06/10/2017

Паслухай

Ёсць у Евангеллі радкі, якія я звычайна чытаю хутчэй за іншыя, нібы стараючыся бачком-бачком асцярожна абыйсці іх і рушыць далей – да цудаў, сустрэч, прыпавесцяў. Адзін з такіх урыўкаў:
"Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо, калі б у Тыры і Сідоне былі цуды, што сталіся сярод вас, то яны даўно б, седзячы ў мешкавіне і ў попеле, пакаяліся. Але Тыру і Сідону лепш будзе на судзе, чым вам. І ты, Кафарнаум, што аж да неба будзеш узвышаны, аж да адхлані сыдзеш." Лк 10, 13–15
Няўтульна з гэтым папярэджаннем, невядома, што з ім рабіць, як успрымаць, а прымерыўшы на сябе, як выкручвацца і рабіць выгляд, што не мяне датычыць і таму падобнае. Але гады ідуць, і перажыты досвед – менавіта, горкі – наступстваў сваёй непаслухмянасці, няўважлівасці, абыякавасці да Божых слоў, вучыць спыніцца на гэтым урыўку.

Уявім сабе вялікую ўніверсітэцкую аўдыторыю, запоўненую людзьмі, якія прыйшлі паслухаць вельмі выбітнага лектара, доўгачаканага, адзначанага як пахвальнымі, так і крытычнымі водгукамі, і проста ўлюбёнага прафесара многіх студэнтаў. Калі верыць аповедам, лектар закране пытанні, ад адказаў на якія залежыць жыццё кожнага чалавека. Вельмі верагодна, што студэнты выйдуць пасля яе іншымі людзьмі. Яна будзе унікальнай, другі раз такой не пачуеш. Нідзе. Хіба ў пераказе іншых, але відавочна ад гэтага яна многае страціць. Адным словам, шкада таго небараку, які яе прапускае, бо раптам захварэў, напрыклад.



Калі гэты лектар з'явіцца перад сабранымі, несумненна, усе позіркі будуць скіраваныя на яго. А ён паглядзіць на кожнага асобна так, нібы той – адзіны ў свеце, як умеюць гэта рабіць добрыя настаўнікі і любячыя бацькі. І калі ў адказ на позірк любові некаторыя адвернуцца, сыдуць, займуцца сваімі справамі, лекцыя будзе працягвацца, але пачуюць яе толькі тыя, якія слухаюць.

Штодня раніцай пачынаецца ўнікальная лекцыя Божай любові – для вялікай аўдыторыі і асабіста для кожнага чалавека. Узнёслыя хвіліны дня і цяжкія вучаць нечаму новаму, нагадваюць незасвоенае старое, дасканаляць атрыманыя веды і ўменні. Асаблівай увагі заслугоўваюць "нязручныя" людзі, падзеі, усе памылкі і няўдачы. Калі наважыцца ўвечары азірнуцца на пражыты дзень (ах, як настойліва Касцёл раіць гэта рабіць!), то менавіта на іх сапраўды можна навучыцца вельмі многаму.

Настаўнік ні на імгненне не адводзіць свайго любячага позірку. Толькі слухачы – назавём іх Харазін, Бэтсаіда, Кафарнаум, – у пэўны момант адварочваюцца, зачыняюць сэрцы і вушы, камбінуюць нешта сваё. Езус за такое захаванне не абяцае ім гора. Ён бачыць іх вечары пасля "сваім адумам" пражытых дзён. Магчыма, толькі Ён і бачыць іх спусташэнне, іх зруйнаванасць, іх пекла. Любімыя дзеці ў даліне ценю – як Яму глядзець на гэта спакойна?..

No comments:

Post a Comment