24/02/2015

На добры пачатак


"З чаго трэба пачынаць Вялікі пост?" – дапытваўся ў нядзелю кс.Казімір у дзяцей на св.Імшы? "З малітвы!" – спрабавалі згадаць дзеці. Што-што, а дабіраць адказы, каб спадабацца дарослым, яны ўмеюць з маленства. Пытанне прагучала ў той момант св.Імшы, калі ўсе павінны былі перадаць адзін адному знак супакою – пакланіцца альбо паціснуць руку.
"Падыдзіце зараз да сваіх бацькоў і папрасіце прабачэння, але так ціха, каб ніхто, акрамя мамы і таты, не пачуў", – сказаў ксёндз-пробашч. І дзеці разыйшліся па капліцы... Некаторыя, як Янка, не гаворачы ані слова, моцна абдымалі сваіх бацькоў, усміхаліся з палёгкай і вярталіся на свае месцы на першых лаўках.

Так, з гэтага трэба пачынаць. Не толькі пост, але кожную размову, і верагодна, кожную думку пра іншага чалавека. Не-прабачэнне асляпляе, бо ты бачыш толькі свае прэтэнзіі, патрабаванні, доказы сваёй правасці, гаворыш, нібы за сцяной. Прабачыць іншаму, што ён іншы, здаецца, не так складана. Прабачыць, калі цябе крыўдзяць, выкарыстоўваюць, прыніжаюць, здзекваюцца?.. Як? Людзі, якія перажылі сапраўдныя здзекі, кажуць, што калі гэтага не зрабіць, не прабачыць, то значыць, твае каты перамаглі, а ты – не зможаш быць вольным.

Цяжкая, неспасцігальная да канца рэч, прабачэнне. Часам зло, якое дасведчыў чалавек, пакідае пасля сябе пні замест прыгожых гонкіх соснаў, пустэчу замест жыцця. Нянавісць толькі дадасць атруты на гэтае месца, каб нічога больш не расло. Прабачэнне ж абудзіць вясну, з якой, з Божай дапамогай, вернецца жыццё.

19/02/2015

Два філяры Вялікага посту

Учора ў маленькай капліцы малады святар падчас святой Імшы ў Папяльцовую сераду сказаў вельмі кароткае казанне. Ён прасіў памятаць, што галоўныя рэчы ў перыяд Вялікага посту – гэта радасць і любоў. А замест хваляванняў, як бездакорна выканаць усе свае велікапосныя пастановы, прасіў памятаць аб нашай прысутнасці каля Езуса, Які ўзяў на Сябе нашыя грахі і знішчыў іх на крыжы.
І не проста гаварыў, а нібы дзяліўся гэтай любоўю і радасцю, і нейкім ціхім і добрым святлом, якое на момант адкрыецца табе і зноў схаваецца.

І я вось думаю, што сапраўды, цудоўны настаў перыяд, калі можна не зберагаць, а дзяліцца. Толькі спачатку трэба напоўніць сваё сэрца радасцю і любоўю, дазволіць ім вырасці да моцных філяраў, якія не знікнуць ад першай няўдачы, не пахіснуцца ад злога ветру, абароняць ад абыякавасці і ляноты... Вядома ж, само не вырасце, не збудуецца, але душэўная праца на тое і ёсць, каб быць няспыннай, сумленнай і ...нябачнай, да пары да часу.

13/02/2015

Пяць парадаў, як любіць мацней


Насамрэч, існуе безліч спосабаў любіць і ўзрастаць у любові, але давайце зараз засяродзімся на пяці.

1. Убачыць хаця б адну добрую якасць.

Ва ўзаемаадносінах, асабліва тады, калі вы настроены крытычна і сварліва, задайце сабе пытанне: "Якая рыса характару гэтага чалавека з'яўляецца выдатнай? Што я не павінен выпускаць з-пад увагі?" Засяроджванне на якасці, якую вы цэніце, дапаможа вам справіцца з тымі рэчамі, якія сур'ёзна раздражняюць, змяніць накірунак сваіх пачуццяў і гутаркі ў цэлым.

