25/04/2019

Па дарозе ў Эмаус


Не ўсім так шчасціць – ісці ўдваіх і разважаць над агульнай бядой. Часцей чалавек гаворыць сам з сабой, маркотна шыбуючы скрозь час і прастору. Сам сабе даводзіць пра наканаванасць, сам сабе вызначае кірунак, скардзіцца на беспрытульнасць, сам з сабой раіцца, як (і ці варта) жыць далей… Раптам іншы голас спытае: “Аб чым гэта ты? Што сталася?” І сэрца здранцвее, зайшоўшыся ад болю. Расказаць каму іншаму гэтае ўсё? Каму Іншаму? (Вялікая літара ўзнікне значна пазней.)

Ці ўжо здолее той небарака разважаць не толькі з сабой, ганяючы думкі па замкнёным коле? Ці раскажа аб тым, што бяжыць, адхіснуўшыся ў жаху ад месца, дзе памерла надзея, дзе твары сяброў паглынула цемра, якой, здавалася, ужо не вярнуцца ніколі? Святла больш няма, разумееш, Падарожны? Мітусня, засцярогі і плач. Ды чуткі, якім няма веры. Не, няма веры радасным чуткам, усё дарэмна. А мы спадзяваліся, ведаеш…

“Ох, якія ж дурні ды яшчэ і маруды!” – так смешна мог бы ўсклікнуць і рассмяяцца толькі нехта найбліжэйшы, найлепшы. Здымем абутак, пачнем спачатку – ад Майсея – крок па кроку выходзіць з кола змрочных думак. Заслухаўшыся, не ўберагчы сэрца ад іскраў таго агню, які ўсё распальвае, нязгасны. Ноч падступіць, зірне ў вочы, каб спахапіліся ў апошні момант: “Застанься, пабудзь… Хоць нябачным”.

05/04/2019

Значнасць асабістага выбару

Нядаўна прачытала з цікаўнасцю, але без асаблівай увагі, каментар Кэрал Мэйерс (Carol Meyers), амерыканскай даследчыцы Бібліі, аб постацях жанчын-павітух, якія з’яўляюцца ў першым раздзеле кнігі Зыходу. У гэтыя дні нечакана актуальнасць іх павялічылася, так што мне захацелася падзяліцца некаторымі сваімі разважаннямі. Фрагмент з кнігі Зыходу – з Бібліі на падставе рукапісаў кс. У.Чарняўскага.

“І сказаў цар егіпецкі павітухам гебрайскім, адна з якіх звалася Сэфраю, другая – Пуваю, загадваючы ім: “Калі будзеце прымаць роды ў гебраяк і надыдзе час нараджэння, то глядзіце: калі будзе (дзіця) мужчынскага роду – забівайце яго; калі будзе жаночага роду – захоўвайце”. Але павітухі шанавалі Бога і не зрабілі згодна пастановы цара егіпецкага, а зберагалі хлопчыкаў. <…> Таму Бог добра абыйшоўся з павітухамі, а народ разрастаўся і рабіўся вельмі дужым; і таму, што павітухі шанавалі Бога, Ён пабудаваў ім дамы.” Зых 1, 15-21

На першы погляд, дзіўна, што кніга Зыходу не падае імені галоўнага прыгнятальніка габрэйскага народа, фараона. Але, магчыма, менавіта на забыццё і безыменнасць ён заслужыў сваімі дзеяннямі. “Аблічча Пана супраць тых, хто чыніць зло, каб памяць пра іх сцерці з зямлі” Пс 34 (33), 17.

30/03/2019

Брат



У прыпавесці пра марнатраўнага сына столькі граняў, што кожны раз можна чытаць яе, нібы ўпершыню. Здаецца, абодва сыны штосьці паспелі змарнаваць (малодшы – грошы, а старэйшы – магчымасць радавацца бацькавай прысутнасці), але, тым не менш, не здолелі страціць любові свайго бацькі, нязменнай і бязмежнай. Езус у прыпавесці звяртаецца да тых сыноў, але, па сутнасці, усе яны малодшыя. Малодшыя Яго браты, бо Ён – першынец у Айца, які гаворыць у канцы прыпавесці: “Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё – тваё”. 

Хрыстус – той брат, які выпраўляецца на пошукі малодшага. Таго, які хацеў устаць і пайсці да Айца, ды так і не здолеў. Можа, яму не прыйшлося апусціцца на самае дно, дзе свінням жылося лепш, чым людзям. Можа, занямог і аслаб, забыўся пра дом… 

І вось Дзіця, якое заўсёды з Айцом, усё ж пакідае Яго, каб знайсці і вызваліць брата ад зняволення,  голаду і самотнасці. Гэты сапраўдны старэйшы Сын нябачны ў прыпавесці Езуса,  дагэтуль Ён няспынна выблытвае братоў і сясцёр з розных сілкоў і сетак, каб жаданне “Устану і пайду” не змарнела, а споўнілася. 

Кошт, які Яму прыйшлося заплаціць за вызваленне ўсіх нас, малодшых, – вельмі высокі і рэальны. Яго жыццё – за маё… Езус згадзіўся вярнуцца ў абдымкі Айца мёртвым, каб толькі ўсе мы маглі знайсціся жывымі.

