З энцыклікі LUMEN FIDEI Сятога Айца Францішка:
Вера і сям'я
52. Пасланне да Габрэяў, калі кажа пра вандроўку Абрагама да будучага горада, згадвае пра благаслаўленне, якое перадавалася ад бацькоў дзецям (пар. 11, 20-21).
Першым асяродкам, у якім вера асвятляе горад людзей, з’яўляецца сям’я. Асабліва маю на ўвазе трывалы саюз мужчыны і жанчыны ў сужэнстве.
Узнікае ён
з іх любові, якая ёсць знакам і
прысутнасцю Божай любові,
з прызнання і прыняцця дабра сэксуальнай
розніцы, праз што сужэнцы могуць стаць адным целам (пар. Быц 2,
24) i нарадзіць новае жыццё, што з’яўляецца праяўленнем дабрыні
Стварыцеля, Яго мудрасці і Яго плану любові.
Абапіраючыся на гэтую
любоў, мужчына і жанчына могуць абяцаць сабе ўзаемную любоў у жэсце, які
ахоплівае ўсё жыццё і нагадвае вельмі шмат рыс веры. Абяцанне любові
назаўсёды становіцца магчымым, калі мы адкрываем большы за нашыя праекты
план, які нас падтрымлівае i дазваляе нам ахвяраваць каханай асобе ўсю
будучыню.Вера дапамагае таксама зразумець усю глыбіню і багацце нараджэння дзяцей і дапамагае нам прызнаць у ім стваральную любоў, якая дае і даручае нам таямніцу новай асобы. Сара менавіта дзякуючы сваёй веры стала маці, разлічваючы на вернасць Бога Яго абяцанню (пар. Гбр 11, 11).
53. У сям’і вера суправаджае ўсе перыяды жыцця, пачынаючы з дзяцінства: дзеці вучацца спадзявацца на любоў сваіх бацькоў. Таму важна, каб бацькі клапаціліся пра супольнае практыкаванне веры ў сям’і, спадарожнічалі дзецям на шляху сталення веры.
Асабліва моладзь, якая перажывае такі складаны, насычаны і важны для веры перыяд жыцця, павінна адчуваць блізкасць і клопат сям’і і касцёльнай супольнасці на сваім шляху сталення ў веры. Мы ўсе бачылі, што падчас Сусветных Дзён моладзі маладыя людзі выказваюць радасць веры, абавязваюцца жыць паводле веры штораз больш трывала і больш велікадушна. Моладзь прагне вялікага жыцця. Сустрэча з Хрыстом, дазвол, каб нас падхапіла і вяла Яго любоў, пашырае гарызонт жыцця, дае моцную надзею, якая не падмане.
Вера – гэта не ўцёкі для малаадважных людзей, але пашырэнне прасторы жыцця. Яна дазваляе адкрыць вялікі заклік, пакліканне да любові, і дае ўпэўненасць, што гэтая любоў вартая даверу, што варта ёй даверыцца, бо яе фундаментам з’яўляецца вернасць Бога, якая мацней за ўсе нашыя слабасці.
---------------------
"...трывалы саюз
мужчыны і жанчыны ў сужэнстве ...узнікае з іх любові, якая ёсць знакам і
прысутнасцю Божай любові..."
Сапраўды, калі маладыя людзі сустракаюцца, і нават прызнаюцца адно аднаму ў каханні, яны часта задаюцца пытаннем – што паміж намі: закаханасць ці глыбокае пачуццё? Як не памыліцца?
А аказваецца, што трэба "проста" ўмець распазнаваць знакі Божай прысутнасці. Бо калі яна ёсць, можна будаваць далей, можна абяцаць сабе ўзаемную любоў, можна застацца "трывалым саюзам мужчыны і жанчыны", а не саюзам жанчыны і дзяцей, мужчыны і ягоных сяброў, жанчыны і кар'еры і г.д.
"...фундаментам з’яўляецца вернасць Бога, якая мацней за ўсе нашыя слабасці." Таму Божая прысутнасць, Божая любоў не выветрыцца, колькі б год не праляцела над сям'ёй і колькі б горычы не спазналі мужчына і жанчына.
Вера пашырае прастору жыцця... Жыцця ўласнага і жыцця іншага чалавека, калі ж мы ўсе звязаныя нябачнымі ніткамі. Сям'я як пакліканне да любові і даверу – сапраўды, адкрываюцца бясконцыя гарызонты.
No comments:
Post a Comment