18/04/2014

Тым, якія страцілі сваю надзею і сваё валадарства

Так кажа Пан:
Я звяртаюся да цябе, маё любае дзіця,
Таму што твае малітвы і твае нараканні
дасягнулі маіх вушэй:
"Божа мой, чаму мяне пакінуў?.."
Як злодзей, уночы,
гаспадар вінаградніка адведаў сваю ўласнасць,
падрэзаў галінкі,
спаліў няплодныя бутоны.
Вось ён, без ззяння і славы,
без прывабнага выгляду,
нібы ўдараны перуном Божым
і знішчаны з зямлі жывых.
Гледзячы на цябе, сябры высміхалі тваё цярпенне:
ківалі галовамі, кажучы:
"Хваліўся Богам! Няхай Бог яго збавіць!"
...Ці ж бы Айцец мог забыцца
пра плод сваёй любові?..
То адчыні ж свае вушы на агонь маіх слоў,
каб я залячыў твае раны,
і аддай мне сваю веру,
каб падняць цябе з зямлі,
бо ты страціў усю надзею.
– Так кажа Пан –
Панясеш маю надзею.
Напішу маё імя на тваіх ранах,
і яны расцвітуць,
як ружы вясной.
Новымі сокамі напоўняцца твае бутоны,
каб прынесці багаты плён.
Учыню цябе маім сведкам.
Назаву цябе: "Мой Світанак і мая Радасць".
Зноў мой народ наблізіцца да твайго дому,
стане тваёй крэпасцю.
Як нашыйнік, атуліць цябе хвалой.
І загучыць голас:
"Прыйдзіце ўбачыць цуды Пана!
Выбраў слабога, каб быць нашай сілай,
перамяніў яго цярпенне ў гімн любові!"
І скажаш тады сабе ў сэрцы:
"Адкуль прыйшло да мяне гэтае другое жыццё,
да мяне, высмаглага і пакінутага?
Хто напоўніў мяне шчасцем?
Благаслаўлёны будзь, о, Пане,
Які адчыніў сваё валадарства
ўсім тым, якія згубілі свае!"

ks.Hilaire Léonard-Etienne

Пераклад з польскай мовы.
 З блогу сястры Малгажаты Хмялеўскай
Вельмі... Але, магчыма, я зрабіла пераклад з перакладу.

17/04/2014

Адзінка

Што такое адзін чалавек? Што ён можа? Што значыць адзін з сотні? Адна манетка ў параўнанні з дзесяццю? Адзінка выглядае зусім мізэрнай на вялікай схеме рэчаіснасці...

Але паглядзім з іншага боку: адзін гол, які прыносіць перамогу,  адно слова, з якога пачалося прымірэнне, адно новае жыццё, непаўторнае і каштоўнае,... Столькі важных імгненняў існуюць у адзінкавым экземпляры. А калі мы кагосьці моцна любім?

У вачах Божых кожны чалавек мае вялікую вартасць. Аднаго па адным Езус лячыў людзей ад хвароб. Аднаго па адным Ён кліча нас да больш глыбокай сувязі са Святой Тройцай. Аднаго па адным запрашае на Вячэру. Збавіў свет Ён Адзін – Езус Хрыстус.

Дзеля адной авечкі, якая згубілася, Ён ідзе ў далёкі шлях і нясе знойдзеную на Сваіх плячах. Толькі Ён ведае, чаго гэта каштуе. Як тая жанчына, што ператрэсла ўсю хату, шукаючы драхму, Ён гатовы шукаць нас па заблытаных лёсах. З прычыны навяртання (усяго толькі!) аднаго грэшніка пачынаецца на нябёсах вялікая радасць.

Адзінка можа шмат чаго змяніць у лепшы бок, і прыкладаў кожны з нас ведае шмат. Адкрываючы ж сваю ўнікальнасць, трэба вучыцца цаніць і вялікую каштоўнасць сваіх бліжніх. Перад вачамі Божымі няма натоўпаў.

http://www.ophirworld.com/33-2b.jpg

Маскі

У пачатку зімы Янка прынесла з заняткаў па выяўленчаму мастацтву гэту прыгожую маску. Не ведаю, як, але нават 7-гадовыя дзеці на тых занятках могуць зрабіць нешта падобнае.


