25/04/2013

Так бывае, мама?

Гэтым пытаннем дачка скончыла сваё апавяданне пра пражыты ў школе дзень. Слушнае здзіўленне малога чалавека, якога ўвесь час вучаць дзяліцца, а аднакласніца гаворыць, што яе мама не дазваляе нічога свайго іншым дзецям даваць."І яна не дзеліцца. Нічым. А я ўсё роўна дзялюся з ёй".

Так бывае, дачушка... Некаторым мамам страшна, што іх дзіцятка чужыя дзеці пакрыўдзяць, усё адбяруць, ні крышынкі не пакінуць, а грошы ж аддадзены, каб сваё хаця накарміць і забяспечыць. Са страху шмат што зробіш і іншых навучыш...

Але дарэмна, бо калі сёння побач з табой хтосьці застаўся галодным, то праз некаторы час ён і сапраўды забярэ сілай, калі захоча. А як ты не навучышся аддаваць, то свет абмяжуецца памерамі твайго заплечніка, дзе надзейна схаваныя твае і толькі твае цацкі і цукеркі, якія ўсёткі не здольныя любіць.

На самой справе, калі дзень за днём нагадваеш дзецям справядліва (а таксама – і велікадушна) дзяліцца, зусім не думаеш пра нейкія ўзнёслыя рэчы. Проста лічыш гэта нармальным. А нехта лічыць добрым бяспечнасць сваіх багаццяў.

Дачка прызналася, што зайздросціць таму, што тая дзяўчынка мае. "Вы будзеце падрастаць – і кожная з вас зразумее нешта сваё. Ты - што замест зайздрасці трэба радавацца за іншага чалавека, калі яму добра, а яна даведаецца, як файна дзяліцца з сябрамі тым, што маеш." Жыццё паказвае, што я сама дагэтуль вучуся і першаму, і другому...

18/04/2013

Час жніва

Вам бы не хацелася прачнуцца ў прыбранай хаце? Дзе ўсё на сваіх месцах, сняданак на стале, падлога падмецена, посуд вымыты...

Звычайна ж вечарам пакідаем усё, як ёсць, а нараніцы пачынаем прыбіраць сваю планету. Можа, не кожны ранак і не ўсю планету (спачатку, каб здайся, з душой разабрацца), але зноў і зноў пачынаем выпраўляць, чысціць ад бруду, вяртаць у належны стан, рухацца наперад, калі пашчасціць. Дарэчы, прачынацца ў шпіталі, дзе сапраўды стэрыльна чыста без твайго ўдзелу, неяк зусім невесела. І з гатэлю, дзе ўсё чужое, таксама цягне дахаты.

Магчыма, за мяжой гэтага жыцця мы прачнемся ў такім свеце, дзе для нас усё падрыхтавана даўно Тым, Хто першы пайшоў да Айца. Зроблена ўсё адмыслова і добра. Уяўленні спыняюцца, бо ніхто не вярнуўся рассказаць жывым, што іх чакае пасля...

А пакуль што працавіты час жніва не скончыўся і не дае спачыну, прыспешвае, стамляе. Што паспеем сабраць, што загубіць? Ці не больш паспеюць тыя, якія не спяшаюцца? Але каласы схіляюць цяжкія галовы, ахінае нас прамінаючы час сваім гарачым дыханнем...

Карацей кажучы, і хацеў бы чалавек адпачыць
"А коні ўсё скачуць і скачуць,
А хаты гараць і гараць..." :)


13/04/2013

Чуйнасць і чуласць

Калі чалавеку маркотна, то любую з'яву ён дастасуе пад свой настрой. На гэтым тыдні прыгадала, як шмат сноў я бачыла раней. Не тое, што зараз (*сумна ўздыхае)... Але разам з тым між волі ўспомніла, што той урадлівы на каляровыя сны час прыпадаў на гады, калі дзеці былі зусім малымі. Гэта быў неспакойны час шматлікіх абуджэнняў на працягу кожнай ночы. Прачынаючыся, помніш убачаны сон. І амаль не зважаючы на яго ўвагі, марыш выспацца хоць адну ночку – проста легчы вечарам і прачнуцца нараніцы... Не верыш, што калі-небудзь у гэтым жыцці не трэба будзе падхоплівацца кожную гадзіну да дзіцяці. Вось ён, гэты час: ужо не плачуць і яшчэ не прападаюць дзесьці па начах.

Як толькі з'явілася магчымасць моцна спаць усю ноч, чуйнасць без ваганняў адыйшла на другі план. Калі нешта змяняецца, не губляеш таго, што было, але пакручваешся іншым бокам пад новыя ўмовы. Камфорт спрыяе таму, каб утульна ўладкавацца і моцна заснуць...

