"Як мы можам зрабіць гэты псальм нашай малітвай?” Бэнэдыкт XVIГэтае пытанне, маючы на ўвазе Псальм 136 (135), задаў цяперашні папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аудыенцыі 19-га кастрычніка 2011 года. Змест катэхэзы перадавала ў той дзень Ватыканскае радыё, але мне трапілася на вочы толькі зараз. З дапамогай Гугла-пошуку я хацела знайсці тэкст псальма, каб не набіраць яго рукамі з Бібліі, выдадзенай на падставе рукапісаў кс. У.Чарняўскага. Мне хацелася пра яго напісаць. Тэкст я не знайшла, затое з радасцю ўбачыла глыбокае і светлае разважанне папы Бэнэдыкта XVI. Прачытайце абавязкова.
У мяне атрымалася такая вось паслядоўнасць. Спачатку ціхім ранкам я прачытала псальм 136, нібы ўбачыла яго ўпершыню. У форме ўзнёслай літаніі пералічваюцца "шматлікія дзеі Бога адносна свайго народа і праслаўляецца Яго “вечная любоў, любоў, якая згодна са значэннем яўрэйскага тэрміна уключае ў сябе вернасць, міласэрнасць, дабрыню, ласку, лагоднасць” (Бэнэдыкт XVI)
А потым у галаве пачалі ўзнікаць свае радкі, зусім простыя і пра сябе:
Ці знаёмыя вам пустыя згрызоты? Я нават не маю на ўвазе "сама прыдумала – сама пакрыўдзілася", але тыя надакучлівыя перажыванні "хто што падумаў, як паглядзеў ды што сказаў". Сапраўды, ахвотных выказацца на тэму свайго бліжняга (у вочы ці за спіной) заўсёды хапае. Калі гавораць нешта не вельмі прыемнае, хочацца неяк абараніцца, апраўдацца. Часцей, праўда, атрымліваецца прамаўчаць ці пакрыўдзіць чалавека ўзаемным "кампліментам", а потым доўга яшчэ сам-насам фармуляваць ў галаве разумныя адказы ды вострыя слоўцы.



