16/01/2018

Шлях перад вачамі

Тады сказалі Яму фарысеі: Глядзі, чаму яны робяць у суботу тое, што не дазволена? Мк 2,24 

Я не гляджу, як глядзяць людзі, бо чалавек бачыць тое, што навідавоку, а Пан заглядае ў сэрца. 1 Сам 16 

Чалавек глянуў – і асудзіў. Бог паглядзеў – і ўбачыў сэрца. Заўсёды хтосьці збоку можа кіўнуць Пану на нас: "Глядзі!" Мы самі часам глядзім на сябе, як найгоршыя суддзі. Але на самай справе гэта не страшна, не так істотна, як тое, дзе нашае сэрца, і што ў ім зараз.  

Вось заінелы лес узыходзячае на марозе сонца фарбуе ў светла-ружовы колер. На бліжэйшых дрэвах гэтага амаль нябачна, а ўдалечыні - сапраўдная казка. Ясныя ўчасткі галінкак, асветленых сонечнымі промнямі, адцененыя глыбокімі шэрымі колерамі. Кольк імгненняў будзе доўжыцца гэткае хараство? Колькі такіх момантаў мы губляем, утаропіўшыся ў свае заняткі, у мітуслівыя думкі, у паводзіны іншых людзей? Прырода – нібы адкрытая кніга перад нашымі вачамі, і то мы спасцігаем усяго толькі невялікую частку. Сэрца ж чалавека заўсёды застанецца таямніцай. Ці сапраўды нам залежыць на тым, каб разгадваць яе нават у самых блізкіх людзях? Даўно не сакрэт, што ёсць адзін шлях. Ён адкрыты, вядомы, ды мала хто трывала крочыць па ім. Так, шлях любові.  

Бог запрашае бачыць у людзях не толькі тое, "што навідавоку", але – як Ён – заглядаць у сэрца. А гэта значыць, што трэба і любіць, як Ён. Мала таго, любіць не толькі Бога, не толькі іншага, але і сябе самога. Той, хто ціха скажа "ты думаеш, я не спрабаваў?...", ужо ведае шлях.  Той, хто глядзіць на Укрыжаванага, бачыць адкрытае Сэрца Бога.

15/01/2018

Разважанні над Апостальскім лістом “Dies Domini” – Аб святкаванні нядзелі”


Ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога 31 мая 1998 года папа Ян Павел ІІ апублікаваў апостальскі ліст “Dies Domini” – Аб святкаванні нядзелі. Ва ўступнай частцы ён выказвае жаданне працягваць жывы дыялог з вернікамі, "каб разважаць разам з вамі пра сэнс нядзелі і падкрэсліць матывы яе святкавання як сапраўднага “дня Пана” ў зменлівых акалічнасцях нашага часу". Ва ўступным раздзеле папа спадзяецца, што гэты ліст:
  • паспрыяе "больш глыбокаму разуменню нядзелі, каб нават у складаных абставінах перажываць яе ў поўнай паслухмянасці Святому Духу";
  • дапаможа"нанова адкрыць глыбокія дактрынальныя абгрунтаванні якія з’яўляюцца падставай касцёльнага наказу, каб усе вернікі разумелі, наколькі вялікай каштоўнасцю ёсць нядзеля ў хрысціянскім жыцці";
  • растлумачыць "шматлікія аспекты гэтага дня", так што "абавязак святкавання нядзелі, асабліва ўдзел у Эўхарыстыі і адпачынак у духу хрысціянскай радасці і братэрства", стане больш зразумелым.

11/01/2018

Размова

Езус дакранаецца да пракажонага, г.зн. да таго, каго ўжо амаль што не лічылі за чалавека, не датыкаліся, не гаварылі, і адносіліся так, нібы яго няма, нібы ў ім не засталося нічога чалавечага. Ён адчуваў, што ім бы хацелася, каб ён проста знік. А ўсё ж ён адчуваў сябе чалавекам, жыў надзеяй, паверыў у магчымасць аздараўлення, але не крычаў аб гэтым: "Змілуйся! Вылячы!" Ён прыйшоў, але зрабіў "крок назад", упаў на калені, панізіўся, даўшы месца Богу: "Калі хочаш...", калі таксама лічыш мяне чалавекам, калі лічыш, што я магу вярнуцца да людзей, зноў стаць сабой, жыць, радавацца, адчуць спагаду і прыняцце – вось я, перад Табой, завінуты ў рыззё, якое хавае мае язвы, – Ты ўсё можаш, Ты ведаеш лепш, зрабі са мной тое, што хочаш Ты".  

