У разважаннях пра малітву мы ўсё яшчэ
знаходзімся на яе парозе. Але хіба гэта не парог роднага дома, дзе нас
чакае хтосьці вельмі блізкі? Магчыма, пасля доўгага перапынку ў практыцы
малітвы вяртаемся да гэтага “парога”, як блудны сын, з апушчанай
галавой? Сама ж сустрэча з Богам, як запэўнівае Езус, азначае прыняцце і
прабачэнне. Нават калі цяжка адчуць гэта, варта, прынамсі, памятаць,
што Бог нас чакае.
Кожны раз мы вяртаемся крыху іншымі, чым былі раней. З чым прыходзім, чаго прагнем, на што спадзяёмся? Выказваем гэта ў сваіх інтэнцыях, малітоўных намерах. Але і тут можна трапіць у крайнасць, а менавіта – паблажлівасць і апантанасць сваімі просьбамі.