02/01/2018

Новы пачатак

Не кожны з нас можа штогод спадзявацца на новую працу, кватэру, адносіны і г.д. Хтосьці так, але не ўсе разам. Новы год такі лагодны, што прыходзіць да ўсіх, дазваляючы перажыць пачуццё навізны любому чалавеку прыкладна раз на 365 дзён.

Нехта любіць падводзіць вынікі ў канцы года, а іншы – марыць аб цудзе або ставіць перад сабой планы. Магчыма, праз год яны заменяцца месцамі ці паспрабуюць адначасова зрабіць высновы і вызначыць мэты. У кожным выпадку, гэтая нябачная мяжа паміж 31 снежня і 1 студзеня мае значэнне. Яно, праўда, можа згубіцца, калі празмерная ўвага надаецца так званай "сустрэчы Новага года" і заклапочанасці "як я сустрэну?" У рэшце рэшт, магчымасць перажыць момант новага пачатку – ужо падарунак, і яго можна проста прыняць. Гэта добры час для пытанняў, адкуль я іду і куды кіруюся, каб рушыць далей з сэрцам радасным і поўным надзеі.


Не ўспамінайце былога і не разважайце пра мінулае.
Вось Я учыню новае, і цяпер з’явіцца яно; ці ж не ведаеце пра гэта?
Я зраблю шлях у стэпе і рэкі ў пустыні.
Іс 43, 18-19

Паглядзім жа ў будучыню, ведаючы, што Бог вызваляе нас ад прыгнёту мінулага, гоіць нашыя раны і напаўняе новым жыццём. Сапраўды, чаго я чакаю ад гэтага года? Новы пачатак не даецца "за кампанію" з іншымі, але мне. Новае ад Бога ў маім жыцці можа "з'явіцца", як "шлях у стэпе і рэкі ў пустыні". Ці я ведаю пра гэта? І што я зраблю: адкрыю Пану свае "стэпы і пустыні" ці пачну будаваць плаціны?

Бог дае магчымасць пачаць штосьці наноў, прыняць пэўныя рашэнні на будучы год, але гэта не азначае перастаць быць сабой. Наадварот, новы пачатак заклікае чалавека быць самім сабой яшчэ больш і лепш – праз шчырасць, пазнанне сябе, унутраную працу. Нагадвае быць свабодным. Але што і хто дапамагае мне ўзрастаць? Якія рэчы ці адносіны "забіраюць ў няволю"? У адказах на пытанні – мая асабістая ўдзячнасць Богу, маруднае, але разуменне, што мне трэба змяніць у жыцці, і просьба аб дапамозе ў цяжкасцях, якія самой мне не адолець.

У самім позірку Бога, які глядзіць на кожнага з нас з любоўю, заўсёды ёсць новы пачатак. Калі я адчуваю сябе ўмілаваным дзіцём Божым, то магу пачаць усё наноў, тут і цяпер, не чакаючы новага года.

No comments:

Post a Comment