07/05/2013

Шлях з затуленымі вачыма

Гісторыю пра Елісея і аслепленае сірыйске войска немагчыма чытаць без усмешкі і захаплення (4 Цар 6:8-23). Кожны валадар хацеў бы мець на сваёй службе такога чалавека, як прарок Елісей, каб ведаць тое, што вораг гаворыць шэптам пад вялікай таямніцай. Ізраільскі цар атрымліваў ад Елісея папярэджанні пра кожную засаду, кожную вераломную пастку, якую рыхтавалі ворагі. "Не можа быць! Як?!" – чарговы раз усклікаў сірыйскі цар. Шукалі здрайцу сярод сваіх, пакуль не данеслі пра чалавека Божага Елісея.

Штосьці падказвала сірыйцам, што купіць яго не ўдасца. У тыя часы таксама многім хацелася верыць, што "няма чалавека – няма праблемы", таму варыянтаў вырашэння было няшмат. Высылаем войска, ліквідуем перашкоду (усяго адзін чалавек – дробязь якая!), і перамагаем у вайне. Думаю, той ваявода, што вырушыў на Елісея, не вагаючыся зруйнаваў бы ўвесь горад, дзе жыў прарок. Галоўнае – вынік, а не кошт...

05/05/2013

Ці ты князь, ці ты не


Гэтая казка ўзнікла за паўтары гадзіны адным жнівеньскім днём, пакуль спаў у вазочку малодшы сын, якому тады было два месяцы. Памятаю лаўку пад высокім дрэвам, цёплы ветрык і дзіўны жартаўлівы настрой, з якім лёгка, весела (і крышачку сумна) "убачыла" гэту гісторыю, прыдумаўшы толькі першы сказ. А астатняе напісалася само. Так і не змяніла ні слова, хоць і вялікай каштоўнасці ў ёй не бачу. Чаму публікую? Менавіта дзеля ўсмешкі, з якой перачытала гісторыю я сама, і якая, спадзяюся, перадасца і чытачу. 

Здымак зроблены ў жніўні таго ж 2009 году. Так выглядаў захад сонца амаль кожны вечар з нашага акна.
Толькі зараз пабудовы нагадалі мне зубчастыя сцены вялікага палаца на фоне барвовага неба...


Жыў калісьці князь, які не ведаў, што ён князь. Як і чаму, дакладна ніхто сказаць не можа. Адны кажуць, што нехта на балі пажартаваў над княжычам-падлеткам. Маўляў, які ж ты князь? Паглядзі, вунь або той – сапраўдны, а ты… Бо гадавалі княжыча нібыта вельмі проста, і выглядаў ён, як хлапчына з якога-небудзь фальварку. Вядома ж, бацькі так разумелі добрае выхаванне і хацелі, як лепш. Але ад занадта разумнага гадавання дзецям бывае ўсё жыццё перакруціцца. Дык вось той княжыч нібы так узяў у галаву, што ніякі ён не князь, што й паверыў.

Другія мяркуюць, што ён прыкідваўся, быццам бы забыўся. Ён толькі чакае адпаведнага часу, нешта задумаў. Трэція… Нарэшце, як там тое ні сталася і ці быў хто вінаваты, але сышоў княжыч з палаца і пасяліўся з простым людам. Бацькі загадалі нікому не чапляцца да яго, не распытваць, не настойваць.

01/05/2013

З Марыяй – Ружанец, Гадзінкі, Акафіст

Надыйшоў прыгожы вясновы месяц, прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі. Спеў птушак і водар кветак, маладую лістоту дрэў і чысты блакіт нябёсаў, спадзяванні і радасць, усё захапленне красой зямлі ў гэтыя дні людзі складаюць да ног Божай Маці...

На маёвых набажэнствах у касцёлах ці каля вясковых крыжоў адмаўляецца або спяваецца узнёслая Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыi. Не будзем пачувацца абмежаванымі адной прыгожай малітвай і далучым яшчэ Святы ружанец, Гадзінкі і Акафісты.


