20/04/2015

Цеплыня

Прага, сакавік 2015
Слухаючы вецер, які віруе за акном працоўнага кабінета, я ўспамінаю тры цёплыя сакавіцкія дні ў Празе. Фотаздымкі, канешне, нагадваюць пра многія добрыя моманты, пра прыгажосць архітэктурных помнікаў, дзівосы заапаркавых абшараў, вяртаюць у цішыню і велічнасць храмаў... Але таксама ўзгадваецца мне адзін самотны шпацыр перад сняданнем па навакольных вуліцах ля гасцінiцы, дзе мы начавалі. Высветлiлася, што мы жывем пад гарой, праз якую зроблены пешаходны тунэль. Даволі шмат людзей ім карысталася па дарозе на працу, некаторыя - нават не злазячы з ровараў.

Шлях увесь час ішоў пад гару, брукаванка была не зусім роўнай, ліхтары свяцілі няярка, дый сам тунэль не вельмі падбадзёрваў сваёй "бясконцасцю", хаваючы за паваротамі набліжэнне да выхаду і дзённага святла. Канешне, побач з людзьмi, якiя ведалi, куды йдуць, не было страшна, але...  
Якраз тыя хвіліны ў паўзмроку і няпэўнасці ўзгадваюцца мне, калі я слухаю, як сяброўка не можа знайсці працу, альбо як людзям месяцамі не выдаюць заробак, ці як раптоўна спаралізаваная старая некалькі дзён чакала, пакуль яе хто-небудзь знойдзе ў замкнёнай хаце, альбо як чалавек не ведае, што рабiць са сваiм зруйнаваным жыццём i не бачыць лепшай будучынi... I гэта сітуацыi толькi мiнулага тыдня. Той, хто ўжо прайшоў цяжкi шлях, можа зразумець тых, хто яшчэ на сярэдзіне, можа сказаць, што не трэба губляць надзею, не трэба падаць духам, бо магчыма, выйсце вось тут за паваротам. У кс.Яна Твардоўскага ёсць радкi, якiя не вельмi падобныя на суцяшэнне, але дадаюць мужнасцi:
"Верыць - гэта значыць нават не пытацца
як доўга яшчэ трэба ісці ўпоцемку".

Я выйшла з тунэлю пад спеў птушак, якіх не было чутна на ўваходзе, пад высокае неба на рухлівую вуліцу і міжволі затрымалася каля квітнеючага дрэўца. Ад такой сустрэчы цёплая пяшчота ахінула сэрца. І адолены змрочны шлях змарнеў і адступіў назад.

Мала з чым можна параўнаць пачуццё вызвалення. Толькі адна справа – пазбавіцца няпэўнасці і суму, а зусім іншая – выратавацца ад смерці. У велікодны час лепш разумею, што Ахвяра і Ўваскрасенне Хрыста прынеслі чалавецтву вызваленне з смяротных тунэляў.  Бог так прагне, каб мы скарысталіся выйсцем да святла... Там чакае не толькі вольная прастора для душы сэрца, але і Сам Уваскрослы з усёй Сваёй любоўю і цеплынёй. Ён зведаў усе нашыя шляхі, апрача граху, і мае моц даць ім іншы накірунак і сэнс. Мы можам не ведаць, "як доўга яшчэ", але можам мець пэўнасць, што iсцi не давядзецца ў самоце нават у смяротным ценю. I як Бог не пакiдае нас, так трэба вучыцца не пакiдаць сваiх блiжнiх у бядзе i трывозе.

No comments:

Post a Comment