15/01/2018

Разважанні над Апостальскім лістом “Dies Domini” – Аб святкаванні нядзелі”


Ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога 31 мая 1998 года папа Ян Павел ІІ апублікаваў апостальскі ліст “Dies Domini” – Аб святкаванні нядзелі. Ва ўступнай частцы ён выказвае жаданне працягваць жывы дыялог з вернікамі, "каб разважаць разам з вамі пра сэнс нядзелі і падкрэсліць матывы яе святкавання як сапраўднага “дня Пана” ў зменлівых акалічнасцях нашага часу". Ва ўступным раздзеле папа спадзяецца, што гэты ліст:
  • паспрыяе "больш глыбокаму разуменню нядзелі, каб нават у складаных абставінах перажываць яе ў поўнай паслухмянасці Святому Духу";
  • дапаможа"нанова адкрыць глыбокія дактрынальныя абгрунтаванні якія з’яўляюцца падставай касцёльнага наказу, каб усе вернікі разумелі, наколькі вялікай каштоўнасцю ёсць нядзеля ў хрысціянскім жыцці";
  • растлумачыць "шматлікія аспекты гэтага дня", так што "абавязак святкавання нядзелі, асабліва ўдзел у Эўхарыстыі і адпачынак у духу хрысціянскай радасці і братэрства", стане больш зразумелым.

Святы Геранім называе нядзелю "галоўным з дзён". Заканадаўства Беларусі дае магчымасць адпачываць у нядзелю. Але ці насамрэч лёгка нам даецца нядзельны адпачынак? Ці лічым мы нядзелю вялікай хрысціянскай каштоўнасцю? І што можа навярнуць нашыя сэрцы? Як піша Святы Айцец: “Паўторнае адкрыццё сэнсу гэтага “дня” – гэта ласка, аб якой трэба прасіць…”

У першым раздзеле "Святкаванне справы Стварыцеля" Ян Павел ІІ заклікае нас паглыбіць разуменне тэалогіі "шабату". У пачатку Кнігі Быцця перад нашымі вачамі разгортваюцца ўзнёслыя вобразы стварэння свету, мы чуем гімн Творцу і адзінаму Пану, які ўбачыў "што гэта добра". Мы можам цешыцца прыгожым і цудоўным светам, але мы пакліканыя таксама кіраваць ім і развіваць яго. Божая праца – прыклад для чалавека і заданне стаць "супрацоўнікам" Бога, "суадносіць сябе і ўсе рэчы з Ім" дзеля “праслаўлення Яго імя па ўсёй зямлі”.

Адпачынак Бога з'яўляецца таксама прыкладам для чалавека. Гэта не бяздзейнасць, бо акт стварэння няспынны", але сёмы дзень “падкрэслівае дасканаласць выкананай працы і больш азначае тое, што Бог затрымаўся перад тым, што ўчыніла Яго рука, каб паглядзець на ўсё позіркам радасці і задавальнення”. Паглядзець на ўсе створаныя рэчы і на чалавека. Загад святкавання шабату ўваходзіць у Дэкалог. Гэты дзень аддзелены і прызначаны быць “днём Пана”, днём такога ж адпачынку, сузіраннем выкананай працы, паглыбленнем адносін любові з Богам, людзьмі і светам. З самім сабой таксама, бо гэта таксама сур’ёзная справа. Дыялог любові з Богам не замыкаецца ў адным дню, але гучыць няспынна на розных узроўнях і “танальнасцях” абранніцкай любові. Увесь час павінен станавіцца падзякай і праслаўленнем Стварыцеля, але менавіта “дзень Пана” дае магчымасць асабліва цеснага дыялогу, які ахоплівае ўсяго чалавека.

