10/03/2020

Пошук Божай волі са св. Ігнацыем Лаёлам

Доўгі час св. Ігнацый шукаў спаўнення толькі ўласнай волі. Хацеў здабыць вайсковую славу, поспех пры каралеўскім двары ды ў жанчын, марыў праславіць свой шляхецкі род і, магчыма, стаць у шэраг славутых продкаў, каб пра яго з гонарам апавядалі нашчадкі. І вось, пра яго, заснавальніка ордэна езуітаў, сапраўды апавядаюць амаль паўтысячы гадоў – не толькі ў сям’і Лаёла і нават не толькі ў краіне баскаў, але па ўсім свеце: хтосьці з захапленнем і ўдзячнасцю, хтосьці з варожасцю і непрыняццем. Але ўся гэтая славутасць “здарылася” з ім толькі таму, што выбраў Божую волю замест сваёй.

Ігнацый Лаёла нарадзіўся ў 1491 годзе. З юнацтва служыў пры каралеўскім двары. Малады мужчына не быў асабліва набожным і разважным, ажно пакуль цяжкае раненне ў нагу падчас абароны Памплоны ў маі 1521 года не прыкавала яго да ложка на доўгі і пакутлівы час рэабілітацыі. Прыйшла самота, боль, думкі, у якіх імкнуўся схавацца. А таксама кнігі, якіх не выбраў бы сам, але іншых не было: аб жыцці Езуса Хрыста і вялікіх святых.

У дарозе са св. Дамінікам

"Усе людзі былі ахоплены яго міласэрнасцю; і, любячы ўсіх, ён сам быў любімы ўсімі…Аб’яўляў гэта сваім правам – радавацца з тымі, хто радуецца, і плакаць з тымі, хто плача”, – пісаў аб заснавальніку ордэна дамініканцаў яго наступнік бл. Ёрдан Саксонскі. Дамінік Гусман нарадзіўся прыкладна ў 1170 годзе ў Калеруэга (Іспанія).

Паходзіў са старажытнага шляхецкага роду. Традыцыя сцвярджае, што маці перад яго нараджэннем убачыла сон: сабака з палаючай паходняй бяжыць і “запальвае свет”. Сапраўды, усё жыццё св. Дамінік не пазбягаў цемры, а наадварот, імкліва ішоў ёй насустрач.

Жыццяпісы св. Дамініка адрозніваюцца між сабой стылем і танальнасцю. Ёсць упэўненыя і паслядоўныя: вырашыў, здзейсніў, заснаваў, даручыў і г. д. Ёсць больш сціплыя, якія дадаюць да звестак “верагодна”, “мяркуецца”, “паводле легенды”. Трапіўся адзін невялікі аповед, у якім было кароткае, але вымоўнае слова – спачуванне. Яно вельмі шмат гаворыць аб постаці св. Дамініка, які за свае 50 гадоў здзейсніў так шмат для Касцёла і свету.

Несумненна, дзівам было б знайсці святога, які б не спачуваў іншым людзям. І Дамінік не быў выключэннем. Аднойчы, калі ён вучыўся ў “школах Паленсіі”, у краіне здарыўся голад. Для юнака гэта стала не толькі моцным перажываннем, але і пабуджэннем да дзеяння – ён прадаў усё, што меў, нават свае каштоўныя манускрыпты, патрэбныя для навучання. Яны маглі стаць святлом розуму, але Дамінік скіраваўся туды, дзе паміраюць з голаду.

Пазней спагада да людзей, якія цярпелі ад духоўнага голаду на пэўных абшарах Еўропы, стала прычынай пошуку ім шляхоў адпаведнай дапамогі. Застаўся там, дзе ўбачыў цемру неадукаванасці, памылковых поглядаў, нянавісці.

Адмовіўшыся ад матэрыяльных выгодаў (нават ад коней як транспартнага сродку), Дамінік распачаў свой рух – з горада ў горад, пехатой, часта басанож… Існуюць сведчанні, што “дождж і іншыя нязручнасці зрывалі з яго вуснаў толькі праслаўленне Бога”.

