13/01/2017

9 гадзін цішыні

Фота са старонкі facebook.com/ZORNY.by
Што застанецца ад чалавека "у сухім астатку"? Нейкі шэры парашок? Прах, прыведзены ў рух таямнічай сілай, – ці можна так назваць чалавека? Дзівоснае падабенства да хлеба, дзеля якога мала змяшаць муку з вадой. Паасобку складнікі нічога не значаць, толькі праект, мару, перадумову чагосьці цудоўнага. Хлеб – над панамі пан, як казалі нашыя продкі. Гэтую прымаўку нагадаў на сваім майстар-класе Алесь Прышывалка, які выпякае "штукарскі хлеб" па старых рэцэптах.

Няма "сакрэтных інгрыдыентаў", усё надзвычай проста. На словах, на паперы, нават па назіраннях. Але спрабуючы атрымаць сапраўдны хлеб уласнымі рукамі, давядзецца аддаць працэсу шмат усяго жывога. Для закваскі трэба крыху вады, мукі, цёплага месца і некалькіх дзён, каб адбывалася ферментацыя. Тады яна дапамагае цесту "падыйсці", а хлеб будзе лёгкім і пульхным. "Жывая" закваска робіць цуд з мукой і вадой, каб усё разам стала цестам для выпякання. Вось яно, здаецца, дыхае ў дзяжы, напаўняючы памяшканне сваім смачным водарам.

10/01/2017

Аблічча


У першым фільме па "Хроніках Нарніі" К.С.Льюіса ёсць вядомая сцэна, дзе Люсі амаль заснула пад гранне фаўна на дудачцы, што магло прывесці да бяды, але схамянулася, на долю секунды убачыўшы ў агні каміна львіную галаву. Фаўн жа расплакаўся ад шкадавання за свой намер выдаць Люсі Снежнай каралеве.

Якое ж аблічча можам убачыць мы, знясіленыя грахом, аспалыя ад калыханак, якія спяваем свайму сумленню? Або сярод хаосу і буры, калі не застаецца сіл на змаганне? Калі апускаем рукі і кажам: "здаюся", што б гэта ні значыла для людзей, якія давяраюць нам?

07/01/2017

Нататкі да шэрых світанкаў

Штодзённасць – гэта танец чалавека і Бога. Адзін робіць крок наперад, а іншы – прымае і падтрымлівае гэты рух, той глыбокі рух сэрца, які апярэджвае чыны, словы і думкі. Крок назад. Крок наперад. І ёсць час на паўзы ў гэтым танцы: хвіліны цішыні, калі чалавек і Бог глядзяць адзін аднаму ў вочы.


Словы не павінны падбірацца, як пазлы, утвараць шчыльную карцінку без ніводнай дзіркі. Праз тыя трэшчыны і разломы, якія зіяюць у тканіне тэксту, пранікне святло. Магчыма. Надзея і шанец праліцца святлу.


Якім будзённым здаецца цуд няўдзячнаму сэрцу. Нібы так і трэба. Ну, так, было цяжка - і Бог памог. Хіба Ён не павінен быў? А хіба павінен?


"Калі мудрацы адыйшлі", трэба спадзявацца толькі на анёлаў.


Каб закваска змяніла муку з вадой у цеста для хлеба, яе спачатку трэба добра перамяшаць з гэтай мукой. Евангельскую закваску – з усім сваім жыццём, з марамі і дробязямі, ды так, каб не засталося "сухога месца" і пакінутых камочкаў. А потым чакаць у цішыні, і не губляць цяпло.


Бывае, стамляешся ад слоў. Ад інфармацыйных знешніх патокаў і ад унутранага агучвання думак, сумненняў, каментарыяў да ўсяго, што адбываецца, ды скаргаў на тое, чаго не здарылася. Павелічэнне колькасці слоў непазбежна вядзе да фальшы. Спачатку слова ці два, лёгкі дысананс, потым больш і больш, нібы разагнаную машыну крыху заносіць на паваротах. Але спыняцца нельга, бо немагчыма. А Езус прапануе спыніцца. Выйсці з машыны, пачакаць Яго. Дазволіць свету, клопатам, іншым аўтамабілям несціся далей, і толькі слухаць і глядзець.


Гэтае Божае "Нарэшце!" – паралітыку, якога прынеслі сябры, знойдзенай авечцы, адной з сотні, уваскрэсеным дзецям, і будучым вучням, якія першы раз зірнулі Езусу ў вочы, – усім доўгачаканым і доўгашуканым. Радасць сустрэчы.

