07/12/2017

Без якіх шкадаванняў будзе лепш

Нядаўна я прачытала аб адной прапанове, якая зацікавіла мяне. І вось у чым яна была: калі б вы маглі вярнуцца назад да сябе 18-гадовага альбо скочыць наперад і наведаць сябе ў 80-гадовым узросце, хто з гэтых двух хацеў бы параіць штосьці вам цяперашняму?

Для мяне больш хуткай на парады аказалася б пажылая я. Так бы мовіць, з вышыні пражытых гадоў... Менавіта ў канцы жыцця людзі часцей глядзяць назад і робць пэўныя высновы, як трэба было гэтае жыццё пражыць. Часам сустракаюцца такія тэксты, напісаныя ад імя пажылых людзей, дзе яны пішуць, аб чым яны шкадуюць, нават па пунктах: 1., 2., 3... Гэта кранальна, насамрэч, але часцей так і застаецца чужым досведам. А вось тут прапанова спытацца ў сябе: што яшчэ можна зрабіць, каб не было шкадаванняў там, у канцы майго жыцця? І за тое, што НЕ зроблена, будзе крыўдна найбольш. За час, не праведзены з блізкімі... За любоў, што не выявіла сябе ні ў словах, ні ў чынах... За непачутыя жаданні сэрца... За жыццё, "пражытае напалову", без мэты, без ахвяры... За недавер да Божай любові...

28/11/2017

Планы на Адвэнт

Для тых, хто лічыць найлепшай імправізацыю добра запланаваную, карыснымі могуць стаць гэтыя падказкі. Яны трапілі на вочы, калі я шукала ў Сеціве ідэі для адвэнтавага календара. Нават перакладаючы, я ўжо крыху перапрацавала іх. Таму, вядома, справы і дзеянні можна падладзіць да сваіх патрэбаў, магчымасцяў і жаданняў; няхай прапанаваны спіс стане першым крокам. Такім чынам, лічбы - гэта снежаньскія даты:

23/11/2017

Мацней


Яшчэ мацней любіш тады, калі іншы адкрывае табе свае слабасці, сваю крохкасць, зламанасць. Калі гэта сапраўдная любоў. Горкі досвед часта – ды не, амаль заўсёды, – падказвае, што праўда можа быць небяспечнай, што той, каму даверышся, адхіснецца ад цябе, як ад уцелаўлёнага зла. Але сэрца чалавека ўчынена так, што любоў узрастае. Можа, таму што "па вобразе і падабенстве Божым"? Але тады чаму мы стараемся "павярнуцца" да Бога сваім лепшым бокам нават падчас індывідуальнай малітвы?

Мы ж разумеем марнасць сваіх намаганняў, але так спакайней. А хутчэй за ўсё, стараемся не зразумець, што робім, а апраўдацца: "...бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш чаго не клаў, і жнеш чаго не сеяў" Лк 19, 11–28. Так тлумачыўся слуга з адной мінай, вяртаючы яе гаспадару. Мне чуецца нейкая пагарда ў гэтым жэсце. "Ты даў мне тое, чаго я не прасіў. Я не разумею, чаго ты хочаш. Я не буду рабіць тое, чаго не разумею, бо..." І так бясконца ён загортвае і загортвае ў непатрэбныя апраўданні даверанае яму багацце, нібы ў ласкуты, якія ўпарта распаўзаюцца ў руках. Ён не кажа, што лічыць сябе бездапаможным і няздатным клапаціцца пра гаспадарскія грошы. Слуга нібы адказвае на пытанне Езуса: "Кім вы лічыце Мяне?"

01/11/2017

"У Бога нічога не страчана"



Ва ўрачыстасць Усіх Святых з года ў год успамінаюцца звычайныя людзі з майго дзяцінства, якіх я бачыла ў касцеле. У савецкі час сталая прысутнасць там сама па сабе значыла шмат, а тым больш калі людзі часта дапамагалі пры касцеле, спявалі ў хоры, уваходзілі ў склад касцельнага камітэту, адмаўляліся ад нейкіх вышэйшых пасадаў, калі дзеля патрабавалася ўступленне ў партыю, не згаджаліся даносіць на іншых, нягледзячы на пагрозы. 