Міласэрнасць, якой Дамінік імкнуўся ахапіць усіх, дазволіла яму і яго сябрам убачыць і выбраць шлях пераконвання, а не сілы. Той, хто шчыра суперажывае іншаму, не глядзіць звысока, але становіцца поруч. Спачуванне бачыць больш, чым іншы нават можа выказаць. Яно робіць магчымым адказ, які нараджаецца ў глыбіні сэрца.

Права “радавацца з тымі, хто радуецца, і плакаць з тымі, хто плача” мела ў Дамініку свой выток, свой зыходны пункт – любоў да Хрыста. Ён заўсёды маліўся перад Езусам укрыжаваным, але не пакінуў ніводнага твора пра малітву. Пасля смерці на аснове ўспамінаў сведкаў былі складзены знакамітыя “Дзевяць спосабаў малітвы св. Дамініка”. Падчас адной са сваіх катэхез, прысвечаных постаці гэтага святога, папа Бенедыкт XVI коратка акрэсліў іх сутнасць.

Кожны з 9-ці спосабаў малітвы адлюстроўвае глыбокі цялесна-духоўны падыход, які спрыяе засяроджанасці і руплівасці. Першыя 7 – этапы ўзрастання, як крокі на шляху да з’яднання з Богам, з Найсвяцейшай Тройцай: молячыся, св. Дамінік схіляўся ў паклоне, каб выказаць пакору; ляжаў на зямлі, каб вымаліць прабачэнне грахоў; кленчыў у пакаянні, падзяляючы цярпенні Пана; трымаў шырока распасцёртымі рукі, не зводзячы вачэй з крыжа, і сузіраў Дасканалую Любоў, глядзеў у неба, прыцягнуты рэчаіснасцю Божага свету. Ва ўсіх трох паставах цела – стоячы, укленчыўшы ці лежачы на зямлі – святы глядзеў на ўкрыжаванага Пана.

Наступны спосаб – асабістая медытацыя, падчас якой малітва станавілася яшчэ больш глыбокай, наталяючай. Пасля Літургіі гадзін і цэлебрацыі Эўхарыстыі св. Дамінік працягваў размову з Богам без абмежавання часу. Ён садзіўся ў ціхім месцы – унутрана засяроджаны, чуйны – чытаў кнігу ці пазіраў на крыж. Перажываў гэтыя хвіліны блізкасці да Бога настолькі глыбока, што яго радасць ці слёзы былі бачныя іншым. Дзякуючы медытацыі, увабраў у сябе рэчаіснасць веры. Сведкі распавядалі, што часам ён уваходзіў у пэўны экстаз, калі твар перамяняўся. Але адразу пасля таго ён з пакорай вяртаўся да паўсядзённай працы, умацаваны сілай з вышыняў.

Яшчэ адзін спосаб – малітва па дарозе з кляштара ў кляштар. Ён адмаўляў са сваімі таварышамі Ютрань, дзённыя малітвы і нешпары, а ідучы далінамі і пагоркамі, кантэмпляваў прыгажосць стварэння. Яго сэрца ўзносіла гімн праслаўлення і ўдзячнасці Богу за шматлікія дары, асабліва за найвялікшы цуд – збаўленне, прынесенае Хрыстом (катэхеза папы Бенедыкта ХVI падчас агульнай аўдыенцыі ў Кастэль Гандольфа ад 8 жніўня 2012 года).

Апошні спосаб нагадвае сучасныя пешыя пілігрымкі ў марыйныя санктуарыі. Магчыма, св. Дамінік ахвотна далучыўся б да каторай з іх, бо вельмі шанаваў Маці Божую. І аднойчы пад вечар цяжкага дня можна было б спытацца ў яго не толькі пра тое, як палюбіць усіх людзей і знайсці свой спосаб малітвы, уласны шлях спачування, але і пра тое, як застацца ў дарозе.

У працы і ў сужэнстве, у розных формах паклікання і наогул у хрысціянскім жыцці спагада і любоў дапамагаюць вырушыць у дарогу веры. Але як працягваць ісці, нягледзячы на дождж, спёку, нязручнасці, стому, роспач? Якім быў бы яго адказ?

Надрукавана ў газеце "Слова Жыцця"

05/03/2020

Плён





"Калі зерне не памрэ, то застанецца адно..." – слова "памрэ" гучыць так моцна, што засланяе сабой працяг выказвання. "Не, няхай не будзе гэтага з Табою!" А калі не будзе, то прыйдзе адзінота, разам з роспачным шкадаваннем. Захаваў зямное жыццё, але толку...