12/04/2013

Май месяц побач

Нарэшце, цяпло настае... Як добра, што не трэба прывыкаць да вечнай зiмы.

07/04/2013

Белая нядзеля – радасць і сум

Свята Божай Міласэрнасці. Нядзеля пасля Уваскрасення Езуса. Шмат прыгожых правільных слоў. Парадаксальна мала непасрэднай радасці ад дасведчанай міласэрнасці. Але й суму не вельмі. Так, мы разлічвалі на іншы свет, і адкрыта Богу аб гэтым гаворым. За дзяцей страшна, за праўду крыўдна, самі параненыя...

Місэрны Бог насамрэч сыходзіць у тую багну, куды мы спаўзлі. Не выцягвае доўгую руку з аблокаў, а падыходзіць і схіляецца над чалавекам. Вось Ён побач, каб адарыць міласэрнасцю і прабачэннем...

"Не, да мяне не падыходзь – адварочваецца чалавек, – я не грэшнік. Так, можа лажануўся два-тры разы. Але гэта збег абставінаў, проста так склалася. Якія грахі? У мяне – толькі раны."

Рана ці позна жыццё паставіць перад намі наступствы "збегу абставінаў". Паставіць далёка не ўсе, хоць справядлівасць вымагае адплаты за зло – за кожны непрафесіяналізм, кожную справу, выкананую "абы-як", кожную дурасць і злосць, якімі мы адзначыліся ў гэтым свеце...
Ці мы можам убачыць, хоць на кроплю здагадацца, каму адгукнецца наш грэх? Чыё жыццё ён раструшчыць?

Але нам не сумна. Можа, удалося прызвычаіцца да пекла?

Міласэрнасць Божая прыходзіць не толькі прысесці побач і пашкадаваць, але й вынесці са склепа на сонца, на вольнае паветра, удыхнуць новае жыццё. І толькі тады з'яўляецца надзея на лепшы свет, які прыйдзе праз нашыя рукі. Мы ж здольныя на любоў і дабро, хоць і не заслужылі гэтыя Божыя дары.

06/04/2013

Малітва на парозе

псальм 91

Хто жыве ў апецы Найвышэйшага і прабывае ў засені Усемагутнага,
кажа ён Госпаду: "Ты прыпынак мой і цвярдыня мая, Божа мой; я маю надзею на Яго".
Бо Ён Сам вызваліць цябе з пасткі паляўнічых, ад нягоднага слова.
Агорне Ён цябе Сваімі крыламі, і пад пер'ем Яго схаваешся, шчыт і заслона – праўда Яго.
Не будзеш баяцца жахаў начных, ані стралы, што ляціць удзень.
Ані заразы, што бадзяецца ў цемры, ані пошасці, што пустошыць апоўдні.
Хоць падзе пры баку тваім тысяча, а дзесяць тысяч праваруч, ты ўсцеражэшся.
Сапраўды, пабачыш ты на ўласныя вочы, і паглядзіш на адплату грэшнікам.
Бо Ты, Госпадзе, прыстанішча маё, учыніў Ты Найвышэйшага паселішчам тваім.
Не падступіцца да цябе ліха і бізун не наблізіцца да палаткі тваёй,
бо загадаў Ён анёлам сваім наконт цябе, каб сцераглі цябе на ўсіх тваіх дарогах.
На руках будуць насіць цябе, каб часам не скалечыў аб камень нагі сваёй.
На змяю і яшчарку наступіш, ды растопчаш ільва і дракона.
Паколькі прытуліўся ён да Мяне, вызвалю яго; падтрымаю яго, бо спазнаў ён імя Маё.
Будзе клікаць Мяне, і Я выслухаю яго, у бядзе Я разам з ім, вырву яго і ўслаўлю яго.
Напоўню яго доўгасцю дзён і пакажу яму збаўленне Маё.


"Мы ўсе вяртаемся Дадому..."

Oh Lord, to be near you, to be free

01/04/2013

Хрыстус уваскрос!

З таго моманту, як Езус перамог смерць, аптымізму ў Касцеле не бывае зашмат.
Кс. Юзэф Цішнэр


28/03/2013

Шлях і перамога

Старэйшыя людзі гавораць аб смерці значна часцей, чым маладыя. Вядома, мы яшчэ выціскаем са свядомасці гэтую частку рэчаіснасці. А людзі, якія ўсё часцей хаваюць сваіх сяброў-равеснікаў, разумеюць, што застацца збоку не ўдасца. Набліжаецца час, калі трэба ў смерць увайсці самому...