Магчыма, яму здалося, што спыніўся час, але трэба выслухаць адказ. Езус дакранаецца да яго. "Я бачу цябе, Я чую, Я ведаю твой боль, мой сыне. Я бачу, адкуль ты прыйшоў, дзе блукаў, і твае першыя крокі, і дзіцячую ўсмешку, Я чую, на чый голас ты адгукаўся, што спяваў, чаго прагнуў, чаго баяўся. Я бачу, які ты ёсць, і якім можаш быць."  

Але што я прыдумляю? Усе ж ведаюць, што сказаў Езус. Гэта запісана ў Евангеллі паводле Марка: 

Прыйшоў да Езуса пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго: Калі хочаш, можаш мяне ачысціць. Езус, злітаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны. І адразу ж праказа сышла з яго, і ён стаў чысты.  Мк 1,40-42

10/01/2018

Камунікацыя з самім сабой з дапамогай малітвы любячай увагі

Адно з многіх гумарыстычных і трапных выказванняў коміка Карла Валянціна заахвочвае нас задумацца аб адносінах з самім сабой: “Думаю, я спынюся і пабачуся з сабой сёння ўвечары. Цікава, ці буду я дома?”. Хіба гэта не дакладнае апісанне таго, што мы самі адчуваем час ад часу? Мы можам быць “дома”, можам быць у адзіноце, але ці насамрэч мы там бываем з самімі сабой? Мы “не ў сабе” не толькі тады, калі ўзрываемся ад гневу; мы таксама “выходзім з сябе”, калі ўся нашая ўвага скіравана на знешні свет. Тады мы няздольныя адказаць, як нашы справы, як настрой, як сябе адчуваем, што з намі адбываецца. Праводзяцца шматлікія адмысловыя семінары на тэму аднаўлення сувязі чалавека з самім сабой. Нават у святога Ігнацыя гэтае падарожжа да сябе заняло доўгі час.

09/01/2018

Здзіўленне

У горадзе Кафарнауме Езус увайшоў у шабат у сінагогу і навучаў. І здзіўляліся вучэнню Ягонаму, бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі. Мк 1, 21-22

Горад Кафарнаум евангельскіх часоў мог бы змясціцца ў адной не вельмі вялікай парафіі. У святы дзень у месцы малітвы збіраюцца людзі, усё, як звычайна. Магчыма, нават здагадваюцца, аб чым будзе гаварыць той ці іншы мясцовы равін. Часта бывае, зрэшты, што навучанне нават розных настаўнікаў робіцца вельмі падобным нават у інтанацыях. Але ў гэты шабат усіх прысутных у сінагозе ахоплівае здзіўленне, якое немагчыма стрымаць, якім хочацца дзяліцца, абмяркоўваць. Аповеды атрымліваюцца няўдалымі, беднымі на словы, бо як перадаць такія пачуцці? Што праўда, у тыя часы сведкі маглі махнуць рукой і сказаць: "Ідзі сам і паглядзі!"


08/01/2018

Што пачуе нястомнае сэрца?

"Паслухаю, што гаворыць Пан Бог" чытаю ў 9 вершы псальма 85. Можна паставіць знак роўнасці паміж гэтым радком і словам "Памалюся". Гэта нязвыклая тоеснасць, бо вырашаючы памаліццахочам штосьці Богу сказаць, папрасіць, аддаць. Памятаючы пры гэтым, што "малітва - гэта дыялог", гаворым мы больш, чым слухаем 

А калі б зрабіць такі дзень "Паслухаю, што гаворыць Пан Бог"? Адкрыць вочы шырока з самага рання, вытанчыць слых, сцішыць унутраны шум і пастарацца пачуць, ці можа, хутчэй, пазнаць Бога ў невыразнай плыні дзён. Прырода і гукі, вобразы, словы рэзкія і пяшчотныя, поспехі, нязручнасці, сум і жаданнічым Ён скарыстаецца сёння? А заўтра 

"Нястомна маліцеся" такім чынам у пэўнай ступені ёсць заахвочваннем да сталага слухання. І як гэта ні дзіўна, прыслухоўвання і да сябе таксама: што я хачу сказаць у адказ?
  
Вось псальміст спявае, што ён пачуў пра спакой і міласэрнасць, вернасць і шчасце, "і слава Божая будзе жыць на нашай зямлі".

02/01/2018

Новы пачатак

Не кожны з нас можа штогод спадзявацца на новую працу, кватэру, адносіны і г.д. Хтосьці так, але не ўсе разам. Новы год такі лагодны, што прыходзіць да ўсіх, дазваляючы перажыць пачуццё навізны любому чалавеку прыкладна раз на 365 дзён.

