05/03/2020

Плён





"Калі зерне не памрэ, то застанецца адно..." – слова "памрэ" гучыць так моцна, што засланяе сабой працяг выказвання. "Не, няхай не будзе гэтага з Табою!" А калі не будзе, то прыйдзе адзінота, разам з роспачным шкадаваннем. Захаваў зямное жыццё, але толку...


Гэтыя словы аб пшанічным зярняці Езус прамаўляе пасля вядомага гучнага ўваходу ў Ерузалем, пасля прыходу элінаў з пытаннямі: карацей кажучы, пры відавочным наплыве людзей, падтрымцы. Езус не толькі не паддаецца ілюзіі натоўпу, але выразна бачыць наступствы таго ці іншага выбару. А павінна прынесці плён. Яго прадвызначэнне, яго радасць.
Людзі,здаецца, узнеслі Езуса так высока, а Ён кажа пра малое зярнятка, якое падае-ляціць з далоні Сеяцеля ў падрыхтаваную зямлю.

28/01/2020

Малітва са св. Францішкам Асізскім

Чалавек, які развівае ў сабе дух малітвы, з цягам часу адчувае ўнутраную патрэбу штосьці змяніць, знайсці лепшую форму малітвы, больш адпаведную для яго цяперашняга стану. Але такі пошук не павінен пераўтварыцца ў задавальненне ўласных амбіцый, бо не мы вызначаем час для наступнага кроку на шляху малітвы – толькі адказваем на Божае запрашэнне. Самі вобразы дарогі, узрастання, паглыблення падказваюць, што, хутчэй за ўсё, наша малітва будзе развівацца паступова, на працягу ўсяго жыцця.

Знаходзіцца “ў працэсе” – складаны выклік, трэба прызнаць, асабіста для мяне і, магчыма, для кагосьці з Вас. Хочацца атрымаць вынік ужо цяпер, а не калі-небудзь потым. Але варта прыслухвацца не толькі да сваёй нецярплівасці, але і да вопыту іншых людзей, асабліва тых, каго Касцёл абвясціў святымі і даў вернікам як прыклад для пераймання. Якое месца займала малітва ў іх жыцці? Што з іх духоўнай спадчыны мы можам запазычыць сёння?

18/12/2019

Непадзельны час

Замест таго, каб беспаспяхова дзяліць час, можа, сапраўды прызнаць, што ён прысвячаецца толькі нечаму аднаму? Марнаванню як такому, напрыклад. Бо ты альбо тут, альбо дзесьці далёка, асабліва думкамі (у іншых галактыках ці ў двары на акном ужо неістотна).

Калі ў дзень народзінаў збіраюцца да імянінніка блізкія сябры, то ўзнікаюць на парозе без спецыяльных цырымоній, нібы вяртаюцца дадому. Становіцца радасна і хораша на душы. Можна быць разам, гаварыць, святкаваць.

09/12/2019

Пра жаданні святочныя і не толькі

Жаданні павінны здзяйсняцца. Радасць, якая напаўняе сэрца, калі спаўняецца штосьці запаветнае, сведчыць аб гэтым вельмі яскрава. Яна трывае доўга, асабліва калі збываюцца жаданні глыбокія і невыказныя.

Тэма чалавечых жаданняў такая багатая і шматузроўневая, што прыйдзецца многае абмінуць, каб сказаць хоць нешта канкрэтнае. Сёння нас будзе цікавіць сувязь таго, чаго прагнем, з Божай воляй. Добра было б на самым пачатку глянуць на сваё жыццё і адзначыць, як змяняліся жаданні з часам, што сталася з дзіцячымі марамі, як досвед няшчасця або, напрыклад, бацькоўства ці іншай формы адказнасці паўплываў на нас. 

27/11/2019

Удзячнасць як выбар (+практыкаванне)


Столькі ўжо, здаецца, чытала, перакладала і пісала пра яе, але толькі з практыкай прыходзіць зразуменне, што да паставы ўдзячнасці мне яшчэ вельмі далёка. Трапілася не так даўно цудоўнае выказванне ў адным з разважанняў на "Прасторы малітвы". Брат Дэвід Штэйндл-Раст, заснавальнік сусветнага руху “Удзячнасць”, піша, што “корань радасці – удзячнасць... Не радасць робіць нас удзячнымі, а якраз удзячнасць робіць нас радаснымі".