Некаторыя дарослыя думаюць, што яны ўмеюць вырабляць маскі і насіць іх так, нібыта іх няма. І прыгожыя там ёсць, і ўпэўненыя, і добрыя, і са стразамі, і паважныя... Нутро адных людзей выдае іх жа язык, а многіх дэмаскуюць учынкі. Але прафесіяналы маскіроўкі ведаюць, што ў масак – пустыя вачніцы. Таму вочы не хлусяць. Кажуць, калі чалавек адводзіць позірк і пачынае ўглядацца ў правы верхні кут – збіраецца штосьці змахляваць. А народная прымаўка кажа, што вачэй пазычыць можна – у сабакі. Сорамна людзям паказацца, дык вочы пазычыў – і нармальна.

Вочы... Вокны... Каб не бачыць залішне, часам, адводзіш позірк.

08/04/2014

Кава без цукру

На мінулым тыдні я сядзела побач з чалавекам, які нядаўна страціў вельмі блізкага чалавека. Ён папрасіў чорнай гарбаты, сабе я ўзяла каву. Не хацелася дадаць цукар, засталося некранутым печыва. Мы гаварылі пра нейкія падзеі і справы, але найбольш адчувальнай была  цішыня, якая стаяла за словамі. Побач з трагедыяй імкнешся хоць крыху злагодзіць чужы боль, шукаеш спосаб "паднесці" той цяжар, які лёг на плечы іншаму чалавеку, цешышся, калі можаш нешта зрабіць. Не заўсёды гэта магчыма... І тады застаецца горкая кава, цішыня, прысутнасць.

...

І вось дзень за днём праходзіць Вялікі пост, які павінен быць часам падвышанай адчувальнасці да цяжараў нашых бліжніх, да Хрыстовага Крыжа, да свайго ўнутранага жыцця. Мне думаецца, што сярод нашых велікапосных пастаноў і ахвяр павінна быць хаця б адна своеасаблівая "кава без цукру" дзеля Езуса, якая ідзе з глыбіні сэрца. Ці сапраўды мы падыходзім бліжэй да Яго за гэты час? Гэта вельмі асабістая справа, скажаце вы, і будзеце мець рацыю. Справа зачыненых пакояў, глыбокай малітвы, прабывання побач з Тым, Хто з-за любові выбраў крыжовую смерць. Каб мы мелі жыццё... Напоўненае чым?.. Яшчэ ёсць час для асабістых пытанняў Укрыжаванаму.

28/03/2014

Малітва караля акрыляе народ

Калі зусім робіцца сумна, успамінаецца Вільня. Яе не так шмат у маім жыцці, але яна затое – з тых рэчаў, з якіх складаецца мой падмурак. У рэшце рэшт заўсёды да іх вяртаешся.

І сёння трапілі на вочы здымкі 8-гадовай даўніны. Марозны студзень, нашыя чырвоныя насы, блакітнае чыстае неба, Вострая брама, старыя вулічкі, утульныя кавярні...

І вось віленская катэдра. Капліца святога Казіміра.

25/03/2014

Звеставанне. Фрэска з львоўскага армянскага храма




Сёння яскрава ўспамінаецца гэтая фрэска са старадаўняй армянскай царквы ў Львове. Ніякія здымкі, канешне ж, не перадаюць таго ўражання, якое робіць сузіранне роспісаў сцен. Нават 3D-панарама.
Тонкія лініі, лёгкасць, глыбіня колераў, прыгажосць... Калі я там была, якраз каля алтара спяваў хор: гэта былі жанчыны ў чырвоных доўгіх сукенках, такія ж загадкавыя, як і сама царква.
Чым больш дэталяў я заўважала, тым даўжэй хацелася пабыць побач, асабліва чамусьці са "Звеставаннем". І незямны Анёл, і ціхая Марыя, і крыжовы шлях, у які ўжо вырушыў Хрыстос – усё адбываецца тут і зараз.

Фотография: Благовещение2

Калі будзеце ў Львове, абавязкова зайдзіце, іншыя роспісы таксама "трымаюць" пры сабе.
 Вось тут – нечый альбом фотаздымкаў.

І цытата:
"Розписи стін в стилі Модерн для Вірменського собору, в період з 1925 по 1929 рр., виконав художник Ян Генрик Розен. Він продемонстрував майстерне володіння рисунком та кольором. Вірменський архієпископ Юзеф Теодорович був персоною суперечливою, серед його рис були надзвичайна сміливість і харизматичність. Він замовив розписи цього собору, хоча й обдарованому, але зовсім невідомому на той час художникові-містику. У підсумку вийшло щось неймовірне. Фрески Розена стали, якщо не найціннішим елементом цієї споруди, то точно найефектнішим." Чытаць больш.