06/03/2019

Не кожнае панібрацтва на карысць

Разважанні над словамі Езуса, што “лепш калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны” (Мк 9, 43-48) часта спыняюцца на фармальнай згодзе, што, канешне, лепш увайсці ў жыццё. Аднак, супрацьпастаўленне гэтых накірункаў напэўна было больш вымоўнае ў Ерузалеме таго часу. З аднаго боку палацы з іх раскошай, дагледжанасцю, духмянымі водарамі кветак, а з другога – смурод гарадскога сметніку з агнём і гніеннем адначасова. Дзе чалавеку захочацца апынуцца? Здавалася б, аж занадта відавочны выбар, але Езус не пазбягае яскравых вобразаў, карыстаецца чалавечай уражлівасцю, звяртаецца да розуму, каб чалавек выбраў добрую мэту – жыццё, і каб адчуў гэтае прагненне целам і душой,  выбраў Валадарства, куды ён запрошаны нават не на парог, але ў пакоі, як любімае дзіця.

Збавенная няздатнасць

Колькі трэба пражыць і як пасталець, каб згубіць гэты спрыт у самавыпрабаванні, якое часта завецца ў нас "вялікапоснымі пастановамі"... Збольшага ўдала датрыманыя абяцанні, уздых палёгкі на свята, пачуццё выкананага абавязку, плюсік сабе за малайцаватасць. Усё гэта трэба пакінуць, як дзіцячыя цацкі. З усмешкай і ўдзячнасцю за станоўчыя эмоцыі, але пакінуць, не браць з сабой. "Устрыманасць" – не значыць выбар нечага такога, з чым можна напэўна справіцца ўласнымі сіламі, ад чаго можна адрачыся і трымацца ўвесь пост, каб хаця не даць слабіну. Наадварот: пачаткам і трываннем трэба зрабіць сваю няздатнасць, нетрываласць. "Трэба"... Але як? Хіба хтосьці гэтаму вучыць?

Толькі кволасць будзе ў Бога шукаць падтрымкі. Толькі немач умее маліцца напоўніцу сваёй бязраднасцю. Абшары няпэўнасці і бяссілля – навошта ўваходзіць туды? Што там зведваць, чаго шукаць? Не сябе, о не. Там, на мяжы чалавечых сіл пачынае дзейнічаць Божая моц.

Калі я выпрабую сябе і пераканаюся, што магу кіравацца міласэрнасцю, маліцца і пасціць так, што не падкапаешся, то навошта мне Бог? Кім я пачну тады Яго лічыць, калі з года ў год больш-менш прыстойна спраўляюся сам? Але што, калі б Ён не тое, што захацеў мяне выпрабаваць, але адкрыў мне ўсяго краёчак праўды, як у Яго вачах выглядае мая паспяховасць у такой духоўнай "гімнастыцы"? Ці не з няўдзячнасці Богу растуць усе мае плюсы?

Таму мае сэнс вырашыцца рабіць штосьці, адразу пазначанае вялікім мінусам, калі глядзець па-чалавечы. Неабавязкова гэта штосьці значнае, часам усмешка да суседа здаецца немагчымай рэччу. Але Бог, у адрозненні ад чалавека, згодны на выпрабаванне, заахвочвае: "Выпрабуй Мяне, правер і ганарыся Мной, хваліся Маёй дапамогай". 

Калі чалавечы "мінус" сустракаецца з Хрыстовай моцай, усё змяняецца. Каб толькі прыйсці да Яго. Пад крыж.

25/02/2019

Рэха

"Кажу вам, хто слухае," – так пачынае Езус прамову аб любові да ворагаў. Здаецца, настаў момант, калі Ягоныя суразмоўцы ўжо выказаліся і цяпер вытанчылі слух, каб паслухаць. Праўда, кажуць, што нярэдка людзі слухаюць не дзеля таго, каб пачуць, а каб упэўніцца ва ўласнай рацыі, або каб лепш абараніцца перад чужым меркаваннем. Падобна ў мясцінах, дзе можна пачуць рэха, чалавек крычыць і замірае ў чаканні адказу. Ён не спадзяецца пачуць штосьці новае, але сябе самога.

Да Езуса прыходзілі тыя, хто ўжо крычаў немым шэптам да Бога, як мытнік з прыпавесці: "Будзь міласэрны да мяне, грэшнага". А што ў адказ?.. Зноў і зноў, год за годам і сотні год, не ўздымаючы вачэй, усё цішэй: "Будзь міласэрны"... і "адыходзіў апраўданы" грэшнік, але ці насамрэч адчуваў гэта? Сэрцам усё яшчэ слухае...