Сапраўды, шукаць карані радасці не заўсёды прыйдзе ў галаву. Як добра, то і добра, дзякуй Богу. А вось калі нешта не так, то прыходзіцца разбірацца (калі не ўдаецца пазбавіцца непрыемнасці адным махам). Так, карані ёсць, хоць і нябачныя. І па ўсім выходзіць, што чалавек можа выбіраць "насенне", якое пусціць карані і даць адпаведныя ўсходы. Часам кажуць, што хтосьці сее вакол сябе радасць. Гэта ўжо бачны іншым учынак, а вось калі і як сеецца ўнутраная ўдзячнасць? Непрыкметная з'ява, але такая неабходная... Радаснаму чалавеку лягчэй брацца за любую справу. Лягчэй благаслаўляць, чым праклінаць. Прабачаць і каяцца, трымаць абяцанні, знаходзіць нестандартныя рашэнні, заўважаць, як Бог адчыняе вокны там, дзе зачыняюцца дзверы.

І на першым кроку рахунку сумлення трэба дзякаваць, а не шкадаваць. "Насенне" ляціць у глыбіню сэрца, губляецца, здавалася б, але дарэмна сядзець і ўглядацца, калі ж там з'явяцца парасткі радасці. Як і трава вясной, невядома, як яна расце.

19/11/2019

Малітва на парозе дня

Позняй восенню, калі ночы робяцца даўжэйшымі, большасць з нас адкрывае вочы задоўга да світання, у змроку. Занятыя сваімі справамі, не заўважаем, як пачынае днець – раніца мінае хутка. Але менавіта ў пачатку дня, як і перад любым важным заняткам, варта стаць перад Богам, даручаючы Яму той шлях, які маем прайсці.

Ранішні час, калі навокал яшчэ цёмна, калі адчуваеш сябе недаспаным, зрушаным з цёплага ўтульнага месца, – добры час для асабістай малітвы, роўна як і жыццёвы крызіс, змрок у душы, смутак, невядомасць. Бог прысутны побач у кожную пару, нават калі не бачым ні промня святла ў прамым і пераносным значэнні.

23/10/2019

Цуды незаўважаныя

Прачытала ў адным з каментарыяў на Евангелле паводле Марка, што напісана яно было для канкрэтнай супольнасці ды з яснай мэтай: паказаць чытачам (слухачам), што Бог можа зрабіць для іх праз Езуса, і які адказ на гэта яны могуць даць Богу. "Евангелле цудаў" называюць яшчэ гэтую кнігу.

Ах, цуды-цуды... Так, дайце іх паболей пад шэрае неба з кароткімі восеньскімі днямі, нязбытнымі памкненнямі, невыразным шэрагам аднолькавых падзей. Але хіба лёгка нам дагадзіць? Што праб'ецца скрозь няўважлівасць і зануранасць у сабе, каб мы палічылі гэта цудамі? Мы дыхаем імі, усміхаемся ім, працуем з імі, глядзім скрозь іх, прымаючы за слёзы, – і не бачым іх. 

17/10/2019

Малітва і дзеянне

Мінулым разам мы разважалі аб актуальнасці Святога Пісання. Калі чалавек успрымае Божае слова не як інфармацыю ці добрае пажаданне, але як сённяшняе пытанне, заклік, прапанову, якая прадугледжвае асабісты адказ, тады біблійны тэкст адкрывае сваё прагматычные вымярэнне, тады гэта прыносіць плён. Таму, як адзначае папа Бенедыкт XVI, “lectio divina ў сваёй дынаміцы не заканчваецца, пакуль не прывядзе да дзеяння (actio), якое чыніць, што жыццё веруючага становіцца дарам для іншых у любові” (Verbum Domini, 87).

На першы погляд, шлях ад малітвы да актыўнасці здаецца даволі кароткім: закрыў Біблію, устаў і пачаў дарыць сябе ў любові. Канешне, Бог можа даць яснае бачанне наступнага кроку, і тады важна не марудзіць і не адкладваць. Аднак звычайна нам патрэбны некаторы час і трываласць у малітве. Напэўна, многім знаёмае глыбокае выказванне св. Яна ад Крыжа: “Пад вечар жыцця мы будзем асуджаныя з любові”. Для любові няма дакладных вызначэнняў, але мы выдатна адчуваем, калі яе не хапае.

