28/05/2015

З увагай да плённага ўдзелу

Калісьці, не так і даўно, каля паўстагоддзя таму, вернікі слухалі святую Імшу, а зараз Касцёл заклікае да ўдзелу ў святой Імшы. Вельмі раю пачытаць, што азначае плённы ўдзел у святой Імшы.
І калі напрыклад, рахунак сумлення ў малітоўніку 1914 года пытаецца " Ці слухала святую Імшу з увагай?", то ў сучасных дапаможніках мы сустрэнемся з пытаннем: "Ці належным чынам удзельнічаў у Святой Імшы, адказваючы, спяваючы, стараючыся лепш зразумець сутнасць і значэнне паасобных частак?" Розніца адчуваецца адразу, але мне здаецца, што пазнаванне сутнасці частак святой Імшы прыводзіць да той увагі, пра якую дбалі ў мінулым і без якой адказы і спеў не маюць значэння.
Са мной пакуль што ёсць так, што чым больш я даведваюся пра Літургію, тым мацней узрастае адчуванне набліжэння да Таямніцы, але не разумення яе. І менавіта гэтыя глыбіня і вышыня прыцягваюць і з'яўляюцца адказам на пошукі.
Толькі падумайць, колькі натхнёных твораў – музычных, мастацкіх, паэтычных, архітэктурных і іншых – стварылі пакаленні славутых і невядомых хрысціянаў... Пэўна не для таго, каб іх патомкі прыходзілі на святую Імшу, каб перабіраць у галаве свае думкі, пакуль "нешта там" каля алтара адбываецца. Таму трэба і варта пазнаваць багацце Літургіі, набліжацца, а таксама – перажываць прачытанае, каб веды не заставаліся словамі на паперы, радуючыся нават дробязям, якія Пан Бог адкрывае чалавеку.

Добра перажыць Эўхарыстыю дапамогуць 5 парадаў з сайта katolik-gomel.by

No comments:

Post a Comment