Людзі як знаходкі

"Езус вырашыў пайсці ў Галілею і, знайшоўшы Філіпа, кажа яму: Ідзі за Мною" Ян 1,43

Дзе ж ён падзеўся, гэты Філіп? Дзе павінен быць, – там няма... Можа, на рабоце? Можа, на рынку? За сталом? Залежыўся на канапе? Ці стаіць у чарзе за нечым? Можа, лясы точыць? Няўжо – пад плотам? Ці за багатымі сценамі? А можа, у бядзе? А калі за гэтымі дзвярыма? Кажуць, вось толькі быў тут, але сышоў. Куды? Дзе ж яго шукаць?
Дзе ты, Філіп?..
Дзе ты, Адам?..
Дзе ты, чалавек?..

Ідзі за Мною.

14/11/2016

...загадвалі яму, каб замоўк


У аповедзе пра сляпога з Ерыхона, які дакрычаўся да Езуса са сваёй бядой, часцей за ўсё задумваешся над верай і адвагай гэтага чалавека. Можа нават прымяраеш на сябе яго лахманы.

Сёння адна фраза, якая папярэднічала само Евангелле, прымусіла мяне ўбачыць сябе на іншым месцы. Але трэба пачаць крыху здалёк.

Пра падрыхтоўку да малітвы мы перыядычна чытаем ці чуем, але гэтаксама ж часта дазваляем сабе абмінаць усе магчымыя прэлюдыі, да чаго толькі ўдасца, у тым ліку да малітвы. Часу і так не хапае, трэба выкарыстоўваць яго на сапраўды неабходныя рэчы. Калі ж мы параўнаем глыбіню малітвы з нейкім падрыхтоўчым этапам і без яго, то напэўна заўважым розніцу, і трэба дазволіць, каб яна непакоіла нас і натхняла на свядомыя высілкі. Я не кажу пра спантанную малітву, але пра штодзённую, руцінную, але "салодкую" павіннасць.

Навучыць і прызвычаіць да падрыхтоўкі цела і розуму спрабуе сайт Прастора малітвы – www.prastoramalitvy.by. Там можна знайсці кароткія малітвы для падрыхтоўкі, дапаможнныя тлумачальныя тэксты, урывак Евангелля на кожны дзень і разважанне над ім, калі патрэбна нахненне для сваёй асабістай малітвы. Падрабязней пра Прастору малітвы.

Дык вось у адным з падрыхтоўчых этапаў я ўбачыла фразу "Навучы паважаць права на жыццё кожнага чалавека" і яшчэ падумала: здаецца ж, паважаю... І вось Евангелле, якое чытаецца сёння: "Яму сказалі, што гэта праходзіць Езус Назаранін. Тады ён закрычаў: Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною. Тыя, хто ішоў наперадзе, загадвалі яму, каб замоўк." Лк 18,35-43

Сляпы хацеў "зноў бачыць", хацеў вярнуць сабе тое жыццё, якое страціў, вярнуць сябе колішняга, сваіх блізкіх, дзённае святло і ясныя зоркі, здольнасць працаваць і быць шанаваным – безліч усяго, дзеля чаго варта было крычаць і не зважаць на загады тых, якія заціскалі яму рот.
Яны не забівалі яго, але адбіралі не толькі права на годнае жыццё, а нават права прасіць гэтага жыцця. Самі-то ішлі наперадзе, удалыя і прыстойныя.

Навучы, Пане, паважаць права на годнае жыццё іншага чалавека. Кожнага. Пачынаючы з сябе. А мы самі крычым Езусу аб сваёй бядзе ці шыпім на іншых, каб сядзелі ціха?

19/10/2016

Кветкі на алтарах

Гербера на офіснай друкарцы, святло і цень, нябачны лёгкі пыл – кавалачак заканчэння працоўнага дня.

З кветкамі, святлом і пылінкамі, якія танцуюць у паветры свой лёгкі танец, у мяне звязаныя і ўспаміны дзяцінства. Пакуль я не пайшла ў школу, мяне, замест садку, пакідалі з пані Алінкай. Кветкі і прыбіранне астравецкага касцёла залежалі ад яе. Лепш сказаць, заўсёды чакалі яе. І яна прыходзіла, з гадамі ўсё павольней на балючых нагах, і сваёй працай “дапаўняла прапаведванне Евангелля”. У яе букетах, простых і густоўных, людзі бачылі прыгажосць і любоў Бога. Не толькі побач з пані Алінкай, але ад усяго яе жыцця было чуваць, што “Пан блізка”. Сярод савецкай зімы і цемры яна сведчыла пра Яго. Ці расстаўляла яна на алтарах кветкі, ці штосьці гатавала, ці збірала архівы, ці захоўвала касцельныя таямніцы, ці спакойна настаўляла такое распешчанае дзіця, як я, ці зменьвала ваду ў вазах, ці цярпліва зносіла крыўды і плёткі – ва ўсім была гэтая блізказць Бога, якую шукаем і не заўважаем адначасова.