21/03/2014

Рэалізм

Ёсць такая байка, што адна жанчына прыйшла да святара і пытаецца:
– Якую мне пастанову ўзяць на Вялікі пост? Ад чаго мне, ойча, адмовіцца?
– Не абмаўляй нікога, – кажа той у адказ. – Хай будзе ў цябе пост на плёткі.
Разважала жанчына нядоўга:
– О, не. Гэта зацяжка. Лепш адмоўлюся ад шакаладу.

Гэта я не да таго, што мы пляткуем, як дыхаем. Тая жанчына хоць не зрабіла вялікія вочы: "Я? Абмаўляю? Што вы!"

Мне здаецца, падобная прапанова часта гучыць з вуснаў святароў. Цікава, хто-небудзь згадзіўся/згадзілася "падпісацца"? Гэта ж трэба яшчэ датрымаць...

20/03/2014

Будоўля на ўсе часы

Нездарма кажуць будаўнікам: "Памагай Бог!" Зычаць і іншым працоўным людзям гэтак жа, але ж калі гаворка пра будоўлю, многія пераканаліся ў праўдзівасці псальма: "Калі Пан не збудуе дома, марна працуюць будаўнікі яго..." (Пс 127.1) А вельмі крыўдна дарма высільвацца. А вось калі Бог памагае...  Праца не робіцца лягчэйшай, і рукі баляць не менш, і на холадзе задубееш, і на сонцы спячэшся, але справа ладзіцца, і сэрца ціха спявае ўнутры. Будоўля ж сэрца чалавека пачынаецца з першым уздыхам і вядзецца ўсё жыццё.

Зараз многім ад навінаў адбірае мову. Як той казаў: "Думаў я, што гэта ўжо дно, але знізу пастукаліся"... Нібыта і хочаш нешта сказаць, а адчуваеш, што аднадумцы разумеюць без слоў, а тых, хто мяркуе інакш, не пераканаеш. На жаль, голас прапаганды грамчэйшы. Хочацца сказаць некаторым людзям, каб неяк берагліся расійскай афіцыйнай інтэрпрэтацыі падзеяў, бо гэтыя іхнія навіны і прамовы падобныя на камняпад. Свядома стаяць пад ім – шкодна для здароўя. Куды потым з параненай галавой? Пакінем прапагандыстам іх марную працу, не ў стане яны будаваць.

Застаюцца ж незаўважныя, нябачныя разбурэнні, раскіданыя камяні... Часам так карціць схапіцца за камень і шпурнуць у бліжняга, праўда? Словам вострым з інтанацыяй крыўднай замахнуцца так, каб дайшло, нарэшце... Але чакай, трэба успомніць пра прыстойнасць і захаваць чарговасць: "Хто з вас без граху, няхай першы кіне камень..."

Толькі Хрыстос можа камяні забраць з нашых рук.

Каб жа хутчэй настаў час збіраць і будаваць...

Не вязьніцы, якія рассыпяцца, а дамы, якія будуць імкнуцца ў вышыню...

18/03/2014

Утульнае мінулае, якое мы трымаем за гузік

Тата з гармонікам у кагосьці на вяселлі
Шэсць год таму мой бацька адыйшоў у вечнасць, але здаецца, што мінулі якія-небудзь гады два. Вядома, накрывае хваля ўспамінаў, і зноў – адчуванне страты. Справа нават не ў тым, што не цэнім людзей, пакуль яны жывыя, – святла і любові заўсёды не хапае. Сёння, калі мы робімся ваяўнічымі і разгубленымі адначасова, надыходзіць час успомніць нашых бацькоў і часы, у якія ім выпала жыць і верыць.