2. Слухаць.

Магчыма, вы пражылі побач з чалавекам 40 год і можаце заканчваць фразу, якую ён пачынае гаварыць. Але вы ўсё яшчэ шмат чаго не ведаеце і не бачыце. Вы не здолееце зазірнуць у душу іншай асобе. Часам, каб даведацца, што трэба для яе зрабіць, дастаткова слухаць з адкрытасцю і ўвагай. Не думайце, што вы загадзя ведаеце, чаго ён хоча альбо чаму ёй балюча, альбо што магло б ашчаслівіць чалавека.

3. Дадаць крыху гумара.

Смех можа прынесці палёгку і вызваленне практычна ў любой сітуацыі. Магчыма, вы нясеце сябе занадта паважна. Магчыма, уцяжарваеце адносіны вялікай інтэнсіўнасцю і празмернымі чаканнямі. Дазваляйце сабе бачыць нагоду для гумара сярод штодзённых спраў.

4. Цаніць сілу добрай размовы.

Чаму так важна для людзей – знаходзяцца яны ў рамантычных адносінах ці ў сяброўскіх – развіваць агульныя інтарэсы. Калі мы ўдзельнічаем у доўгіх дыскусіях пра фільмы ці кнігі, пра пешыя вандроўкі ці любімы від спорту, мы даём адзін аднаму стымул і свежую энэргію розуму і сэрцу. Няма такога рэчыва, што замяніла б размову паміж людзьмі.

5. Працаваць у напрамку дабра для іншага.

Гэта цяжка зрабіць, пакуль вы захоплены сваім уласным жыццём. Час ад часу спытайце сябе: як я магу памагчы гэтаму чалавеку дамагчыся поспеху? Як я магу яго заахвоціць песціць надзеі і мары? Перамяшчаючы фокус на іншага чалавека, вы здолееце вызваліцца ад свайго  эгацэнтрызму і адкрыць сваё жыццё на мацнейшую і глыбейшую любоў.

Паводле  

27/01/2015

Разважанні з іголкай і ніткай

У нашай Бараўлянскай парафіі ў снежні (2014г.) утварыўся дзіцячы тэатральны гурток. Вядома, у першай пастаноўцы дзеці рыхтаваліся паказаць гледачам гісторыю Божага нараджэння. Пакуль старэйшы сын вучыў словы святога Юзэфа, я павінна была падоўжыць яму вопратку, каб ён меў больш прыстойны выгляд.

Для таго, каб прымерыць, прымятаць, падраўняць, прышыць, мне спатрэбіўся кавалак часу, рукамі – не машынай. І за работай (не памятаю, у сувязі з чым) успомніўся выраз з Евангелля св. Лукі: "Маці Яго захавала ўсе словы у Сваім сэрцы". Перашываючы адзенне для св.Юзэфа, хоць бы для тэатральнага, я ўслухалася ў гэты сказ з новым пачуццём. Зараз нам лягчэй незвычайна адносіцца да Маці Божай, чым зразумець, што Яе святасць узрастала сярод звычайных рэчаў, заняткаў і клопатаў. Усё, што Марыя саткала, пашыла, згатавала і зрабіла, не толькі матэрыяльнае, усё адбылося пад гучанне тых схаваных у глыбіні сэрца слоў.

Што трэба, каб загучала Божае слова ў сэрцы? Магчыма, як гэта ні парадаксальна, схаваць яго як найглыбей, бо штодзённая мітусня змывае з паверхні сэрца не толькі словы, але і людзей, рэчы, падзеі. А пра сэрца лепш, чым у энцыкліцы Lumen fidei, мне не сказаць: "Паводле Бібліі цэнтрам чалавека з’яўляецца сэрца, у якім сустракаюцца ўсе яго вымярэнні: цела i дух; глыбіня асобы і яе адкрыццё на свет і іншых; розум, воля і пачуцці. Вось жа, калі сэрца здольнае яднаць гэтыя вымярэнні, то дзеецца так таму, што яно з’яўляецца месцам, дзе мы адкрываемся на праўду i любоў i дазваляем, каб яны ў глыбіні закранулі нас i перамянілі."

