02/01/2018

Новы пачатак

Не кожны з нас можа штогод спадзявацца на новую працу, кватэру, адносіны і г.д. Хтосьці так, але не ўсе разам. Новы год такі лагодны, што прыходзіць да ўсіх, дазваляючы перажыць пачуццё навізны любому чалавеку прыкладна раз на 365 дзён.

Нехта любіць падводзіць вынікі ў канцы года, а іншы – марыць аб цудзе або ставіць перад сабой планы. Магчыма, праз год яны заменяцца месцамі ці паспрабуюць адначасова зрабіць высновы і вызначыць мэты. У кожным выпадку, гэтая нябачная мяжа паміж 31 снежня і 1 студзеня мае значэнне. Яно, праўда, можа згубіцца, калі празмерная ўвага надаецца так званай "сустрэчы Новага года" і заклапочанасці "як я сустрэну?" У рэшце рэшт, магчымасць перажыць момант новага пачатку – ужо падарунак, і яго можна проста прыняць. Гэта добры час для пытанняў, адкуль я іду і куды кіруюся, каб рушыць далей з сэрцам радасным і поўным надзеі.

01/01/2018

Перад Пастэркай

Нячаста здараецца так, што я прыходжу за паўгадзіны да святой Імшы і не павінна сачыць за дзецьмі ці яшчэ што. У Ашмянскім касцеле святога Міхала перад пастэркай апоўначы так і выйшла. Я стала ззаду за лаўкамі, глядзела на сцены ў рыштаваннях, на табернакулюм з чырвонай лямпачкай, на вялікі абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, на атынкаваныя часткі сценаў і тыя, што яшчэ чакалі аднаўлення. Пад нагамі бетон, пуста на сценах. Гірлянды на елках. Людзі збіраліся паволі, ціха маліліся, віталіся адзін з адным усмешкамі.  

Успомніла, як пісаў кс. Станіслаў Жук (працаваў да 1983 года на Вілейшчыне) сябрам пра свае самотныя вігілійныя вячэры. Пасля сціплага пасілку ён пачынаў "вандраваць", згадваючы ў думках усіх сваіх сяброў, дарагіх сэрцу людзей, аднаго па адным, сям'ю за сям'ёй... 

Вось гэты час да Імшы стаў і для мяне такой вандроўкай. Я ўспамінала блізкіх і родных, сяброў і знаёмых, лёгка, ледзь чутна дакранаючыся да іх імёнаў сваімі згадкамі, не спрабуючы давесці сабе, што ім добра ці кепска, здагадацца, чым яны займаюцца, і ці шчаслівыя яны. Любоў і цішыня, найлепшыя пажаданні, не сфармаваныя ў словы, смс, просьбы, а толькі згадкі перад Богам у сціплым касцеле, які перажывае доўгі грунтоўны рамонт. 

Нашы душы часта, а можа - заўсёды, у такім рамонце, нябачным звонку. Няма памяці, калі пачаўся, невядома, калі і чым скончыцца, калі паўстае ўнутраная святыня.

07/12/2017

Без якіх шкадаванняў будзе лепш

Нядаўна я прачытала аб адной прапанове, якая зацікавіла мяне. І вось у чым яна была: калі б вы маглі вярнуцца назад да сябе 18-гадовага альбо скочыць наперад і наведаць сябе ў 80-гадовым узросце, хто з гэтых двух хацеў бы параіць штосьці вам цяперашняму?

Для мяне больш хуткай на парады аказалася б пажылая я. Так бы мовіць, з вышыні пражытых гадоў... Менавіта ў канцы жыцця людзі часцей глядзяць назад і робць пэўныя высновы, як трэба было гэтае жыццё пражыць. Часам сустракаюцца такія тэксты, напісаныя ад імя пажылых людзей, дзе яны пішуць, аб чым яны шкадуюць, нават па пунктах: 1., 2., 3... Гэта кранальна, насамрэч, але часцей так і застаецца чужым досведам. А вось тут прапанова спытацца ў сябе: што яшчэ можна зрабіць, каб не было шкадаванняў там, у канцы майго жыцця? І за тое, што НЕ зроблена, будзе крыўдна найбольш. За час, не праведзены з блізкімі... За любоў, што не выявіла сябе ні ў словах, ні ў чынах... За непачутыя жаданні сэрца... За жыццё, "пражытае напалову", без мэты, без ахвяры... За недавер да Божай любові...

