11/05/2019

Дзе не трэба заставацца



Phillip Medhurst "Самсон у вязьніцы"

Ці надоўга хапіла б каму цярплівасці суправаджаць чалавека, які ходзіць па коле – гадзіну за гадзінай, дзень за днём, і, можа, год за годам? Нейкая недарэчнасць адчуваецца ў пытанні і ў самой ідэі, што чалавека трэба суправаджаць, а не выводзіць з гэтага кола. Але хіба побач з намі няма такіх нябачна “прыкаваных” людзей? Ці наш уласны рух не мае часам замкнёнасці на тым самым “маршруце”? Часцей за ўсё, гэта азначае адзіноту. 

“Калі схапілі яго філістынцы, зараз жа выкалалі яму вочы і завялі ў Газу, дзе прымусілі яны яго, закутага ў два ланцугі медныя і замкнёнага ў вязьніцы, малоць зерне”. Суд 16, 21

Самсон. Вобразнаму апісанню яго мінулага жыцця прысвечана аж 4 раздзелы Кнігі Суддзяў. Вязьніцы – адзін верш. Моманту смерці – 10 вершаў. Здаецца, нават Кніга Суддзяў стараецца трымацца здалёк ад цемры Самсона. Што ён думаў, тупаючы, упакораны, у бясконцым жорнавым коле, што ўспамінаў? Пагоркі і даліны ці рукі Далілы, бітвы ці спакойныя вечары? З вялікай вышыні ён зваліўся ў тую вязьніцу… І ўсё ж, калі філістынцы прыводзяць яго дзеля забавы ў свой багаты дом, то мы бачым, што страціўшы зрок, свабоду і сілу, Самсон не стаў вар’ятам. Значыць, на сцежкі свайго мінулага ён вяртаўся думкамі не адзін. Перад тым, як яго схапілі, сказана Ў Бібліі, што “Пан адыйшоў ад яго”. 


Калі засяроджвацца на валасах, то ўсё выглядае нейкай магіяй: ёсць валасы – ёсць сіла і спрыт, няма валасоў – кволы і варты жалю, як іншыя людзі. Але словы Далілы адкрываюць рэальнае вымярэнне: яна кажа філістынцам, што Самсон адкрыў ёй “усё сваё сэрца” (Суд 16, 18), і адначасова адвярнуўся ад Бога. Фізічная сіла – толькі выяўленне духоўнай, і гаворка ідзе пра духоўную барацьбу. Зло не можа ўвайсці ў сэрца чалавека, калі той не адкрые сам.

Князямі над Ізраэлем таго часу былі філістынцы. Самсон быў яшчэ да нараджэння прызначаны стаць тым, хто “пачне выратоўваць Ізраэль” з іх рук (Суд 16, 5). А набліжацца да філістынцаў ён пачаў з зусім іншай мэтай – каб ажаніцца, каб знайсці штосьці добрае. Ён ішоў за прывабнасцю, за абяцаннем наталення, але спадзяванні хутка развейваліся, пакідаючы пустку і боль. Жонку філістынцы аддалі іншаму. Каханую падкупілі. Чаму так сталася яму? Што ён рабіў не так? Відавочна, Біблія запрашае кожнага чытача шукаць адказы, памятаючы, што дар сілы быў дадзены Самсону дзеля ратавання іншых, дзеля Ізраэля. Змаганне з ворагам было спаўненнем яго жыцця, спыніць якое так імкнуліся філістынцы і дабіліся свайго. 

“Князь гэтага свету” над любым чалавекам хоча ўзяць верх. Яму мала завабіць і падмануць. Тым ці іншым спосабам, ён будзе дабівацца, каб чалавек апынуўся прыкаваным да “жорнаў”, як Самсон. Каб хадзіў па коле сваіх грахоў і памылак, без вачэй, без былой сілы, без надзеі – і малоў муку для сілкавання зла. “Не можа чалавек служыць двум гаспадарам”, і наколькі ж адрозная гэтая служба. 

Гісторыя Самсона паказвае, што няма такой багны, з якой бы Пан не выхапіў чалавека, калі той пакліча. Кропля сілы, каб звярнуцца да Бога, застаецца нават у найцяжэйшых абставінах. Можна не бачыць нічога вачамі, але сэрца здагадаецца: “Вось, цяпер!” “Тады Самсон усклікнуў да Пана, кажучы: “Пане, Божа, прыгадай пра мяне!..” – і Ён прыходзіць са Сваёй моцай, жахлівай і знішчальнай для зла. Самсон гіне, але яго смерць чытаецца, як перамога. 

Калі спыніліся Самсонавы “жорны”, напэўна знайшліся іншыя. Прыйсце Хрыста і Яго ахвяра прынесла сапраўднае вызваленне. “Цяпер князь гэтага свету будзе выкінуты вон” (Ян 12, 31), – сказаў Езус перад сваёй Мукай. І гэта не было даўно, як можа здавацца. Вось, ЦЯПЕР…

No comments:

Post a Comment