Пачаўся Трыдуум Мукі Пана. Уваход Хрыста ў смерць і перамога над грахом і смерцю. Усёй глыбіні нам не спасцігнуць, не дасведчыць... Цяжка ўявіць нават прадчуванне пакутаў, якое меў Езус задоўга да Вялікага Чацвярга. Кожнаму знаёмае гэтае пачуццё, што нешта павінна здарыцца. Цмянае і неадчэпнае, не заўсёды ведаеш, што з ім рабіць, і таму проста чакаеш і спадзяешся. Езус ведаў, чаго чакаць і калі. Мы ж можам толькі слухаць, глядзець, прымаць любоў і быць адказам на яе.

Мама ў сваёй маладосці яшчэ сустракала людзей, якія не елі нічога з вечара Вялікага Чацвярга аж да святочнага пасілка ў Велікодны ранак. Так пасцілі даўней, так спачувалі пакутам Пана. А расказала яна мне гэта таму, што пазайздросціла іх смерці, якой яны кожны ў свой час памерлі: ціхай, свядомай, лёгкай. Адзін такі чалавек з'еў куццю на вігілію Божага нараджэння і сказаў жонцы: "Ну, цяпер пайду я дахаты". Пайшоў, лёг на ложак і памёр.

Я ўсё ж думаю, што справа не ў механізме: "добра посціш – лёгка паміраеш". Я думаю, што на першым месцы ў такіх людзей было (і ёсць такія зараз) веданне Бога, а яно ўключае ў сябе і гатоўнасць памерці так, як Хрыстос. Усведамленне, што смерць – вяртанне дадому, азначае тугу па нябеснай Айчыне, разуменне Божай задумы пра чалавека, імкненне жыць па Божых законах. Але да гэтага трэба расці ўвесь час, пакуль ідзеш па зямлі.

25/03/2013

Той, Хто палюбіў першы

Wayne Forte, Anointing His Feet #2 (acrylic on canvas, 2008)
Вось яна перад ім – жанчына, якая не прасіла. Не шукала.  Магчыма, не вельмі шкадавала. Можа толькі аб тым, што патаемнае стала такім яўным.

– Адчапіцеся ад мяне! Вы ўсе! Маралізатары, дарадцы, суддзі, праведнікі з каменнымі сэрцамі... Гэта маё жыццё, а не ваша, і я хачу яго пражыць так, як я лічу правільным, а не вы. Я – не вашая ўласнасць. Дайце мне жыць. Я так хачу проста жыць... Адпусціце ж мяне!

Але яе цягнулі да Езуса. Хто ў "праведным гневе", хто з падступным пытаннем да Настаўніка, хто – па службе. Зрэшты, якая нам справа да іх прычынаў? Яны набраліся смеласці гуртом задаць пытанне і не вытрымалі адказу. Што значаць камяні ў руках у параўнанні з камянямі ў сэрцы?.. Першыя выслізнулі і ўпалі ў пыл, а з тымі другімі, сапраўды нязноснымі, мужчыны разыйшліся дадому.

Грэшная душа і Бог засталіся ў цішыні. Міласэрнасць, якая накрывае з галавой і не мае межаў. Прабачэнне. Любоў. Нават нешта большае за словы, якімі мы называем збаўленне і свабоду.


А зараз – ці нешта змянілася? Ці не мы ўдзельнічаем у асуджэнні і прысудах сваім бліжнім, ці не мы абураемся: "Няўжо яны не могуць у касцеле абыйсціся без сваіх натацый? Куды ўвесь час цягнуць мяне гэтыя святары, сёстры і розныя актывісты? На сябе паглядзіце спачатку."

Сапраўды, куды і навошта? Цягнуць? Ці спрабуюць паказаць шлях?
Чаму я сама не бягу, не распытваюся, не падаю да Езусавых ног, не шукаю Яго?

Божая Місэрнасць апярэджвае чалавека. Бог знайшоў мяне раней, чым я пачала Яго шукаць.

22/03/2013

Глядзі, куды йдзеш

Сёння нараніцы я адвяла Янку ў школу. Ідучы назад, на школьным двары сустрэлася мне пажылая прыбіральшчыца, якая яшчэ вымушана была чысціць ходнікі ад снегу.
– Куды ж вы пайшлі па лёдзе? Там слізка! – раптам, не спыняючыся, з дакорам сказала яна.
Сапраўды, я чамусьці ўзбілася на ледзяны кавалак ходніка і асцярожна сунулася наперад. Побач  быў амаль сухі асфальт.

У жыцці сустракаецца няшмат людзей, якія папярэдзяць нас пра слізкую дарогу ці тонкі лёд. Яшчэ менш тых, якіх мы паслухаем. Таму каб аддзячыць тым, хто дапамог калісьці пазбегнуць падзення ці выбраць добры шлях, і ў пэўнай меры стаць тымі, якія мы зараз ёсць – будзем уважлівымі да іншых і да іх сцежак.