Свет змяняецца за апошнія дні вельмі імкліва. Цяжка нават вылучыць, чаго зараз больш: новых выклікаў, вяртання савецкай імперыі або праяўлення таго, што нікуды не знікала, проста мы не хацелі гэтага бачыць. Якія б выпрабаванні ні чакалі нас наперадзе, вера будзе выпрабоўвацца ў першую чаргу. Захаваем мы яе? Напрыклад, нам толькі "не рэкамендуюць" удзельнічаць у любых мітынгах, калі яны не праўладныя, і мы не ходзім. А калі б з'явіўся кіраўнічы наказ "не хадзіць" у храм? Альбо хадзіць у строга вызначаныя дні? І без дзяцей, і пад страхам "самі ведаеце чаго"?  Нашыя бацькі засталіся людзьмі веруючымі, а нашае "лайт"-хрысціянства можа і не вытрымаць. Добра, што вера – Божая ласка, а не наш высілак... Як і надзея, якой нам ужо не хапае (а ці просім мы Пана аб ёй?), як і дабрыня (дарэчы, а куды яна падзелася?...)

Я не магу ўявіць, што тата альбо ягоныя сябры бяруць ў рукі зброю, хоць, вядома, служылі ў войску. Добра ведаю, што ўмелі нікога не здрадзіць, не выдаць, умелі падтрымаць, застацца вернымі сваёму слову. Магчыма, зараз наша чарга даведацца, ці нашая вера і любоў змогуць вытрымаць цёмныя няўтульныя часы.

Мы яшчэ трымаем мінулае за гузік, бо там было цепла і спакойна, з коцікамі ў стужках сацыяльных сетак, з дробязямі і лянотай. Нібыта назаўтра прачнемся, а ўсё так, як было. Трэба гэта былое адпусціць і паглядзець у вочы цяперашняму часу і падумаць пра магчымае будучае. Спакойна. Божая воля на ўсё.

07/03/2014

Пра веру, боль і надзею

Снежань 2013. Капліца, якая ў лютым згарэла на Майдане
 З папярэдняга ўрыўка: "Калі пакутуе частка Цела, я таксама павінен адчуваць страту. Боль дасца ў знакі самотнасцю, адчаем, фізічнымі пакутамі, нянавісцю да сябе."

Калі верыць, што мы – часткі Хрыстовага Цела (а незалежна ад нашага стаўлення, так і ёсць), то спачуванне, узаемадапамога, салідарнасць паміж хрысціянамі павінны быць звычайнай з'явай, справай зразумелай і не патрабуючай нейкай асаблівай адзнакі. Часта так і ёсць. На самой справе, не так часта, як магло б быць.

Атрымліваецца, што мы пакліканыя перажываць чужы боль, як свой. Але ў жыцці мы ведаем, што за блізкіх і сяброў мы хвалюемся мацней, і да евангельскага братэрства яшчэ нам ісці і ісці. Але ўсё ж такі ад таго, што мы адмахнемся ад пакутаў незнаёмых людзей, створым сабе панцыр накшталт "самі вінаваты, палезлі куды не трэба", пачуццё страты не абміне нас... Магчыма, адсюль гэтае надакучлівае "нешта не так". Бо замест адгукнуцца, замыкаем сэрца, стараемся не думаць небяспечных думак, зберагаем камфорт.

Можа стварыцца ўражанне, што  можна патануць у болі і адчаі, перажываючы за ўсіх і ўсё. Але мне здаецца, гэта якраз-такі магчымасць стаць (ці застацца) чалавекам. Без Хрыста, Крыніцы надзеі, сапраўды змрок можа зрабіцца нязносным, апусцяцца рукі, але  – "Не бойцеся..."

Што найбольш уражвае ў стаўленні некаторых знаёмых да падзей ва Ўкраіне, – калі пачынаюць гаварыць, як дыктары дзяржаўных тэлеканалаў. Не заўважаюць, наколькі бязлітасныя іх прысуды...  Магчыма, мне проста пашчасціла мець сяброў і добрых знаёмых ва Ўкраіне і глядзець на падзеі іхнімі вачамі, пачынаючы з лістапада 2013-га. Кажуць, нельга нікому верыць, але гэта просты шлях у безнадзейнасць, а нам туды не трэба. Бог дае чалавеку магчымасць сустрэць людзей, якім можна давяраць. Менавіта яны без красамоўства, але ад сэрца, пішуць, гавораць пра свае перажыванні, якія адлюстроўваюць стан рэчаў лепш, чым любая афіцыйная інфармацыя. Дзякуй вам, Оленка, айцец Мікола, Леша і многія іншыя, адважныя і сапраўдныя...

Глядзець вачамі сяброў на пакуты Ўкраіны цяжка, таму што вельмі часта глядзець даводзіцца праз іхнія слёзы. І не прыдумалі такі "панцыр", каб гэтыя слёзы не сталі і тваімі,..