09/07/2013

Ад Марыі – з любоўю. Будслаў у ліпені 2013

– Януся, ты ведаеш, Маці Божая сказала мне, што вельмі цябе любіць. 
– А як ты з Ёй гаварыла?
– Яна гаворыць вельмі ціха, але я пачула.
– А Кольку? А Віталіка?
– І Кольку, і Віталіка. Таксама. Вельмі. Давайце я вам раскажу, дзе я была...

Дзеці ўжо ляжалі ў ложках. Быў позні вечар 6 ліпеня. У цёмным пакоі я пачала расказваць дзецям пра Будслаў, часам запінаючыся, бо так хацелася спаць, што зліпаліся вочы. Цікава, ці запомнілася ім хаця б што-небудзь з маёй справаздачы...

На наступны дзень Янка сказала:
– А пагавары з Марыяй яшчэ раз.

Магчыма, сэнс сведчанняў і аповедаў пра Бога якраз і знаходзіцца ў пераказванні праўды пра Ягоную любоў да чалавека. Я вырашыла запісаць некаторыя свае ўражанні і ўспаміны пра сёлетнюю ўрачыстасць, хоць не магу ўбачыць сваіх чытачоў. Але паверце, што гаворка ідзе пра Божую любоў да кожнага з вас, пра любоў, з якой Марыя спадарожнічае нам па жыцці.



Пешай пілігрымкі ў мяне не атрымалася з-за маёй працы, аўтобуснай – з-за таго, што не знайшла магчымасці запісацца. Але знайшлося месца ў бусіку, дзякуючы нечаканаму запрашэнню аднаго добрага айца-францішканіна. Калі вы ведаеце яго, то згодзіцеся, што цуды ходзяць за ім па пятах. А яшчэ за ім ходзяць дабрадзеі (са слоікамі мёду, напрыклад). І, вядома, за ягоны хабіт чапляюцца розныя неспадзяванкі і здарэнні. Хто б мог падумаць, што ў Будславе нам, святочна ўбраным пасажырам, давядзецца ўпірацца ў гэты самы бусік, які заграз на балоцістым полі? :)

Будслаў стомленых, радасных, заклапочаных, Будслаў мільёнаў інтэнцый, прашаптаных, праспяваных, пракрычаных ўсім сэрцам малітваў... Будслаў сустрэч і ўсмешак, гоману і заглыбленасці ў цішыню. Будслаў "жывога Касцёла", як потым скажа кардынал Жан-Луі Таран. Усё гэта мы перажываем і бачым кожны год. Але перш за ўсё застыгаем перад абразам Маці Божай, каб нягледзячы на людскі вір, дагаварыць Ёй сябе, сваіх блізкіх і далёкіх, памаўчаць і проста пабыць.

– А куды стаяць усе гэтыя людзі? – раптам спыталася мяне жанчына, якая была побач. Натоўп пасярэдзіне базілікі быў велізарны і, здавалася, зусім не рухаўся наперад. Дзесьці ў хвасце пад там-тамы спявала моладзь.
– Яны хочуць дакрануцца да рэліквій святой Тэрэсы. А потым абыходзяць вакол абраза Маці Божай на каленях.
– А чаму?
– Гэта дапамагае ім маліцца.

Я сапраўды так думаю, бо не ведаю, нашто людзі абыходзяць вакол абраза на каленьках. Не магу ўявіць, як людзі стаялі гадзінамі ў гэтай чарзе і чаму хацелі паспець ўсё за кароткі час. Для мяне імкненне дакрануцца да рэліквярыя Святой было б прычынай паглядзець праграму перэгрынацыі і сустрэцца з ёй дзесьці ў невялічкай парафіі. Вось толькі, калі дапусціць, што ў людзей выпадае адна на год магчымасць памаліцца – урачыстасці ў Будславе – тады, канешне, паспець трэба вельмі шмат, ды яшчэ неяк запасціся наперад. І ўвесь год вольны ад малітвы. Вядома, я перабольшваю і нагаварваю. Тым больш, што там я не думала так.

Калі надыйдзе той час, што арганізатары вырашаць упарадкаваць і аптымізаваць фэст (па просьбах удзельнікаў), то змайструюць нам сектары, дзе будзем стаяць на адным месцы. І ў цэлым, упарадкуюць аказанне рэлігійных паслуг (даруйце мой высокі слог). Як у банку – націскаеш пімпачку, атрымліваеш нумар чаргі. І сядзі чакай, адпачывай сабе, толькі паглядай на электроннае табло. Магчыма, такія часы надыйдуць, але яшчэ не ў гэты год. Было некамфортна, часам, няпэўна або цяжка, і вольна, і шчыра.

Выйшаўшы з касцёла, я вельмі ўзрадавалася, што паспела на Акафіст Багародзіцы, які спявалі ў 22.30 грэка-каталіцкія святары з хорам. Адзін з найпрыгажэйшых гімнаў, якія я чула, адзін з любімых момантаў на будслаўскіх фэстах.

У Будславе знаходзіцца час і паразмаўляць, асцярожна трымаючы пластыкавыя кубачкі з кавай (якую, як ні сцеражыся, ўсё роўна праліеш на сябе хоць кроплю), час на пытанні без адказу, паўсловы і маўчанне,  і безліч, проста безліч магчымасцяў камусьці дапамагчы, абы толькі не адводзіць вачэй ад патрэб іншых людзей...