28/11/2017

Планы на Адвэнт

Для тых, хто лічыць найлепшай імправізацыю добра запланаваную, карыснымі могуць стаць гэтыя падказкі. Яны трапілі на вочы, калі я шукала ў Сеціве ідэі для адвэнтавага календара. Нават перакладаючы, я ўжо крыху перапрацавала іх. Таму, вядома, справы і дзеянні можна падладзіць да сваіх патрэбаў, магчымасцяў і жаданняў; няхай прапанаваны спіс стане першым крокам. Такім чынам, лічбы - гэта снежаньскія даты:

23/11/2017

Мацней


Яшчэ мацней любіш тады, калі іншы адкрывае табе свае слабасці, сваю крохкасць, зламанасць. Калі гэта сапраўдная любоў. Горкі досвед часта – ды не, амаль заўсёды, – падказвае, што праўда можа быць небяспечнай, што той, каму даверышся, адхіснецца ад цябе, як ад уцелаўлёнага зла. Але сэрца чалавека ўчынена так, што любоў узрастае. Можа, таму што "па вобразе і падабенстве Божым"? Але тады чаму мы стараемся "павярнуцца" да Бога сваім лепшым бокам нават падчас індывідуальнай малітвы?

Мы ж разумеем марнасць сваіх намаганняў, але так спакайней. А хутчэй за ўсё, стараемся не зразумець, што робім, а апраўдацца: "...бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш чаго не клаў, і жнеш чаго не сеяў" Лк 19, 11–28. Так тлумачыўся слуга з адной мінай, вяртаючы яе гаспадару. Мне чуецца нейкая пагарда ў гэтым жэсце. "Ты даў мне тое, чаго я не прасіў. Я не разумею, чаго ты хочаш. Я не буду рабіць тое, чаго не разумею, бо..." І так бясконца ён загортвае і загортвае ў непатрэбныя апраўданні даверанае яму багацце, нібы ў ласкуты, якія ўпарта распаўзаюцца ў руках. Ён не кажа, што лічыць сябе бездапаможным і няздатным клапаціцца пра гаспадарскія грошы. Слуга нібы адказвае на пытанне Езуса: "Кім вы лічыце Мяне?"

01/11/2017

"У Бога нічога не страчана"



Ва ўрачыстасць Усіх Святых з года ў год успамінаюцца звычайныя людзі з майго дзяцінства, якіх я бачыла ў касцеле. У савецкі час сталая прысутнасць там сама па сабе значыла шмат, а тым больш калі людзі часта дапамагалі пры касцеле, спявалі ў хоры, уваходзілі ў склад касцельнага камітэту, адмаўляліся ад нейкіх вышэйшых пасадаў, калі дзеля патрабавалася ўступленне ў партыю, не згаджаліся даносіць на іншых, нягледзячы на пагрозы. 

Вядома, пры дзецях такія справы не абмяркоўваліся, і сябры маіх бацькоў былі для мяне проста добрымі цікавымі дарослымі. І таму я не магу ўспамінаць тое, што зразумела, калі іх не стала. Гледзячы на іх тады, я бачыла, што калі робіш штосьці для касцёла, рабі дбайна і рупліва. Калі молішся, будзь засяроджаным і верным. Калі хочаш спяваць у хоры, яўляйся на рэпетыцыі, прыслухоўвайся да іншых, каб гучаў хор і гармонія, а не твой голас, хай сабе і цудны. Калі маеш у гародзе прыгожыя кветкі, прынясі ў касцёл. Лепш прабачыць, чым злавацца. Калі штосьці ведаеш, не пляткуй. Калі ксёндз спазняецца, не нервуйся, а маліся. У Касцеле шмат святых, пра якіх можна прачытаць у кніжачцы, і Андрэй Баболя, пра якога мне раскажуць, калі вырасту. Атрымліваецца доўгі допіс, а гэта ж далёка не ўсё. З гэтымі, як кажуць, ананімнымі святымі я магла ўбачыць, што ў касцеле ёсць склеп і гарышча, прыгожыя ўрачыстасці і будзённая да іх падрыхтоўка, супольнасць і праца незаменных адзінак, імкнулася зразумець таямніцу прабачэння найцяжэйшых крыўдаў, адчула сілу іх малітвы ў складаных справах. Доўгі час усё гэта багацце ўспрымалася як належнае і малазначнае, на жаль. 