Ружанец – само Евангелле ў скарочаным выглядзе. Маліцца на ружанцы не цяжка. Падчас дваццаці яго таямніцаў мы разважаем падзеі жыцця Езуса Хрыста і Ягонай Маці. Святы Айцец Павел VI зазначаў, што паўтор малітвы "Вітай, Марыя" з'яўляецца своеасаблівым фонам для роздуму. Хрыстос, пра якога гаворыцца ў кожным Анельскім Прывітанні, – Той самы, пра якога распавядае кожная наступная таямніца: Божы Сын і Сын Марыі, народжаны ў Бэтлеемскую ноч, ахвяраваны ў святыні, паглыблены ў выкананне справы Айца, у Кане Галілейскай і на Апошняй Вячэры, абцяжараны крыжам, каранаваны цернем, паміраючы на Галгофе, і – уваскрослы, які ўзыходзіць у хвалу Айца Нябеснага, каб спаслаць дары Духа.

Важна зразумець, што акрамя праслаўлення і просьбы, ружанцовая малітва мае яшчэ вельмі істотны элемент: разважанне. Калі яго няма, то ружанец становіцца падобным на цела без душы, а малітва на ім – усяго толькі паўторам формул.

Больш падрабязна пра цікавую гісторыю ружанца, з якіх частак ён складаецца і як на ім маліцца – у матэрыяле "Святы ружанец".  

Назва "Гадзінкі" паходзіць ад слова гадзіна. У кляштарах малітвы, якія законнікі адгаворваюць у пэўныя гадзіны дня, маюць назву "Літургія гадзінаў" (Liturgia horarum). Спевы гімнаў і ма­літваў Гадзінак укладзеныя па прыкладу "Літургіі гадзін", адкуль іх асобныя назвы: Ютрань, Першая, Трэцяя Гадзіна, Нешпары і г.д.
Малітва Гадзінак праслаўляе таямніцу Беззаганнага Пачацця Багародзіцы, якая Божаю Ласкаю была захаваная ад першароднага граху.

Гадзінкі аб Беззаганным Пачацці Найсвяцейшай Панны Марыі

Godzinki o Niepokalanym Poczęciu Najświętszej Maryi Panny

Акафіст – літургічны гімн у візантыйскім абрадзе. Назва паходзіць ад грэцкага akathistos – не-сядзіць. Такім чынам, адмаўляецца стоячы, выражаючы гэтай паставай годнасць дзяцей Божых. Лічыцца найбольш старажытным спевам у гонар Багародзіцы.

АКАФІСТ Найсвяцейшай Багародзіцы

АКАФІСТ УСЯСЬВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ Ў ГОНАР ІКОНЫ ЧЭНСТАХОЎСКАЙ (НЕПЕРАМОЖНАЯ ПЕРАМОГА) 


AKATYST ku czci Bogurodzicy

25/04/2013

Так бывае, мама?

Гэтым пытаннем дачка скончыла сваё апавяданне пра пражыты ў школе дзень. Слушнае здзіўленне малога чалавека, якога ўвесь час вучаць дзяліцца, а аднакласніца гаворыць, што яе мама не дазваляе нічога свайго іншым дзецям даваць."І яна не дзеліцца. Нічым. А я ўсё роўна дзялюся з ёй".

Так бывае, дачушка... Некаторым мамам страшна, што іх дзіцятка чужыя дзеці пакрыўдзяць, усё адбяруць, ні крышынкі не пакінуць, а грошы ж аддадзены, каб сваё хаця накарміць і забяспечыць. Са страху шмат што зробіш і іншых навучыш...

Але дарэмна, бо калі сёння побач з табой хтосьці застаўся галодным, то праз некаторы час ён і сапраўды забярэ сілай, калі захоча. А як ты не навучышся аддаваць, то свет абмяжуецца памерамі твайго заплечніка, дзе надзейна схаваныя твае і толькі твае цацкі і цукеркі, якія ўсёткі не здольныя любіць.