Вядома, пры дзецях такія справы не абмяркоўваліся, і сябры маіх бацькоў былі для мяне проста добрымі цікавымі дарослымі. І таму я не магу ўспамінаць тое, што зразумела, калі іх не стала. Гледзячы на іх тады, я бачыла, што калі робіш штосьці для касцёла, рабі дбайна і рупліва. Калі молішся, будзь засяроджаным і верным. Калі хочаш спяваць у хоры, яўляйся на рэпетыцыі, прыслухоўвайся да іншых, каб гучаў хор і гармонія, а не твой голас, хай сабе і цудны. Калі маеш у гародзе прыгожыя кветкі, прынясі ў касцёл. Лепш прабачыць, чым злавацца. Калі штосьці ведаеш, не пляткуй. Калі ксёндз спазняецца, не нервуйся, а маліся. У Касцеле шмат святых, пра якіх можна прачытаць у кніжачцы, і Андрэй Баболя, пра якога мне раскажуць, калі вырасту. Атрымліваецца доўгі допіс, а гэта ж далёка не ўсё. З гэтымі, як кажуць, ананімнымі святымі я магла ўбачыць, што ў касцеле ёсць склеп і гарышча, прыгожыя ўрачыстасці і будзённая да іх падрыхтоўка, супольнасць і праца незаменных адзінак, імкнулася зразумець таямніцу прабачэння найцяжэйшых крыўдаў, адчула сілу іх малітвы ў складаных справах. Доўгі час усё гэта багацце ўспрымалася як належнае і малазначнае, на жаль. 

Такі дзень, як сённяшняя ўрачыстасць - нагода сапраўды ўспомніць, што мы верым у “еднасць святых”, якая не павінна занікаць і губляцца з нашай свядомасці разам з адыходам іх у вечнасць.

30/10/2017

Непрывабны выгляд прыхаваных згрызотаў

У спартыўнай медыцыне часта выкрыстоўваюць так званыя тэйп-стужкі. Кінэзіятэйпінг (накладанне гэтых эластычных стужак) дапамагае натуральнаму працэсу рэабілітацыі цягліц і суставаў тым, што захоўвае іх у супакоі, не абмяжоўваючы руху цела чалавека. Гэты сродак выкарыстоўваецца для паспяховага лячэння розных артапедычных, нервова-цягліцавых і неўралагічных захворванняў.

Добрая, адным словам, рэч, але сёння ўзгадаліся мне гэтыя стужкі ў якасці сумнага адлюстравання таго, што можа адбывацца з чалавекам у духоўным жыцці. Урывак Евангелля пра аздараўленне жанчыны, якая 18 год не магла выпрастацца. "А гэтую дачку Абрагама, якую звязаў сатана ўжо васемнаццаць гадоў назад, ці не трэба было вызваліць ад гэтых путаў у дзень шабату?" (Лк 13, 10–17).

Што гэта за путы, якія не замінаюць рухацца, але паволі хіляць да зямлі ніжэй і ніжэй? Яны нябачныя, не маюць такіх яркіх колераў, як тэйпы, але ж неадчэпныя, моцныя, клейкія. Ох, падазраю, што кожнаму яны знаёмыя ў той ці іншай ступені.

16/10/2017

Вольныя сэрцы

У дзень вялікай радасці, калі дах здаецца зараз сарвецца і рынецца ўпрочкі, хочацца, каб усе-усе былі шчаслівыя. Ну, вось, каб кожны чалавечак, асабліва родныя і сябры. І каб яны ад шчасця свяціліся і смяяліся, каб частаваліся лепшымі стравамі і напоямі, каб забыліся з гэтага дня на ўсе свае нягоды. І на гасціну для іх не шкада ні капейчыны, ні сіл.

А яны, самыя блізкія, не прыйшлі. Штосьці знайшлося важнейшае, чым сэрца іх сябра. Страшна занятыя людзі. Некаторыя палічылі сваю згоду адгукнуцца на запрашэнне немагчымай настолькі, што скрыўдзілі пасланых за імі слугаў.

І гэты вялікі стол, выгодныя крэслы, дзівосныя кветкі, палаючыя паходні, музыка, пахі – навошта гэта ўсё без гасцей? Навошта ўсё, калі ніводная жывая душа не ўзрадуецца гэтаму, не пакаштуе, не заспявае і не затанцуе? Сум працінае сэрца...

