07/04/2021

І Ён увайшоў, каб застацца з імі


А Ён сказаў ім: «Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?» І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: «Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў гэтыя дні?» Ён спытаў іх: «Што?» Фрагмент з Лк 24, 13-35

Выходзячы ў малітву, нібы ў дарогу з шумнага Ерузалема, які віруе ад навінаў, меркаванняў, супярэчнасцяў, ідзеш у цішыню і знешнюю нерухомасць. Унутры не замірае плынь унутранай размовы аб тым, што сталася, што будзе, што рабіць... Але побач нехта пытаецца аб відавочным – дык і што там было? 

Гэта сапраўдны выклік, калі разабрацца. Пытанне незнаёмца да двух вучняў, просьба растлумачыць, як яны бачаць і ўспрымаюць. І што за адказ яны даюць... Надзеі разбітыя, жанчыны гавораць дзіўныя рэчы, верыць ім нельга, але цела "магутнага ў словах і чынах прарока" сапраўды знікла. Што можна ўцямна растлумачыць, калі вучні самі не могуць пазбіраць сябе і свае думкі?

І аказваецца, не трэба было шмат думак, а толькі адна: Месіі трэба было цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу. А Пісанне, ад Майсея да ўсіх прарокаў, з'яўляецца пацвярджэннем, прадчуваннем. Чытанае, вядомае і нават чаканае, а споўнілася – і ўсе разгубіліся, разляцеліся на недаверлівыя дробныя часткі. Тады Ён сам адказаў на сваё пытанне, а ў спадарожнікаў запалала сэрца. З такім агнём у грудзях яны ўжо не хацелі Яго адпускаць, але мець побач. І атрымалі ў адказ Яго згоду і тую любоў у кавалку пададзенага хлеба, якую ні з чым іншым не зблытаеш. Ні з Кім іншым. "Але Ён стаўся нябачным для іх." Ды ўсцяж прысутным, таму, ужо з Ім, без цяжару ў думках і ў нагах, падмацаваныя, ацаленыя, яны паспяшаліся вярнуцца да астатніх.

Крок назад, на дарогу ў Эмаус. "Ён спытаў у іх: "Што?" Гучыць гэтае пытанне і цяпер, скіраванае кожнаму вучню. Як ты глядзіш? Як інтэрпрэтуеш падзеі? Як прымаеш весткі ад іншых і як суадносіш з Божымі словамі і абяцаннямі? Што і ў якім выглядзе пераказваеш іншым? Ці дазволіш Яму растлумачыць і застацца?

No comments:

Post a Comment