І адказ – як дзіўна і проста – гучыць, як рэха: "Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны." (Лк 6, 36)

На чалавечае "будзь" Бог адгукаецца – "будзь". Бог, які "ласкавы да няўдзячных і да злых", дорыць тую ж здольнасць і чалавеку. "Літасцю і міласэрнасцю цябе карануе" (Пс 103, 4).
Так маленства ставяць на ўзвышэнне не каб падмануць, што стала вялікае, а каб зручней было ўзяць яго ў абдымкі, каб пачула і ўпэўнілася ў тым, што каханае бязмяжна. І падобным чынам, аказваецца, можа паступаць з іншымі людзьмі. Толькі той, хто паслухаў, ці часта карыстаецца гэтым дарам? А ўвогуле – дазваляе сабе крыкнуць, выказацца, прашаптаць?

04/02/2019

Фасады і пячоры адной зямлі

Урывак пра здарэнне ў зямлі гадарэнаў такі вядомы, што не абяцае нічога новага ад чарговага чытання. Ды заселі ў памяці, напэўна, не апантаны нячыстым духам чалавек і не жыхары навакольных гарадоў і вёсак, але славутыя свінні, што паляцелі ў ваду невядома з якога абрыву, колькі б іх там ні было. 

Цікава, калі б човен з Хрыстом прыстаў да іншага берага, што б Ён убачыў? Дагледжаныя домікі, абвітыя зелянінай брамы і агароджы, уладкаванасць размеранага жыцця? Можа, адчуў бы зычлівасць гадарэнаў замест непрыняцця. І толькі нечый далёкі крык, удзень і ўночы, магчыма, не вязаўся б з ідыліяй. Што гадарэны адказвалі на пытанне: "Хто гэта?" Чужынцам, сваім дзецям, сабе? Хутчэй за ўсё, апантаны быў для іх увасабленнем зла. Гэта з-за яго трушчыліся ў гаспадынь талеркі, а ў мужчын не ладзілася работа, псавалася моладзь і хварэлі дзеці, – адным словам, няшчасце пад бокам. Здавалася б, усе хацелі пазбавіцца ад яго. Ці хай бы прынамсі ціха сядзеў там, у пячорах... І ўсё было б цудоўна?

27/01/2019

Свет супакою

"Калі чалавецтву неабходна пабудаваць свет супакою, толькі глыбокая кантэмпляцыя, якая сур'ёзна ўспрымае рэчаіснасць іншага і прагне даследваць нетры гэтай іншай рэчаіснасці, будзе дастаткова задавальняючым сродкам". Кэтлін Дафі

Мяне нечакана ўразіла выкарыстанне слова кантэмпляцыя ў дачыненні да іншага чалавека. Другога ўжывання як да малітвы я пра кантэмпляцыю (сузіранне) і прыдумаць не магла. Глядзець жа на іншага аж так глыбока, сур'ёзна, няспешна, уважліва, любоўна, як усё жыццё вучышся ў малітве?.. Можа, не гэта хацела сказаць аўтар? Але кантэкст пераконвае ў тым, што яна не дарэмна выбрала гэтае слова. Узроўні і мэты сузірання Бога і іншага чалавека адрозніваюцца і ў той самы час непарыўна звязаныя між сабой. Тысячагоддзі мінаюць, а людзі так і працягваюць успрымаць іншага як чужынца, пагрозу, крыніцу няпэўнасці. Хуткі позірк – ацэнка, высновы наконт велічыні небяспекі, вартасці і г.д. Каб жыць у супакоі, а не выжываць на вайне, трэба вучыцца глядзець інакш.

22/01/2019

Некалькі зярнят

Правяраючы сёння хатняе заданне па беларускай мове ў сына, прачытала прымаўку: "Адно зерне пуды прыносіць". І ўспомніла адразу тыя евангельскія зернейкі, якімі вучні сілкаваліся, праходзячы ўздоўж поля. Прыгожы вобраз і дотык і смак: зямля ды неба, каласкі ў далонях, цёплыя зярняты... Яшчэ не хлеб, не віно, і не накрытыя сталы, а ўжо пачалася радасная гасціна ў Бога. Ён корміць іх крышынкамі, патроху, і хіба што адзін ведае, які плён яны дадуць.

Часам чалавечы голад робіцца нясцерпным. Калі ён трывае доўга, то сытная ежа можа нават зашкодзіць. З голадам душы напэўна будзе гэтаксама. Здаецца, свету цэлага будзе замала, жыцця, уражанняў, пачуццяў – яшчэ і яшчэ, і да рэальнасці дайце віруальнасць. А хапіла б аднаго каласка ці зярняці з Божага стала, які Ён накрывае, дзе хоча.

15/01/2019

Розніца



Хлусні ў нашым жыцці шмат. То самі, то нас, то сябе ашукваем, то бліжніх – і ўсё гэта практычна адначасова, хоць, здаецца, ненаўмысна... Сапраўды, нават імкненне да шчырасці ўжо годнае пахвалы. На жаль, хлусня часам прымае выгляд шчырасці, і адрозніць іх вельмі складана, але істотна важна. У сённяшняй Літургіі Слова – цудоўная прапанова адчуць гэтую розніцу.

Чым ёсць чалавек, што Ты пра яго памятаеш, і сын чалавечы, што Ты ўзгадваеш пра яго? (Пс 8, 5) “Што Табе да нас?” (Мк 1, 24) – ці не пра адно і тое ж ідзе гаворка?