На самой справе, калі дзень за днём нагадваеш дзецям справядліва (а таксама – і велікадушна) дзяліцца, зусім не думаеш пра нейкія ўзнёслыя рэчы. Проста лічыш гэта нармальным. А нехта лічыць добрым бяспечнасць сваіх багаццяў.

Дачка прызналася, што зайздросціць таму, што тая дзяўчынка мае. "Вы будзеце падрастаць – і кожная з вас зразумее нешта сваё. Ты - што замест зайздрасці трэба радавацца за іншага чалавека, калі яму добра, а яна даведаецца, як файна дзяліцца з сябрамі тым, што маеш." Жыццё паказвае, што я сама дагэтуль вучуся і першаму, і другому...

18/04/2013

Час жніва

Вам бы не хацелася прачнуцца ў прыбранай хаце? Дзе ўсё на сваіх месцах, сняданак на стале, падлога падмецена, посуд вымыты...

Звычайна ж вечарам пакідаем усё, як ёсць, а нараніцы пачынаем прыбіраць сваю планету. Можа, не кожны ранак і не ўсю планету (спачатку, каб здайся, з душой разабрацца), але зноў і зноў пачынаем выпраўляць, чысціць ад бруду, вяртаць у належны стан, рухацца наперад, калі пашчасціць. Дарэчы, прачынацца ў шпіталі, дзе сапраўды стэрыльна чыста без твайго ўдзелу, неяк зусім невесела. І з гатэлю, дзе ўсё чужое, таксама цягне дахаты.

Магчыма, за мяжой гэтага жыцця мы прачнемся ў такім свеце, дзе для нас усё падрыхтавана даўно Тым, Хто першы пайшоў да Айца. Зроблена ўсё адмыслова і добра. Уяўленні спыняюцца, бо ніхто не вярнуўся рассказаць жывым, што іх чакае пасля...

А пакуль што працавіты час жніва не скончыўся і не дае спачыну, прыспешвае, стамляе. Што паспеем сабраць, што загубіць? Ці не больш паспеюць тыя, якія не спяшаюцца? Але каласы схіляюць цяжкія галовы, ахінае нас прамінаючы час сваім гарачым дыханнем...

Карацей кажучы, і хацеў бы чалавек адпачыць
"А коні ўсё скачуць і скачуць,
А хаты гараць і гараць..." :)


13/04/2013

Чуйнасць і чуласць

Калі чалавеку маркотна, то любую з'яву ён дастасуе пад свой настрой. На гэтым тыдні прыгадала, як шмат сноў я бачыла раней. Не тое, што зараз (*сумна ўздыхае)... Але разам з тым між волі ўспомніла, што той урадлівы на каляровыя сны час прыпадаў на гады, калі дзеці былі зусім малымі. Гэта быў неспакойны час шматлікіх абуджэнняў на працягу кожнай ночы. Прачынаючыся, помніш убачаны сон. І амаль не зважаючы на яго ўвагі, марыш выспацца хоць адну ночку – проста легчы вечарам і прачнуцца нараніцы... Не верыш, што калі-небудзь у гэтым жыцці не трэба будзе падхоплівацца кожную гадзіну да дзіцяці. Вось ён, гэты час: ужо не плачуць і яшчэ не прападаюць дзесьці па начах.

Як толькі з'явілася магчымасць моцна спаць усю ноч, чуйнасць без ваганняў адыйшла на другі план. Калі нешта змяняецца, не губляеш таго, што было, але пакручваешся іншым бокам пад новыя ўмовы. Камфорт спрыяе таму, каб утульна ўладкавацца і моцна заснуць...

12/04/2013

Май месяц побач

Нарэшце, цяпло настае... Як добра, што не трэба прывыкаць да вечнай зiмы.