Ад таго, што схавана ў цэнтры чалавека, залежыць кожнае "шво" на тканіне нашага жыцця. Якім быў бы свет, каб усе яны былі выкананы з любоўю да Бога і бліжняга?..

06/01/2015

Зорка Бэтлеемская

Сёння я прачытала кароткае і цудоўнае разважанне пра шлях Трох Каралёў, які скончыўся каля Маленькага Хрыста. Яны не ведалі, што і каго шукаюць, але ішлі, сумняваліся, распытваліся, радзіліся, шукалі далей, даверыліся зорцы, якая вяла іх.

Як падобны наш шлях на іх пошукі! І як моцна мы патрабуем зоркі, якая прывядзе нас у дом, дзе ўбачым Хрыста, каб аддаць Яму ўсё, што маем, усе свае здабыткі і падарункі.

Можна задаць сабе пытанне: што з'яўляецца маёй зоркай? І можна прасіць Бога, багатага міласэрнасцю і ласкай, даць кожнаму з нас гэтую зорку, за якой можна прыйсці дадому.

31/12/2014

Разгарнуць падарункі старога года

З рознымі пачуццямі мы развітваемся са старым годам. З ноткай удзячнасці азіраемся назад і  перакладаем спадзяванні на год наступны, чакаем падарункаў... Але абмінаем нешта вельмі важнае ў мітуслівым гэтым чаканні. Нас бы здзівілі паводзіны людзей, якія атрымаўшы прыгожы пакунак, не адкрываючы, адставілі яго набок і больш не ўспаміналі аб ім. Гэта ўвогуле цяжка ўявіць. А між тым мы так і робім.

Што значыць удзячнасць за дар? Па-першае, заўважыць яго, разгледзець, навучыцца карыстацца, калі гэтага вымагае складаная рэч, і г.д. Па-другое, падзякаваць. Па-трэцяе, падзяліцца з іншымі тым добрым, што прынёс падарунак, прынамсі радасцю, калі ён  вельмі прыватны.

Правесці стары год – не значыць толькі ўзняць за яго тост. Трэба разгарнуць Божыя падарункі, якія мы атрымалі за гэты час. Многія з іх можна зразумець толькі з цягам часу. Няўдачы, якія нечаму навучылі, паражэнні, які прымусілі задумацца, матэрыяльныя страты, якія вызвалілі. А колькі было сустрэч, прыгожых, добрых людзей, дапамогі, прабачэння, падтрымкі... Перажыць гэтыя светлыя моманты яшчэ раз, напоўніць сваё сэрца радасцю і ўдзячнасцю, дзівячыся зноў і зноў, якая вялікая Божая любоў да чалавека.

Новы год робіць першыя крокі якраз за Божым нараджэннем. Усё зноў толькі пачынаецца, і кожнаму з нас дзень па дню пісаць сваю гісторыю. Няхай яна будзе напоўнена добрымі падзеямі, здарэннямі і падарункамі, адметнымі, непаўторнымі, шчодрымі, каб дзяліцца з тымі, каго давядзецца сустрэць, прымаць тое, чым дзеляцца іншыя, і дзякаваць штодня за безліч ласкаў Божых.