Адзін з самых яскравых вобразаў, якія засталіся з дзяцінства – заканчэнне ранішняй святой імшы ў будні дзень. Сонечныя промні падаюць з высокіх вокнаў на сярэдзіну касцёла, у іх святле зіхацяць пылінкі, патрывожаныя рухамі людзей. Тата грае на фісгармоніі знаёмую песню, я цярпліва, наколькі гэта магчыма, чакаю, пакуль усё скончыцца. Бо тады ў пустым гулкім касцеле мы з пані Алінкай будзем збіраць усе вазы ля бочных дзвярэй, і пасля малапрыемнага мыцця вазаў і прыбірання звялых букетаў (хаця ці я там памагала?..), я буду назіраць, як з кіпаў розных кветак, прынесеных парафіянамі, яна будзе ствараць прыгажосць і гармонію на хвалу Божую.

Сцежкі для босых ног – пра такіх людзей, як яна; мая ўдзячнасць, што расце з гадамі – таксама. І ўсё больш натрэнтнымі робяцца пытанні пра сэнс, вынікі і ўздзеянне маёй працы, майго жыцця, маёй прысутнасці побач з іншымі людзьмі, ды не знаходзяцца яскравыя адказы.

09/10/2016

"Пайду далёка, здалёк вярнуся..."

"Езус, калі ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею." Лк 17, 11

Мая ўнутраная краіна не ззяе раскошай, не вабіць узнёсласцю. Але Езус не адмаўляецца прайсці яе сцежкамі, калі я клічу Яго. Прасторы душы і сэрца не так лёгка адчыніць насцеж нават Богу. Ды выправіўшыся ў шлях, Ён ідзе там, дзе Сам хоча.

Вось мінае Самарыю і Галілею, якія не сябруюць між сабой. Як бы ні хацеў бачыць іх любоў і добрасуседства, але не кажа нічога, ідзе скрозь варожасць і лютасць, пытаецца дазволу ў кожнай з вёсак, каб зайсці, затрымацца. Шэрыя і маленькія, схаваныя ў глыбіні, нецікавыя гэтаму свету, яны мілыя Яму. І іх пастухі і рыбакі, гаспадыні і малыя дзеці, будаўнікі і мытнікі, вучоныя і сляпыя, высакародныя і нязначныя – Езус не хоча згубіць ніводнага, не абмінае, не пераходзіць на іншы бок вуліцы, але прыслухоўваецца да ціхіх галасоў іх сэрцаў.

Мае хворыя самі шукаюць Яго. Усё тое, што я выганяю са сваіх "гарадоў і вёсак", усё, што не хачу бачыць і памятаць, робячы выгляд, нібы нічога не сталася, не разбіраючыся, з чаго яны ўзніклі і што іх зраніла: крыўды ці глупства, грэх ці шкадаванне... Небяспечныя, непрыстойныя, нязносныя. Ім сказалі: знікні... а яны не адыйшліся далёка.

Яны сталі шукаць Езуса, сталі чакаць Яго на раздарожжах і ўзбочынах, каб здалёк закрычаць Яму: "Змілуйся!!!", перашкаджаючы майму ўтульнаму спакою і псуючы падрыхтаваную карцінку.
Я хацела, каб Езус прайшоў дарогамі майго ўнутранага "я", не зазіраючы ў пэўныя мясціны. Я спадзявалася ўразіць Яго такімі-сякімі садамі і вышараванымі падлогамі, частаваць гарбатай і сваімі гісторыямі. А Ён стаіць і ўглядаецца ў тых, выгнаных маіх "пракажоных" і слухае іх. Калі я адводжу позірк ад іх выгляду і затыкаю вушы, Ён гаворыць з імі. Ацаляе іх, хворых вяртае здаровымі туды, дзе яны так патрэбныя, дзе іх так не хапала, дзе пустымі без іх заставаліся месцы і не рабілася праца.

І дзівячыся маёй няўдзячнасці, – "Пане, я штосьці я прапусціла?" – Ён пойдзе далей, далей... у Ерузалем.

