26/12/2013

Майдан. Неба над і неба побач

У панядзелак 23-га – ненаўмысна, але з аказіяй – паўдня прабыла на кіеўскім майдане Незалежнасці. А на нешматлікіх здымках, па большай частцы, неба – над плошчай, над Дняпром, над вакзалам. А ва ўспамінах – шчырасць і вольнасць. Калі падыходзіш да майдана, бачыш барыкады. Ствараецца ўражанне, што людзі ўзвялі агароджу ад усяго свету. Але насамрэч, уваход і выхад вольны, і менавіта ўнутры існуе прастора, дзе няма межаў і муроў паміж людзьмі, дзе прысутнасць чалавека і ёсць праверкай на сапраўднасць. Чаму ты тут стаіш? Чаго ты хочаш? Навошта? За каго, за якую будучыню? Што далей? І адказы патрабуюць ад кожнага чалавека шчырасці. І ад тых, хто прыехаў ненадоўга здалёк, і ад сталых удзельнікаў. І ад святароў таксама. Пад самай стэлай стаіць грэка-каталіцкая капліца-намёт. Унутры – прыцемак. Пад нагамі – бетонныя пліты майдана. Крыж, стол, некалькі іконаў са свечкамі пад імі, печка-буржуйка. Хрыстос і Маці Божая ў дрыготкім святле. І святары, сёстры, звычайныя веруючыя, якія на галасы спяваюць малебны. На фоне прамоў, што гучаць са сцэны, тут – ціхае "Маці, ты ведаеш нашае гора..." Побач, так блізка...


З усяго, што адбывалася днём – вольны мікрафон для любога, хто меў нешта сказаць ці заспяваць, прачытаць свой верш. Але варта адыйсці на два-тры кварталы, дзе горад займаецца сваімі звычайнымі справамі – і нечага не хапае. Нібыта жыццё сканцэнтравана там, дзе яго бароняць мяхамі са снегам, старымі шынамі і дошкамі чуйныя людзі ў аранжавых касках.

Неба не толькі над галавой, але і ў тых людзях, якія налівалі гарачую гарбату, віталіся проста так, усміхаліся часам толькі аднымі вачыма. Я няшмат там паспела ўбачыць з усяго, што яны робяць адзін для аднаго. Варожасці і нянавісці – зусім не. Але магчыма, тыя, што пры ўладзе, нешта такое адчуваюць...

Украіна побач з намі. Як сказаў адзін стары на кіеўскім вакзале перад ад'ездам: "Цяжка выбіцца на волю, думаць сваёй галавой... Мы 300 гадоў пад манголам, 300 – пад палякам, 300 – пад рускім. Але глядзі – ёсць жа людзі!" Ці ўвогуле бываюць лёгкія шляхі да ...неба?











No comments:

Post a Comment