Адзін з маіх любімых здымкаў 2014-га:


20/12/2014

Пра мужнасць не толькі на Каляды

Аднойчы нараніцы я гатавала пончыкі. Кроіла на кавалачкі цеста, смажыла ў алеі, залацістыя перакладала на талерку з сурвэткай, пасыпала цукровай пудрай... Дзеці былі ў сваім пакоі, гулялі ў свае – планшэтныя, шчыра кажучы – гульні. Пончыкаў станавілася ўсё больш, а дзеці, вядома, не ішлі. І я думала, што зараз я іх паклічу бязгучна, потым, калі яны не пачуюць, да іх дойдзе смачны пах печыва, які прывабіць іх. Ім стане цікава, што там гатуецца. Нарэшце, яны ж галодныя там сядзяць, прыбягуць на кухню. Прыбег самы малодшы, паглядзеў, усміхнуўся радасна. "Пакліч астатніх", – папрасіла я. Пабег і не вяртаецца. Загуляўся. Давялося выйсці ў калідор і паклікаць. "Зараз-зараз", – быў адказ. Я недаверліва ўсміхнулася я. Але прыбеглі хутка, мелі мужнасць выключыць планшэт. А можа сапраўды згаладаліся...

Бог, каб аднавіць Свой Запавет з людзьмі, прыйшоў на зямлю, дзе мы зачаравана гуляем ў свае гульні. Так, мы не чулі Ягоны ціхі голас, не звярталі ўвагу на святасць і веліч Ягоных спраў, заглушалі свой голад, хоць гэта патрабуе немалых высілкаў. Ён прыйшоў, каб быць побач. Ці заўважым мы Бога, калі Ягонае прыйсце выклікае нашмат менш эмоцый, чым дэвальвацыя?.. Будзем шукаць Ягоныя вочы, ці лічбы на цэнніках? Радасць ахіне сэрца, ці расчараванасць?

Я не хачу сказаць, што не трэба звяртаць увагу на страты, якія здарыліся нечакана, на ўмовы існавання ў нашай краіне, якія для вельмі многіх пагоршыліся. Чалавек павінен клапаціцца пра годнасць існавання, каб мець магчымасць захоўваць сваё здароўе, клапаціцца пра сваіх блізкіх, аднаўляць свае сілы, працаваць сумленна, атрымліваць справядлівы заробак. Чалавеку дадзены розум, каб мудра кіраваць маёмасцю, планаваць будучыню, паляпшаць існуючыя ўмовы. Але таксама трэба памятаць пра тое, што жыццё і ўсе намаганні павінны імкнуцца ў вышыню, да Бога, а не адварачваць чалавека ад Бога. Пасля ўсведамлення таго, што адбылося, перад некаторымі з нас паўстане выбар: вярнуць свае даходы (або пакрыць страты) коштам іншых ці не. Здавалася б, ёсць права на нейкі рэванш. Толькі ў дадатак трэба пайсці супраць свайго сумлення, "зачараваць" яго апраўданнямі і разлікамі.

К.С.Льюіс пісаў, што "мужнасць – не проста адна з цнотаў, але форма кожнай дабрачыннасці ў адказны момант". Адказны момант здарыўся і зараз. Маленькі Езус прыходзіць, каб дадаць нам мужнасці застацца людзьмі, нават калі асяроддзе вымагае нечалавечых паводзін. Ён прыходзіць, каб падтрымаць нашу чуласць да іншых, каб наталіць голад любові Самім Сабой. Давайце ж сустрэнем Яго там, дзе мы ёсць, з тым, што маем, і адкрыем Яму сэрцы ў нашых бліжніх, каб знешнія абставіны і адсутнасць снегу не перашкодзілі каляднай радасці і надзеі.

28/11/2014

Выйсці насустрач

Кніга Лічбаў расказвае пра аднаго чалавека на імя Балаам, які жыў з цвёрдай пастановай "і ў малым, і ў вялікім" слухаць Бога, адразу папярэджваў князёў, што нават за "поўны дом срэбра і золата" не перакрочыць слова Пана, а ў падарожжы звычайна выбіраўся на сваёй асліцы, якая аднойчы ўбачыла Анёла і спалохалася. (Ліч 22-24). Магчыма, многія памятаюць, як Балаама збянтэжыла ўпартасць асліцы, якая не хацела рухацца наперад, але ніяк не тое, што яна пачала на чалавечай мове задаваць яму пытанні. Уяўляю сабе, каб мая "Шкода" раптам спыталася: "Чаму ты здзекваешся нада мной? Ці я хоць раз цябе падвяла?" Ох, нават не ведаю, што са мной было б...