28/09/2016

Кветкі за чужым плотам

Мамін успамін з дзяцінства. Аднойчы яна надумалася вырваць некалькі кветачак за суседзкім плотам. Надта ж былі прыгожыя, хоць і пустазелле. Ружовыя. Працягні толькі руку.
І вось панесла яна іх сваёй маці паказаць, падзяліцца захапленнем.
"Дзе брала?" "Там і там". "Я ж табе дам чужое браць!"
І накрычаўшы на малую, павяла да суседкі прасіць прабачэння. Маме было сорамна так, што дагэтуль памятае тыя кветкі.

Так даўней гадавалі. Тое, што за чужым плотам – ані руш. Ці падабаецца нешта табе, ці дрэнна ляжыць, ці на выгляд нікому не патрэбна – не чапай.

Гадавалі, каб не чырванець за сваё дзіця перад людзьмі, не хаваць вачэй, і, вядома, каб не прыйшлося папраўляць шкоду, учыненую дзіцём. А калі ўжо здарылася, то каралі вінавайцу спачатку самі, а потым вялі прасіць прабачэння на каленях і ў руку цалаваць. Не ведаю, ці ўсіх дзяцей так сурова трымалі і да якой пары, але маёй маме хапіла аднаго ўрока.

Узгадваючы зараз бабуню, я не ўяўляю, што яна пачала весці доўгія размовы, нешта тлумачыць ці выказваць жаль, г. зн. рабіць хоць нешта з таго, што зараз прапануюць псіхолагі. Але побач з ёй заўсёды было бяспечна і спакойна. Не вагаючыся, яна ведала, што менавіта добры ўрок будзе абаронай дачцэ на ўсё жыццё, дзе б яна не апынулася. Калі побач не стане мамы, толькі яе настаўленні дапамогуць быць чалавекам і жыць з людзьмі ў згодзе. Мне здаецца, што ў яе маглі быць і памылкі ў выхаванні, але ў самым істотным Бог даў ёй упэўненасць і станоўчасць.

А якія ўрокі нашае пакаленне дае сваім дзецям?..


04/09/2016

Небаракі і рызыканты

Шмат людзей ішло за Езусам. Лк 14, 25
Як збіраліся гэтыя натоўпы? Чаму, паслухаўшы гадзінку, яны не разыходзіліся? Цяжка ўявіць, што мелі шмат вольнага часу, жывучы з працы сваіх рук. А ім жа хацелася кінуць усё і хадзіць за Езусам. Значыць, Ягоны голас быў мацнейшы за голас неапрацаванага поля, кашоў і скрыняў, сетак для ўлову, утульных пасцеляў пасля доўгага дня, нават за галасы блізкіх і прыяцеляў. Непазбежна ўзнікае пытанне: ці надоўга?

Калі я спрабую ўявіць сябе ў гэтай грамадзе самых розных людзей, то адказ прыходзіць сам сабой: я буду тут, пакуль не прагоняць. Кожны з таго натоўпу туляўся па сваіх сцежках, пакуль не знайшоў Езуса. І цёмна, і самотна бывала на гэтых сцежках. І кожнага чалавека, які набліжаўся да Яго, здалёк спатыкаў невымоўнай любові позірк. Ён прымаў людзей без умоў, аддаючы Самога Сябе. Ці не там хочацца застацца, дзе цябе так любяць, дзе сэрца спявае ад радасці?
Толькі... ці надоўга?

18/08/2016

Карысныя памочнікі ў разважаннях і малітве

Малітва займае ў жыцці хрысціяніна вялікае месца. Колькі б тэорыі мы не засвоілі, толькі практыка ідзе нам на карысць. Практыкаванне ж уключае ў сябе шмат аспектаў, адным з якіх з'яўляецца пошук. Пошук добрага месца для малітвы, часу, спосабу, дапаможнікаў. Вось гэтым апошнім і варта прысвяціць увагу.

Зараз тэксты Святога Пісання для малітоўнага разважання можна знайсці не толькі ў друкаваным выглядзе, але і ў электронным. Таму экраны планшэтаў, смартфонаў і камп'ютараў могуць не толькі адцягваць нашу ўвагу, але і служыць малітве.
Напрыклад, Новы Запавет у бібліятэцы Catholic.by.

Таксама трэба ўзгадаць і розныя он-лайн рэсурсы і сэрвісы, якія стараюцца максімальна спрасціць нам пошук дадатковых тэкстаў, заахвоціць да больш разбудаванай і глыбокай малітвы. Адным з такіх сайтаў са штодзённымі разважаннямі Божага Слова з'яўляецца Прастора малітвы.