Істотна патрэбны такі перапынак у часта напружаным і прыгнятальным працоўным рытме, каб скіраваць погляд на Бога – крыніцу ўсіх дабротаў і благаслаўленняў, атрыманых за тыдзень, аднавіць пашкоджаныя грахом адносіны, прынесці свае цяжкасці, патрэбы і, магчыма, разгубленасць перад будучыняй. Калі чалавек не будзе рэгулярна спыняць свой бег, то паступова згубіць не толькі памяць пра Бога і Яго “вялікія справы”, але і адвагу задаваць сабе пытанні аб сваёй дзейнасці і яе сэнсе. Наколькі мы ўпэўненыя ў святасці нашай штодзённай працы? Ці адпавядае яна Божаму пакліканню да супрацоўніцтва з Ім? Ці лічым нядзельны адпачынак таксама святым на ўзор Божага адпачынку ў шабат?

Як хрысціяне мы пасля Уваскрасення Хрыста “пераходзім ад “шабату” да “першага дня пасля шабату”, ад сёмага дня да “першага дня”: dies Domini становіцца dies Christi!”

Галоўныя тэмы другога раздзелу “Дзень уваскрослага Пана i дару Святога Духа”: нядзеля як Пасха тыдня, успамін хросту, дзень святла, агню і веры.

“Ужо з апостальскіх часоў “першы дзень пасля шабату”, г. зн. першы дзень тыдня, пачаў вызначаць увесь рытм жыцця вучняў Хрыста”. “Галоўны”, “першы” дзень тыдня, “сакрамэнт Пасхі”. Па сутнасці, у нядзелю хрысціянін больш, чым у які-небудзь іншы дзень, павінен памятаць пра збаўленне, якое было ахвяравана яму праз хрост і дзякуючы якому ён стаў новым чалавекам у Хрысце. Таму “чын пакаяння, што распачынае Імшу, меў форму акраплення асвячанай вадою, якая нагадвае хрост, як момант нараджэння кожнага хрысціянскага жыцця”.

Ян Павел ІІ адзначае, што нядзеля – гэта прадвесце вечнасці, нібы прыўзнятая заслона над “будучым векам”, дзень, асветлены трыумфам уваскрослага Хрыста, а таксама – штотыднёвы ўспамін Спаслання Духа Святога, калі хрысціяне атрымалі жыццядайны “подых Духа”. “Святло Хрыста цесна звязана з “агнём” Духа, і два гэтыя вобразы раскрываюць сэнс хрысціянскай нядзелі”. Падчас нядзельнай літургіі мы вымаўляем Credo нашай веры, аднаўляючы тым самым сваю “адданасць Хрысту і Яго Евангеллю”, а таксама абяцанні хросту. Ведаць і жыць гэтым вызнаннем веры трэба не толькі на ўзроўні аўтаматычна паўтораных слоў, але ўсім сэрцам. Ці часта мы разважаем над паасобнымі выразамі Credo, адносячы іх да сябе, да сучаснага свету, абставінаў свайго жыцця?

Трэці раздзел мае назву “Эўхарыстычны сход – cэрца нядзелi”. Калі нядзеля – сэрца хрысціянскага жыцця, то Эўхарыстыя – сэрца нядзелі. Эўхарыстыя – цэлебрацыя жывой прысутнасці Уваскрослага Пана сярод свайго народа; крыніца Касцёла, корміць і фарміруе Касцёл.

Папа нагадвае нам, што хрысціяне не збаўленыя паасобку, але як члены Містычнага цела Хрыста, члены Касцёла. Таму недастаткова індывідуальнай малітвы, бо важна, каб вучні Хрыста збіраліся разам, утвараючы сабой сход, “у поўні выяўлялі самабытнасць Касцёла як ecclesia”. “Кожная супольнасць, якая збірае сваіх членаў на “ламанне хлеба”, ...адкрываецца на камунію з паўсюдным Касцёлам”. Таму дзень Пана з’яўляецца таксама і днём Касцёла, вельмі важным і ўплывовым для фарміравання супольнасці. Святы Айцец выказвае вялікі клопат і просьбу аб захаванні і падтрымліванні жыцця і еднасці парафіяльнай супольнасці, нагадваючы пра важнасць нядзельнага сходу для сям’і, парафільных груп і рухаў, пра абавязак выхавання і навучання дзяцей, у першую чаргу, бацькамі, а затым – катэхетамі.

