10/01/2017

Аблічча


У першым фільме па "Хроніках Нарніі" К.С.Льюіса ёсць вядомая сцэна, дзе Люсі амаль заснула пад гранне фаўна на дудачцы, што магло прывесці да бяды, але схамянулася, на долю секунды убачыўшы ў агні каміна львіную галаву. Фаўн жа расплакаўся ад шкадавання за свой намер выдаць Люсі Снежнай каралеве.

Якое ж аблічча можам убачыць мы, знясіленыя грахом, аспалыя ад калыханак, якія спяваем свайму сумленню? Або сярод хаосу і буры, калі не застаецца сіл на змаганне? Калі апускаем рукі і кажам: "здаюся", што б гэта ні значыла для людзей, якія давяраюць нам?

Аблічча церпячага Хрыста, Які нясе гэты грэх. Аблічча, Якое паказвае, што азначае для Яго кожнае падзенне чалавека, і менавіта вось гэтае, цяперашняе, тваё, маё. Аблічча Таго, Хто будзе змагацца далей, будзе ісці нават у поўнай самоце, нават паміраць... Каб мы ўскочылі на ногі і вярнуліся да сябе, каб пашкадавалі за зло, каб бура замянілася ў супакой і цішыню, каб замест пагібелі мы атрымалі жыццё.

No comments:

Post a Comment