05/11/2014

Прыхадні і госці

"Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку, і сказаў яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?”  Той прамаўчаў."
http://users.stlcc.edu/nfuller/crown08/MedievalFeast400.gif
Чаму ён маўчыць, гэты госць? Каб каго-небудзь баяўся, то не прыйшоў бы зусім. Каб не меў магчымасці "апрануцца прыстойна", не прагучала б пытання. Вельмі падобна на стаўленне "хачу й маўчу", але не падлеткавы пратэст замыкае яму вусны, а свая выпешчаная ганарлівасць.
Мы ж не такія, праўда? І не мы, пачуўшы "Дружа...", сталі б азірацца па баках, шукаючы, да каго Кароль звяртаецца, і думаць з недаверам: "Калі гэта мы сталі сябрамі? З якой такой радасці Ён мне друг?" Вось у тым і справа – ніякай радасці ў чалавека, што Бог прапануе яму сяброўства...

Які ўбор да твару нам, нечакана пакліканым з далёкіх скрыжаванняў маленькіх мястэчак і каменных джунгляў, на пір, гаспадаром якога ёсць сам Кароль Сусвету? Штодзень накрыты стол, на якім няма нястачы. Мабыць, не госцем зайшоў той няшчасны на вяселле, апрануты не ў радасць і сардэчнасць, а ў фанабэрыстасць і насцярожанасць: "Ну, паглядзім, што у вас тут... Чым кормяць? Якія напоі падаюць? Не падумайце, што я – адзін з вас, убогіх, я толькі з уласцівай мне ветлівасці прыйшоў."

І такім прыхадням ты кажаш "Дружа", Пане?.. Які цудоўны шанец апамятацца, скінуць з сябе цяжкія шаты фарысейства і апрануцца ва ўдзячнасць і любоў! Не маўчыце ж, не галадуйце, сядайце за стол.

03/10/2014

За што такі кошт?

Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе. (Мц 13, 45-46)
Цудоўны завершаны твор у два радкі, праўда? Колькі разоў чую гэтую прыповесць, дзіўлюся гэтаму. Часам узнікаюць вобразы купца і пярлінаў, раскіданых па свеце, і торбы з манетамі, у якую ператварылася ўся маёмасць рухомая і нерухомая... Часам перабіраю ў галаве свае "манеты", каб разабрацца, ці моцна я за іх трымаюся...

Калі паміж купцом і пярлінай стаў толькі кошт, ён заплаціў яго. Езус не гаворыць, ці лёгка яму было, ці не вагаўся ён. У прыповесці няма перашкод, толькі вольная плынь: знайшоўшы, ідзе, і ўсё, што мае, прадае... Гэта азначае, што заўтра ў яго не будзе грошай, каб нават купіць сабе ежу. Не кожны мае адвагу заплаціць такі кошт. Вам не здаецца, што сказ не закончаны? У тым і справа: мы засяроджваемся на кошце і не бачым тое, за што трэба ўсё аддаць.

Трэба чытаць спачатку. А спачатку чалавек пэўнай прафесіі шукаў прыгожых пярлін... Значыць, ён ведаў іх кошт, іх адрозненні, асаблівасці. Ці лёгка шукаць нешта сапраўднае, добрае, прыгожае,  можа сказаць толькі той, хто шукаў сам, не задавольваючыся падробкамі. І толькі такі чалавек можа аддаць усё за адну каштоўную пярліну, перад якой усе папярэднія знаходкі аказваюцца пясчынкамі.

Праглядаючы свае зборы і калекцыі, цяжка не заўважыць, што ўсё мела свой кошт. Так ці іначай ён заплачаны, і вельмі часта заплачаны Божымі дарамі... Толькі ці за Валадарства Нябеснае?