Богу; прыносяць беззаганную ахвяру не толькі праз рукі святара, але разам з ім, і вучацца ахвяроўваць сябе самых і з дня ў дзень праз заступніцтва Хрыста ўдасканальваюцца ў адзінстве з Богам і паміж сабою»”.

No comments:

Post a Comment