Гэтыя словы аб пшанічным зярняці Езус прамаўляе пасля вядомага гучнага ўваходу ў Ерузалем, пасля прыходу элінаў з пытаннямі: карацей кажучы, пры відавочным наплыве людзей, падтрымцы. Езус не толькі не паддаецца ілюзіі натоўпу, але выразна бачыць наступствы таго ці іншага выбару. А павінна прынесці плён. Яго прадвызначэнне, яго радасць.
Людзі,здаецца, узнеслі Езуса так высока, а Ён кажа пра малое зярнятка, якое падае-ляціць з далоні Сеяцеля ў падрыхтаваную зямлю.

28/01/2020

Малітва са св. Францішкам Асізскім

Чалавек, які развівае ў сабе дух малітвы, з цягам часу адчувае ўнутраную патрэбу штосьці змяніць, знайсці лепшую форму малітвы, больш адпаведную для яго цяперашняга стану. Але такі пошук не павінен пераўтварыцца ў задавальненне ўласных амбіцый, бо не мы вызначаем час для наступнага кроку на шляху малітвы – толькі адказваем на Божае запрашэнне. Самі вобразы дарогі, узрастання, паглыблення падказваюць, што, хутчэй за ўсё, наша малітва будзе развівацца паступова, на працягу ўсяго жыцця.

Знаходзіцца “ў працэсе” – складаны выклік, трэба прызнаць, асабіста для мяне і, магчыма, для кагосьці з Вас. Хочацца атрымаць вынік ужо цяпер, а не калі-небудзь потым. Але варта прыслухвацца не толькі да сваёй нецярплівасці, але і да вопыту іншых людзей, асабліва тых, каго Касцёл абвясціў святымі і даў вернікам як прыклад для пераймання. Якое месца займала малітва ў іх жыцці? Што з іх духоўнай спадчыны мы можам запазычыць сёння?

18/12/2019

Непадзельны час

Замест таго, каб беспаспяхова дзяліць час, можа, сапраўды прызнаць, што ён прысвячаецца толькі нечаму аднаму? Марнаванню як такому, напрыклад. Бо ты альбо тут, альбо дзесьці далёка, асабліва думкамі (у іншых галактыках ці ў двары на акном ужо неістотна).

Калі ў дзень народзінаў збіраюцца да імянінніка блізкія сябры, то ўзнікаюць на парозе без спецыяльных цырымоній, нібы вяртаюцца дадому. Становіцца радасна і хораша на душы. Можна быць разам, гаварыць, святкаваць.

09/12/2019

Пра жаданні святочныя і не толькі

Жаданні павінны здзяйсняцца. Радасць, якая напаўняе сэрца, калі спаўняецца штосьці запаветнае, сведчыць аб гэтым вельмі яскрава. Яна трывае доўга, асабліва калі збываюцца жаданні глыбокія і невыказныя.

Тэма чалавечых жаданняў такая багатая і шматузроўневая, што прыйдзецца многае абмінуць, каб сказаць хоць нешта канкрэтнае. Сёння нас будзе цікавіць сувязь таго, чаго прагнем, з Божай воляй. Добра было б на самым пачатку глянуць на сваё жыццё і адзначыць, як змяняліся жаданні з часам, што сталася з дзіцячымі марамі, як досвед няшчасця або, напрыклад, бацькоўства ці іншай формы адказнасці паўплываў на нас. 

27/11/2019

Удзячнасць як выбар (+практыкаванне)


Столькі ўжо, здаецца, чытала, перакладала і пісала пра яе, але толькі з практыкай прыходзіць зразуменне, што да паставы ўдзячнасці мне яшчэ вельмі далёка. Трапілася не так даўно цудоўнае выказванне ў адным з разважанняў на "Прасторы малітвы". Брат Дэвід Штэйндл-Раст, заснавальнік сусветнага руху “Удзячнасць”, піша, што “корань радасці – удзячнасць... Не радасць робіць нас удзячнымі, а якраз удзячнасць робіць нас радаснымі".

