06/03/2019

Не кожнае панібрацтва на карысць

Разважанні над словамі Езуса, што “лепш калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны” (Мк 9, 43-48) часта спыняюцца на фармальнай згодзе, што, канешне, лепш увайсці ў жыццё. Аднак, супрацьпастаўленне гэтых накірункаў напэўна было больш вымоўнае ў Ерузалеме таго часу. З аднаго боку палацы з іх раскошай, дагледжанасцю, духмянымі водарамі кветак, а з другога – смурод гарадскога сметніку з агнём і гніеннем адначасова. Дзе чалавеку захочацца апынуцца? Здавалася б, аж занадта відавочны выбар, але Езус не пазбягае яскравых вобразаў, карыстаецца чалавечай уражлівасцю, звяртаецца да розуму, каб чалавек выбраў добрую мэту – жыццё, і каб адчуў гэтае прагненне целам і душой,  выбраў Валадарства, куды ён запрошаны нават не на парог, але ў пакоі, як любімае дзіця.

Збавенная няздатнасць

Колькі трэба пражыць і як пасталець, каб згубіць гэты спрыт у самавыпрабаванні, якое часта завецца ў нас "вялікапоснымі пастановамі"... Збольшага ўдала датрыманыя абяцанні, уздых палёгкі на свята, пачуццё выкананага абавязку, плюсік сабе за малайцаватасць. Усё гэта трэба пакінуць, як дзіцячыя цацкі. З усмешкай і ўдзячнасцю за станоўчыя эмоцыі, але пакінуць, не браць з сабой. "Устрыманасць" – не значыць выбар нечага такога, з чым можна напэўна справіцца ўласнымі сіламі, ад чаго можна адрачыся і трымацца ўвесь пост, каб хаця не даць слабіну. Наадварот: пачаткам і трываннем трэба зрабіць сваю няздатнасць, нетрываласць. "Трэба"... Але як? Хіба хтосьці гэтаму вучыць?

Толькі кволасць будзе ў Бога шукаць падтрымкі. Толькі немач умее маліцца напоўніцу сваёй бязраднасцю. Абшары няпэўнасці і бяссілля – навошта ўваходзіць туды? Што там зведваць, чаго шукаць? Не сябе, о не. Там, на мяжы чалавечых сіл пачынае дзейнічаць Божая моц.

Калі я выпрабую сябе і пераканаюся, што магу кіравацца міласэрнасцю, маліцца і пасціць так, што не падкапаешся, то навошта мне Бог? Кім я пачну тады Яго лічыць, калі з года ў год больш-менш прыстойна спраўляюся сам? Але што, калі б Ён не тое, што захацеў мяне выпрабаваць, але адкрыў мне ўсяго краёчак праўды, як у Яго вачах выглядае мая паспяховасць у такой духоўнай "гімнастыцы"? Ці не з няўдзячнасці Богу растуць усе мае плюсы?

Таму мае сэнс вырашыцца рабіць штосьці, адразу пазначанае вялікім мінусам, калі глядзець па-чалавечы. Неабавязкова гэта штосьці значнае, часам усмешка да суседа здаецца немагчымай рэччу. Але Бог, у адрозненні ад чалавека, згодны на выпрабаванне, заахвочвае: "Выпрабуй Мяне, правер і ганарыся Мной, хваліся Маёй дапамогай". 

Калі чалавечы "мінус" сустракаецца з Хрыстовай моцай, усё змяняецца. Каб толькі прыйсці да Яго. Пад крыж.

25/02/2019

Рэха

"Кажу вам, хто слухае," – так пачынае Езус прамову аб любові да ворагаў. Здаецца, настаў момант, калі Ягоныя суразмоўцы ўжо выказаліся і цяпер вытанчылі слух, каб паслухаць. Праўда, кажуць, што нярэдка людзі слухаюць не дзеля таго, каб пачуць, а каб упэўніцца ва ўласнай рацыі, або каб лепш абараніцца перад чужым меркаваннем. Падобна ў мясцінах, дзе можна пачуць рэха, чалавек крычыць і замірае ў чаканні адказу. Ён не спадзяецца пачуць штосьці новае, але сябе самога.

Да Езуса прыходзілі тыя, хто ўжо крычаў немым шэптам да Бога, як мытнік з прыпавесці: "Будзь міласэрны да мяне, грэшнага". А што ў адказ?.. Зноў і зноў, год за годам і сотні год, не ўздымаючы вачэй, усё цішэй: "Будзь міласэрны"... і "адыходзіў апраўданы" грэшнік, але ці насамрэч адчуваў гэта? Сэрцам усё яшчэ слухае...

