28/08/2013

Званы і званочкі

У мінулы панядзелак мы з малодшым сынам Віталікам назіралі, як б'юць званы падчас Эўхарыстычнай працэсіі вакол Ашмянскага касцёла. Прайсці за Хрыстом у Найсвяцейшым Сакраманце мы ўжо паспелі і, задраўшы галовы (а Віталік – яшчэ і заткнуўшы вушы), глядзелі на высокія вежы, дзе электрычная сіла прыводзіла ў рух тры цяжкія званы. Можа, не самыя вялікія ў свеце, але вельмі гучныя. Была радасная парафіяльная ўрачыстасць: свята Маці Божай Чэнстахоўскай, абраз якой ужо каля 100 год прысутнічае ў касцеле.

Б'юць званы, калі здарылася, адбываецца ці мае адбыцца нешта важнае. Як заклік, як напамін, як запрашэнне. Нібы голас сэрца, узмоцнены стакротна. Ён выражае не толькі нашу радасць і праслаўленне, ён адчыняе вочы на надзею. Ён павінен не супакойваць, але абуджаць, не дазваляць забыцца пра Бога і Ягоны голас, які кліча чалавека.



Кожны дзень у 20.58 гучыць напамін-званочак у маім мабльным тэлефоне. Аказваецца, можна вымкнуцца з хатніх спраў, нават з канцэрта, нават з размовы – на 10 хвілін дзеля Апэля Марыйнага. Як можна заўважыць, перайшоўшы па спасылцы, няма ўсталяванай зацверджанай формы. Будзем спадзявацца, пакуль што няма. Ініцыятыва, якая ўзнікла он-лайн тыдзень таму, зараз патрабуе оф-лайну: штодзённай трываласці жывых людзей, а не аватарак.

Ці справа гэта Божая, ці выдумка чалавечая? Час абавязкова дасць адказ, як бы не хацелася яго прыспешыць. Важней – што гэтая малітва азначае зараз і ў будучыні. Ці стане яна тым звонам, які абудзіць наш край?

Што яна зараз для мяне? Цяжка нават сцісла акрэсліць. Сёння Апэль гучыць для мяне як апэляцыя, пададзеная Айцу Нябеснаму праз рукі Маці Божай, за нашу краіну, за  Касцёл. З просьбай аб вызваленні кс. Уладзіслава Лазара.

Малітва, якая абдымае ўсіх безабаронных і здраджаных, зняволеных, самотных, няшчасных...
Малітва, якая падтрымлівае ўсіх людзей добрай волі, шчырых, чыстых сэрцам, якія прагнуць праўды і справядлівасці, і Божага Валадарства на зямлі, дзе мы жывём...
Просьба аб навяртанні, аб добрых шляхах для тых, што заблукалі...
Радасць і падзяка за Божыя дабрадзействы, за міласэрнасць і любоў...

No comments:

Post a Comment