10/10/2019

Святло і вышыня


“Пра тое, што ў вышынях, думайце”, – піша св. Павел каласянам (Клс 3, 2), Той Павел, якога мы звязваем не толькі з нястомным апостальствам, але і з драматычнымі падзеямі, якімі суправаджалася ягонае пакліканне. Чытаючы ў Дзеях апосталаў, як падае і слепне на дамасскай дарозе Саўл, хочацца верыць Караваджо, што падзенне было менавіта такім, як на яго карціне: з каня, наўзнак, з раскінутымі рукамі. Хоць даўно вядома не толькі біблістам, што Павел ішоў пехатой.

Напэўна, тады, крок па кроку набліжаючыся да здзяйснення сваіх пагрозаў наконт хрысціян, ён не думаў аб вышнім. Улада давала магчымасць глядзець зверху ўніз. А нянавісць, трывожная і бязлітасна-нястомная, абмяжоўвала позірк, кіруючы яго “пад ногі”, каб нішто не замінала думкам круціцца вакол сябе. І сапраўды, хоць фізічнага каня не было, Караваджо “ўбачыў”, што гэтая нянавісць несла Саўла на сабе.

03/10/2019

Імя

Першага кастрычніка – успамін св. Тэрэскі ад Дзіцятка Езус. Так мне яе "прадставілі" ў дзяцінстве, таму зваць афіцыйна Тэрэзай не магу прывыкнуць. На яе абразы і фігуркі ў кожным касцёле паказвала мама і казала: "Твая патронка". Што яна зрабіла, раз запыталася я. – Чаму яна святая? "Яна была законніцай і памерла зусім маладой". Магчыма, яшчэ нешта апавядалі, але мне запомнілася толькі гэтая фраза з ранняга дзяцінства. І, вядома, найбольш вымоўным было сведчанне – бацькоўская любоў да гэтай прыгожай дзяўчыны з ружамі і крыжом. Можна любіць, нічога не ведаючы пра чалавека, вось што я пераняла тады. Проста паглядзець на яго і любіць. І нават веды – хто ён, што ён – не змяняюць стаўлення, хіба толькі дадаюць практычнасці: як любіць лепш, што канкрэтна зрабіць?

Толькі пару год таму я даведалася пра яшчэ адну прадгісторыю выбару майго імя. Мама расказала, што ў радзільным доме, калі я нарадзілася, яна падумала так: "Хто прыйдзе першы адведаць, той і будзе хрысціць". І першай прыйшла ў той самы дзень яе сяброўка, якую звалі Тэрэса. Сапраўды неверагоднай дабрыні і святла чалавек. І яе душэўныя якасці таксама ўцвердзілі маіх бацькоў у тым, якое імя мне даць.

Уяўляю сабе, або лепш сказаць, разумею з уласнага вопыту, які незвычайны гэты дзень, у які ты нараджаеш на свет дзіця. Як глядзіш на маленства, найцудоўнейшае на свеце, як дарэшты пранікае цябе пяшчота і радасць, што такое дзіва з'явілася ў свеце. Хто прыйдзе раздзяліць гэтую радасць? Хто паглядзіць на немаўлятка неабыякавымі вачамі? Такому чалавеку і хочацца даверыць дзіця, твая праўда, мама.

Усе гэтыя ўспаміны і аповеды атуляюць імяніны ў першы кастрычнічкі дзень, у які з гадамі перастаеш чакаць віншаванняў, бо не вельмі разумееш, з чым уласна кажучы, віншуюць, але проста радуешся і дзякуеш за тыя клопаты, малітвы блізкіх, і таксама за патронку, выбраную бацькамі. Між іншым, вучуся ў яе, што ўсё ж варта даведвацца больш пра людзей, адчуваць, што хаваецца ў глыбіні позірку, каб спрабаваць любіць іх не толькі на словах.

Св.Тэрэза ад Дзіцятка Езус. Жнівень 1897 г. Апошні месяц жыцця.