І адказ – як дзіўна і проста – гучыць, як рэха: "Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны." (Лк 6, 36)

На чалавечае "будзь" Бог адгукаецца – "будзь". Бог, які "ласкавы да няўдзячных і да злых", дорыць тую ж здольнасць і чалавеку. "Літасцю і міласэрнасцю цябе карануе" (Пс 103, 4).
Так маленства ставяць на ўзвышэнне не каб падмануць, што стала вялікае, а каб зручней было ўзяць яго ў абдымкі, каб пачула і ўпэўнілася ў тым, што каханае бязмяжна. І падобным чынам, аказваецца, можа паступаць з іншымі людзьмі. Толькі той, хто паслухаў, ці часта карыстаецца гэтым дарам? А ўвогуле – дазваляе сабе крыкнуць, выказацца, прашаптаць?

04/02/2019

Фасады і пячоры адной зямлі

Урывак пра здарэнне ў зямлі гадарэнаў такі вядомы, што не абяцае нічога новага ад чарговага чытання. Ды заселі ў памяці, напэўна, не апантаны нячыстым духам чалавек і не жыхары навакольных гарадоў і вёсак, але славутыя свінні, што паляцелі ў ваду невядома з якога абрыву, колькі б іх там ні было. 

Цікава, калі б човен з Хрыстом прыстаў да іншага берага, што б Ён убачыў? Дагледжаныя домікі, абвітыя зелянінай брамы і агароджы, уладкаванасць размеранага жыцця? Можа, адчуў бы зычлівасць гадарэнаў замест непрыняцця. І толькі нечый далёкі крык, удзень і ўночы, магчыма, не вязаўся б з ідыліяй. Што гадарэны адказвалі на пытанне: "Хто гэта?" Чужынцам, сваім дзецям, сабе? Хутчэй за ўсё, апантаны быў для іх увасабленнем зла. Гэта з-за яго трушчыліся ў гаспадынь талеркі, а ў мужчын не ладзілася работа, псавалася моладзь і хварэлі дзеці, – адным словам, няшчасце пад бокам. Здавалася б, усе хацелі пазбавіцца ад яго. Ці хай бы прынамсі ціха сядзеў там, у пячорах... І ўсё было б цудоўна?

27/01/2019

Свет супакою

"Калі чалавецтву неабходна пабудаваць свет супакою, толькі глыбокая кантэмпляцыя, якая сур'ёзна ўспрымае рэчаіснасць іншага і прагне даследваць нетры гэтай іншай рэчаіснасці, будзе дастаткова задавальняючым сродкам". Кэтлін Дафі

Мяне нечакана ўразіла выкарыстанне слова кантэмпляцыя ў дачыненні да іншага чалавека. Другога ўжывання як да малітвы я пра кантэмпляцыю (сузіранне) і прыдумаць не магла. Глядзець жа на іншага аж так глыбока, сур'ёзна, няспешна, уважліва, любоўна, як усё жыццё вучышся ў малітве?.. Можа, не гэта хацела сказаць аўтар? Але кантэкст пераконвае ў тым, што яна не дарэмна выбрала гэтае слова. Узроўні і мэты сузірання Бога і іншага чалавека адрозніваюцца і ў той самы час непарыўна звязаныя між сабой. Тысячагоддзі мінаюць, а людзі так і працягваюць успрымаць іншага як чужынца, пагрозу, крыніцу няпэўнасці. Хуткі позірк – ацэнка, высновы наконт велічыні небяспекі, вартасці і г.д. Каб жыць у супакоі, а не выжываць на вайне, трэба вучыцца глядзець інакш.

22/01/2019

Некалькі зярнят

Правяраючы сёння хатняе заданне па беларускай мове ў сына, прачытала прымаўку: "Адно зерне пуды прыносіць". І ўспомніла адразу тыя евангельскія зернейкі, якімі вучні сілкаваліся, праходзячы ўздоўж поля. Прыгожы вобраз і дотык і смак: зямля ды неба, каласкі ў далонях, цёплыя зярняты... Яшчэ не хлеб, не віно, і не накрытыя сталы, а ўжо пачалася радасная гасціна ў Бога. Ён корміць іх крышынкамі, патроху, і хіба што адзін ведае, які плён яны дадуць.

Часам чалавечы голад робіцца нясцерпным. Калі ён трывае доўга, то сытная ежа можа нават зашкодзіць. З голадам душы напэўна будзе гэтаксама. Здаецца, свету цэлага будзе замала, жыцця, уражанняў, пачуццяў – яшчэ і яшчэ, і да рэальнасці дайце віруальнасць. А хапіла б аднаго каласка ці зярняці з Божага стала, які Ён накрывае, дзе хоча.

15/01/2019

Розніца



Хлусні ў нашым жыцці шмат. То самі, то нас, то сябе ашукваем, то бліжніх – і ўсё гэта практычна адначасова, хоць, здаецца, ненаўмысна... Сапраўды, нават імкненне да шчырасці ўжо годнае пахвалы. На жаль, хлусня часам прымае выгляд шчырасці, і адрозніць іх вельмі складана, але істотна важна. У сённяшняй Літургіі Слова – цудоўная прапанова адчуць гэтую розніцу.

Чым ёсць чалавек, што Ты пра яго памятаеш, і сын чалавечы, што Ты ўзгадваеш пра яго? (Пс 8, 5) “Што Табе да нас?” (Мк 1, 24) – ці не пра адно і тое ж ідзе гаворка? 

