11/08/2013

Друкуй альбо сыходзь?

Напэўна, усе ведаюць анекдот пра чалавека, які хваліўся, што падмануў кантралёра.
–  А як ты яго падмануў?
– Купіў квіток і не паехаў.

Так, часам, людзі падманваюць і сацыяльныя сеткі: прыдумаюць допіс і не надрукуюць. На першы погляд, смеху варта – ну, і каго ты падмануў? Каму горш зрабіў, і каго хвалюе твой "падман"? Мяркуючы па тым, як сацсеткі, форумы (і ўвогуле вэб 2.0) удасканальваюць і спрашчаюць публікацыю думак, каментароў і заўваг карыстальнікаў, то менавіта сеціўныя рэсурсы гэта і хвалюе. Раскажы, дзе ты, што маеш на думцы, што адбываецца і як гэта выглядае, што ты робіш і што будзеш рабіць... Прачытай, што  (як, дзе і з кім) іншыя людзі. Напішы каментар і вярніся, каб прачытаць. Даўно заўважылі, што той, хто каментуе, вяртаецца на месца "злачынства" :)

І ўсё ж шмат людзей думаюць і не друкуюць. Я таксама, і сярод тых першых, і сярод гэтых другіх. Ці гэта адназначна добра? Таксама ёсць пытанні... Калі справа вартая таго, каб выказацца на баку дабра, абараніць іншага чалавека, праславіць Бога, карацей кажучы, то маўчанне выглядае маладушнасцю. І зноў жа – што ў сэрцы таго, хто гаворыць ці маўчыць?

Сёння мне сустрэліся 2 цытаты, якія ўносяць больш яснасці ў гэтую справу, хоць напісаны былі зусім пра іншае. Першая – айца Аркадзя Куляхі OCD у адказе на пытанне на catholicnews.by:

"На вартасць чалавечага чыну паказваюць тры элементы: прадмет, мэта і акалічнасці. Ёсць учынкі па прадмеце добрыя, злыя і нейтральныя. Іх маральную вартасць могуць змяніць як мэта, так і акалічнасці. Напрыклад дапамога бліжняму – па прадмеце добры чын, аднак яго вартасць можа зменшыць або знішчыць жаданне паказацца ці спадабацца якойсці асобе, каб пазней яе выкарыстаць. Падобным чынам можна паглядзець на малітву. Сам Езус асудзіў пабожныя чыны крывадушнікаў, якія іх выконвалі, каб паказацца людзям."

Святая Тэрэса ад Дзіцяткі Езус:

"У нашых учынках важнай з'яўляецца не іх аб'ектыўная вартасць, ці яўная святасць, а толькі любоў, якую мы ў іх укладваем.
Самы маленькі ўчынак, найбольш укрыты, але народжаны любоўю, часта атрымлівае большую ўзнагароду, чым вялікія здзяйсненні.
Будзем старацца толькі любіць."

No comments:

Post a Comment