У сваім паўсядзённым жыцці мы з’яўляемся членамі самых розных супольнасцяў: сям’і, парафіі, суседзкай грамады, працоўнага калектыву, сяброўскай кампаніі. Якую ролю адыгрывае нядзеля ў жыцці гэтых супольнасцяў? Ці аказвае мой удзел у нядзельнай Эўхарыстыі ўплыў на мае паводзіны ў гэтых суполках на працягу тыдня?

Еднасць супольнасці дапамагае ўсвядоміць “пілігрымуючы і эсхаталагічны характар Божага народа”. Шлях да дому Айца мы праходзім не ў самоце, але разам, нядзелю за нядзеляй, - да канчатковага “дня Пана”, які не мае канца. Чаканне прыйсця Езуса Хрыста становіцца своеасаблівым “практыкаваннем жадання”, як пісаў святы Аўгустын. Калі нядзеля становіцца для хрысціяніна такім прадчуваннем радасці, якую прынясуць яму “новае неба і новая зямлі” ў канцы часоў, то сапраўды перажываць яе найлепш у супольнасці, не ў адзіноце. І Святы Айцец дапамагае нам убачыць і адчуць за някідкімі словамі “абавязак, практыкаванне, штотыднёвасць” гэтую прыхаваную радасць прадчування вечнасці з Богам. Зараз можна па-новаму паглядзець на сваю парафію як частку паўсюднага Касцёла. А таксама задумацца, як будуе нядзельны сход нашую парафію? Што можна штосьці палепшыць, каб сумесны ўдзел у Эўхарыстыі перамяняў супольнасць і кожнага чалавека?

Цалкам лагічна далей папа называе нядзелю днём хрысціянскай надзеі, якая становіцца “закваскай і святлом чалавечай надзеі”. Таму малітва вернікаў ахоплівае ўвесь свет, асабліва схіляючыся над патрэбамі бедных і церпячых.

“У нядзельным сходзе, як і ў кожнай эўхарыстычнай цэлебрацыі, сустрэча з Уваскрослым адбываецца праз удзел у падвойнай гасціне пры стале слова і Хлеба жыцця.” Літургія Слова павінна стаць дыялогам паміж Богам і Яго народам. Не заўсёды лёгка ўсведамляць, што на літургіі слова Бог гаворыць менавіта да мяне. І якраз папярэдняя падрыхтоўка, да якой заклікае Ян Павел ІІ, магла б быць вельмі карыснай. Бо калі гаворка ідзе пра дыялог, недастаткова толькі паслухаць, важна пачуць і адказаць сэрцам на Божыя словы.

“Калі ўся супольнасць збіраецца ў святочнай атмасферы ў “дзень Пана”, Эўхарыстыя больш выразна, чым у іншыя дні, раскрывае сябе як вялікая “падзяка”, у якой Касцёл, напоўнены Духам Святым, звяртаецца да Айца, яднаючыся з Хрыстом і гаворачы ад імя ўсяго чалавецтва.”

“Эўхарыстыя мае характар пасхальнай гасціны, дзе сам Хрыстус становіцца спажыткам.” Таксама важна заўсёды памятаць, што камунія з Хрыстом глыбока звязана з камуніяй з нашымі братамі і сёстрамі. Знак спакою, які ў рымскім абрадзе спецыяльна змешчаны перад эўхарыстычнай камуніяй, з’яўляецца асабліва выразным знакам згоды і любові. Калі хрысціяніне разумеюць “сэнс здзяйсняемага абраду”, то для іх Эўхарыстыя працягваецца і за парогам святыні, бо яны адчуваюць сябе пакліканымі “евангелізаваць і быць сведкамі ў сваім штодзённым жыцці”, адчуваюць сябе даўжнікамі перад сваімі братамі і сёстрамі.

Як адчуваецца ў нашых парафіях падтрымка супольнасці? Ці можа любы парафіянін разлічваць на яе? А які ўдзел прымаю я ў тым, каб парафія магла прапанаваць падтрымку і дапамогу?

Святы Айцец не абмінае і практычныя пытанні: абавязкі пастыраў па стварэнні спрыяльных умоў для ўдзелу ў нядзельным сходзе, клопат аб якаснай падрыхтоўцы літургіі слова, супольнага спеву, пашырэнню свядомага і актыўнага ўдзелу вернікаў і г.д.

