24/01/2018

Калі Езус аддаляецца


"Вось Маці Твая і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе." Мк 3, 31–35

Найлепшыя разважанні над гэтым урыўкам Евангелля не даюць гатовага адказу, але заклікаюць знайсці яго самастойна, у малітве. Прачытаных каментарыяў – замала. Вяртаючыся да Божага Слова, зноў адчуваеш недаўменне: "Чаму ж не гаворыцца, калі Езус выйшаў да іх? Чаму так сказаў?"Спадзяюся, што сённяшнія мае думкі не будуць выглядаць, як упэўненыя адказы, але заахвоцяць да ўласных развагаў.


Калі паспрабаваць убачыць сям'ю Езуса на вуліцы, то чамусьці адразу пачынаеш іх шкадаваць. Сапраўды, вось толькі нядаўна ў Назарэце яны танцавалі і спявалі разам з Езусам столькі год, вячэралі, гутарылі. Чаму зараз прыходзіцца шукаць Яго па гарадах і паселішчах з такім жа болем, як калісьці ў Ерузалеме Марыя з Юзафам шукалі 12-гадовага Езуса? Колькі дзён заняла ім дарога? Колькі размоў, чутак выслухалі яны? Колькі трывог, смуткаў, надзей неслі ў сваіх сэрцах... І замест таго, каб нарэшце абняць Яго, чуюць праз дзясятыя вусны, што Ён назваў братамі, сёстрамі і маці ўсіх гэтых незнаёмых людзей.

Чаму Езус застаўся на адлегласці ад Сваіх блізкіх? Можа, не ўсё так адназначна, як на першы погляд. Што, калі "Маці Езуса і браты Ягоныя" былі людзьмі мацнейшымі, чым тыя з натоўпу, якія толькі ўпершыню ўслухаліся, што кажа Настаўнік? Яны толькі-толькі пачалі адкрывацца насустрач Яму са здзіўленнем і радасцю, але вось перадаюць адзін праз аднаго, што сям'я чакае Яго. Прысутныя гатовы разыйсціся, саступіць на другое месца, бо вядома ж, сям'я! А яны ўсяго толькі пярэсты натоўп самых розных людзей, глядзяць на сябе з недаверам: "Як мы ўвогуле сабраліся разам?" Без Езуса няма чаго заставацца. Але Ён утрымлівае іх ад гэтага кроку назад, у адчужанасць і цень: "Вы – маці Мая і браты Мае."

Тады, магчыма, Езус казаў гэта, ведаючы, што Яго родныя не зробяць высновы, што Ён не любіць іх, калі не выйшаў адразу, не змоўк на паўслове, не адсунуў людзей і справу набок. Ён стварыў блізкім нагоду паглядзець на Яго атачэнне, прыслухацца, паназіраць, адчуць, што адбываецца вакол, і чаму Ён менавіта тут.

У дні, калі Езус аддаляецца ад нас, мы адчуваем сябе пакінутымі, непачутымі, самотнымі. І звычайна не можам растлумачыць сабе прычыны, не бачым сэнсу ва ўсім гэтым. Цвёрдая глеба пад нагамі раптоўна знікае, вядомае становіцца няпэўным. Езус недзе блізка, за натоўпам, вось тут за сцяной, але нібы не чуе, не выходзіць. І што тады застаецца нам? Вырашыць, што Ён перастаў нас любіць? Ён змяніўся? Ён карае нас? Не жадае бачыць? Лепш нам адыйсці?

Спачатку трэба ўсё ж спыніць лямант і засяродзіцца не на сабе і сваіх адчуваннях, але ўбачыць тое, што Езус хоча паказаць. Добра, што ты ёсць, але паглядзі навокал. Абавязкі, людзі, абмежаванні і вялікая колькасць іншых дакучлівых перашкодаў могуць аказацца шляхам, якім Ён хоча прыйсці. Часам трэба проста пачакаць Яго з адкрытымі вачамі і сэрцам. У пэўным сэнсе, час пакінутасці з'яўляецца, калі не прыкметай сталасці, то прынамсі, запрашэннем да яе. "Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці." Той будзе не толькі спяваць і вячэраць разам, але і шукаць, тужыць, чакаць на адлегласці, губляючыся ў здагадках.

No comments:

Post a Comment