28/06/2019

Пошукі свайго

“Хто з вас, маючы сто авечак…” – так пачынае сваю прыпавесць Езус (Лк 15, 3–7). Напэўна, Ягоныя слухачы адразу “злавілі” вобраз і кантэкст, а мы? Хто з нас мае штосьці ва ўласнасці? Ды не адно-два, а сапраўды шмат? Ці магчыма перанесці прыпавесць у сучасны кантэкст, у Беларусь, дзе з уласнасцю ўвогуле справы не вельмі цікавыя? Сказаць, што які-небудзь уласнік прадпрыемства мае работнікаў, таксама нельга. Калі чалавек мае іншага ва ўласнасці, то значыць няволіць яго, а гэта зусім іншая гісторыя.

Міжволі згадваюцца з дзяцінства вясковыя статкі кароў, якія вярталіся з пасты да сваіх гаспадынь, што часам аж выходзілі да брамкі і пільна аглядалі жывёлу, ці не сталася ёй што за дзень. Або пяшчотны і клапатлівы позірк бабуль на сваіх козачак… Калі б нават мелі іх сотню, несумненна, не пакінулі б ні адной без догляду, шукалі б страчаную і святкавалі вяртанне.



Але евангеліст кажа, што Езус прыпавесць пра знойдзеную авечку “расказаў фарысеям і кніжнікам”. Значыць, Ён разлічваў на іх уяўленне таксама. З першай фразы Ён прапануе ім пакінуць гарады і кнігі, усе свае звыклыя заняткі і ўявіць сябе пастухамі статку авечак. Уяві сабе, настаўнік закона, зусім іншы стыль жыцця, іншых суседзяў, іншыя турботы, нават пах уласнай вопраткі. І жывых істот, залежных ад цябе, даверлівых, цёплых, безабаронных, няздольных да мудрагелістых разваг. Іх у цябе нават не пяць, не дванаццаць, а сто. І ты з імі дзень і ноч, але не нудзішся, але цешышся кожнай авечкай…

“Хто з вас, маючы сто авечак і згубіўшы адну з іх, не пакіне дзевяноста дзевяці ў пустыні і не пойдзе за згубленай, пакуль не знойдзе яе?” – пытаецца Езус, і слухачы згодна ківаюць галовамі. Кожны добры пастух пойдзе шукаць. А потым, вядома ж, суседзі збягуцца парадавацца разам ім, калі ён вернецца шчаслівы з авечкай на плячах.

То ідзіце і шукайце кожнага грэшніка разам з Пастырам. Ці хаця б падзяляйце радасць нябёсаў, назіраючы нечае навяртанне. Аб гэтым прыпавесць?

Ці сэрца прагне іншага? Прагне быць знойдзеным, атуленым любоўю і неабыякавасцю? Часам мы ідзем так далёка і так зацята, а трэба было толькі дазволіць сябе знайсці.

No comments:

Post a Comment