“Спакой і радасць Уваскрослага” павінны ўвайсці ва ўсе падзеі, заняткі і сустрэчы гэтага дня”. Сярод шматлікіх прапаноў сучасных формаў адпачынку хрысціянін мае магчымасць выбраць такія з іх, якія дапамагаюць захаваць свядомасць прысутнасці Хрыста на працягу ўсяго дня і не супярэчаць евангельскім запаведзям.

У чацвёртым раздзеле “Нядзеля – дзень радасцi, адпачынку i салiдарнасцi” папа прапануе ўбачыць у нядзельным “адпачынку” новыя аспекты, каб перажываць яго ў радасці і салідарнасці з патрабуючымі і церпячымі людзьмі. Нядзеля можа стаць выдатнай школай міласэрнасці, дабрачыннасці, супакою і любові. Ян Павел ІІ піша, што “хрысціянская радасць павінна адзначаць усё жыццё” і асабліва тое, што мы робім у нядзелю. Цікава, што гэта не справа спантанічных пачуццяў, некаторыя святыя заўважылі, што радасць у пэўнай ступені ёсць “цнотай, якую трэба выхоўваць”.

Святкаванне нядзелі азначае памнажэнне часу, абуджэнне ў чалавеку праз памяць аб Богу радасці і жадання “развівацца і даваць жыццё,” сустракацца з людзьмі ў спакойнай атмасферы, дае магчымасць па-новаму ўбачыць прыгажосць прыроды, гармоніі навакольнага свету. Дзень Пана становіцца днём чалавека.

Гэта мае вялікае значэнне не толькі для хрысціян, але і для ўсяго грамадства. Таму так важнай з’яўляецца заканадаўчая падтрымка правільнага чаргавання працы і адпачынку. Чалавек, узброены сучаснымі дасягненнямі навукі і тэхнікі, не павінен забывацца, што Бог – Стварыцель, ад якога ўсё залежыць.

Пяты раздзел “Нядзеля – першапачатковае свята, якое адкрывае значэнне часу” дапамагае зразумець фундаментальнае значэнне часу. “Хрыстус – Гаспадар часу; Ён – яго пачатак і канец, альфа і амега.” У чаканні другога прыйсця Пана, хрысціяне перакананыя, што “святкаванне нядзелі з’яўляецца важным сведчаннем, якое яны павінны даваць, каб кожны перыяд чалавечай гісторыі быў падтрыманы надзеяй”. А гэтыя перыяды бываюць вельмі і вельмі змрочнымі…

У заканчэнні Ян Павел ІІ вельмі слушна адзначае, што “зразумела, чаму Касцёл надае вялікае значэнне захаванню дня Пана і чаму касцёльнае права лічыць гэта сапраўдным абавязкам”. Аднак, Святому Айцу залежыць яшчэ і на тым, каб з абавязку гэта стала патрэбай, упісанай у “сутнасць хрысціянскага існавання.” Ён піша аб сваім жаданні, каб ягоны ліст дайшоў да вернікаў і заахвоціў іх паўторна адкрыць значэнне нядзелі. Што, акрамя любові да Бога, можа абудзіць і падтрымліваць жаданне рэгулярна ўдзельнічаць у Эўхарыстыі і захоўваць нядзельны адпачынак? Выканаць запаведзь любові да Бога азначае прыняць запрашэнне на нядзельную сустрэчу з Хрыстом у братэрскай супольнасці вернікаў.

Маё знаёмства з лістом “Dies Domini” з’явілася для мяне сапраўдным адкрыццём прыгожых і глыбокіх аспектаў “дня Пана”, дало магчымасць задумацца над сваім падыходам і традыцыямі святкавання нядзелі ў сваёй сям’і, а таксама – з удзячнасцю дацаніць ролю паўсюднага Касцёла і пастыраў у стварэнні ўмоў для нядзельнага схода нашых парафій.


Дапамога ў напісанні Small Group Study Guide for "Dies Domini"

No comments:

Post a Comment