31/07/2018

Выбраць найменшае


"Валадарства Нябеснае
падобнае да
гарчычнага зерня,
якое ўзяў чалавек
і пасеяў на полі сваім.
Хоць яно меншае за
ўсялякае насенне,
калі вырасце,
бывае вышэйшым за
іншыя расліны
і становіцца
дрэвам,
так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў галінах яго."
Мц 13, 31-32

Прыпавесці як паэзія, як музыка, як вобраз прыгожыя сапраўднай Боскай прыгажосцю, якая кліча ўглыб і прыводзіць да Бога. Кожны радок можа стаць сцяжынкай да Яго, кожнае слова – тым маленькім насеннем, з якога вырасце... Але пачакайце, мы занадта спяшаемся. Паміж насеннем і дрэвам яшчэ столькі дзён і начэй, дажджоў і спёкі – цэлае жыццё.

Пойдзем спачатку. Зерне, "якое ўзяў чалавек". Не спраектаваў, не вырабіў, узяў гатовае. Сярод усіх гатункаў насення, ён абраў часцінку Неба, а яна была – як дзіўна – меншая за іншых, зусім драбяза, ні ў рукі ўзяць, ні пахваліцца.


Калі кожнае зернейка хавае ў сабе расліну, то, выбіраючы насенне, чалавек глядзеў у будучыню і прадчуваў, што павінна вырасці з таго, што ён пасадзіць. Кожны ўчынак "вырастае" з пэўнага "насення", і немагчыма пасеяць адно, а атрымаць другое. Тады калі я хачу, каб узрастала Валадарства Нябеснае, то павінна прыглядацца да таго, што малое, някідкае, ціхае.

Часта можна пачуць: "Выбар ёсць заўсёды", і да "насення" будучых учынкаў гэтая фраза вельмі пасуе. Сутыкаючыся, напрыклад, з абразай і крыўдай, з крыкам, які ніколі не можа быць слушным (хіба толькі крык папярэджання ад рэальнай небяспекі), чалавек мае перад сабой цэлы набор розных гатункаў "зерня". Толькі рэтраспектыўна, часам, запозна, ён усведамляе, што пасеяў не тое, што хацеў, схапіў першае лепшае, прывабнае ды некарыснае "насенне". Крык, знявага, кінутыя ў "зямлю" адносін з іншым чалавекам, дадуць свае парасткі. Сярод гнеўных думак, абарончых, роспачных і іншых галаслівых пачуццяў ды намераў, якія несумненна маюць права быць такімі, якія ёсць, прысутнічае тое найменшае, незямное насенне. Як жа часта гэты цудоўны дар Божы застаецца і без увагі, і без падзякі!.. Гэта ілюзія, што няма часу падумаць. Час таксама даецца Богам, толькі трэба ўзяць: тайм-аўт, перапынак, некалькі хвілін на роздум. Часта такое адступленне ўбок выглядае лішнім ускладненнем і без таго яснай сітуацыі, і мы адмаўляемся ад дадатковых высілкаў. Так, гэта ўнутраная праца, але ж цікавая.

Прыпавесць далей кажа, што чалавек "узяў... і пасеяў на полі сваім". Не проста падумаў, як было б добра зрабіць тое ці іншае, але прызначыў кавалак поля, ускапаў, выпэцкаў рукі і г.д. За добрай думкай, інтэнцыяй мусяць ісці канкрэтныя ўчынкі, больш таго, зусім не грандыёзныя, а вельмі простыя і практычныя.

Метафары, двукоссі ў разважаннях над прыпавесцямі – звычайная рэч, бо інакш будзе толькі маўчанне. Зрэшты, усю гэтую справу з гарчычным зернем і полем цяжка ўявіць без маўчання. Каму раскажаш, што пасеяў адно зярнятка? Каб хоць поле пшаніцы... З кім будзеш абмяркоўваць, як яно расце? Гэта ж не сцены палаца... І калі ніхто ні аб чым не ведае, ці можна разлічваць на прызнанне, на захапленне вялікім учынкам? Але ж ніяк. Вырасла дрэва само ды ўсё. Бог адзін усё бачыць.

Аднойчы ўвесну нябесная птушка сядзе на галінку і ўзрадуецца, што знайшла добрае месца для свайго гнязда. Валадарства з малога насення "становіцца дрэвам" – гэта ж сапраўдны цуд. Яно ўсяго "вышэйшае", але такое лагоднае, што прымае ўсіх, становіцца прытулкам малому птаству і калыскай новага жыцця.

No comments:

Post a Comment