12/03/2017

Буднія дні

Не адразу я зразумела і прыняла думку, што "жыцце складаецца з будняў". Мне расказалі нядаўна, што менавіта так выказаўся адзін сталага веку святар на сустрэчы са сваімі сабратамі. На той момант, ён ужо ведаў, што яму жыць засталося не больш, чым гады два, і мог азірнуцца назад на пройдзены шлях.



Мяне ўразіла трапнасць ягонай заўвагі. Не перабягаць праз будні, чакаючы святаў, але пражыць тое, што здаецца шэрым і нудным. У маладосці хацелася верыць, што жыцце – не тыя дні што прайшлі а тыя што запомніліся (нехта ж сфармуляваў такое глупства). Дні павінны былі запамінацца. І залежыла гэта ад мяне, канешна. Трэба было хапацца за ўсе запрашэнні, ляцець немаведама куды, пхнуцца наперад і ганяцца за ўражаннямі. Трэба прызнаць, што пры маёй ляноце тая формула аказалася дзейсным матыватарам.

Калі нарадзіліся дзеці, прыйшлося прытармазіць рух. Нейкае цмянае пачуцце незадаволенасці нікуды не падзелася, бо так жаж мала запамінальных момантаў. Але паціху мне стала ўсё роўна, часу вольнага не было дзе ўзяць, знайшліся іншыя справы, ды ўвогуле пачала вабіць глыбіня, а не хуткасць... Пачуўшы гэтую фразу пра буднія дні, я падумала, што здаўна так лічыла, толькі не казала ўслых.

Будні складаюцца ў жыцце, а не гадавыя святы. І можна ўбачыць, як скрозь іх шэрань ззяе Божае святло. Як вялікі падарунак, пражываць сённяшні дзень і адчуваць, як яго хвіліны да краёў поўняцца жыццём, не толькі зухвалым, вясёлым, але і надломленым, тужлівым, аднастайным. У рэшце рэшт аказваецца, што і тым, каго мы любім, нашая будзённая прысутнасць важней, чым святочныя гасцінцы.

No comments:

Post a Comment