Але Езус абяцае, што неўзабаве збяруцца на гэты баль вясёлыя госці, удзячныя, смяшлівыя, ахвотныя да спеваў і танцаў, да размоў і слухання. Яны запоўняць гэтыя залі і гасцёўні, лужкі ды алеі. І будзе любоў панаваць між імі, і ўсе свае беды забудуцца ад шчасця. І сустракаць іх адкрытыя ўдзячныя позіркі Валадару будзе так цудоўна.

Пакуль адно сэрца не нагадае тых, хто не прыйшоў. На той вячэры не будзе нічога схаванага, хіба яго не папярэдзілі? Сэрца, сціснутае да самых найменшых памераў, каб не змясцілася там нічога, апроч падтрымання свайго жыцця. дзе найменшая спагада да іншага адразу вымятаецца прэч, дзе жаданне любіць зруйнавана, прагненне любові задушана, сляды жывой радасці сцёртыя з памяці. Насцярожана пазірае з-за сваіх муроў. Які жалосны выгляд у гэтага сэрца, што палюбіла свой дрот, якім даўно апутана, якое не верыць, што яго запрасілі з любові. Чым вызваліцца яно? Якія пакутлівыя шляхі павінна яшчэ прайсці? Ці здолее сваімі, не чужымі слязамі, адмыць вопратку сэрца?

06/10/2017

Паслухай

Ёсць у Евангеллі радкі, якія я звычайна чытаю хутчэй за іншыя, нібы стараючыся бачком-бачком асцярожна абыйсці іх і рушыць далей – да цудаў, сустрэч, прыпавесцяў. Адзін з такіх урыўкаў:
"Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо, калі б у Тыры і Сідоне былі цуды, што сталіся сярод вас, то яны даўно б, седзячы ў мешкавіне і ў попеле, пакаяліся. Але Тыру і Сідону лепш будзе на судзе, чым вам. І ты, Кафарнаум, што аж да неба будзеш узвышаны, аж да адхлані сыдзеш." Лк 10, 13–15
Няўтульна з гэтым папярэджаннем, невядома, што з ім рабіць, як успрымаць, а прымерыўшы на сябе, як выкручвацца і рабіць выгляд, што не мяне датычыць і таму падобнае. Але гады ідуць, і перажыты досвед – менавіта, горкі – наступстваў сваёй непаслухмянасці, няўважлівасці, абыякавасці да Божых слоў, вучыць спыніцца на гэтым урыўку.

Уявім сабе вялікую ўніверсітэцкую аўдыторыю, запоўненую людзьмі, якія прыйшлі паслухаць вельмі выбітнага лектара, доўгачаканага, адзначанага як пахвальнымі, так і крытычнымі водгукамі, і проста ўлюбёнага прафесара многіх студэнтаў. Калі верыць аповедам, лектар закране пытанні, ад адказаў на якія залежыць жыццё кожнага чалавека. Вельмі верагодна, што студэнты выйдуць пасля яе іншымі людзьмі. Яна будзе унікальнай, другі раз такой не пачуеш. Нідзе. Хіба ў пераказе іншых, але відавочна ад гэтага яна многае страціць. Адным словам, шкада таго небараку, які яе прапускае, бо раптам захварэў, напрыклад.

21/09/2017

Зрушаны з месца

Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Мц 9, 9

Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека. У яго было імя, працоўнае месца... Гісторыя жыцця  дапамагла б зразумець нам, што ён за чалавек, і як стаў тым, ад каго адводзілі позірк паважаныя людзі горада. А ці залежыла яму на чужых меркаваннях? Чаго наогул ён саромеўся? Аб чым ён марыў? На што спадзяваўся? Таямніца. Ведаючы так мала пра Мацвея, кожны з нас можа апынуцца на той вуліцы, дзе праходзіў Езус. Не з нейкай салідарнасці з "мытнікамі і грэшнікам", а так па шчырасці.

"Ідзі за Мной" многія людзі перажываюць у сваім жыцці вельмі глыбока і выразна, вырушаюць за гэтым заклікам рашуча, аддана. Святло і моц аднаго кароткага імгнення доўжацца гадамі... Але лепш, калі гэтае запрашэнне становіцца паўсядзённасцю. Для Езуса так і было (і ёсць!). Каб абраць семдзесят вучняў, трэба было паклікаць нашмат больш, а маючы час – нават кожнага. Ты, і ты, і вось ты – ідзі за Мной.