07/04/2013

Белая нядзеля – радасць і сум

Свята Божай Міласэрнасці. Нядзеля пасля Уваскрасення Езуса. Шмат прыгожых правільных слоў. Парадаксальна мала непасрэднай радасці ад дасведчанай міласэрнасці. Але й суму не вельмі. Так, мы разлічвалі на іншы свет, і адкрыта Богу аб гэтым гаворым. За дзяцей страшна, за праўду крыўдна, самі параненыя...

Місэрны Бог насамрэч сыходзіць у тую багну, куды мы спаўзлі. Не выцягвае доўгую руку з аблокаў, а падыходзіць і схіляецца над чалавекам. Вось Ён побач, каб адарыць міласэрнасцю і прабачэннем...

"Не, да мяне не падыходзь – адварочваецца чалавек, – я не грэшнік. Так, можа лажануўся два-тры разы. Але гэта збег абставінаў, проста так склалася. Якія грахі? У мяне – толькі раны."

Рана ці позна жыццё паставіць перад намі наступствы "збегу абставінаў". Паставіць далёка не ўсе, хоць справядлівасць вымагае адплаты за зло – за кожны непрафесіяналізм, кожную справу, выкананую "абы-як", кожную дурасць і злосць, якімі мы адзначыліся ў гэтым свеце...
Ці мы можам убачыць, хоць на кроплю здагадацца, каму адгукнецца наш грэх? Чыё жыццё ён раструшчыць?

Але нам не сумна. Можа, удалося прызвычаіцца да пекла?

Міласэрнасць Божая прыходзіць не толькі прысесці побач і пашкадаваць, але й вынесці са склепа на сонца, на вольнае паветра, удыхнуць новае жыццё. І толькі тады з'яўляецца надзея на лепшы свет, які прыйдзе праз нашыя рукі. Мы ж здольныя на любоў і дабро, хоць і не заслужылі гэтыя Божыя дары.

06/04/2013

Малітва на парозе

псальм 91

Хто жыве ў апецы Найвышэйшага і прабывае ў засені Усемагутнага,
кажа ён Госпаду: "Ты прыпынак мой і цвярдыня мая, Божа мой; я маю надзею на Яго".
Бо Ён Сам вызваліць цябе з пасткі паляўнічых, ад нягоднага слова.
Агорне Ён цябе Сваімі крыламі, і пад пер'ем Яго схаваешся, шчыт і заслона – праўда Яго.
Не будзеш баяцца жахаў начных, ані стралы, што ляціць удзень.
Ані заразы, што бадзяецца ў цемры, ані пошасці, што пустошыць апоўдні.
Хоць падзе пры баку тваім тысяча, а дзесяць тысяч праваруч, ты ўсцеражэшся.
Сапраўды, пабачыш ты на ўласныя вочы, і паглядзіш на адплату грэшнікам.
Бо Ты, Госпадзе, прыстанішча маё, учыніў Ты Найвышэйшага паселішчам тваім.
Не падступіцца да цябе ліха і бізун не наблізіцца да палаткі тваёй,
бо загадаў Ён анёлам сваім наконт цябе, каб сцераглі цябе на ўсіх тваіх дарогах.
На руках будуць насіць цябе, каб часам не скалечыў аб камень нагі сваёй.
На змяю і яшчарку наступіш, ды растопчаш ільва і дракона.
Паколькі прытуліўся ён да Мяне, вызвалю яго; падтрымаю яго, бо спазнаў ён імя Маё.
Будзе клікаць Мяне, і Я выслухаю яго, у бядзе Я разам з ім, вырву яго і ўслаўлю яго.
Напоўню яго доўгасцю дзён і пакажу яму збаўленне Маё.


"Мы ўсе вяртаемся Дадому..."

Oh Lord, to be near you, to be free

01/04/2013

Хрыстус уваскрос!

З таго моманту, як Езус перамог смерць, аптымізму ў Касцеле не бывае зашмат.
Кс. Юзэф Цішнэр