Да лесвічак, якія вялі на ўзвышэнне, што называлася "алтар на сцэне", былі прымацаваныя поручні. падобныя на тыя, што можна сустрэць у басейне. Такім чынам, мы ўсе на зямлі былі рыбкамі, а біскупы і святары на высокім беразе – рыбакамі, як і прадказваў Езус. Нас сапраўды было вельмі-вельмі шмат (пішуць, каля 40 тысяч) апоўначы з запаленымі свечкамі – злоўленых Хрыстовай любоўю, уратаваных рыбак, якія стайкамі ці па адной "плавалі" па абшарах Будслава. І на саміх сябе глядзелі і радаваліся, фоткалі, здымалі відэаролікі, паказвалі адзін адному: "Глядзі, колькі людзей!.."

Людзі са свечкамі падчас начной працэсіі ўтваралі сапраўдную раку. Утрымацца на беразе вельмі складана, бо яна міжволі далучае цябе ў сваю плынь. Але калі хочаш застацца на месцы, то стаіш, а як хочаш стаць часткай аднаго руху – ідзеш з разам.


Здаецца,да раніцы мне няма што расказаць. Дзякуючы сябрам, а трэцяй гадзіне ночы знайшоўся мне свабодны кут, а яшчэ й матрас, а спальнік быў узяты з дому. І ўжо ў 5 гадзін раніцы не спалася, і вельмі слушна, бо світанне было вельмі прыгожым. Сонечнае святло скрозь туман, прахалода і некранутасць новага дня, які Бог дае чалавеку, як пачатак дарогі. І ты робіш крок. Да кубка з кавай. І заляпваеш чарговы свэтар.

У касцеле людзей было не менш, чым увечары, а я думала, што ўсе спяць, як я. Не, яны стаяць, спавядаюцца, кленчаць... І нават тыя, што спяць каля сцен, так далікатна падтрымліваць галовы адна адной.

Калісьці на кожны адпуст у Будслаў хадзіў і мой тата са сваімі бацькамі. І вакол былі гэтыя сцены, і гэты абраз Маці Божай, якая слухала і разумела. У пасляваенныя часы пры савецкай уладзе – што яны гаварылі Ёй? Як захавалі веру, годнасць, зычлівасць? Можна было б прыдумаць адказы, і то вельмі прыгожыя, але трэба іх адчуць сэрцам, Мне здаецца, гэта вельмі важна, бо часы ніколі не будуць лёгкімі. Толькі ў натоўпе ў мяне нешта нічога не атрымалася.

А потым... Вы бачылі "палігон смерці грахоў"? Інакш гэтае месца побач з касцёлам не назавеш. Шэрагі крэслаў для спаведнікоў, чэргі маладых і старых да споведзі...

На ўскрайку напісаны быў ліст, вельмі кароткі, што праўда, але ўсё ж:

Ліст на світанні
пад гоман ластавак і музыку базілікі
у цёплых промнях ліпеньскага сонца
ў слаўным месцы,
дзе дагэтуль будуецца
наш край.

Ты, якая будуеш і аднаўляеш, дапамажы нам...
Да пачатку галоўнай Святой Імшы з удзелам папскага легата спёка стала амаль нязноснай. Асфальт дыхаў гарачынёй. Адны людзі ціснуліся ў цень, іншыя мурам стаялі перад алтаром. Я была з тых першых, што пад дрэвам. Аркестр выконваў адзін класічны твор за другім. Гучалі прыгожыя галасы. "Авэ Марыя" пераварачвала душу. Нават жаночыя размовы на некалькі хвілін сціхлі. У працэсіі на чале з крыжам выйшлі святары і іерархі, занялі свае месцы, пацалаваўшы алтар. І калі ўжо, здавалася, пачнецца Літургія, грымнуў наш дзяржаўны гімн... Села я на свой спальнік, павесіла нос. І раптам тут, пры самай зямлі, бо сядзела ж нізка, я адчула гэтыя чатыры стагоддзі, якія нагамі людзей прайшлі па будслаўскім пляцы, абмінаючы лужыны з адбіткам вежы. Гэты чарговы гімн прагучыць, не пакінуўшы следу, а да Марыі ішлі і будуць ісці людзі. Я адчула, што вырасла з гэтай зямлі і ў яе вярнуся, але Айчына мая – у нябёсах, да іх трэба імкнуцца праз жыццё.

Пачалася Еўхарыстыя, з гаміліяй кардынала Жана-Луі Тарана і папскім благаслаўленнем. Беларусь была прысвечана Беззаганнаму сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі – Акт прысвячэння.
Было развітанне... Нечаканая сустрэча з сябрамі, маляўнічая дарога ў Ліду да дзяцей – праз Нарач, Вілейшчыну, Крэва, Баруны, Гальшаны...

І вось цудоўныя здымкі таленавітых людзей. Ёсць верагоднасць, што яны так і захаваюцца па гэтых спасылках:


400-летие пребывания в Беларуси иконы Матери Божьей Будславской
Шчаслiвы Будслаý - 2013



No comments:

Post a Comment