11/01/2018

Размова

Езус дакранаецца да пракажонага, г.зн. да таго, каго ўжо амаль што не лічылі за чалавека, не датыкаліся, не гаварылі, і адносіліся так, нібы яго няма, нібы ў ім не засталося нічога чалавечага. Ён адчуваў, што ім бы хацелася, каб ён проста знік. А ўсё ж ён адчуваў сябе чалавекам, жыў надзеяй, паверыў у магчымасць аздараўлення, але не крычаў аб гэтым: "Змілуйся! Вылячы!" Ён прыйшоў, але зрабіў "крок назад", упаў на калені, панізіўся, даўшы месца Богу: "Калі хочаш...", калі таксама лічыш мяне чалавекам, калі лічыш, што я магу вярнуцца да людзей, зноў стаць сабой, жыць, радавацца, адчуць спагаду і прыняцце – вось я, перад Табой, завінуты ў рыззё, якое хавае мае язвы, – Ты ўсё можаш, Ты ведаеш лепш, зрабі са мной тое, што хочаш Ты".  

Магчыма, яму здалося, што спыніўся час, але трэба выслухаць адказ. Езус дакранаецца да яго. "Я бачу цябе, Я чую, Я ведаю твой боль, мой сыне. Я бачу, адкуль ты прыйшоў, дзе блукаў, і твае першыя крокі, і дзіцячую ўсмешку, Я чую, на чый голас ты адгукаўся, што спяваў, чаго прагнуў, чаго баяўся. Я бачу, які ты ёсць, і якім можаш быць."  

Але што я прыдумляю? Усе ж ведаюць, што сказаў Езус. Гэта запісана ў Евангеллі паводле Марка: 

Прыйшоў да Езуса пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго: Калі хочаш, можаш мяне ачысціць. Езус, злітаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны. І адразу ж праказа сышла з яго, і ён стаў чысты.  Мк 1,40-42

No comments:

Post a Comment