19/01/2018

Каралеўскі занятак – ткаць



У сённяшнім чытанне з Першай кнігі Самуэля (1 Сам 24, 3–21) апавядаецца пра міласэрнасць Давіда над Саўлам у пячоры. Давід адрэзаў кавалак вопраткі, але не перарэзаў "нітку жыцця" свайго крыўдзіцеля. "І сказаў ён людзям сваім: Няхай міласцівы будзе да мяне Бог, каб я не ўчыніў гэтага гаспадару майму, памазаніку Пана, каб я не ўзняў рукі сваёй на яго, таму што ён памазанік Пана. І стрымаў Давід людзей сваіх словамі, і не дазволіў ім паўстаць на Саўла."

Выбраныя Богам не руйнуюць, але ткуць, паволі і ўпарта, тканіну любові, сшываюць раздзёртыя палотны. Езус выбірае сёння Дванаццаць. Яны стануць апосталамі, пастырамі супольнасцяў, падмуркам Касцёла, агнём Божай любові, якая будзе пашырацца ў свеце. Яны будуць вучыць і лячыць, захоўваць жыццё, бараніць бедных, і не будуць карыстацца магчымасцю адплаціць злом за зло, знішчыць, пакараць, узвысіцца, нават калі ўзнікне спрыяльная аказія, і многія скажуць "Вось, нарэшце! Пан аддаў яго ў рукі твае".

Яны, як і Давід, спазналі міласэрнасць ад Пана, дасведчылі Яго любоў да такой глыбіні, што ўражаныя і ўзрушаныя, сталі годнымі валадарамі над Божым народам з усіх плямён і моваў. Саўл усвядоміў гэта вельмі ясна і сказаў Давіду: "Бо хто ж, знайшоўшы ворага свайго, адпусіў бы яго ў добры шлях?... Цяпер я ведаю, ты сапраўды будзеш валадарыць і мець ў руцэ сваёй каралеўства Ізраэля."




Мала хто прэтэндуе на вялікую ўладу, але пэўна ў кожнага з нас сякая-такая ўлада маецца: над дзецьмі, падначаленымі, над людзьмі, якія даверыліся нам. Яна не ўзялася ніадкуль, хоць Даўца застаецца нябачным. Але як мы карыстаемся ёю? Як адказваем на крыўды, на крытыку, на спакусы? Ці не згубілі мы тое дзівоснае ўсведамленне, што мы самі памілаваныя і выбраныя Богам з бязмернай любоўю? Дзеля чаго выбраныя?


Напрыканцы хочацца прыгадаць адну цудоўную малітву

Ткацтва палатна любові

Ойча, хочам аддаць Табе мужчын і жанчын гэтай зямлі,
сувязі з якімі парушыў гвалт,
тых, жыццё якіх знішчылі нянавісць, помста і прыніжэнне.
Завяжы з імі нітку надзеі,
зрабі нас ткачамі любові.
Хочам аддаць Табе мужчын і жанчын зямлі,
з якімі повязі зніклі – парваныя, растаптаныя,
тых, каго прыгнятае самота,
забытых усімі, пакінутых, пагарджаных.
Завяжы з імі нітку надзеі,
зрабі нас ткачамі любові.
Хочам аддаць Табе мужчын і жанчын зямлі,
жыццё якіх трымаецца на тоненькай нітачцы,
якія пакутуюць ад хваробы, старасці і жалобы,
якіх іншасць аддаляе ад рэшты.
Завяжы з імі нітку надзеі,
зрабі нас ткачамі любові.
Хочам аддаць Табе мужчын і жанчын зямлі,
каторых горыч мінулага,
няшчасце, адмова кахання, цяжар і абыякавасць
звязалі, скруцілі, замкнулі ў сабе. 
Завяжы з імі нітку надзеі,
зрабі нас ткачамі любові.

pastor Jacques Juillard

No comments:

Post a Comment