Езус першы робіць крок да чалавека, кліча за Сабой. Ён так прагне ўбачыць узаемны рух чалавечага сэрца, каб, сустрэўшыся, далей ісці разам. Не адзін тыдзень, не месяц. Той самы выбар – ісці ці застацца – з'явіцца зноў і зноў, з кожным новым днём, з кожным скрыжаваннем жыццёвых шляхоў, думак, абставін. Што ты выбераш? Каго будзеш слухаць? Нябачнае чужому воку рашэнне прымае чалавек. А потым вырушае ў дарогу, імкнецца прабачыць, выканаць працу сумленна, захаваць вернасць, прыйсці з дапамогай, любіць мацней. "Ісці за Хрыстом" – значыць, выбраць той шлях, якім Ён ідзе першы. Гэта таксама азначае, што на ім няма няпраўды, падступнай згубнай пасткі, хоць і асаблівых выгодаў чакаць не варта.

Дзе б ты не быў цяпер, на якім бы ўбогім ці раскошным месцы ні сядзеў, ты – невядомы для многіх, але ўбачаны Езусам, які праходзіць побач.

20/08/2017

Раніца

Адчуванне,  
што кліча мяне хтосьці ўзняцца, нібы на крылах,  
вышэй і вышэй. 
Даверыцца ветру – плыні магутнай Божай любові.  
Але каб не ўпасці, трэба стаць лёгкай, 
перынкой паслухмянай.

18/08/2017

Семдзесят сёмы

Нягодны слуга! Увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне; ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою? Мц 18:21-19:1

Што ж за кароль мае столькі грошай на пазыку слугам? Ці менавіта гэты нягоднік лічыўся фаварытам, надзейным чалавекам, якому можна пазычаць вялікія сумы? Прычым, такія сумы, што трэба вельмі пастарацца, каб патраціць іх дашчэнту. Слуга здолеў. Ні грошай, ні маёмасці, і сам па добрай волі не явіўся, а быў прыведзены сілай да караля. А чым разлік скончыўся? Не аддаў, дык не аддаў! Ён жа, бядак, не мае чым, просіцца ж, абяцае немагчымае...

Кароль прабачыў яму 10 000. А ён капейчыну не хацеў дараваць сабрату... Хто ведае, можа, якраз семдзесят сёмым на дзень быў той сабрат-даўжнік, вось на ім і скончылася цярплівасць слугі. Хоць аднаго вінаватага можна схапіць і патрабаваць сваё? Таленты ці дынары, матэрыяльныя ці духоўныя даброты, справядлівасць, любоў, увагу, час, вернасць, свабоду – усё, што заўгодна мог быць вінен сабрат сабрату. Але, па сутнасці, каралеўскі слуга мог пазычаць толькі з пазычанага ў свайго гаспадара, бо жыў за яго кошт. Што ж перашкодзіла зноў папрасіць на пражыццё? Ці не "гонар" раптам прачнуўся? Сапраўды, дадушыць аднаго вінаватага, потым другога, так можна і пратрымацца некаторы час. Не так шыкоўна з дынарамі, як з талентамі, але затое не трэба прасіць, і дарогу ў палац можна забыцца. 

Так мы спаганяем з бліжніх крышынкі і кроплі, калі Пан можа штодзень карміць нас хлебам дасыта, паіць вадой жывою. Ён сапраўды, шмат дае нам праз іншых людзей, а ім прагне даваць праз нас. Адкуль жа мы бяром, не маючы нічога свайго? І чым будзем аддаваць, распасютаўшы ўсе дары невядома дзе? У каго пазычым вочы, каб глянуць на Даўцу жыцця?

Езус кажа пра адзінае належнае: "змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою". Хоць прабачаць так цяжка, трэба патроху вучыцца; і то не марудзіць. Пераймаць Пана ў міласэрнасці. Прыпадабняцца Богу ў дараванні, якое не ведае межаў, у велікадушнасці, якая перавышае правіны. А каб не заблытацца ў пазыках, святы Павел усе іх звёў да адной, лёгка запомніць: "Нікому нічога не будзьце павінныя, акрамя ўзаемнай любові” (Рым 13, 8). Застаецца толькі ўспомніць шлях да "палаца", бо дзе ж яе ўзяць, калі не ў Караля?