Такі дзень, як сённяшняя ўрачыстасць - нагода сапраўды ўспомніць, што мы верым у “еднасць святых”, якая не павінна занікаць і губляцца з нашай свядомасці разам з адыходам іх у вечнасць.

30/10/2017

Непрывабны выгляд прыхаваных згрызотаў

У спартыўнай медыцыне часта выкрыстоўваюць так званыя тэйп-стужкі. Кінэзіятэйпінг (накладанне гэтых эластычных стужак) дапамагае натуральнаму працэсу рэабілітацыі цягліц і суставаў тым, што захоўвае іх у супакоі, не абмяжоўваючы руху цела чалавека. Гэты сродак выкарыстоўваецца для паспяховага лячэння розных артапедычных, нервова-цягліцавых і неўралагічных захворванняў.

Добрая, адным словам, рэч, але сёння ўзгадаліся мне гэтыя стужкі ў якасці сумнага адлюстравання таго, што можа адбывацца з чалавекам у духоўным жыцці. Урывак Евангелля пра аздараўленне жанчыны, якая 18 год не магла выпрастацца. "А гэтую дачку Абрагама, якую звязаў сатана ўжо васемнаццаць гадоў назад, ці не трэба было вызваліць ад гэтых путаў у дзень шабату?" (Лк 13, 10–17).

Што гэта за путы, якія не замінаюць рухацца, але паволі хіляць да зямлі ніжэй і ніжэй? Яны нябачныя, не маюць такіх яркіх колераў, як тэйпы, але ж неадчэпныя, моцныя, клейкія. Ох, падазраю, што кожнаму яны знаёмыя ў той ці іншай ступені.

16/10/2017

Вольныя сэрцы

У дзень вялікай радасці, калі дах здаецца зараз сарвецца і рынецца ўпрочкі, хочацца, каб усе-усе былі шчаслівыя. Ну, вось, каб кожны чалавечак, асабліва родныя і сябры. І каб яны ад шчасця свяціліся і смяяліся, каб частаваліся лепшымі стравамі і напоямі, каб забыліся з гэтага дня на ўсе свае нягоды. І на гасціну для іх не шкада ні капейчыны, ні сіл.

А яны, самыя блізкія, не прыйшлі. Штосьці знайшлося важнейшае, чым сэрца іх сябра. Страшна занятыя людзі. Некаторыя палічылі сваю згоду адгукнуцца на запрашэнне немагчымай настолькі, што скрыўдзілі пасланых за імі слугаў.

І гэты вялікі стол, выгодныя крэслы, дзівосныя кветкі, палаючыя паходні, музыка, пахі – навошта гэта ўсё без гасцей? Навошта ўсё, калі ніводная жывая душа не ўзрадуецца гэтаму, не пакаштуе, не заспявае і не затанцуе? Сум працінае сэрца...

Але Езус абяцае, што неўзабаве збяруцца на гэты баль вясёлыя госці, удзячныя, смяшлівыя, ахвотныя да спеваў і танцаў, да размоў і слухання. Яны запоўняць гэтыя залі і гасцёўні, лужкі ды алеі. І будзе любоў панаваць між імі, і ўсе свае беды забудуцца ад шчасця. І сустракаць іх адкрытыя ўдзячныя позіркі Валадару будзе так цудоўна.

Пакуль адно сэрца не нагадае тых, хто не прыйшоў. На той вячэры не будзе нічога схаванага, хіба яго не папярэдзілі? Сэрца, сціснутае да самых найменшых памераў, каб не змясцілася там нічога, апроч падтрымання свайго жыцця. дзе найменшая спагада да іншага адразу вымятаецца прэч, дзе жаданне любіць зруйнавана, прагненне любові задушана, сляды жывой радасці сцёртыя з памяці. Насцярожана пазірае з-за сваіх муроў. Які жалосны выгляд у гэтага сэрца, што палюбіла свой дрот, якім даўно апутана, якое не верыць, што яго запрасілі з любові. Чым вызваліцца яно? Якія пакутлівыя шляхі павінна яшчэ прайсці? Ці здолее сваімі, не чужымі слязамі, адмыць вопратку сэрца?