Сапраўды, шукаць карані радасці не заўсёды прыйдзе ў галаву. Як добра, то і добра, дзякуй Богу. А вось калі нешта не так, то прыходзіцца разбірацца (калі не ўдаецца пазбавіцца непрыемнасці адным махам). Так, карані ёсць, хоць і нябачныя. І па ўсім выходзіць, што чалавек можа выбіраць "насенне", якое пусціць карані і даць адпаведныя ўсходы. Часам кажуць, што хтосьці сее вакол сябе радасць. Гэта ўжо бачны іншым учынак, а вось калі і як сеецца ўнутраная ўдзячнасць? Непрыкметная з'ява, але такая неабходная... Радаснаму чалавеку лягчэй брацца за любую справу. Лягчэй благаслаўляць, чым праклінаць. Прабачаць і каяцца, трымаць абяцанні, знаходзіць нестандартныя рашэнні, заўважаць, як Бог адчыняе вокны там, дзе зачыняюцца дзверы.

І на першым кроку рахунку сумлення трэба дзякаваць, а не шкадаваць. "Насенне" ляціць у глыбіню сэрца, губляецца, здавалася б, але дарэмна сядзець і ўглядацца, калі ж там з'явяцца парасткі радасці. Як і трава вясной, невядома, як яна расце.

19/11/2019

Малітва на парозе дня

Позняй восенню, калі ночы робяцца даўжэйшымі, большасць з нас адкрывае вочы задоўга да світання, у змроку. Занятыя сваімі справамі, не заўважаем, як пачынае днець – раніца мінае хутка. Але менавіта ў пачатку дня, як і перад любым важным заняткам, варта стаць перад Богам, даручаючы Яму той шлях, які маем прайсці.

Ранішні час, калі навокал яшчэ цёмна, калі адчуваеш сябе недаспаным, зрушаным з цёплага ўтульнага месца, – добры час для асабістай малітвы, роўна як і жыццёвы крызіс, змрок у душы, смутак, невядомасць. Бог прысутны побач у кожную пару, нават калі не бачым ні промня святла ў прамым і пераносным значэнні.

23/10/2019

Цуды незаўважаныя

Прачытала ў адным з каментарыяў на Евангелле паводле Марка, што напісана яно было для канкрэтнай супольнасці ды з яснай мэтай: паказаць чытачам (слухачам), што Бог можа зрабіць для іх праз Езуса, і які адказ на гэта яны могуць даць Богу. "Евангелле цудаў" называюць яшчэ гэтую кнігу.

Ах, цуды-цуды... Так, дайце іх паболей пад шэрае неба з кароткімі восеньскімі днямі, нязбытнымі памкненнямі, невыразным шэрагам аднолькавых падзей. Але хіба лёгка нам дагадзіць? Што праб'ецца скрозь няўважлівасць і зануранасць у сабе, каб мы палічылі гэта цудамі? Мы дыхаем імі, усміхаемся ім, працуем з імі, глядзім скрозь іх, прымаючы за слёзы, – і не бачым іх. 

17/10/2019

Малітва і дзеянне

Мінулым разам мы разважалі аб актуальнасці Святога Пісання. Калі чалавек успрымае Божае слова не як інфармацыю ці добрае пажаданне, але як сённяшняе пытанне, заклік, прапанову, якая прадугледжвае асабісты адказ, тады біблійны тэкст адкрывае сваё прагматычные вымярэнне, тады гэта прыносіць плён. Таму, як адзначае папа Бенедыкт XVI, “lectio divina ў сваёй дынаміцы не заканчваецца, пакуль не прывядзе да дзеяння (actio), якое чыніць, што жыццё веруючага становіцца дарам для іншых у любові” (Verbum Domini, 87).

На першы погляд, шлях ад малітвы да актыўнасці здаецца даволі кароткім: закрыў Біблію, устаў і пачаў дарыць сябе ў любові. Канешне, Бог можа даць яснае бачанне наступнага кроку, і тады важна не марудзіць і не адкладваць. Аднак звычайна нам патрэбны некаторы час і трываласць у малітве. Напэўна, многім знаёмае глыбокае выказванне св. Яна ад Крыжа: “Пад вечар жыцця мы будзем асуджаныя з любові”. Для любові няма дакладных вызначэнняў, але мы выдатна адчуваем, калі яе не хапае.