26/12/2018

Няспынная праца Бога


Даволі шмат год мінула з заканчэння школы, і за гэты час мяне не тое, што не цікавіла фізіка, я свядома трымалася ад яе здалёк. Але сталася так, што мяне прыцягнуў погляд П’ера Тэйяра дэ Шардэна на эвалюцыю, на яе духоўнае вымярэнне, якое ён бачыў і імкнуўся перадаць іншым. 
Неабачліва чытаць я пачала кнігу пра Тэйяра, напісаную фізікам (“Teilhard's Mysticism: Seeing the Inner Face of Evolution” Kathleen Duffy SSJ). Аўтар выбрала спосаб асягнення Духа праз пільнае ўгляданне ў матэрыю, што немагчыма зрабіць без мовы фізікі. А гэтая ўважлівасць датычыцца макра- і мікракосмасу, самых розных з’яў, таямніц, адкрыццяў, парадоксаў… Нібы хтосьці ўзяўся паказаць мне ўвесь вядомы Сусвет, не турбуючыся, што ў мяне можа закруціцца ў галаве нават ад краёчку ўбачанай бязмежнасці. Як змясціць гэта ўсё чалавечаму розуму? Гэтую “сімфонію Сусвету”? Тэйяр быў адным з тых, якім дадзена бачыць “партытуру” сімфоніі, ахапіць позіркам неверагодны “габелен” стварэння. 

13/12/2018

Быць сабой, але не ў самоце



Ён быў народжаны ў вялікай небяспецы, гэты прыгожы, як Божы дар, хлопчык, хаваны ад смерці, пушчаны па вадзе ў кошычку, уратаваны дачкой фараона, гадаваны ў палацы на ўсім гатовым. “У той час, калі ён вырас, выйшаў Майсей да братоў сваіх…” (Зых 2, 11 паводле перакладу на падставе рукапісаў кс.Уладзіслава Чарняўскага). Усе мы ўжо выраслі, выйшлі са сваіх “палацаў” дзяцінства, хто раней, хто пазней, і можам зразумець гэтае жаданне Майсея знайсціся сярод сваіх. Магчыма, гэта пошук адказу на пытанне: “Хто я?” 

Але знаёмства з рэальнасцю пачынае ён, здаецца, не вельмі ўдала. “…і ўбачыў смутак іх, і ўбачыў егіпцяніна, які біў кагосьці з гебрайскіх братоў яго” (там жа). Майсей кідаецца на дапамогу і ратуе брата. Так напісана ў Бібліі? Не, не так. “І, калі азірнуўся ён туды і сюды і ўбачыў, што нікога няма, ён забіў егіпцяніна і схаваў яго ў пяску” (Зых 2,12). А на другі дзень выйшаў зноў і хацеў штосьці зрабіць, каб не сварыліся між сабой ягоныя браты. І зноў яскрава да болю ў вачах паказвае Біблія, у каго ён ператвараецца, прыводзячы пытанне брата: “Ці ты хочаш мяне забіць, як забіў егіпцяніна?” (Зых 2, 14). Нават фараон, даведаўшыся аб усім, хацеў спыніць Майсея не пакараннем, не вязьніцай, але смерцю. Аж так небяспечны зрабіўся хлопчык з добрымі намерамі? Ён вырашае ўцякаць, далей ад абодвух народаў, якія не прынялі яго. 

08/12/2018

З Табою

Які дзівосны ў вітанні анёла Габрыэля выраз "Пан з Табою"! Сцвярджэнне, суцяшэнне, абяцанне, пахвала... На што падобна гэтае "з"? На прабыванне побач, якое не нудзіць, не гняце, але ўзбагачае і сілкуе. Яно ахоплівае ўсё, што было ў мінулым, дарагія сэрцу ўспаміны, цяперашнюю радасць, імкненне заставацца разам у будучыні, нават калі яна невядомая.

Калі Пан побач, ты можаш не баяцца Яго пасланца. Не баяцца гэтаксама стаць пасланцам.

Калі Пан з Табою – чаго яшчэ трэба? Мы захапляемся Марыяй, глядзім з замілаваннем, а Яна так дасканала заўсёды прабывае з Панам, бачная з Нябачным.

І ёсць яшчэ адно адценне ў гэтай фразы, ужо не так сцісла звязанае са Звеставаннем. Вымаўленае ў форме пытання з-за глуха зачыненых дзвярэй сэрца. Так пытаюцца ў таго, хто ціха стукаецца ноччу ў шчыльна замкнёны дом. Пытаецца гаспадар, які баіцца ўпусціць абы-каго, або ўвогуле не хоча бачыць нікога, хіба што... "Пан з Табою?" - коратка спытае, прыслухоўваючыся пільна да адказу. Так, з Марыяй Пан ёсць заўсёды. Таму Яна не баіцца шукаць нас упоцемку, а нам не трэба баяцца ўпускаць Яе. Што б ні ўбачыла, Яна не завернецца і не збяжыць.