06/10/2017

Паслухай

Ёсць у Евангеллі радкі, якія я звычайна чытаю хутчэй за іншыя, нібы стараючыся бачком-бачком асцярожна абыйсці іх і рушыць далей – да цудаў, сустрэч, прыпавесцяў. Адзін з такіх урыўкаў:
"Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо, калі б у Тыры і Сідоне былі цуды, што сталіся сярод вас, то яны даўно б, седзячы ў мешкавіне і ў попеле, пакаяліся. Але Тыру і Сідону лепш будзе на судзе, чым вам. І ты, Кафарнаум, што аж да неба будзеш узвышаны, аж да адхлані сыдзеш." Лк 10, 13–15
Няўтульна з гэтым папярэджаннем, невядома, што з ім рабіць, як успрымаць, а прымерыўшы на сябе, як выкручвацца і рабіць выгляд, што не мяне датычыць і таму падобнае. Але гады ідуць, і перажыты досвед – менавіта, горкі – наступстваў сваёй непаслухмянасці, няўважлівасці, абыякавасці да Божых слоў, вучыць спыніцца на гэтым урыўку.

Уявім сабе вялікую ўніверсітэцкую аўдыторыю, запоўненую людзьмі, якія прыйшлі паслухаць вельмі выбітнага лектара, доўгачаканага, адзначанага як пахвальнымі, так і крытычнымі водгукамі, і проста ўлюбёнага прафесара многіх студэнтаў. Калі верыць аповедам, лектар закране пытанні, ад адказаў на якія залежыць жыццё кожнага чалавека. Вельмі верагодна, што студэнты выйдуць пасля яе іншымі людзьмі. Яна будзе унікальнай, другі раз такой не пачуеш. Нідзе. Хіба ў пераказе іншых, але відавочна ад гэтага яна многае страціць. Адным словам, шкада таго небараку, які яе прапускае, бо раптам захварэў, напрыклад.

21/09/2017

Зрушаны з месца

Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Мц 9, 9

Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека. У яго было імя, працоўнае месца... Гісторыя жыцця  дапамагла б зразумець нам, што ён за чалавек, і як стаў тым, ад каго адводзілі позірк паважаныя людзі горада. А ці залежыла яму на чужых меркаваннях? Чаго наогул ён саромеўся? Аб чым ён марыў? На што спадзяваўся? Таямніца. Ведаючы так мала пра Мацвея, кожны з нас можа апынуцца на той вуліцы, дзе праходзіў Езус. Не з нейкай салідарнасці з "мытнікамі і грэшнікам", а так па шчырасці.

"Ідзі за Мной" многія людзі перажываюць у сваім жыцці вельмі глыбока і выразна, вырушаюць за гэтым заклікам рашуча, аддана. Святло і моц аднаго кароткага імгнення доўжацца гадамі... Але лепш, калі гэтае запрашэнне становіцца паўсядзённасцю. Для Езуса так і было (і ёсць!). Каб абраць семдзесят вучняў, трэба было паклікаць нашмат больш, а маючы час – нават кожнага. Ты, і ты, і вось ты – ідзі за Мной.

Езус першы робіць крок да чалавека, кліча за Сабой. Ён так прагне ўбачыць узаемны рух чалавечага сэрца, каб, сустрэўшыся, далей ісці разам. Не адзін тыдзень, не месяц. Той самы выбар – ісці ці застацца – з'явіцца зноў і зноў, з кожным новым днём, з кожным скрыжаваннем жыццёвых шляхоў, думак, абставін. Што ты выбераш? Каго будзеш слухаць? Нябачнае чужому воку рашэнне прымае чалавек. А потым вырушае ў дарогу, імкнецца прабачыць, выканаць працу сумленна, захаваць вернасць, прыйсці з дапамогай, любіць мацней. "Ісці за Хрыстом" – значыць, выбраць той шлях, якім Ён ідзе першы. Гэта таксама азначае, што на ім няма няпраўды, падступнай згубнай пасткі, хоць і асаблівых выгодаў чакаць не варта.

Дзе б ты не быў цяпер, на якім бы ўбогім ці раскошным месцы ні сядзеў, ты – невядомы для многіх, але ўбачаны Езусам, які праходзіць побач.