Нехта любіць падводзіць вынікі ў канцы года, а іншы – марыць аб цудзе або ставіць перад сабой планы. Магчыма, праз год яны заменяцца месцамі ці паспрабуюць адначасова зрабіць высновы і вызначыць мэты. У кожным выпадку, гэтая нябачная мяжа паміж 31 снежня і 1 студзеня мае значэнне. Яно, праўда, можа згубіцца, калі празмерная ўвага надаецца так званай "сустрэчы Новага года" і заклапочанасці "як я сустрэну?" У рэшце рэшт, магчымасць перажыць момант новага пачатку – ужо падарунак, і яго можна проста прыняць. Гэта добры час для пытанняў, адкуль я іду і куды кіруюся, каб рушыць далей з сэрцам радасным і поўным надзеі.

01/01/2018

Перад Пастэркай

Нячаста здараецца так, што я прыходжу за паўгадзіны да святой Імшы і не павінна сачыць за дзецьмі ці яшчэ што. У Ашмянскім касцеле святога Міхала перад пастэркай апоўначы так і выйшла. Я стала ззаду за лаўкамі, глядзела на сцены ў рыштаваннях, на табернакулюм з чырвонай лямпачкай, на вялікі абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, на атынкаваныя часткі сценаў і тыя, што яшчэ чакалі аднаўлення. Пад нагамі бетон, пуста на сценах. Гірлянды на елках. Людзі збіраліся паволі, ціха маліліся, віталіся адзін з адным усмешкамі.  

Успомніла, як пісаў кс. Станіслаў Жук (працаваў да 1983 года на Вілейшчыне) сябрам пра свае самотныя вігілійныя вячэры. Пасля сціплага пасілку ён пачынаў "вандраваць", згадваючы ў думках усіх сваіх сяброў, дарагіх сэрцу людзей, аднаго па адным, сям'ю за сям'ёй... 

Вось гэты час да Імшы стаў і для мяне такой вандроўкай. Я ўспамінала блізкіх і родных, сяброў і знаёмых, лёгка, ледзь чутна дакранаючыся да іх імёнаў сваімі згадкамі, не спрабуючы давесці сабе, што ім добра ці кепска, здагадацца, чым яны займаюцца, і ці шчаслівыя яны. Любоў і цішыня, найлепшыя пажаданні, не сфармаваныя ў словы, смс, просьбы, а толькі згадкі перад Богам у сціплым касцеле, які перажывае доўгі грунтоўны рамонт. 

Нашы душы часта, а можа - заўсёды, у такім рамонце, нябачным звонку. Няма памяці, калі пачаўся, невядома, калі і чым скончыцца, калі паўстае ўнутраная святыня.

07/12/2017

Без якіх шкадаванняў будзе лепш

Нядаўна я прачытала аб адной прапанове, якая зацікавіла мяне. І вось у чым яна была: калі б вы маглі вярнуцца назад да сябе 18-гадовага альбо скочыць наперад і наведаць сябе ў 80-гадовым узросце, хто з гэтых двух хацеў бы параіць штосьці вам цяперашняму?

Для мяне больш хуткай на парады аказалася б пажылая я. Так бы мовіць, з вышыні пражытых гадоў... Менавіта ў канцы жыцця людзі часцей глядзяць назад і робць пэўныя высновы, як трэба было гэтае жыццё пражыць. Часам сустракаюцца такія тэксты, напісаныя ад імя пажылых людзей, дзе яны пішуць, аб чым яны шкадуюць, нават па пунктах: 1., 2., 3... Гэта кранальна, насамрэч, але часцей так і застаецца чужым досведам. А вось тут прапанова спытацца ў сябе: што яшчэ можна зрабіць, каб не было шкадаванняў там, у канцы майго жыцця? І за тое, што НЕ зроблена, будзе крыўдна найбольш. За час, не праведзены з блізкімі... За любоў, што не выявіла сябе ні ў словах, ні ў чынах... За непачутыя жаданні сэрца... За жыццё, "пражытае напалову", без мэты, без ахвяры... За недавер да Божай любові...

28/11/2017

Планы на Адвэнт

Для тых, хто лічыць найлепшай імправізацыю добра запланаваную, карыснымі могуць стаць гэтыя падказкі. Яны трапілі на вочы, калі я шукала ў Сеціве ідэі для адвэнтавага календара. Нават перакладаючы, я ўжо крыху перапрацавала іх. Таму, вядома, справы і дзеянні можна падладзіць да сваіх патрэбаў, магчымасцяў і жаданняў; няхай прапанаваны спіс стане першым крокам. Такім чынам, лічбы - гэта снежаньскія даты: